У цягніку

Колы цягнiка коўзануліся на сталёвай спiне рэйкаў, жалеза напароўшыся на жалеза азвалася пранiзлiвым вiскам i ўсё спынілася так раптоўна, што Марусь, якi хвiлiну раней прыняў вертыкальную пазiцыю, шлёпнуў у драўляную лавачку. А ўзняла Маруся на ногі справа канкрэтная пузыр. Хвiлiнаў трыццаць, як прыйшоў адтуль першы сiгнал i тады Марусь падумаў: „Стрываю да чарговага паўстанка, здзейснiцца мроя”.

Людзі часам даюць самі сабе такія прапановы, правяраюць сябе, выстаўляюць на ўсялякія спакусы, тады асабліва, калі іх лёс у чужых руках. І складаючы сваю будучыню ў тыя рукі, невядомыя, ды непрадбачлівыя, чалавек стараецца прынамсі ірацыянальнай, тэлепатычнай сілай накіраваць падзеі ў карысны сабе бок. А калі збываецца мроя, можна з горда ўзнятай галавой, з грудзьмі бы парусы напятымі, зайсці ў чарговы дзень: “Глядзіце во, не дармаз’ед я, не шчасліўчык лёсу, што выпадковым дарункам, на чужой спіне вылузаўся з бездані. Сваімі кіпцюрамі адваяваў усё”.

Шлёпнуўшы ў лавачку, Марусь павесіў зрок на супрацьлеглай сцяне вагона, перакінуў у думках свае мроi. Няшмат было іх там. Хто другi ў такiм выпадку, зараз i разгарнуў бы якiя-небудзь раскошлівыя краявіды, шыбаваў бы мiж воблакаў, прызямляўся б на выгладжаныя міністэрскімі задніцамі крэслы. Хто другi так. А Марусь быў чалавек канкрэтны, сцiплы, тутэйшы. Гэтай сціпласцю і тутэйшасцю размалёўваліся і ягоныя мары. Яны былі звычайныя, як цёмна-сіні артальён на спіне, і салідныя як чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну спёку і калюжыну, і можна іх нармальна узяць у далоні, сціснуць пальцамі, бы пяцідзесяцізалатовы банкнот — апошні, які ад лепшага часу заваляўся ў кішэні.

А зараз час прыйшоў няважны — выяўляецца залішнім, стамляючым адпачынкам і безграшовіцай.

„Стрываю да чарговага паўстанка — з пачаткам красавiка атрымаецца праца ”.

Бо Марусь быў кравец. Можа гэта і лішняе слова, можа навыраст. І калі цікавіўся хто знаёмы, або калі была патрэба запоўніць якія паперкі, і між другімі рубрыкамі стаўлялася там пытанне аб прафесію, доўга думаючы даваў такі менавіта адказ — “Кравец я”.

Бо што скажаш? Працую ў кравецкім кааператыве, не тым, што па душы мне займаюся, але ў будучыні — хачу, буду, зраблю, пакажу ўсім...

Людзі чакаюць адказы ясныя і простыя, а ў службовых папераў таксама ёсць свае варункі і абмежаванні. У другіх выпадках, карыстаючыся нагодай, чалавек пачынае ўголас абмяркоўваць свае тайныя планы, апранаецца ў неналежныя ордэны, не бач калі перасякае мяжу між тым, што ў яго ёсць, а тым, што яму хочацца..

Вось і быў Марусь кравец, ды працаваў у кааператыве.

Шылі там рабочыя рукавіцы — летнія, з мяккага цёмнасіняга ціку, з пяці пальцамі і зімовыя — пруткія, круглыя аладкі брэзенту, дэфармаваныя ізапяткай для вялікага пальца. Зшываючы брэзент у прадбачаны праектантамі кшталт, Марусю заўсёды было шкада гэты палец. Уяўлялася зімовая халадэча, скрыпячы мароз і іней, і чатыры браты ў супольнай, утульнай хатцы прыгартаюцца адзін да аднаго, абаграваюць адзін аднаго цёплым дыханнем, перакідваюцца словам. А пяты брат, запёрты ў цёмнную келлю, дубянее, калее ў цішыні і самоце.

Але зараз нагоды на такія шкадаванні і роздумы не было. Шмат якія рукі апынуліся лішнімі. Можна іх згарнуць у кулак, засунуць у кішэню, можна таксама, раскірэчыўшы ўсе пяць пальцаў, лавіць за залёныя косы майскі вецер. І няма пры тым патрэбы адбівацца ад балючых мазалёў ніякімі рукавіцамі.

„Стрываю да чарговага паўстанка — з пачаткам красавiка атрымаецца праца ” — каб не было ніякіх сумняванняў, раз яшчэ падумаў Марусь.

Але нават самыя простыя людзі, побач з звычайнымі мроямі, носяць у сабе мроі святочныя. Прыхоўваюць іх у самых недаступных закавулках памяці, а адзін раз у год, або і адзін раз за жыццё, выносяць іх на белы свет — крадком і пад кантролем, бы вялікодны белы абрус разгортваюць на стале.

Часам такая мроя вырываецца з рук, уцякае, пачынае жыць сваім жыццём, нараджае чарговыя летуценні. А яны, бы фальшывыя сябры, абступаюць чалавека, клічуць, вабяць у чужы і непрыхільны яму свет.

Ніхто дакладна не ведае гэту хвіліну, што прымушае чалавека выгарнуць з сябе самае тайнае. Можа тое здарыцца калі сядзіш за кавай у рэстаране, або за кравецкай машынай “сінгер”, можа адбыцца ў глыбокім сне, а нават у начным цягніку, што марудна каўкаючы пространь, нямым вужом паўзе з далёкай правінцыі ў сталіцу.

“Стрываю, усё ж — такі атрымаецца тое, што хачу. Ёсць у Варшаве брат, няхай дапамагае ўладкавацца” — можна падумаць — цягнік пайшоў па рэйках, паглыбіўся ў ноч. Але гэта не поўная праўда. Сапраўды — перасякаў ён час вядомы і зразумелы, адбіваўся ад яго, ды ныраў у гэту своеасаблівую хвіліну, што прымушае чалавека распрануцца з самога сябе. І Марусь распранаўся. З цёмнасіняй майкі. З фланельнай кашулі. З чаравікаў, што выстаялі не адну спёку і сцюжу. А калі зняў з сябе тысячы, дзесяткі тысяч рабочых рукавіц, што цягам гадоў накапіліся на душы, паказалася самае тайнае. Саноўныя вечаровыя сукні і бестурботныя летнія сукенкі. Халодныя жакеты-візіткі бізнес-вумен і шчабятлівыя блузачкі студэнтак. Шытыя ветрам хустачкі загарэлых турыстак і квяцістыя капялюшы бледных ад палацовага паўсвятла арыстакратак.

Сотнямі мадэляў шоўк пераклікаўся з атласам, лён сплятаўся з воўнай, аксаміт адважна лашчыўся да нясмелых цюляў.

Калі б знайшоўся зараз у купэ які выпадковы спадарожнік, перачытаў бы ўсе Маруся думкі. Але Марусь быў у вагоне сам адзін. Зусім, як зімовымі адвячоркамі на кватэры, калі ўсе тыя шаты, усе мадэлі выліваліся на паперу, разрысоўваліся, набіралі кшталт.

“Ёсць у Варшаве брат, няхай дапамагае ўладкавацца ў якую сапраўдную працоўню”.

Так падумаў Марусь. А колы цягніка ішлі. І шчабяталі, і звінелі, і стукалі спраўным рытмам, як звіняць і шчабечуць іголкі “сінгера”, калі вопытная краўцоўска рука стаўляе іх на доўгія аксамітныя рэйкі. За прымкнёнымі вачыма аксаміт слухмяна падстаўляе хрбет, увішная нітка загартае яго ў элегантныя швы, адштурхоўвае назад, за спіну.

Але час ад часу іголкі памыляліся, сыходзілі з правільнага шляху, ядавітай фастрыгай угрызаліся ў напружаную скуру жывата, скаўзаліся ніжэй.

Ды нічога ўсё. Зацiскаючы зубы Марусь трываў. Яшчэ дзве хвіліны, яшчэ хвіліна. Колы трацілі імпет, гублялі рытм, спавальнялі крок. Цягнiк наблiжаўся да паўстанка, што прадказвалі электрычныя лямпы за акном.

Лакаматыў увайшоў мiж пероны і спыніўся.

Падчас стаянкі туалетам не карыстаюцца. Скарачаючы апошнюю хвіліну цярпення, Марусь узвёўся на ногі.

“Пойдуць колы, пайду і я, падумаў”.

Але схадзіць у туалет ён не паспеў. Дзверы раскрыліся i ў купэ ступіла жанчына.

Чалавек, хто клянецца, што ў нашым зямным свеце ёсць адно сем цудаў, мабыць нiколi гэту жанчыну не бачыў. Або здаецца яму, што ўсё важнае на зямлі адбылося раней, да дня нашага нараджэння, ды ўвогуле сусвет на век вечны астаецца такім, якім узвялі яго за першы тыдзень боскія далоні.

Такія меркаванні далёкія праўдзе. Якраз жаночая прыгажосць — як і чалавечая мроя — не ведае мяжу ні часу, ні пространі. Выяўляецца дзе толькі захоча, і калі захоча. Нават у звычайны будзённы дзень, у начным цягніку.

Ад уражання Марусь шлёпнуў у драўляную лавачку чарговы раз. А цягнiк пайшоў.

“ Яна такая прыгожая, а ў мяне зусім празаічная праблема. Як жа так? Напэўна ж адразу здагадаецца ў чым справа. І — сказаць хай сабе нічога не скажа, а падумаць падумае: “Ён пайшоў у туалет”. І яшчэ падумае: “Слабенькі яго пузыр. Ды ўвогуле — які там ён мужчына?” Ну быццам нічога, быццам звычайнае, чалавечае. Усе людзі час ад часу прымушаны. А можа і не ўсе? Напэўна не. Вось, скажам, які Лінда, або Пазура, ды і ўсе апошнія, моцныя мужчыны, што глядзіш іх у кіно — здараецца жа адступаць ім у туалет, калі побач такая прыгажосць?

Дзіўны сорам загрузіўся на спіну свінцовым цяжарам, прышпіліў да лавачкі. Гэты сорам вядомы кожнаму, чыю абдзёртую куртку ў раздзявальні элегантнага рэстарана вешалі побач з напышлівым каракулевым футрам, і зразумее яго той, хто намацаўшы ў кішэні абшастаную залатоўку, хілком адступае ў найдалейшы закавулак царквы, калі панскім крокам заходзяць на талерку папяровыя дзесяткі і дваццаткі.

Гэты ірацыянальны сорам мацнейшы за божы гнеў і лямант напоўненага пузыра..

Сцiскаючы каленi, Марусь забiўся ў самы адлеглы куточак купэ. Стараўся глядзець за акно. А нябачная сiла тузала ў спіну: “Глянь якая прыгожая панi. Глядзi Марусь”.

I Марусь глядзеў. Крадком, бо калi панi, абводзячы зрокам купэ спынялася на ягонай постацi, вочы Маруся ўцякалі за акно. Сама выгадней было б апусцiць вейкi, прыкiнуцца сонным, змораным. I Марусь апускаў вейкi. А пузыр нахабна расшпільваў iх назад. I Марусь зноў глядзеў на жанчыну.

Ад нiякага цярпення, нi голаду, нi холаду час i дыстанцыя не выдаўжаюцца так значна, як ад запоўненага пузыра. Рызiнавыя хвiлiны выцягваюцца да воблакаў, у бясконцасць. І такая рызіна часу моха быць як трамплін, што напяўшыся да межаў вытрымкі шпурне чалавека ў лепшы свет. Але можа таксама лопнуць, абарвацца з трэскам і тады, стрымгаловіш у чорню прорву нябыцця.

Але калі зашмат выдаўжаецца цярпенне, калі пераўтвараецца ў невыносны боль, вызначаюцца і чарговыя мэты — як вакцына, як апраўданне пакуты і зарплата за яе. Бо чалавек у сіле перанесці свой, нават добраахвотніцкім жэстам загружаны крыж з аднаго кутка свету ў супрацьлеглы куток, калі аплачваецца такая ахвяра добрай цаною. А цана — у кожнага тут свая мера — абятніца вечнага жыцця, улада над другім чалавекам, жаночая ўсмешка.

“Няхай яна ўсміхнецца — падумаў Марусь. — І няхай скажа слова. Стрываю яшчэ паўстанак — яна адазвецца”.

Яму раптоўна захацелася слухаць яе голас. Якi ён? Безумоўна яе голас шолах веснавых лiўняў. Песня вадаспадаў, крынiчна халодных нат у летнюю спёку. Подых жнiвеньскiх палёў у лютую завею. Бальзам на балючыя закавулкі душы. Так уявілася Марусю.

— А вы далёка? жанчына азвалася пакуль цягнік паспеў дайсці да чарговага паўстанка. І праўда, былі ў яе голасе ўсе тыя ўяўленыя ліўні, бальзамы і вадаспады. I Марусь абліўся потам, і разгубіўся, як заўжды губляе думку і шлях чапавек, калі ягоныя мроі апярэджваюць рэчаіснасць. Страцiўшы кантроль над моцна сцiснутымi каленямi, нат і спалохаўся: цi ўсё нармальна там? Але, пакуль не адбылося нiчога, за што варта стыдацца. Узяўшы поўныя грудзi паветра, Марусь адказаў:

— Далёка, у Варшаву.

— Вось, як добра. I я ў Варшаву. Дамоў вяртаюся. Аддыхала тут пушчанскiмi араматамi. Ох, як тут прыгожа ад успомненай раскошы жанчына пацягнулася, хiстануліся пад свiцерам стройныя грудзi. А вы хіба не дамоў? — спытала, але больш у гэтым пытанні ўпэўненасці. Вядома — не трэба ж быць прарокам, даволі адзін раз глянуць, ды адсачыць не варшаўскае, не сталічнае пажоджанне цёмна-сіняй майкі, і даволі адзін раз зірнуць на салідныя чаравікі, каб здагадацца, што не на сталічных тратуарах пакінулі яны сваю прыгажосць і рыпячую саноўнасць свінскай скуры.

— Не сумна пацвердзіў Марусь. З дому якраз я.

— У Варшаву? абыякавым голасам спытала яшчэ раз жанчына.

— У Варшаву, адказаў Марусь. — За працай. Я — кравец. Шыю.

— Кравец? — зараз яе вочы бліснулі маленькім зацікаўленнем. “Як — кравец? Які кравец?” — Такое пытанне яна ўголас не паставіла, але яно адчувалася — у яе вачах, усмешцы.

І Марусю трэба было нешта адказаць. Вочы крадком абехалі яе постаць — твар, грудзі, спыніліся на далонях і спалохаліся. Яе далоні ў нічым не прыпаміналі тыя пляскатыя аладкі, што доўгай шарэнгай выстройваліся спад іголкі “сінгера”.

— Краўцоўства — гэта мастацтва. Асабліва жаночае краўцоўства. Бог стварыў жанчыну голую, а вось кравец апрануў яе і зрабіў прыгожай.

Адкуль прыйшла Марусю на думку такая фраза — ніхто не ведае. Мабыць калісці чуў ён гэтыя словы, а можа ўзніклі яны і зараз, самі з сябе? Цягнік, як сказана раней, абмінаючы час і пространь паглыбляўся ў ноч. І ўсё здавалася магчымым, бы ў якім сне. Кожны можа тут думаць што захоча, можа лётаць, можа нат бяскарна глядзець у вочы прыгожай пані і перакідвацца словам той, у каго раней не было да такіх панюсяў ніякага дачынення.

І Марусю прыйшла на памяць адна пані — здавалася раней — самая прыгожая ў краўцоўскім кааператыве. Была там брыгадзёркай, час ад часу зазірала ў прадукцыйны зал, абводзіла зрокам усе станкі, а калі прыпынялася за спіной Маруся, ён махінальна апускаў голаву, пільна сачыў за ходам сталёвай іголкі. А напрыканцы мінулага году гэтая пані зайшла якраз у злую хвіліну. Ад няма чаго рабіць, Марусь забаўляўся накідамі сваіх уяўных мадэляў. Пані прыхапіла запоўненую рысункамі картачку, глянула і ўсміхнулася. І не было як, і не было куды ўцякаць вачам. І прышпіліўшы свае вочы да яе вачэй, урэзаў іголкай у вялікі палец,

Але прыгажосць сённяшняй спадарожніцы была ў зусім іншым гатунку — быццам абразак у кніжцы прывезенай з далёкай краіны.

Усё ў яе было рэальнае, усё на сваім месцы, у прапорцыях як трэба быць. А адначасова — усё ўяўнае, несапраўднае, выдуманае. Але калі нат прыдумаў хто гэту паню, тады з канкрэтнай мэтай — раскрыць насцеж дзверы краўцоўскай фантазіі, выправіць яе ў неабмежаваныя прасторы і сцежкі.

— Ну, — сказала пані. — Можа тады стрэнемся падчас якой прэзентыцыі.

— Можа, — адказаў Марусь.

Жанчына прыліпла зрокам да шыбы. У шкле, начнымі фарбамі пераўтвораным у правізарычнае люстэрка, стаялі яе цёплыя карыя вочы, зза недасканаласці люстэрка абведзеныя паўзмрокам таямніцы, і вусны, што сакавітай лініяй складаюцца ў чырвонае сэрца, і шчокі напятыя пружыністым лязом маладосці. А затым вусны расхіліліся, усміхнуліся і ўсмешка разгарнулася на шчокі, на вочы, як разгартаюцца хвалямі зручна пастаўленыя косткі даміно.

Так усміхаюцца людзі калі вяртаюцца дамоў — усміхаюцца на сустрэчу з добра вядомай цеплынёй, з утульнымі закавулкамі кватэры.

“Якая яе кватэра — падумаў Марусь. — Напэўна незвычайная, напэўна такіх у мястэчку няма. Сцярпець адзін яшчэ паўстанак і яна, мяне запросіць на сваю кватэру”.

Думка вырастала адважная, упэўненая, як ніколі раней.

А прыгожая пані ў той жа хвіліне сказала:

— А ў Варшаве вам ёсць дзе спыніцца? Ёсць хто знаёмы?

— Брат ёсць — сказалася, па інерцыі неяк. І язык, засаромеўшыся, што мабыць заўчасна абмінае прыадкрытыя дзверы, пачаў адступаць назад:

— Хіба, што ад’ехаў дзе, бо хто яго там ведае, непаседа мой брат, сёння тут, заўтра там.

Цягнік прычаліў якраз да паўстанка і Марусь уздыхнуў з палёгкай: Выканаў усё-такі. Выстаяў. А ты ціха там — запёрся кулаком у спіну пузыра. — Зараз яна запрапануе наведаць сваю кватэру.

А жанчына быццам на вяроўцы ягоных думак ішла.

— Калі б якая праблема, вось вам — працягнула візітную картачку.

Марусь узяў яе, перакінуў у пальцах. Перачытаць прозвішча і адрас не атрымалася, падчас стаянкі лямпы ў вагонах прыгасаюць, кладуцца на сцены, на лаўкі, на шчокі пасажыраў чырванявым паўсвятлом. І ён закінуў картачку ў кішэню сіняй майкі, на грудзі, туды дзе сонным рытмам б’ецца сэрца.

А потым усё расплыўлося, а можа ўсё паплыло. Ноч, думка, цягнік, сусвет. Нават элегантня працоўня, дзе над вялікім аркушам паперы схіліўся Марусь, закружылася лянівым вярчальным танцам. А пасярэдзіне гэтай працоўні стаяла цалкам аголеная прыгожая пані. Але Марусь не паспеў прыгледзіцца да яе сакрэтнай прыгажосці. Няспынны танец загартаў паню ў воблачныя карункі, цюлі, аксаміты.

— Пойдзем? — пытае пані і раскошлівым жэстам працягвае далонь.

Раскрываюцца дзверы і з працоўні яны выходзяць на вялікі парк. Між кветак, між старых дрэў, спакойным блакітам хістаецца вялікае вока басейна.

— Пойдзем? — пані пытае яшчэ раз і заходзіць у блакітную ваду.

Пытае залішне, бо Марусь ужо ступае яе следам, быццам ступаў на непазбежны, запісаны ў кніжках лёсу шлях, ад якога не ўцячы, не адбіцца сталёвымі кулакамі. А пры тым ні ўцякаць, ні адбівацца Марусю не хачацца. Нат калі і пратэстуе пузыр. “На халеру табе той басейн, навошта ён? За працай жа ў Варшаву едзем, — вісклівым голасам высалапляецца ён з падбрушша. Зза няўвагі ўласніка выбраўся якраз на волю і карыстаючы хвіліну пачынае павялічвацца, надымацца, запаўняць купэ сваімі празаічнымі жаданнямі. Здаецца — вось і рассыплецца, разарвецца тысячай асколкаў, трапляючы абы дзе, нат на прыгожую сукенку прыгожай пані.

Але Марусь ужо не чуў вісклівы пратэст пузыра. Сціскаючы далікатную жаночую далонь ён паглыбляўся ў блакітныя абдымкі басейна. Цёплая, шоўкавая вада агарнула сцёгны, калені. Увішнымі струменьчыкамі пабегла яшчэ ніжэй, на лыткі, у чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну летнюю спёку і восеньскую слату.

Загрузка...