XI


…Рыўер глыбей усаджваецца ў крэсла, праводзіць рукой па сівых валасах.

«Гэта самы адважны з маіх людзей. Ён дзейнічаў у той вечар проста бездакорна, але я ратую яго ад страху…»

І зноў, як хвілінная слабасць, узнікла спакуса:

«А каб любілі, дастаткова толькі пашкадаваць людзей. Я ж нікога не шкадую альбо не паказваю свайго шкадавання. А як цудоўна было б акружыць сябе дружбай, прыязнаю цеплынёй. Доктару гэта даступна. Але я кірую ходам падзей. Я павінен выкоўваць людзей, каб і яны кіравалі ходам падзей. Як востра я адчуваю яго, гэты няпісаны закон цяпер, вечарам, у кабінеце, перад стосам рэйсавых папер. Варта толькі пусціць іх на самацёк, варта толькі хоць раз пусціць на самацёк цвёрда вывераныя падзеі, як адразу ж, як заклятыя, пачынаюцца аварыі. Як быццам толькі мая воля — толькі яна — не дае самалёту разбіцца, не дае бурам затрымаць яго ў дарозе. Часам проста сам дзівуешся сваёй уладзе».

Ён раздумваў:

«І тут, бадай, няма нічога дзіўнага. Гэтак садоўнік з дня ў дзень вядзе змаганне на сваім агародзе… Зямля адвеку выношвае ў сабе першабытны лес, але цяжар звычайнай чалавечай рукі ўмінае яго назад у зямлю».

Ён думае пра пілота:

«Я ратую яго ад страху. Я нападаю не на яго, а на тое цьмянае, чэпкае, што паралізуе людзей пры сустрэчы з невядомым. Калі я паслухаю, пашкадую яго, калі ўсур'ёз прыму ягоныя страхі, ён пачне думаць, што і сапраўды адведаў нейкую таямнічую краіну, а менавіта ж таямніцы — і толькі яе — ён баіцца. Трэба, каб не засталося ніякай загадкавасці. Трэба, каб людзі апускаліся ў гэты змрочны калодзеж, потым выбіраліся з яго і казалі, што не сустрэлі там нічога загадкавага. Трэба, каб вось гэты чалавек дабраўся да самага сэрца ночы, да самага патаемнега прадоння яе, не маючы нават гэтай сваёй шахцёрскай лямпачкі, якая асвятляе адно рукі ды крыло, — і каб ён сваімі шырокімі плячыма адсунуў прэч невядомасць».

Але нават у гэтай барацьбе Рыўера і яго пілотаў нітавала маўклівае братэрства. Яны былі людзьмі аднаго гарту, імі валодала адна і тая ж прага перамагчы. Але Рыўер помніў і іншыя бітвы, якія даводзілася яму весці за пакаранне ночы…

…Рыўер звоніць, каб даведацца, якія апошнія паведамленні з борта самалёта.


Загрузка...