XXII


Паштовы з Асунсьёна даў сігнал: «Іду на пасадку».

Нават у самыя горкія хвіліны гэтай ночы Рыўер не пераставаў сачыць па тэлеграмах за паспяховым лётам асунсьёнскага самалёта. Гэта было для Рыўера як бы рэваншам за паражэнне, доказам ягонай слушнасці. Тэлеграмы пра гэты шчаслівы палёт былі вестунамі тысячаў іншых наступных палётаў. «Не штоночы ж лютуюць цыклоны», — думаў Рыўер. І яшчэ: «Шлях пракладзены — зварочваць нельга».

Спускаючыся з Парагвая па прыступках аэрадромаў, быццам выходзячы з дзівоснага саду, багатага кветкамі, нізкімі дамкамі і павольнымі рэчкамі, самалёт слізгаў па-за межамі цыклону, і хмары не знішчылі на ягоным шляху ніводнай зоркі. Дзевяць пасажыраў, захутаныя ў дарожныя капы, прыціскаліся лбамі да акенцаў, быццам да вітрын з каштоўнасцямі: маленькія аргенцінскія гарадкі перабіралі ўжо ў змроку свае залатыя ружанцы ў пяшчотным бляску золата гарадоў. Уперадзе пілот падтрымліваў сваімі рукамі каштоўны груз чалавечых жыццяў, і ў яго вялікіх, шырока расплюшчаных вачах казапаса люстравалася поўня. Буэнас-Айрэс ужо заліваў далягляд ружовым заравам, гатовы заззяць усімі сваімі камянямі, як той казачны скарб. Пальцы радыста выстуквалі апошнія тэлеграмы — быццам пасылалі фінальныя гукі вялікай санаты, якую ён весела адбарабаніў у небе, мелодыя якой так цешыла Рыўера; потым радыст прыняў антэну, злёгку пацягнуўся, пазяхнуў і ўсміхнуўся: прыбылі!

Прызямліўшыся, лётчык убачыў пілота эўрапейскага паштовага; той стаяў, засунуўшы рукі ў кішэні і прываліўшыся спінай да свайго самалёта.

— Гэта ты павязеш пошту далей?

— Я.

— Патагонец ужо тут?

— Яго ўжо і не чакаюць. Згінуў. Надвор'е добрае?

— Выдатнае. Дык што, Фаб'ен згінуў?

Яны не сталі шмат гаварыць на гэтую тэму. Адчуванне вялікага братэрства пазбаўляла іх ад неабходнасці казаць гучныя словы.

Мяхі з асунсьёнскай транзітнай поштай перагружаліся ў эўрапейскі самалёт; пілот, па-ранейшаму нерухомы, закінуўшы галаву і прыпёршыся патыліцай да кабіны, глядзеў на зоры. Ён адчуваў, як у ім нараджаецца магутная сіла, як яго запаланяе магутная радасць.

— Пагрузілі? — спытаўся нехта. — У такім разе — кантакт!

Пілот не варушыўся. Запусцілі матор. Плячыма, прыціснутымі да самалёта, пілот адчуў, што самалёт ажыў. Нарэшце, пасля столькіх супярэчлівых вестак — ляцім… не ляцім… — пілот мог быць спакойны. Яго рот прыадкрыўся, і ў месячным святле бліснулі яго зубы, як зубы маладога драпежніка.

— Асцярожна… уночы… гэй!

Ён не чуў парад свайго таварыша. Засунуўшы рукі ў кішэні, закінуўшы ўгору галаву, павярнуўшы свой твар да хмараў, рэк і мораў, ён бязгучна смяяўся. Смех быў нячутны, але ён працяў яго, прабег па ягоным целе, як ветрык па лістоце дрэва… Смех быў зусім нячутны, але ён быў куды мацней і хмараў, і гор, і рэк, і мораў.

— Што з табой?

— Гэты балван Рыўер думаў… што… што мне страшна!


Загрузка...