XIV


Фаб'енава жонка пазваніла па тэлефоне.

У тыя ночы, калі Фаб'ен павінен быў вярнуцца, яна заўсёды вылічвала час палёту патагонскага паштовага: «Зараз ён вылятае з Трылью…» І зноў засынала. Трошкі пазней: «Цяпер ён ужо набліжаецца да Сан-Антоніо, ён ужо бачыць агні…» Тады яна ўставала, рассоўвала шторы і азірала неба: «Гэтыя воблакі замінаюць яму…» Часам сярод хмар, як пастух, прагульваўся месяц. І маладая жанчына вярталася ў пасцель, супакоеная месяцам і зоркамі: іх тысячы, яны, як жывыя істоты, акружаюць яе мужа. А гадзіне ночы яна звычайна адчувала, што ён ужо блізка: «Ён напэўна ўжо недалёка… Ён ужо бачыць Буэнас-Айрэс…» Тады яна зноў уставала, гатавала яму вячэру, гарачую каву: «Там, угары, так холадна…» Кожны раз яна сустракала Фаб'ена так, нібыта ён спусціўся са снегавых вяршынь: «Ты не замёрз?» — «Ніколечкі!» — «Усё роўна, сагрэйся трошкі…» Да гадзіны з чвэрцю ў яе ўсё было гатова. Тады яна званіла.

І ў гэтую ноч яна спыталася, як заўсёды:

— Фаб'ен ужо прызямліўся?

Сакратар, які падняў трубку, трошкі зніякавеў:

— Хто пытаецца?

— Сімона Фаб'ен.

— А! Хвілінку…

Не адважваючыся нічога сказаць, сакратар перадаў трубку загадчыку бюро.

— Хто гэта?

— Сімона Фаб'ен.

— А!.. Слухаю вас, мадам.

— Мой муж прызямліўся?

Запала маўчанне, якое здалося ёй невытлумачальным, — пасля кароткі адказ:

— Не.

— Ён спазняецца?

— Так…

Зноў маўчанне.

— Так… спазняецца.

— Ах!..

Гэта быў уздых параненай плоці. Спазненне — дробязь… дробязь… Але калі яно зацягваецца…

— Ах… А калі ён павінен прыляцець?

— Калі ён павінен прыляцець? Мы… Мы не ведаем.

Цяпер перад ёю была сцяна. Яна чула толькі рэха сваіх пытанняў.

— Малю вас, адкажыце мне! Дзе ён зараз?..

— Дзе ён зараз? Хвіліначку…

Марудлівасць гэтых людзей прычыняла ёй боль. Там, за сцяной, нешта адбывалася.

Нарэшце яны адважыліся:

— Ён вылецеў з Камадора ў дзевятнаццаць трыццаць.

— А з таго часу?

— З таго часу?.. Вельмі спазняецца… Вельмі спазняецца з-за кепскага надвор'я…

— А! З-за кепскага надвор'я…

Якая несправядлівасць! І якая падступнасць — у гэтай поўні, у яе ціхамірным ззянні тут, над Буэнас-Айрэсам! Маладая жанчына раптоўна ўспомніла, што ад Камадора да Трылью ўсяго толькі гадзіны дзве лёту, не болей.

— І ён цэлых шэсць гадзін ляціць да Трылью?! Але ж пасылае ён вам радыётэлеграмы?!. Што ён кажа?

— Што ён кажа? Але ў такое надвор'е… Вы самі разумееце… Яго радыёграмы да нас не даходзяць.

— У такое надвор'е!..

— Вось што, мадам, давайце дамовімся: мы абавязкова пазвонім вам, як толькі што-небудзь даведаемся.

— Ах, вы самі нічога не ведаеце…

— Усяго добрага, мадам…

— Не! Не! Я хачу гаварыць з дырэктарам!

— Месье дырэктар вельмі заняты, мадам, ён на нарадзе…

— Ах! Мне гэта ўсё роўна! Мне гэта абсалютна ўсё роўна! Я хачу гаварыць з ім!

Загадчык бюро выцер успацелы лоб.

— Адну хвілінку!..

Ён расчыніў дзверы ў кабінет да Рыўера:

— З вамі хоча гаварыць мадам Фаб'ен.

«Вось яно, — падумаў Рыўер, — вось яно, тое, чаго я баяўся». На першы план драмы выступаюць пачуцці… Спачатку Рыўеру хацелася іх адвергнуць: матак і жанчын не дапускаюць у аперацыйную. І на караблі ў хвіліну небяспекі пачуцці павінны маўчаць. Хваляванне не памагае ратаваць… І ўсё ж ён згадзіўся:

— Злучыце яе са мной.

Ён пачуў далёкі голас, ціхі, дрыготкі, і адразу зразумеў, што не можа сказаць ёй праўды. Сысціся зараз у паядынку — хіба гэта хоць аднаму з іх прынесла б якую палёгку?

— Мадам, прашу вас, супакойцеся! У нашай справе так часта здараецца доўга чакаць вестак…


Загрузка...