Чалавек, такі яго склад, заўжды хоча быць у жыццi кiм другiм. Фабрыкант адвакатам, адвакат афiцэрам, афiцэр няшчасна закаханым паэтам. А няшчасна закаханы паэт, калi ўжо дашчэнтна размажа на паперы свой плач i роспач, хацеў бы стаць самым крупным фабрыкантам у краiне, ды гэтай панi, што адмовiлася ад ягоных пачуццяў даказаць, як катастрафальны зрабiла яна промах. Вось скажам пасылаючы ў вакацыi на яе хатнi адрас фотаздымку з самай экзатычнай краіны свету.
І з фатаграфіі ягоныя вочы няхай глядзяць у вочы гэтай пані. Дакладна так, як у далеч акіяна ўзіраюцца рассыпаныя на берагах Вялікоднай выспы каменныя валуны — позіркам надчасовым і абыякавым, характэрным чалавеку, у каго заўсёды ў задняй кішэні нагавіц валяецца залішні мільён долараў. І яшчэ няхай гэты позірк забіваецца ў яе сэрца калючымі іголкамі, і ад бясконцых параўнанняў і перападлікаў няхай кожную яе ноч пераўтварае ў нямы, бясконцы папрок. У адрас — здавалася — блізкай, а па-праўдзе абсалютна чужой спіне, што разлажылася побач, ды храпе стомай штодзённага змагання за хлеб і кусок сала да хлеба.
Мне хочацца на Вялікодныя выспы. Глянуць адтуль, з самай далёкай перспектывы на маленькія домікі, на кумпясты купал сабора, на стральчатую вежу касцёла, што дзесяцігоддзямі калупаюцца ў адных і тых жа воблаках. І на смешныя постаці маіх суседзяў, хто ў мурашэчай руплівасці збівае абцасы аб учарашнія сляды.
Штодзённа заходжу на вакзал, прысаджваюся на лавачку. Маўклівая грамада высыпаецца на тратуар, разбіваецца на паасобныя сцежкі. Па прывычцы пералічваю добра вядомыя фігуры.
А часам гуляю сам з сабою і называю колькасць пасажыраў раней, пакуль раскрыюцца дзверы аўтобуса. Наогул не памыляюся.
Аўтобусы адпачываюць пяць хвілін, дзесяць. Засунуўшы на вочы брыль кепкі, кіроўцы адыходзяць у кароценькую, даступную толькі катам бяспечную адсутнасць у натоўпе. А потым рэзка азываецца матор, выбягаюць на бела-сінюю спіну механічныя дрыжыкі, скаўзаюцца на колы і нахабнымі кулакамі выштурхоўваюць іх у чарговы шлях. Адпраўляю зрокам сіні хрбет. Бачу яшчэ як аўтобус, дасягнуўшы край вулачкі прыпыняецца, павяртае направа, хістаючыся перасякае чыгуначныя рэйкі, крыліць рондам побач касцёла і знікае за зялёнай шырмой, між дрэў. Тады хацелася б кінуцца наўздагон, на ляту раскрыць дзверы, нырнуць у цёплае нутро, заваліцца ў самы задні фатель. І маленькім домікам, і вуліцы заклятай у ліпавыя шарэнгі, і ўсяму мястэчку памахаць рукой на развітанне.
Гэтая думка — імгненне. Нараджаецца і знікае, не паспеўшы набраць рэальны кшталт. Я дасканала ведаю, што бела-сіні аўтобус адыходзіць не да экзатычных берагоў. Спыняе маршрут далёка раней, у вёсках, у мястэчках кропля ў кроплю, як нашае. А пры тым — як і ягоныя пасажыры — убясконцасць паўтарае свой шлях, круціцца ў зачараваным крузе на сярмяжных вяроўках мясцовай гравітацыі.
А мяне гэтая гравітацыя штодзённа прыцягвае на вакзал. І сам сябе пераконваю, што вельмі мне падабаецца гэты вакзал, і ні ён, ні я ў нічым не змяніліся за апошнія трыццаць год, з дня, калі зайшоў я сюды першы раз. А затым, па прычыне аднае сяброўкі, пачаў наведваць гэтае месца ў кожнае нядзельнае папоўдне.
Яе iмя было Зося, найпрыгажэйшая дзяўчына ў суседнiм лiцэi.
Скажаце: А можна назваць, якая дзяўчына самая прыгожая?
А я скажу: Дзяўчына, у каго ты якраз закаханы, прыгажэйшая за ўсiх.
Зося высаджвалася з аўтобуса i мы ўшывалiся ў маленькi сквер. З левага боку белай вежай уздымаўся ў неба касцёл, за спiною гаманiў бар „Крынiчка”, а тратуарам ступалi ўсялякiя дзядзькi i цёткi — каму спешна пагутарыць з Усявышнiм, а каму блiжэй у „Крынiчку”, дзе век вечна смутныя афiцыянткi налiваюць жоўтае, мутное пiва. Звычайны ў нядзелю абразак.
Чарговыя аўтобусы выплёўвалi на тратуар групкi хлопцаў i дзяўчын, што таксама ж з’язджаюць з навакольнiх вёсак, рассыпаюцца па знятых кватэрах, а з панядзелку ранiцой, ступаючы ў школу, даганяюць новы свет. I ўжо бачаць сябе у кожнага тут свая мера краўчыхамi, слесарамi, лекарамi.
Час ад часу i мне ўяўлялася такое, асаблiва ўвечары. Цэнтральнай вулiцай iшлi мы з Зосяй, а шарэнгi блёкаў глядзелi на нас цёплымi вокнамi. I я ў думках кляўся на першае каханне: будуць i ў нас свае вокны, самыя цёплыя i самыя светлыя ў мястэчку. I стане на гасцiнным пакоi вялiкi стол, а зiмовым адвячоркам, калi сонца ледзь крануўшы гарызонт, рассыплецца нiткамi паўсвятла, засеўшы за той стол, будзем з сонечных ашчэпкаў снаваць заўтрашнi дзень.
Адкуль паявіліся на вакзале Болiк i Папусь не ведаю. У Папуся тырчала зза пляча неадлучная гiтара, ён усмiхаўся на ўсе зубы, як усмiхаюцца людзi, хто хоча сказаць: „Глядзiце, якi прыгожы свет. А я гэтаму свету ўласнiк”.
Болік прытаiўся крок ззаду, па прывычцы, моўчкi лускаў семушкi, ды пляваў пад ногi чорна-белымi лупiнамi.
Я ніколі не мог зразумець, якая сіла спалучае гэтыя дзве, крайне розныя асобы — упэўненага ў сваю выключнасць гаваруна Папуся і Боліка, які ад страху перад нечаканасцямі свету, прыкідваецца маўклівай воўчай скурай, а ў кожную хвіліну гатоў кусаць усё, што падступіць бліжэй за працяг рукі.
— Пазнаёмiш з дамай? не чакаючы адказ, Папусь какетлiва зазiрнуў у вочы Зосi. Я, Папусь.
— Дзiўнае iмя сказала Зося.
— Як i я дзiўны. Увесь свет ужо такi. I гэтае мястэчка таксама дзiўнае. Чароўнае. Ведаеш нашае мястэчка? Ты адкуль будзеш? Ты даўно тут? адно за другім пасыпаліся пытанні. А калi Зося назвала сваю мясцоваць, Папусь бесцырымонна працягнуў руку:
— Пайшлi, глянем тое, што не вiдаць на цэнтральнай вулiцы.
I мы, не спяшаючы, нага за нагою, пайшлi глядзець мястэчка. А калi Зося, спынiўшыся побач нейкай выстаўкi, адстала на некалькi крокаў, Папусь спытаў:
— Трахаецца?
Менавiта так, груба і нахабна спытаў ён, быццам бы ў краме даведваўся пра свежы хлеб, або скажам аб уласцiвасцi легкавушкі „Волга” пытаў: якую хуткасць набiрае ў дзесяць секунд, якi рухавiк там, а якiя тармазы.
I ў такi момант трэба было даць Папусю ў морду. Па-мужчынску, звычайна. А я адно ўсмiхнуўся i адказаў:
— Сам пераканайся.
А Папусь спытаў яшчэ раз:
— Напэўна дазваляеш?
I трэба было другi раз заехаць яму ў мызу, бо важныя справы вырашаюцца неадкладна, зараз, адным махам. У другім выпадку бяруць сабе толькі вядомы напрамак, ніякавеюць, распаўзаюцца ў выпадковасць. І цераз дзень, цераз хвіліну не згарнуць іх, не паставіць на прадбачаныя рэйкі. Але я не заехаў Папусю ў мызу. Заціскаючы зубы, сказаў:
— Дарма прыдзіраешся.
I прыйшоў на памяць суботнi вечар, у Зосi, на вёсцы. Дом культуры званы „святлiцай”, запоўнены пад завязку, натоўп пажылых цётачак прыпятых да сценаў цвiкамi цiкавасцi: трэба ж сачыць iм за ўсялякiмi выкручастымi фiгурамi, што ў нiякiм выпадку не прыпамiнаюць добра знаёмыя вальсы або полькi. Пад поўнач, калi салiст-гiтарыст ад рэзкiх рок анд ролаў накiраваўся ў фанетычныя настальгii, мае вусны дакранулiся да яе вуха. „Siedem dziewcząt z Albatrosa, tyś jedyna” — мiжвольна прашапталася ўслед салiсту. I Зося збянтэжана адвярнула твар, напружылася, засаромелася. Не трэба, глядзяць жа зірнула на сцены аблепленыя жаночымi фiгурамi.
— Лiшнi клопат, Папусь, падбадзёраны ўспамiнамi, мой голас памацнеў, набраў упэўненасць. Але Папусь не адступiў. Ён пачухаўся ў патылiцу, крыва ўсміхнуўся:
— Налiём, увiдзiм.
Я не адразу зразумеў у чым справа.
А потым у спажывецкай краме мы прыдбалi дванаццаць пляшак звычайнага вiна.
— „Кордыял”, дванаццаць штук так менавiта сказаў Папусь. I напаткаўшы здзiўленне ў вачох прадаўшчыцы, дапоўнiў:
— Чатыры чалавекi, кожнаму тры пляшкi.
— А я не п’ю Зося сказала якраз тое, на што я спадзяваўся.
— Ну, хлопцы, тады нам задача. Або ўтраiх змагацца, або пераканаць i яе, падмiргнуў Папусь i вярнуўся да ранейшага:
— Усё-такi дванаццаць, проша панi.
А ў наш бок:
— Дык куды пойдзем? Болюсь, мо да цябе? Мацi, як нармальна, у царкве зараз?
— А як жа iначай. Там i жыла б, бляха, калi б бацюшка нанач дамоў не вытурыў пацвердзiў Болюсь.
І мы павярнулі з цэнтральнай вуліцы, павалакліся між драўляныя домікі, што ўзвяліся неахайнымі пальцамі тымчасовасці, а зараз выстойваюць чарговае дзесяцігоддзе.
З парога Папусь узяўся выпаўняць абавязкi гаспадара. Заехала на стол першая бутэлька, зараз жа i распранулася на чатыры шклянкi.
— Ну, за знаёмства, узняў пасудзiну. I старое, i новае, а мабыць i блiжэйшае. Kropla drąży cnotę, як кажуць старыя палякі апошнiя словы кiраваў чамусці мне.
Зося ўзiралася ў сваю порцыю бронзавай вадкасцi, яе вочы закруглялiся ад здзiўлення, як заўсёды, калi чалавек упершыню бачыць нейкае дзiва.
— Я нiколi не пiла такое....
— Заўсёды бывае той першы раз. Усё, што мае канец, мае i пачатак.
Шукаючы бяспечную прыстань, яна ўтулiлася ў маё плячо.
А Папусь глядзеў мне ў вочы як экзатычная кобра ўзiраецца ў нявiнную ахвяру, гiпнатызiруе яе, а затым безбалесна i не бач калi каўкае. А можа зусiм iначай было? Мабыць мiж нашымi вачыма iшло нямое сiлаванне, выклiканае раней, на вулiцы яго нахабнiцкiм: „трахаецца?” i маiм упэўненым у перамогу „пераканайся сам”. Урэшце рэшт Папусь раз’явiў рот, пералiў туды змесцiва шклянiцы. А пакуль Зося ўсё яшчэ не вырашыла, што далей, падштурхнуў i яе:
— Махнi. Хiба ж яго баiшся? Забаранiў? выскалiў зубы ў мой бок.
— Нiчога не забаранiў я, насуперак галаве, дзесьцi з вантробаў азвалася дзiўная заядласць. Махнi Зося.
I Зося махнула. Адставiла шклянку, а пасудзiна, бы чарадзейскай палачкай кранутая, зноў запоўнiлася вiном.
За восьмай бутэлькай Папусь узяў у рукi гiтару, спрактыкаваныя пальцы пабеглi па струнах, ён пачаў спяваць.
I Зося ўсмiхнулася:
— Я таксама люблю спяваць.
— Тады давай, зложым які дуэцiк, узрадаваўся Папусь. Гастролі, эстрады, юпітэры. Заваюем свет, ты i я.
Пачуўшы такое, мне раптоўна захацелася смяяцца: „Якi свет заваюеш ты? Якi дуэцiк? У нас з Зосяй будзе дуэцiк. Я хiрург буду, а яна акулiст. Даўно абмяркавалася ўсё. Ды адкуль табе, Папусь, ведаць?”
А Зося неспадзевана сказала:
— Чаму не, цiкава. Але, ведаеш, бацька i мацi бачаць мяне лекарам. Я, мабыць першы акуліст у гісторыі нашай вёскі. Ха-ха-ха.
Яна зайшлася смехам, а потым, узняўшы поўную шклянку павяла частушку пра віно, якое кожнаму да спадобы, а без якога чалавечае жыццё не мае ніякага сэнсу.
Зараз мае вочы закруглiлiся ад здзiўлення. Я нiколi раней не чуў пра такiя, эстрадна вінныя схiльнасцi маёй дзяўчыны.
— Тады за новы дуэт, цокнуў шклом у шкло Папусь. Падняўся, уключыў магнiтафон, на хiсткiх нагах раскiрэчыўся перад Зосяй, скланiўся:
— Будзем танцаваць?
„Ну, што мне рабiць?”, пыталi яе вочы. Але разгубленасць, здаецца, даўно аддала перавагу зацiкаўленню. З яе ўсмешкi, з яе ненатуральнай жвавасцi, можна было б меркаваць, што адказ на пытанне вырашаецца i без майго ўдзелу. I я, уцякаючы зрокам у куток, адно пацiснуў плячыма:
— Хочаш, танцуй.
Яны танчылi, калi можна называць танцам манатоннае хiстанне з нагi на ногу. Ягоныя далонi, памаленьку, пачынаючы ад шыi, вандравалi ўнiз, старалiся прыгарнуць яе блiжэй, шчыльней да сябе, а мне хацелася бачыць, як мая Зося адступае, адбiваецца, абараняецца ад нахабнай атакi, аж, урэшце-рэшт, апынуўшыся ў безвыхадным становiшчы, пасылае мне апошняе прашэнне аб сяброўскую дапамогу. I я, быццам ашалелы рыцар кiдаюся ў чорныя вiры, перамагаю усiх ворагаў, i ўвесь свет, i на спiне пасеканай злымi шаблямi выношу каханую на паласу ясную ад сонца....
Але прашэння не было. А Папусь, хiтра ўзяўшы напрамак, кiраваў Зосю ў дзверы, на спальню. I час ад часу, з-над пляча зазiраў у мой бок. Ягоныя вочы пыталi: „I што? Усё яшчэ хочаш пераканацца?”
„Хачу!” адказвалi мае вочы. Тупая ўпэўненасць, што прывалаклася з алкаголем, падбадзёрвала: „О так, хачу пераканацца. Пераканайся i ты, Папусь. Зося, мая Зося, не такая ўжо яна i...” Я не паспеў знайсцi слова, што назвала б якая яна, мая Зося.
Дзверы на спальню закрылiся.
„Няўжо ўсё яно, проста так?” жоўтая лямпачка загарэлася пад чэрапам, аблiла цёплым воскам твар, спiну, ногi. У цмяным святле хiстанулiся сцены вясковай святлiцы. „Не трэба не трэба не трэба” загаманiў размазаны на сценах натоўп.
Не трэба — нямым рэхам адгукнуўся мой страх. Страх, які паяўляецца заўсёды, калі нечакана і несправядліва пераймаюць чалавеку шлях прадбачаны ў заўтрашнія дні. Ён вылузаў мяне зза стала, узвёў на ногі, накіраваў у дзверы на спальню.
— Ты куды? Чаго там не бачыў? Сядзi, бляха Болюсь, якi раней i словам не азваўся, палажыў руку на маё плячо, прыцiснуў унiз. Выпi. А Папусь і сам ведае што рабiць.
I я выпiў. I сам сабе даў рашэнне: „Пайду на спальню, калi яна пачне крычаць”.
Але ж з-за сцяны не даходзiў нi адзiн звук. Замоўк і магнiтафон, стала цiха. Адно Болюсь мармытаў нешта, прыплюшчыўшы вочы.
I раптам у раскрытых дзвярах паказаўся Папусь.
— Не магу, хлопцы, ну звычайна не магу.
— Што ня можаш? Як? не зразумеў Болюсь. Забiраўся пры тым за апошнюю пляшку.
— Ну, нiяк не магу. Вiно хіба дурное, або што?
— А-га, там. Зараз вiно Болюсь напоўнiў шклянкi, кульнуў сваю порцыю, падняўся на ногi.
— А яна, што? паказаў галавою на спальню.
— Як, што? Нiчога. Ляжыць, бы здзёртая шына. І толькі наўкол паўтарае: “Ванiтаваць хачу...”
Болюсь знiк за дзвярыма. Вярнуўся на кухню праз хвiлiнаў трыццаць. Расчохраны, пачырванелы. Левай рукою прытрымоўваў нагавiцы, а на пальцах правай паказаў:
— Два разы засупонiў. Разумееш? Два, падсунуў Папусю пад сам нос, раскiрэчаныя ў лiтару v пальцы. Быццам у доказ перамогi. Вiно дурное! Сыраватку табе, не вiно.
Аформiў нагавiцы, прысеў за стол.
За акном сталявяўся зiмовы адвячорак. Ранейшая еўфорыя, разбiваючы апусташэлае шкло, пералівалася ў маўчанне, у смутак. I Болюсь сказаў:
— А ты Папусь не бяры ў лоб. Здараецца.
Але Папусь хiба не чуў, што яму кажуць. Падняўся зза стала i моўчкi пайшоў на вулiцу.
У той момант паказалася на кухнi i Зося.
— О, прывітанне, — у Болюсевым голасе адчувалася абыякавасць, бесцікаўнасць уласніка, што выпадкова сустракае сваю добра вядомую, ды не надта цэнную рэч.
Але Зося нат не глянула ў наш бок. Мабыць усё, пра што яна зараз думала — нябачанай, ананімнай, не запісанай у нашай памяці пракаўзнуцца ў паўзмрочнае нутро мястэчка.
— Ванiтаваць хачу, пусцiлася кулём у дзверы. А цераз хвiлiну вярнулася, прыхапiла палiто распятае на спiнцы крэсла i не сказаўшы слова на развiтанне, знiкла.
Чарговы раз я ўбачыў яе тры тыднi пасля Вялiкадня. У белай шлюбнай сукенцы, у велюме. Нат фiгура не паспела яшчэ прыпсавацца.
— Бацькам буду, бляха, на Вялiкдзень сказаў мне Болюсь. Старшы сват патрэбны. Папусь адмовiўся. Можа ты?
— А мацi, хто? хацелася, няхай назве тут абы якое iмя, самае дзiўнае, або самае нечаканае, або няхай скажа, што ўсё гэта няпраўда, выдумка, жарт.
Бываюць хвiлiны, калi насуперак фактам, чалавек загадвае вачам бачыць тое, што ўяўляецца ў душы. Так нараджаюцца цуды. Ды не штодзённа прыходзяць яны на свет. І зараз таксама не здарыўся цуд.
— Сам ведаеш, Зося — Болюсь сплюнуў на тратуар пакемячаную семушку.
А ў трэцюю нядзелю пасля Вялiкадня трымаў я вяночак над галавою Болюся.
„ Абрашчаецца... раб... Божiй... да... рабы Божай” голас бацюшкi ўзлятаў да высокiх купалаў, вяртаўся ўнiз i глухiм басам забiваўся ў мае думкi, як у труну забiваюцца апошнiя цвiкi. А мне хацелася працягнуць левую руку, крануць белы велюм, i адшукаць водар бялявых валасоў запiсаны ў памяцi шматлiкiмi абразкамi.
Адганяючы назойлiвыя думкi, я ўцякаў зрокам на спiну Болюся. I стараўся пералiчваць кропкi перхацi, што асыпаючыся з ягоных валасоў, засеялi белым вяночкам каўнер смалiстага, шлюбнага пiнжака. Ды не пералiчыў, за шмат было iх.
А пасля царкоўнай цырымонii, парваўшы ўсе законы, якiмi абмяжованы старшы сват, я заснуў пад сталом.
— Ну i калегi ў нашага Болюся, пад ранiцу, хтосьцi выштурхоўваў мяне на белы свет. Пралупiўшы вочы, пазнаў злоснае аблiчча Зосiнай мацi. I прыдбаўшы як небудзь вертыкальную пазiцыю, пайшоў на вакзал.
Хацелася сесці на які колечы аўтобус, нат не ведаючы яго маршрут, ды адправіцца ў самае далёкае месца на зямлі.