Зьнямела дружына,
Зьнямеў малады,
Трэба ж, не ставала
Гэтакай бяды.
Зналі, на якія
Гулі клікаў пан,
Што ўчыніць з Аленай
Распусны тыран.
Здрыгнуў Тамаш страшна,
Пабялеў, як труп,
Слупам вочы сталі,
I сам стаў, як слуп,
На тое ж Аленку
Ўзяў жонкай цяпер,
Каб над ёй глуміўся
Распасьвены зьвер?!
I схапіў няшчасны
Точаны тапор,
Ажна ўсіх затрэсла
Жудасьць, як віхор.