…Рыўер маўчаў і, угнуўшы галаву, глядзеў на свае рукі. І Рабіно, стоячы перад ім, не смеў загаварыць. Леў, нават павержаны, бянтэжыў яго. Інспектар падшукваў высокія словы, якія найлепей здолелі б выказаць ягоную шчыравернасць, але кожны раз, падымаючы вочы, ён бачыў перад сабой схіленую галаву, сівыя валасы, горка — о, як горка! — сціснутыя вусны. Нарэшце ён адважыўся:
— Месье дырэктар…
Рыўер падняў галаву і паглядзеў на яго. Ён ачнуўся з такой глыбокай задумы, вярнуўся з такой далечы, што, відаць, нават не заўважыў прысутнасці Рабіно. І нікому ніколі не дазнацца, пра што ён думаў, што адчуваў, якая журба апанавала яго сэрца… Рыўер глядзеў на Рабіно доўгім позіркам, нібы на жывога сведку нейкіх падзей. Рабіно зніякавеў. І чым даўжэй глядзеў на яго Рыўер, тым выразней праяўлялася на яго вуснах няўцямная для Рабіно іронія. Чым даўжэй глядзеў на яго Рыўер, тым мацней чырванеў Рабіно. Рыўеру ўсё болей здавалася, што Рабіно з яго кранальнай добрай воляй, але, на жаль, з неабдуманымі намерамі прыйшоў сюды жывым сведчаннем чалавечага глупства.
Сумненне апанавала Рабіно. Сяржант, генерал, кулі — усё было недарэчнасць. Ён не разумеў, што адбываецца. Рыўер не адводзіў ад яго вачэй. І Рабіно мімаволі нават зыначыў позу, выцягнуў руку з левай кішэні. Рыўер не адводзіў ад яго вачэй. Тады, у неймаверным замяшанні, сам не ведаючы чаму, Рабіно вымавіў:
— Я прыйшоў па распараджэнні.
Рыўер дастаў гадзіннік і проста сказаў:
— Дзве гадзіны. Паштовы з Асунсьёна прызямліцца ў дзве дзесяць. Загадайце даць адпраўленне эўрапейскаму паштоваму ў дзве пятнаццаць.
І Рабіно разнёс па канторы ўразлівую вестку: начныя палёты не адменены. Ён звярнуўся да загадчыка бюро:
— Прынясіце мне тую папку, я праверу яе.
Калі загадчык бюро падышоў да яго, Рабіно сказаў:
— Чакайце.
І загадчык бюро чакаў.