XIX


Рабіно парушыў самоту Рыўера:

— Месье дырэктар, я падумаў… Можа, варта ўсё-такі паспрабаваць…

У Рабіно не мелася ніякіх прапаноў; ён проста хацеў засведчыць сваю добрую волю. Ён быў бы шчаслівы знайсці нейкае выйсце, і ён шукаў яго, як разгадку рэбуса. Але звычайна выходзіла так, што Рыўер і слухаць не хацеў інспектарскіх меркаванняў. «Ці бачыце, Рабіно, у жыцці няма гатовых рашэнняў. Але ёсць дзейныя сілы. Іх трэба стварыць, тады з'явяцца і рашэнні». І Рабіно мусіў абмежавацца роллю творцы дзейнай сілы сярод саслоўя механікаў. Сілы, вартай жалю, якая аберагала ад іржаўчыны ўтулкі вінтоў.

А перад падзеямі цяперашняй ночы Рабіно апынуўся бяззбройны. Яго інспектарскае званне не давала яму, аказваецца, ніякай улады над бурамі і над прывідным экіпажам, які, сапраўды, змагаўся цяпер ужо зусім не дзеля прэміі за дакладнасць — экіпаж цяпер імкнуўся пазбегнуць таго адзінага спагнання, якое знімала ўсе спагнанні, накладзеныя інспектарам Рабіно, — пазбегнуць смерці.

І нікому не патрэбны Рабіно бязмэтна туляўся з пакоя ў пакой.

Фаб'енава жонка папрасіла далажыць пра яе. У пакутлівай трывозе яна сядзела ў пакоі ў сакратароў і чакала, калі Рыўер прыме яе. Сакратары потайкам паглядвалі на яе. Гэта бянтэжыла яе, яна баязліва азіралася. Усё тут здавалася ёй варожым: і гэтыя людзі, якія, быццам пераступіўшы цераз труп, прадаўжалі займацца сваімі справамі, і гэтыя папкі, дзе ад чалавечага жыцця, ад чалавечых пакут застаўся толькі радок чэрствых лічбаў. Яна спрабавала адшукаць хоць што-небудзь, што сказала б ёй пра Фаб'ена…

…Рыўер прыняў яе.

Яна прыйшла, каб нясмела абараняць свае кветкі, сваю прыгатаваную каву, сваё юнае цела. У гэтым кабінеце, яшчэ халаднейшым, чым астатнія пакоі, яе вусны зноў затрымцелі. Сімона зразумела, што не здолее вытлумачыць сваёй праўды ў гэтым чужым ёй свеце. Усё, што паўставала ў ёй: яе гарачае, як у дзікункі, каханне, яе шчыравернасць — усё гэта магло паказацца тут мізэрным, эгаістычным. Яна гатовая была ўцячы.

— Я перашкодзіла вам?..

— Вы не перашкодзілі мне, мадам, — адказаў Рыўер. — Але, на жаль, мадам, нам з вамі застаецца толькі адно — чакаць.

Яна ледзь прыкметна паціснула плячыма, і Рыўер зразумеў сэнс гэтага руху: «Навошта мне тады лямпа, і прыгатаваная вячэра, і кветкі — усё, што чакае мяне дома…» Адна маладая маці аднойчы прызналася Рыўеру: «Да мяне дагэтуль не даходзіць, што маё дзіця памерла… Пра гэта жорстка напамінаюць усялякія дробязі: раптам трапляецца на вочы што-небудзь з ягонай вопраткі… Прачынаешся ноччу, і сэрца залівае такая пяшчота — пяшчота, анікому не патрэбная, як маё малако…» Вось і гэтая жанчына пачне заўтра з такой цяжкасцю звыкацца са смерцю Фаб'ена, выяўляючы яе ў кожным сваім — цяпер марным — руху, у кожнай звыклай рэчы. Фаб'ен будзе спакваля пакідаць іх дом.

Рыўер затойваў глыбокае шкадаванне.

— Мадам…

Маладая жанчына пакідала кабінет, выходзіла з амаль прыніжанай усмешкай — не здагадваючыся пра сваю ўласную сілу.

Рыўер цяжка апусціўся ў крэсла.

«Але яна дапамагае мне выявіць тое, што я шукаў…»

Безуважна паляпваў ён па стосе тэлеграм з паведамленнямі пра надвор'е над паўночнымі аэрадромамі і думаў:

«Мы патрабуем бяссмерця; але нам невыносна бачыць, як учынкі і рэчы раптоўна трацяць свой сэнс. Тады выяўляецца пустэча, якая атачае нас…»

Яго погляд упаў на тэлеграму.

«Вось такімі шляхамі і праточваецца да нас смерць: праз гэтыя данясенні, якія страцілі цяпер усялякі сэнс…»

Ён паглядзеў на Рабіно. Гэты недалёкі і бескарысны цяпер дзяцюк таксама страціў усялякі сэнс. Рыўер кінуў яму амаль груба:

— Вам што, я асабіста павінен знайсці занятак?

Рыўер штурхнуў дзверы, якія вялі ў пакой сакратароў, і знікненне Фаб'ена стала яму відавочным, уразіла яго: ён убачыў тыя адметы, якіх не здолела заўважыць мадам Фаб'ен. На насценнай дыяграме, у графе абсталявання, якое падлягае спісанню, ужо значылася картачка РБ-903 — Фаб'енавага самалёта.

Службоўцы, якія рыхтавалі паперы для эўрапейскага паштовага, ведаючы, што вылет затрымліваецца, працавалі без асаблівага імпэту. Званілі з пасадачнай пляцоўкі — патрабавалі інструкцый для каманд, чыё дзяжурства зрабілася цяпер бязмэтнае. Усе жыццёвыя функцыі былі як замарожаныя. «Вось яна, смерць!» — падумаў Рыўер. Справа ягонага жыцця лягла ў дрэйф, быццам паруснік, спасцігнуіты штылем у вольным моры…


Загрузка...