Праз хвіліну ён узляціць над Буэнас-Айрэсам, і Рыўер, які ўзнавіў бітву, хоча пачуць яго. Пачуць, як ён узнікне, праракоча і растане, як магутны поступ арміі, што рухаецца сярод зор.
Скрыжаваўшы рукі, Рыўер праходзіць міма сакратароў. Ён спыняецца ля расчыненага акна, слухае і разважае.
Калі б ён адмяніў хоць аднюсенькі вылет, справа начных палётаў была б прайграна. Але, апярэджваючы тых слабакоў, якія заўтра адракуцца ад яго, Рыўер выпусціў у ноч яшчэ экіпаж.
Перамога… паражэнне… гэтыя словы самі па сабе не маюць ніякага сэнсу. У іх немагчыма ўмясціць усё жыццё, жыццё ўвесь час нараджае ўсё новыя і новыя вобразы. Перамога аслабляе народ, паражэнне нараджае ў ім новыя сілы. Паражэнне, якое выпала на долю Рыўера, можа стаць урокам, які наблізіць сапраўдную перамогу. Толькі адно мае значэнне: рух падзей.
Праз пяць хвілін радысты паднімуць на ногі аэрадром. Усе пятнаццаць тысяч кіламетраў адчуюць пульсацыю жыцця, і ў гэтым — вырашэнне ўсіх задач.
Ужо ўзнімаецца ў неба арганная музыка: самалёт.
Павольна праходзячы міма сакратароў, якія ўгінаюць галовы пад яго суровым паглядам, Рыўер вяртаецца да сваёй работы. Рыўер Вялікі, Рыўер Пераможца, які нясе цяжар сваёй нялёгкай перамогі.