XVII


Адзін з радыётэлеграфістаў патагонскага аэрадрома Камадора-Рывадавія зрабіў раптам рэзкі рух рукой, і адразу ўсе тыя, хто, пакутуючы ад бяссілля, нёс гэтай ноччу вахту на радыёстанцыі, абступілі яго, схіліліся над яго сталом.

Яны схіліліся над ярка асветленым лістком чыстай паперы. Рука радыста яшчэ вагалася ў нерашучасці, яна яшчэ трымала ў палоне запаветныя літары, але пальцы ўжо трымцелі, аловак пакалыхваўся.

— Навальніца?

Ён кіўнуў. Трэск разрадаў перашкаджаў яму.

Вось радыст накрэсліў некалькі неразборлівых значкоў. Потым словы. І ўжо можна разабраць тэкст:

«Блакіраваны над ураганам, вышыня тры тысячы восемсот. Ідзём прама на захад, углыб мацерыка, бо нас аднесла да мора. Пад намі суцэльная воблачнасць. Не ведаем, над морам мы яшчэ ці не. Паведамце, як глыбока распаўсюдзілася бура».

Каб перадаць гэтую радыёграму ў Буэнас-Айрэс, давялося з-за навальніцы перадаваць яе па ланцужку, ад станцыі да станцыі. Пасланне прабілася ў начы, як вартаўнічы агонь ад вышкі да вышкі.

Буэнас-Айрэс распарадзіўся адказаць:

— Бура над усім мацерыком. Колькі ў вас засталося бензіну?

— На паўгадзіны.

І гэтая фраза — ад дзяжурнага да дзяжурнага — дасягнула Буэнас-Айрэса.

Экіпаж быў прыгавораны: меней чым праз трыццаць хвілін ён нырне ў цыклон, які панясе яго да зямлі.


Загрузка...