XIII


— Паштовы з Асунсьёна ідзе добра. Гадзіны ў дзве прыбудзе. Але чакаецца сур'ёзнае запазненне паштовага з Патагоніі; відаць, яму давядзецца нялёгка.

— Так, месье Рыўер.

— Не выключана, што мы адправім эўрапейскі самалёт, не чакаючы прылёту патагонскага. Вы атрымаеце распараджэнне, як толькі прыбудзе асунсьёнскі. Будзьце напагатове.

Цяпер Рыўер перачытваў тэлеграмы, прынятыя ад паўночных аэрапортаў. Яны рассцілалі перад эўрапейскім паштовым месячную дарожку: «Неба чыстае, свеціць поўня, ветру няма». Горы Бразіліі, выразна акрэсленыя на зіхоткім небе, акуналі ў срэбныя хвалі мора свае зарослыя чорным лесам вяршыні. На гэты лес, не фарбуючы яго, нястомнай залевай ліліся месячныя промні. І астравы — таксама чорныя, як абломкі пасля караблекрушэння на марской пространі. І гэтая нястомная поўня на ўсім шляху — зіхоткі прамяністы ліхтар.

Калі Рыўер дазволіць адпраўленне, экіпаж эўрапейскага паштовага ўступіць у празрысты свет мяккага, праменнага ззяння. У свет, дзе нішто не пагражае парушыць раўнавагу паміж масамі цемры і святла. У свет, куды не пранікаюць нават ласкавыя дотыкі лёгкіх ветрыкаў, якія — варта ім толькі пасвяжэць — могуць за некалькі гадзін завалачы ўсё неба гнілымі хмарамі.

І ўсё-такі, гледзячы на гэтае ззянне, Рыўер вагаўся, быццам шукальнік золата на мяжы забароненага ўчастка. Тое, што тварылася зараз на поўдні, гучала абвінавачвальным прыгаворам Рыўеру, адзінаму абаронцу начных палётаў. Катастрофа ў Патагоніі можа настолькі ўмацаваць пазіцыі праціўнікаў, што, магчыма, яго перакананасць акажацца бяссільнай перад імі. Але перакананасць Рыўера засталася ранейшай; магчыма, гэтая драма — вынік нейкага праліку, але яна сведчыла толькі пра гэты прыватны пралік і ні пра што болей. «Магчыма, трэба ўстанавіць назіральныя пункты і на захадзе… Трэба падумаць пра гэта. Як бы там ні было, у мяне ўсё тыя ж важкія прычыны стаяць на сваім; цяпер магчымасць няшчасных выпадкаў паменшыцца: адна прычына ўжо выяўленая». Няўдачы гартуюць мужных. На жаль, з людзьмі даводзіцца весці гульню, у якой амаль не бярэцца ў разлік сапраўдны сэнс рэчаў. Выйгрыш альбо пройгрыш залежыць ад нейкіх чыста знешніх акалічнасцей. І ўяўная відавочнасць пройгрышу звязвае цябе па руках і нагах.

Рыўер пазваніў.

— Ад Байі-Бланкі па-ранейшаму няма радыёграм?

— Няма.

— Выклічце яе па тэлефоне.

Праз пяць хвілін ён дапытваўся:

— Чаму ад вас няма вестак?

— Мы не чуем самалёта.

— Маўчыць?

— Невядома. Скрозь навальніцы. Нават калі ён нешта перадае, мы не чуем.

— А Трылью яго чуе?

— Мы самі не чуем Трылью.

— Пазваніце туды па тэлефоне.

— Спрабавалі: лінія пашкоджаная.

— Якое ў вас надвор'е?

— Пагрозлівае. Маланкі на захадзе і поўдні. Вельмі душна.

— Які вецер?

— Пакуль слабы, але гэта не болей чым на дзесяць хвілін. Маланкі імкліва набліжаюцца.

Маўчанне.

— Байя-Бланка! Вы мяне чуеце? Добра. Пазваніце мне праз дзесяць хвілін.

І Рыўер пачаў гартаць тэлеграмы з паўднёвых аэрапортаў. Усе паведамлялі адно і тое ж: самалёт маўчыць. Некаторыя аэрадромы ўжо не адказвалі Буэнас-Айрэсу, і на карце расплывалася пляма знямелых раёнаў, дзе над невялічкімі гарадкамі ўжо расшалеўся цыклон, дзе ўсе дзверы ўжо шчыльна замкнёныя і кожны дом на цёмных вуліцах, нібы карабель, адрэзаны ад свету і згублены ў ночы. Толькі світанне прынясе ім вызваленне.

Але, схіліўшыся над картай, Рыўер усё яшчэ не траціў надзеі выявіць дзе-небудзь лапінку чыстага неба; ён звярнуўся па тэлеграфе да паліцыі больш трох дзесяткаў правінцыйных гарадоў з пытаннем пра надвор'е, і адказы пачалі паступаць ужо. Кожная радыёстанцыя на лініі ў дзве тысячы кіламетраў атрымала загад: ак толькі будуць злоўлены пазыўныя самалёта, неадкладна, за трыццаць секунд, далажыць пра гэта ў Буэнас-Айрэс, які ў адказ паведаміць для перадачы Фаб'ену, дзе ён зможа знайсці прытулак…

…У поўнай нерухомасці Рыўер узіраўся ў ноч.

Вось так, кожная новая вестка несла ў сабе пагрозы самалётам. Кожны горад, калі лініі сувязі яшчэ былі не зруйнаваныя і ён меў магчымасць адказаць Буэнас-Айрэсу, паведамляў пра няўмольнае набліжэнне цыклону, нібы пра неспадзяванае варожае нашэсце. «Бура ідзе з глыбіні мацерыка, з Кардыльераў. Яна рухаецца да мора і змятае ўсё на сваім шляху…»

Зоркі здаваліся Рыўеру занадта бліскучымі, паветра — занадта волкім. Якая дзіўная ноч! Яна раптоўна пачынала падгніваць — падгніваць слаямі, як мякаць раскошнага з выгляду плода. Над Буэнас-Айрэсам яшчэ панавалі зоры, але гэта быў усяго толькі аазіс, прытым — недаўгавечны. Да таго ж гэты порт быў недасягальны для экіпажа. Грозная ноч, якая гніла пад подыхам ветру. Ноч, якую нялёгка перамагчы.

Дзесьці ў яе нетрах блукаў самалёт, і на ягоным борце — бездапаможныя, устрывожаныя людзі.


Загрузка...