XV


Можа, у гэтай паперчыне, складзенай у чатыры столкі, — паратунак… Сціснуўшы зубы, Фаб'ен разгортвае яе.

«Звязацца з Буэнас-Айрэсам немагчыма. Я нават не магу болей трымаць ключ — б'е токам у пальцы».

Раззлаваны, Фаб'ен хоча напісаць адказ, але варта яму хоць на момант адпусціць штурвал, як магутная хваля працінае цела: паветраныя токі прыўзнімаюць яго разам з пяццю тонамі металу і шпурляюць убок. Ён адмаўляецца ад спробы пісаць…

…Прыбор паказвае вышыню: пяцьсот метраў. Гэта вышыня ўзгоркаў. Пілоту мроіцца, што ўзгоркі коцяцца насустрач самалёту галавакружнымі хвалямі. Што ўсе гэтыя глыбы зямлі, самая дробная з якіх можа на друзачкі струшчыць самалёт, быццам сарваліся са сваіх прымацаванняў, адвінціліся і пачынаюць, як п'яныя, кружыцца вакол яго. Што вакол яго пачынаецца нейкі няўцямны танец, які ўсё мацней і мацней заціскае яго ў сваім коле.

І пілот прымае рашэнне. Ён пасадзіць самалёт абы-дзе, з рызыкай расплюшчыць яго аб зямлю. І, прынамсі, каб хоць унікнуць сутыкнення з узгоркамі, ён выпускае ў ноч адзіную асвятляльную ракету. Ракета ўспыхвае, узвіваецца ўгору, апісвае круг і, асвяціўшы гладкую раўніну, гасне: пад самалётам — мора.

Маланкай мільгае думка: «Прапаў. Нават пры папраўцы на сорак градусаў мяне аднесла. Гэта цыклон. Дзе ж зямля?» Фаб'ен паварочвае на захад. Ён думае: «А вось цяпер, без ракеты, я разаб'юся». Рана ці позна, гэта павінна было здарыцца. А яго таварыш там, ззаду… «Ён зняў антэну — безумоўна». Але Фаб'ен болей не злуе на яго. Дастаткова яму, пілоту, проста расхіліць рукі, і іх жыццё адразу ж рассыплецца жменькаю тлену. Фаб'ен трымае ў руках два жывыя гулкія сэрцы — таварышава і сваё… І раптам ён палохаецца сваіх жа рук.

Паветраныя токі б'юць па самалёце, як таран; каб паслабіць скалананне штурвала, якое можа абарваць тросы кіравання, ён штомоцы трымаў рукамі штурвал. І ні на секунду не выпускаў яго. А цяпер ён раптам перастае адчуваць свае зняможаныя рукі. Ён спрабуе паварушыць пальцамі, каб пераканацца, што яны яшчэ слухаюцца яго. Рукі заканчваюцца не пальцамі, а нечым чужым, нейкімі вялымі і нячулымі адросткамі. «Трэба штосілы ўяўляць, што я сціскаю пальцы…» Але ён не ведае, ці дойдзе гэтая думка да яго рук. Скалананні штурвала Фаб'ен адчувае цяпер толькі праз боль у плячах: «Штурвал выслізне ад мяне. Рукі расчэпяцца…» Але ён жахаецца гэтай думкі; яму здаецца, што гэты раз рукі могуць паддацца таемнай сіле ўяўлення, што пальцы павольна расціскаюцца ў цемрыве — гатовыя здрадзіць.

Фаб'ен мог бы яшчэ змагацца, мог бы зноў і зноў выпрабаваць свой шанц: лёс — як знешняя сіла — не існуе. Але існуе нейкі ўнутраны лёс: наступае хвіліна, калі чалавек знячэўку адчувае сваю ўразлівасць, і тады памылкі зацягваюць яго, як галавакружэнне.

І раптам, менавіта ў адну з такіх хвілін, навальнічныя хмары неспадзявана разамкнуліся, і ў іх разрыве, прама над галавой, заззяла, быццам смяротная прынада на дне пасткі, жменька зорак.

Ён зразумеў, што гэта пастка: бачыш у шчылінку тры зоркі, ірванешся да іх, а потым ужо не можаш спусціцца, — і грызі цяпер свае зоркі…

Але пілот гэтак згаладаўся па святлу, што не ўстояў перад спакусай.


Загрузка...