Вечар. Ціха ў вёсцы,
Раптам грук такі!
Гоман. Коней ржаньне,
Бразгаюць званкі.
Ўехала дружына –
Той цьвяроз, той п'ян, –
Сходзяць маладыя
На белы дыван.
Выслана да хаты
Сьцежка палатном,
Ідуць маладыя
За ручку ўдваём.
Бацька з маткай века
Ад дзяжы дзяржыць,
А на ім – гарэлка
I хлеб-соль ляжыць.
Музыка марш грае,
Аж трасецца пол.
Пад векам дружына
Йдзе ў хату за стол.