Рою — такому, які ён ёсць, — першапраходцу новых сцяжынак, піянеру, чалавеку сярод людзей, які, як і ўсе да яго падобныя, у рэшце рэшт дабіваецца перамогі над чалавечым адчаем.
Рой Мак-Нэйр дакладна ведаў, дзе выберацца з лесу, таму не затрымаўся, калі трапіў на закінутую лесавозную дарогу. Каржакаваты і дужы, мускулісты і рухавы, які выкаціўся з кустоў, як бочка, якую не спыніць. Рой не запаволіў хаду і на цяжкім пад'ёме па лысым граніце, проста згорбіўся пад цяжарам грузу, каб даць палёгку кароткім і дужым нагам. Справіўшыся з пад'ёмам, ён падняў галаву і хутка акінуў вокам тое, што назвалася пасёлкам Сэнт-Элен.
Гэтая купка раскіданых па наваколлі будынкаў была прыціснута і, можна сказаць, раздушана ляснымі і гранітнымі масівамі, якія цесна прыпіралі яе да пустога берага возера Гурсы. Пазіраючы на пасёлак, Рой усміхаўся — найперш Сент-Элену, але і ад згадкі пра тыя дні, калі ён бываў на гэтым схіле са сваім сябрам Джэкам Бэртанам. Калі б Джэк знаходзіўся зараз побач з ім, Рой кіўнуў бы абыякава ў кірунку Сент-Элена і прамовіў бы з выклікам: «Усё яшчэ трымаецца, Джэк. Усё яшчэ трымаецца!» На гэта Бэртан адказаў бы пагардліва: «Гэты горад будзе стаяць тут і пасля таго, як памрэш ты, Рой, яшчэ доўга пасля таго, як ты памрэш і цябе пахаваюць».
У той час Рой гучна смяяўся б з гэтага ажно да самага канца спуску. Да самага пасёлка ён дражніў бы Джэка Бэртана, заахвочваючы яго абараняць Сент-Элен ад пагрозы канчатковага паглынання лесам. Тады, пасля доўгага паляўнічага сезону ў лесе, Рою падабаліся аргументы Бэртана на карысць Сент-Элена, іх не хапала яму і зараз. Рой любіў пазіраць на гарадок з гэтага схіла і хацеў, каб падчас гэтага прысутнічаў Джэк Бэртан. Але вось ужо чатыры гады, як Бэртан пакінуў паляванне на карысць фермерства, і Рой, спускаючыся па схіле адзін, звыкла ўсміхнуўся, калі гарадок знік з вачэй, захінуты бярозамі і соснамі, што цесна абступілі дарогу.
Хоць Рою было радасна, што хата ўжо блізка, ён ведаў, што па дарозе яго засмуціць выгляд разбуранай фермы. Ён прыпыніўся на дарозе і зірнуў на яе: адзіная ацалелая сцяна на парослым участку. Гэта і само па сабе было сумнае відовішча, але для Роя трагедыя заключалася ў іншым, у назойлівым напамінку пра чалавека, якога ён хацеў забыць: пра Эндзі Эндруса, які ўжо даўно прапаў без вестак. Кожны год, пазіраючы на рэшткі старой фермы, Рой задаваў сабе пытанне: а што, калі Эндзі Эндрус вярнуўся ў Сент-Элен і зараз усё маё жыццё паляціць у тар-тарары?
— Бедны Эндзі, — прамармытаў ён. Дзіўнае пачуццё — прыязнасць да сябра і страх перад прывідам — ахапіла Роя. — Аднак, відаць, яго ўжо і на свеце няма. — Рой толькі напалову верыў у гэта; але, як выклік лёсу, ён намаганнем волі прымусіў сябе забыцца пра Эндзі: калі пасля дванаццаці гадоў адсутнасці Эндзі вярнуўся дамоў, значыць, нічога не зробіш і давядзецца пераадольваць розныя цяжкасці. Але зараз куды важней не забыцца пра таго, хто яму сапраўды больш небяспечны, пра пушнога інспектара, але перад гэтым апошнім спускам ён не мог выкінуць з галавы ні адно, ні другое.
Найбольш блізка было ісці па дарозе, але звычайна Рой адразу ж збочваў з яе, абыходзіў гарадок і падыходзіў да хаты з тыльнага боку. Тут было менш шанцу сустрэць інспектара, які меў права спыніць і абшукаць яго ў спадзяванні знайсці незаконную і несезонную пушніну, што інспектар і спрабаваў рабіць штогод на працягу ўжо дваццаці гадоў. На гэты раз Рой даўжэй чым звычайна не збочваў з дарогі, бо спазніўся. Яму хацелася вярнуцца ў Сент-Элен яшчэ да змяркання, карцела паспець на вячэру на братаву ферму. Страсаючы пот, які сляпіў яму вочы, і апошні раз папраўляючы на плячах лямкі, ён заўважыў, што над галавой кружыцца вялікая вушастая сава. Ён спыніўся і ўбачыў, як яна распасцерла крылы і па ўсіх правілах спікіравала цераз прасеку з вяршыні высокага дрэва да самай зямлі. У лесе стаяў ужо густы змрок, каб заўважыць канец піке, але Рой зразумеў, што яно скончылася, калі на ўвесь лес пачуўся савіны енк і плач.
Хоць Рою і не хацелася затрымлівацца, ён збочыў і пачаў прадзірацца праз кустоўе, каб паглядзець, што здарылася. На ўзлеску, амаль ля самай зямлі, ён убачыў саву. Яна моцна засела галавой у раскрыжаванні ствалоў маладой бярозкі. Сава ў адчаі і гневе шырока распасцерла крылы, а кіпцюрамі глыбока ўпілася ў мох і зямлю. Калі Рой падышоў, яна паспрабавала пагрозліва падняць галаву. Рой знайшоў палку, і сава схапіла яе сваім крукаватым носам. Пасля ён рассунуў ствалы бярозкі і вызваліў саву. Яна ўпала, і Рой адышоўся, баючыся, што сава зачэпіць яго падчас узлёту, але яна трапяталася на зямлі: яе крылы былі амаль што вырваны.
Рой падняў маленькую палявую мыш, якую выпусціла сава. Мыш была жывая, але ўся здранцвела са страху. Рой паклаў яе ў бяспечнае месца паміж двух карчоў і вярнуўся да савы. Яна смяротна разбілася. Рой адышоўся, двойчы стукнуў бярозавым суком па яе галаве, і сава сцішылася. Ён падумаў: «І чаму гэта сава, начны птах, задумала паляваць днём? Відаць, ад старасці? Альбо з голаду?» Ён паглядзеў, як шмыгнула далей ад страху апрытомнелая мыш, пасля рушыў па дарозе далей.
Ён збочыў з яе, калі ўбачыў агні крамы Дзюкэна. Ён перасек пустку і збіраўся нырнуць у піхтавы маладнячок, калі спераду, крокаў за пяцьдзесят, з'явіўся чалавек, які, відаць, чакаў яго. Рой рэзка павярнуўся і імгненна знік, з усяе сілы дзеручыся праз густы зараснік. Ён спыніўся толькі тады, калі пачуў, як яго кліча знаёмы голас. Калі павярнуўся, дык убачыў за спінай худую постаць з сякерай у руцэ і пачуў смех Джэка Бэртана.
— А ты становішся неабачлівым, — сказаў той. — Я заўважыў цябе за мілю, яшчэ на спуску.
— Фермер Джэк! — радасна ўсклікнуў Рой. — Што ты тут робіш?
— Падпільноўваю цябе, а ты прэш як мядзведзь.
— Я так і ведаў, што гэта ты, бо іншай такой худзізны няма ў цэлым Сент-Элене.
— Ты думаў, што гэта інспектар, — адказаў Бэртан.
Рой пасмяяўся і з Бэртана і з сябе.
— Аднак што ты тут усё-такі робіш? — спытаўся ён яшчэ раз.
Бэртан узяўся за сякеру:
— Карчую вось гэтую пустку.
— Дык ты батрачыш на матухну Дэніс?
— Я фермер, — сказаў Бэртан. — У сваім жыцці я не буду ні на каго батрачыць. Дровы матухне Дэніс, зямля мне.
— Абкрадваеш бедную старую, — сказаў Рой.
— Ты мяне паслухай, — адказаў Бэртан. — Адным цудоўным днём інспектар падпільнуе цябе і, калі ўбачыць, што ў тваім мяшку пушніны звыш нормы, адбярэ ў цябе ўчастак, а самога аддасць пад суд!
Гэта была помста, але гэта было і цвярозае папярэджанне чалавека, што ведаў, якім няшчасцем было б для Роя пазбаўленне свайго паляўнічага ўчастка і права на паляванне. А гэтае няшчасце пагражала Рою падчас кожнага вяртання ў Сент-Элен, бо ён, як зарэгістраваны трапер[1], меў права на пэўную колькасць скурак кожнага пушнога звера і не больш.
Спыні і абшукай яго інспектар зараз — гэта было б канцом для Роя-паляўнічага, бо, вядома ж, у яго за спінай было шмат больш за норму, і Джэк Бэртан гэта добра ведае.
— Ну, інспектару яшчэ трэба злавіць мяне, — прамовіў Рой.
Згадка пра даўні паядынак з інспектарам была прыемнай для Роя, але папярэджанне Бэртана на імгненне засмуціла яго.
— Адным цудоўным днём ён зловіць цябе, Рой, — сказаў Бэртан і перавёў гаворку на іншае. — Як паляванне? — спытаўся ён, абмацваючы заплечны мяшок Роя.
— Вясновы бабёр, андатра, — прамовіў Рой, — некалькі лісіц і катоў. Мала становіцца, Джэк, вельмі мала.
— Калі ж ты збіраешся выправіцца на поўнач, Рой?
— Калі так будзе працягвацца, дык не затрымаюся. Вылаўлены ўвесь участак. Хіба што за Чатырма Азёрамі знойдзеш ладную бабровую хатку. А норак мне за цэлы год ніводнай не трапілася. Канчаецца для нас паляванне, Джэк.
— Пра гэта ты казаў яшчэ чатыры гады таму.
— Казаў і зараз кажу, — мірна запярэчыў Рой. — З Муск-о-гі скончана. Можна аддаць тэрыторыю Бобу і іншым Аджыбуэям.
У свой час Муск-о-гі быў паляўнічай тэрыторыяй індзейскага племені Аджыбуэяў. Гэта яны назвалі так недаследаваную прастору, якая раскінулася на поўнач ад возера Гурон аж да хрыбта Срэбны Даляр. Піянеры выжылі адтуль індзейцаў, і на працягу двухсот гадоў заказнік Муск-о-гі добра служыў паляўнічым і дробным фермерам. Ён і зараз карміў іх, асабліва тых трынаццаць трапераў, якія мелі там паляўнічыя ўчасткі; але Рой перакананы, што ў Муск-о-гі хутка паляўнічым не будзе чаго рабіць.
— Праўда, Джэк, — сказаў ён, — вось і дапаляваліся.
— Дык што ж цябе тут трымае? — спытаўся Бэртан. — Трэба хутчэй перасоўвацца на поўнач, а то будзе позна. Усе паляўнічыя Муск-о-гі разявяць рот на новыя ўчасткі на поўначы, і на будучы год ты застанешся са сваім інтарэсам. Дык што ж цябе тут трымае? — Джэк Бэртан ведаў, што ўтрымлівае Роя. Рой любіў вяртацца з лясоў у сваё абжытае жытло. Рою цяжка будзе падацца далёка на поўнач і адрэзаць сябе ад сваіх, стаць бяздомнай лясной скацінай. Але, з іншага боку, за пятнаццаць гадоў сумеснага палявання Бэртан ведаў, як патрэбен Рою лес. У Роя не было іншага жыцця.
— Але калі ты не прыспешыш свае пярэбары на поўнач, Рой, табе давядзецца тут калупаць зямлю за кавалак хлеба. — Зважаючы на тое, што Рой адразу ж стаў змрочны, Джэк зразумеў, якая для яго гэта страшэнная пагроза, і пашкадаваў, што сказаў пра гэта падкрэслена выразна.
— Раней ты станеш прэм'ер-міністрам, чым я фермерам, — прамовіў Рой і ўсміхнуўся свайму ранейшаму таварышу па паляванню. — Эх ты, фермер Джэк! — сказаў ён. — Фермер Джэк!
— Ну і што, што фермер? Чаму гэта дрэнна?
— Нядрэнна для хворага і для жанатага, бо што яшчэ застаецца? Але каб у цябе была хоць якая мажлівасць, ты заўтра ж вярнуўся б у лес. — Рой ведаў, што гэта не зусім так. Джэк Бэртан быў фермерам ад нараджэння і па добрай волі, але ён надта зжыўся з лесам, каб забыцца пра яго канчаткова. Хоць ён і адмовіўся ад палявання, але адзін раз у год выпраўляўся ў лес, — каб назапасіць аленіны, як ён сам казаў, але на самай справе — і Рой гэта ведаў, — каб выгнаць з сябе лес на ўсю рэшту года. — Ну як, збіраешся сёлета? — спытаўся Рой.
— Мажліва і выберуся ў лес да Каляд на аленя, — адказаў Бэртан.
— Слядоў многа, — прамовіў Рой, — а самога аленя не бачыў.
— А ласі?
— Ну, лася заўсёды ўпалюеш. Справа ў тым, каб высачыць яго раней за Мэрэя або Зела Сен-Клера. Яны ўжо торкаюць свой нос ва ўсе ўчасткі, рыхтуюцца да зімовага палявання.
— А інспектар рыхтуе ім па добрай турэмнай камеры. Мэрэю адваляць дзесяць гадоў, калі інспектар зловіць яго, а Зел — той адразу трапіць у Форт-Уэнтварт. Інспектар папярэдзіў, што ў горадзе, яго не зачэпіць, але калі сустрэне ў лесе, дык пасадзіць абавязкова. А Мэрэя пасадзяць, дзе б ён ні трапіўся.
— Няхай толькі не спрабуе лавіць іх у лесе. А то калі сустрэнуць яго там Мэрэй або Зел — будзе ліха.
— Глядзі, не давай ім дазволу на карыстанне тваімі хібарамі, — хутка сказаў Бэртан.
— Але хіба іх упільнуеш? Яны як снег, выпаў — і няма яго. А Мэрэн я не бачыў цэлае лета.
— А Зел толькі што заявіўся ў горад, — паведаміў Джэк.
Рой недачуў, і яму стала вельмі прыкра.
— Хто прыйшоў у горад? — спытаўся ён.
— Зел Сен-Клэр, — адказаў Джэк.
— А, Зел! — Рой зірнуў на Джэка, яму хацелася даведацца, ці не вярнуўся Эндзі Эндрус; але спытаць пра Эндзі было для яго вялікай пакутай, як пакутай было для Джэка Бэртана сказаць хоць слоўка пра былога іхняга супольніка, хоць Джэк ведаў, як турбуе гэта Роя.
— А дзе Зел? — спытаўся Рой, зноў праганяючы з галавы Эндзі, пераконваючы сябе, што і сёлета, як і раней, Эндзі не з'явіўся і не з'явіцца ніколі. Пайшоў і не вернецца. — Хіба Зел працуе на дарозе? — спытаўся ён у Джэка.
— Не. Я пусціў яго ў закінуты будан у канцы маёй лесасекі. У яго жонкі яшчэ адно немаўля.
— І навошта ты пускаеш яго ў будан? Ты ж дарожны ўпаўнаважаны? Ты мусіш сачыць за парадкам! — Рою падабаўся тытул «дарожны ўпаўнаважаны» не толькі за гучнасць, але яшчэ і за тое, што яго насіў сябар Джэк Бэртан, хоць і быў ён толькі дзесятнікам у час летніх дарожна-рамонтных клопатаў. — А Зел плаціць табе?
— Гэта за маю развалюху? Я пусціў яго, каб ён ачысціў і ўзараў лесасеку.
— Хочаш зрабіць з яго фермера?
— Не. Але зараз, калі ён страціў свой участак у лесе, яму нельга грэбаваць нічым.
— З Зела, як бы ні стараўся ён пракарміць сям'ю, акрамя валацугі ніколі нічога не атрымаецца. Ты ніколі не зробіш з яго фермера, — сказаў Рой.
— Тым горай для яго, — заўважыў Джэк.
— Я думаю, што Мэрэй таксама пастараецца ўбачыць жонку і дзяцей.
— Яна паехала ў Марлоў, працуе на кансервавым заводзе, — прамовіў Джэк.
— Бедная Мэрэй! — уздыхнуў Рой. — Несправядліва гэта з боку інспектара так прыцясняць чалавека толькі за тое, што ён узяў некалькі скурак не ў сезон.
— Не ў сезон і не там, дзе дазволена! У хаціне Мэрэя ў пушным запаведніку знайшлі скурак на дзве тысячы даляраў. Калі б ён не ўцёк, з ім расправіліся б адразу.
— Ат, што тут казаць, абодва злодзеі і валацугі! — прамовіў Рой, папраўляючы лямкі заплечнага мяха.
— А калі ты не перастанеш мець з імі справу, скончыш тым жа: станеш не паляўнічым, а зверам. — Гэта быў выраз Роя, які Джэк павярнуў супраць яго самога. Але Рою падабалася, што Джэк паўтарае яго словы.
— Пакуль мяне чакаюць дома, я не стану валацугам, — сказаў Рой, хаваючы сур'ёзнасць за жартаўлівым тонам. — Я яшчэ зайду да цябе, Джэк. Абавязкова зайду, перш чым вярнуцца на возера.
— Ты нап'ешся, і я цябе не ўбачу, пакуль сам не збяруся на возера! — гукнуў на развітанне Джэк Бэртан, але Рой быў ужо далёка, і ў адказ Джэк пачуў са змроку вячэрняга лесу толькі яго смех.
Цемра апярэдзіла Роя, і калі ён адчыніў дзверы ў цёпла напаленую кухню, яго нявестка гатавала вячэру.
Яна спалохалася.
— Думала, што гэта мядзведзь, Руф? — спытаўся Рой.
— А як я магла даведацца, што гэта ты? — незадаволена прамовіла яна. — Сэм дома, а больш мы нічога не чакаем. Хіба можна так перціся просто з лесу?
Роя цешыў яе спалох і ён не звярнуў увагі на яе незадаволены тон. Сэм вярнуўся так рана? — спытаўся ён, паставіўшы мех ля сцяны і вываліўшы рукі.
— Ён заўсёды вяртаецца рана, — з'едліва адзначала Руф Мак-Нэйр. — Да зімы далёка, а ён рэдка працуе цэлы дзень. Позна выходзіць, рана вяртаецца.
— Відаць, старэе, — сказаў Рой і пайшоў па лесвіцы ў свой пакой. Ён скінуў на падлогу мех і дастаў запалкі, каб запаліць лямпу. Яна была брудная — і ні кроплі газы. Ён спусціўся ў кухню і пачаў наліваць яе з невялікага бітона. Тут зайшоў брат.
— Ну, як справы? — спытаўся ён.
— Няблага, Сэм, няблага.
— Як сёлета бабёр?
— Скуркі добрыя, толькі мала. — Гаворачы з братам, Рой ветліва выпрастаўся, але Сэм ужо выйшаў. Рой зноў сагнуўся і заліў лямпу. Ён выцер яе, запаліў і занёс у свой пакой.
Рой выцягнуў з мяшка тры звязкі скурак і паклаў іх пад матрац. Гэта не тое, каб ён іх хаваў. Ён клаў іх туды, каб разгладзіць: бо за цэлы дзень яны скамячыліся ў мяху. Больш у мяшку нічога не было. Ён шпурнуў яго пад ложак і выцер брудныя рукі аб калашыну. У непрыбраным пакоі было пыльна і душна, таму ён адразу разнасцежыў акно.
Затым Рой пайшоў у кухню, памыўся ля ракавіны, пад пільным позіркам худзенькай, з бяскроўным тварам дзяўчынкі гадоў васьмі.
— Добры дзень, Грэйс, — сказаў ён, але дзяўчынка моўчкі назірала, як ён плюхаецца. Рой памыў за дзвярыма ногі і падняўся да сябе, каб да вячэры пераапрануцца ва ўсё чыстае. Калі палез па чыстую сарочку ў сасновую камоду, высветліў, што добрая палова яго рэчаў знікла: світэры, летняя бялізна, нават порткі і боты. Бывала, раней таксама прападала сарочка-другая, але такога яшчэ не здаралася. Гэта яго раззлавала. Хто гэта такі ўвішны: брат ці гэтае хлапчанё — пляменнік Фрэнк? Нельга сказаць, што яму было шкада вопраткі. Роя злавала, што так сустракаў яго пасля адсутнасці родны дом. Гэта было прыкметай нечага больш грознага, чым проста знікненне нейкіх шмотак. Ён адагнаў горкія думкі, спусціўся ўніз і сеў за стол.
Там ужо быў Фрэнк, якому маці рабіла прачуханца за тое, што ён прападаў аж да ночы. Гэта быў ружовашчокі хлапчук гадоў дванаццаці, ростам з бацьку і вышэй за Роя. Але ён быў худы, і блакітная сарочка Роя вісела на ім, як на калу. «Значыць, гэта Фрэнк», — падумаў Рой.
— Хэло, Фрэнкі, — прамовіў ён да хлапчука.
— Хэло, Рой, — гучна адказаў той.
— Размаўляй з дзядзькам як след, — паправіў яго бацька. — А калі яшчэ раз заявішся так позна, выпраўлю спаць у хлеў, са свіннямі. — Пагроза была сур'ёзная, але выказана была неяк вяла.
Фрэнк усміхнуўся Рою, і ўсе працягвалі моўчкі вячэраць.
Вячэра была прэсная, нясмачная, зусім не такая, якой чакаў Рой. Зараз восень, павінна быць маладая бульба, гарошак, гарбуз, капуста, новы хлеб. А замест усяго гэтага вывараная свініна і кукурузная каша. Добра яшчэ, што свініна была свежая.
— Ты што, купіў парсюка? — спытаўся Рой.
— Не, прадаў свінню, — адказаў Сэм. — Апошнюю. Зараз у гэтым доме не хутка паласуюцца свінінай. — І быццам адказваючы на наступнае пытанне Роя, Сэм хуценька працягваў: — Давялося прадаць яе, Рой, каб купіць у Піта Дрокэна хоць крыху гарбаты і цукру. Сабе пакінулі толькі кумпяк; яна ў нас была адкормленая. — У яго словах зноў прагучала вялая горыч.
— Трэба ж было хоць нешта прадаць, каб атрымаць грошы, — з'едліва дадала Руф.
Рой прамаўчаў. Тое, што тварылася ў гэтым доме, падабалася яму ўсё менш і менш, але нічога ўжо не магло здзівіць яго тут ні ў мінулым, ні ў сёлетнім, ні ў будучым годзе. Проста справы ішлі ўсё горай. Пасля вячэры дзяцей адаслалі спаць, хоць Фрэнк гучна пратэставаў, што яшчэ толькі восем гадзін. На гэта маці не знайшла лепшага адказу, як даць кухталя, і з адыходам дзяцей кухня адразу стала змрочнай.
Сэм і Рой уселіся ля печкі, а Руф прыбірала са стала. Усе трое доўга маўчалі. Сэм курыў, Рой жаваў тытунь і стараўся атрымаць асалоду ад усведамлення, што ён, нарэшце, у сваім доме. Але гэта яму не ўдавалася, бо ён не мог быць спакойным нават дома, пакуль не даведаецца пра Эндруса. Яму хацелася абыякава спытацца ў Сэма: «А Эндзі яшчэ не вярнуўся?» Але менавіта гэтых слоў ён і не мог вымавіць, і таму сядзеў моўчкі і чакаў, калі загаворыць Сэм. Як і ў мінулыя гады, Рой пераконваў себя, што калі б Эндзі вярнуўся, пра гэта хоць хто-небудзь ды сказаў бы, аднак ён не быў перакананы і чакаў.
— Калі збіраешся вярнуцца на возера? — спытаўся Сэм.
— Праз некалькі дзён, — адказаў Рой.
Сэм не пазіраў на малодшага брата.
— А ты не мог бы затрымацца? — спытаўся ён.
— Я павінен вярнуцца, Сэм. Я прыйшоў толькі ўзяць харчу на зіму.
Брат і так ведаў гэта, але Рой імкнуўся быць цярплівым.
— А ты не мог бы застацца тут да зімы? — спытаўся Сэм.
— Навошта? — Рой быў здзіўлены.
Сэм памаўчаў, падшукваючы аргументы на карысць сваёй просьбы.
— Табе трэба застацца і дапамагчы мне па гаспадарцы, Рой. Толькі да зімы, толькі некалькі тыдняў.
Яны абодва гаварылі стрымана,і зараз былі вельмі падобныя. Сэм быў толькі на паўтара года старэйшы за Роя і на нейкія два дзюймы вышэйшы. Складам, манерай гаворкі і знешнасцю яны былі падобны адзін да аднаго, толькі Сэм быў больш рыхлы і марудлівы. Але яны па-рознаму адносіліся да жыцця. Рой не меў ні прыгнечанасці, ні спагады да сябе, ні горычы. Сэму ж былі ўласцівы ўсе тры гэтыя пачуцці, і калі яны выяўляліся, Рой проста не ведаў, як сябе паводзіць.
— Я не магу заставацца гэтай парой у горадзе, — паволі адказаў ён.
— Але чаму? — спытаўся Сэм. — Што дадуць табе гэтыя некалькі тыдняў?98
— Шмат, Сэмюэль. Участак стаў небагаты, ты ж ведаеш. Пастак у мяне столькі, што я ледзь паспяваю іх абысці, але здабыча такая малая, што рана ці позна мне давядзецца браць новы ўчастак на поўначы.
— Ты ўжо даўно гаворыш пра гэта, — сказаў Сэм і цыркнуў слінаю ў агонь. — Я ведаю, што твой участак збяднеў. Менавіта таму табе і трэба застацца ў Сент-Элене. Паляванне ў Муск-о-гі закончана, Рой. Лепей ты дапамог бы мне ўратаваць ферму. Аднаму чалавеку гэта не пад сілу. Чаму б табе не паспрабаваць хоць адзін год? Чаму?
— Я паляўнічы, Сэм. Ты — фермер.
— Проста я старэйшы сын! — самотна прамовіў Сэм. — А ты фермер лепшы, чым я, такім фермерам я не стану ніколі.
Рой не любіў, калі яму гэта казалі, але ведаў, што гэта праўда. Калі пасля першай сусветнай вайны ён дзевятнаццацігадовым юнаком вярнуўся з Францыі, два гады гаспадарыў на ферме. І гэтыя два гады пасля вайны ён не даваў ферме захірэць, ачысціў ладны ўчастак зямлі, апрацаваў яе так, што яна трымалася да гэтага часу. Але двух гадоў фермерства для Роя было дастаткова, і ён узрадаваўся, калі старэйшы брат вярнуўся з Таронта з пустымі рукамі і пачаў займацца фермай. Сэм быў старэйшы, і ферма належала яму. Іхняя маці памерла, пакінуўшы іх яшчэ зусім малымі, бацька памёр, калі яны абодва былі на фронце, а малодшы брат хутка пакінуў Сент-Элен і пачаў працаваць на рудніках у Сэдберы. Зараз ферма належала Сэму, і гэта ён мусіў працаваць на зямлі, а не Рой. Ён не адмаўляўся дапамагчы Сэму летам, калі на гэта можна выкраіць час і калі яму можна пабыць у горадзе, але зараз зусім не той час, каб Рою тырчаць у Сент-Элене, і Сэм гэта добра ведае.
— Ну толькі зараз, толькі адзін раз, Рой, — прасіў Сэм. — Дапамажы мне падрыхтавацца да зімы.
— Калі я застануся да зімы, — сказаў Рой, — тады я ўжо не здолею пайсці.
— А навошта табе ісці! — настойваў Сэм.
Рой адчуў пастку, але спрачацца яму не хацелася.
— А хіба ў цябе дрэнна ідзе гаспадарка, Сэм? — спытаўся ён. — Не павінна. — Ён прамовіў гэта як мага спакайней.
Сэму таксама не хацелася спрачацца, але ён не мог справіцца з пачуццём горычы.
— Лепш ўжо быць батраком. Працуючы на іншага, ва ўсякім разе, хоць у канцы кожнага тыдня атрымліваеш грошы. А выручка з фермы — яе і не бачыш.
— Хіба ты нічога не атрымаў ад ураджаю?
— Атрымаў, але, калі за ўсё заплаціў, грошай не хапіла нават на насенне, не кажучы пра нейкія закупкі ў Дзюкэна. Я ўсё яшчэ выплачваю па закладной, а таксама нядоімку за трыццатыя гады, і нават зямельную пазыку, якую бацька атрымаў яшчэ ў тысяча дзевяцьсот трэцім годзе.
Рой ведаў пра гэтыя даўгі, але які фермер не мае даўгоў. Фермерам заўсёды даводзілася выкручвацца, плаціць, калі ёсць чым, а не — дык залазіць у даўгі, праклінаючы высокія адсоткі і падаткі і зямельныя банкі, якія абдзіралі іх да ніткі. І ўсё адно ён ведаў, што Сэм не павінен быў так збяднець; збяднець аж да таго, каб спусціць апошнюю свінню. За ўвесь той доўгі час, што Мак-Нэйры апрацоўвалі зямлю, не было, здаецца, выпадку, каб хто-небудзь з іх прадаваў апошнюю свінню, і дзеля чаго: на гарбату і цукар. Такое мог зрабіць толькі чалавек, даведзены да мяжы адчаю.
— На гэтых лясных фермах аднаму яшчэ можна перабіцца, — працягваў Сэм. — Можна пракарміцца тым, што дае ферма: ёсць сваё масла, малако і хлеб, але для сямейнага чалавека гэтага мала, Рой. Мала.
— А я думаў, што цэны на хлеб зараз добрыя, — сказаў Рой.
— Яны добрыя з самай вайны, але што толку, калі на ўсё іншае цэны растуць яшчэ хутчэй. Да таго ж у мяне недаспела пшаніца і няма кармоў. Усё лета зямля мокла, і палова сена згніла.
Рой аднак не мог зразумець.
— Але, калі зямля такая цяжкая, чаму ты вясной не пасеяў гарох альбо нейкую іншую гародніну?
— Ды не цяжкая яна, — сказаў Сэм, — а ўся забалочаная, пракісла.
— Дык асушы яе.
— Ты ж ведаеш, толькі пярэдняе поле ўзарана як след. Усё астатняе макрэча.
— А хіба нельга было дастаць машыну? Пракапаць канавы?
— У мяне толькі дзве рукі, — сказаў Сэм. — Вось чаму табе і трэба застацца. Мы наладзілі б асушку сядзібнага надзела, выкарчавалі б сорак чацвёртую расчыстку, маглі б пасеяць чырвоную канюшыну, а мо кукурузу альбо бульбу. Мне патрэбны працоўныя рукі, Рой, а наняць я нікога не магу.
— А я думаў, што ты выкарчаваў сорак чацвёртую яшчэ летам.
Руф Мак-Нэйр, заняпалая жанчына з пагардлівым позіркам і адвіслымі грудзямі, прысела ля стала.
— Ён быў вельмі заняты, усё здаваў коней, — сказала яна, — а грошы траціў Бог ведае на што. Усё лета прагуляў, глядзеў, як працуюць іншыя.
Сэм не спрачаўся з жонкай, і Рой ведаў, што справа тут не ў ляноце. Слабасць Сэма ў іншым: ён няздольны зразумець, што фермерства — гэта разлік; разлік ва ўсім; ніколі не купляць насення больш, чым можаш пасеяць, ніколі не сеяць больш за тое, што можаш убраць, прадаючы, ніколі не пакідаць жывёлу і сям'ю без прыпасаў. У Сэма не хапала для гэтага ні спрыту, ні жадання. Калі ён і страціў марна ўсё лета, гэта сведчыла не пра ляноту, а хутчэй пра тое, што ён быў у адчаі.
— А як коні? Працуюць? — Роя гэта цікавіла асабліва, бо гэта ён купіў брату двух цяжкавозаў-клайдсдэляў, купіў толькі два гады таму, затраціўшы на гэта паўгадавую выручку ад палявання. Але і гэта не паспрыяла Сэму.
— Я прадаў запрэжку, — сказаў Сэм і ўпершыню зірнуў на Роя.
— Навошта, Сэм, — злосна ўсклікнуў Рой. — Гэта была лепшая запрэжка ў Сент-Элене!
Сэм спрабаваў нешта сказаць, але ў яго нічога не атрымалася.
Рой пашкадаваў пра сваю нястрыманасць. Сваё здзіўленне і гнеў ён нейтралізаваў звыклым намаганнем трымаць язык за зубамі. Яму стала шкада брата, ён быў горка расчараваны і прыгнечаны тым, што гэты развал адбываецца на яго вачах, не толькі душэўны распад брата, але і распад дома, сямейнага кутка.
— А як жа ты справішся без коней? — сумна прамовіў Рой.
— Ніяк не спраўлюся, калі ты не дапаможаш мне. Пра гэта я і талкую табе, Рой.
У нежыццёвым тоне Сэма ўсё тая ж вялая пагроза. Але Рой не паддасца, ён нават не верыць, што справы дрэнь. Сэм разгублены і самотны, проста не падобны сам на сябе.
— А што, калі я папрашу Джэка Бэртана, каб ён дапамог табе? — прапанаваў Рой. — Джэк зробіць усё, што можа.
— У яго і без мяне хапае клопату, — сказаў Сэм.
— Не хочам мы яго, — умяшалася Руф Мак-Нэйр. — Ён свінапас і лесаруб, адно слова — падзёншчык.
— Ён добры фермер, Руф, — прамовіў Рой.
— А для мяне ён заўсёды будзе батраком, і я не хачу, каб такія людзі дапамагалі мне дарма. Яму патрэбна падзёншчына. Такім ён быў, такім і застанецца.
Рой цярпліва выслухаў яе, ён ведаў, што яна грэбуе Джэкам, як можа грэбаваць дачка фермера сынам батрака. Бацька Джэка дзесяць гадоў батрачыў у бацькі Руф — старога Боба Мудзі. Сёння ніхто з гэтай сям'і не затрымаўся на зямлі, а ў Джэка была свая ферма, якая ўсё ж карміла яго. Ён нават купіў два акры той зямлі, якую стары Мудзі мусіў прадаць, калі яго зрабілі банкрутам зямельныя банкі і зламалі пастаянныя спрэчкі, сваркі і грубасць сваіх жа дзяцей, у тым ліку і Руфі. Рой заўсёды ўсведамляў тое зло, якое яна прынесла ў іх дом, паступова аблытваючы спакойнага Сэма сваёй фанабэрыстасцю і дробязнасцю, ніколі не падтрымліваючы яго ласкавым словам, спагадлівым клопатам, дапамогай у працы. Яна так добра пастаралася зрабіць Сэма такім, якім ён стаў, што Рой ужо не аддзяляў іх адно ад аднаго, хіба што толькі ў тым, што Сэм быў канчаткова знясілены і амаль не размаўляў з жонкай, хоць яна яшчэ і зараз спрабавала падбухторваць яго. «Бедны Сэм, — падумаў Рой. — Яму патрэбна была ціхая, спакойная жонка, якая клапацілася б пра яго і паважала. А ён атрымаў злосную бабу, якая трымала яго пад пастаянным страхам, чаплялася да кожнага слова і кожную спрэчку ператварала ў грубую лаянку. Яе пошлая грубасць была галоўнай прычынай сённяшняга становішча Сэма».
— Не хачу я яго, — паўтарала яна і зараз пра Джэка Бэртана. — Я яму і самому скажу тое ж самае проста ў вочы, калі вы яго сюды прывядзеце. Ён не патрэбен нам!
— У яго ж уласная ферма, — сказаў Рой, звяртаючыся да, Руф з марнай спробай абараніць Джэка. — І гаспадарыць ён няблага.
— Яму інакш і нельга, маючы гэткую жонку: напладзілі цэлы вывадак.
Гэтыя грубыя словы, сказаныя з цынічнай усмешкай, былі падмацаваны непрыстойным жэстам яе нязграбных рук. Роя абурыла такая грубасць, не вартая чалавека, і ён адвярнуўся.
Сэм паківаў галавой.
— Джэк выкручваецца таму, што збірае хоць нейкі капітал — карчуе зямлю іншым, працуе на дарозе, прадае гарбузы, але праз год-другі і яго прыціснуць. Усе гэтыя карлікавыя фермы ў сасновай зоне не выжывуць. Тут месца зусім не для ферм. Уся гэтая паласа ўздоўж Гурона ўзнікла таму, што некалькі пустагаловых бедных кратоў, накшталт дзядулі Мак-Нэйра, прывалакліся сюды за лесарубамі і пачалі калупацца пасярод скал: вырасцяць бульбу, выгадуюць свіней і выцягваюць грошы з лесарубаў. Мо тады гэта і было выніковым, але яно скончылася адразу, як толькі лясныя кампаніі ўзялі ўсё забеспячэнне ў свае рукі. А пасля, калі лесарубы агалілі ўсю акругу і пайшлі, фермерства тут пазбавілася апошняга сэнсу. Тады трэба было сысці і Мак-Нэйрам, ісці ў Манітобу, на Ніягару, у Буфало, у Дэтройт. А яны не сышлі, чапляліся за лясную ўскраіну, як занесеныя снегам авечкі, якія баяцца скрануцца з месца, — Сэм носікам бота адчыніў дзверцы печкі і плюнуў на вуголлі. — Дык вось, я менавіта той Мак-Нэйр, які не затрымаецца тут, калі не атрымае дапамогі. Я гэта кажу сур'ёзна, Рой.
Рой прамаўчаў.
— Калі ты прыйдзеш наступным разам, Мак-Нэйраў тут ужо небудзе.
Рой ступіў некалькі цяжкіх крокаў, адчыніў дзверы кухні і цвыркнуў у цемру чорным струменем тытунёвай жвачкі. Вярнуўся да агню, усеўся на сваё месца побач з братам і прасядзеў там моўчкі, пакуль рашэнне, што мае быць, не ўклалася ў яго ў галаве. Тады ён падняўся наверх і адразу спусціўся ўніз з вялікім пакункам і двума звязкамі скурак з-пад матраца.
Руф Мак-Нэйр назірала за ім. Ведаючы, куды ён збіраецца, яна з'едліва прамовіла, калі ён адчыняў знадворныя дзверы:
— Вось пойдзеш так калі-небудзь да Эндруса і спаткаеш свайго Эндзі.
Рой прыпыніўся ля адчыненых дзвярэй.
— Кажуць, што яго бачылі! — гукнула яна следам.
Рой імкнуўся не слухаць яе, але гэтыя словы ўжо ўчапіліся ў яго і рвалі на часткі яго насцярожанае сумленне. Шыбуючы па асветленых месяцам камяністых градах на палях і сасновых лясах, ён увесь час думаў: а што, калі Эндзі Эндрус ужо дома, з Джын, і чакае, калі на дарозе з'явіцца Рой. Вось ужо дзесяць гадоў, ідучы па гэтых мясцінах, Рой задаваў сабе ўсё тое ж пытанне, але ні разу яшчэ не было і прыкмет на тое, што Эндзі дзесьці тут.
Дванаццаць гадоў таму апошні раз бачылі, як Эндзі Эндрус пешкі ішоў па дарозе ў Марлоў, крышку п'янаваты, да той мяжы, каб не звяртаць на сябе ўвагі, але, відаць, дастаткова цвярозы, каб ведаць, што рабіць. Пакінуўшы жонку і дваіх дзяцей, ён так і не вярнуўся. Нават паліцыя не змагла адшукаць яго — жывога ці мёртвага. Усе, хто ведаў Эндзі, у тым ліку і Рой, верылі, што Эндзі жывы і калі-небудзь вернецца. Ён заўсёды быў няўрымслівы і хуткі на рашэнні, лёгка трапляў у бяду, але заўсёды з яе выблытваўся. У дзяцінстве яны з Роем і Джэкам Бэртанам былі тройкай неразлучных малайцоў, неўтаймоўных, апантаных духам разбурэння, іх рэдка бачылі ў школе, яны вечна прападалі ў лесе, аблазілі ўсю акругу ад Гурона да Соа. Дваццацігадовымі юнакамі яны разам палявалі і ставілі пасткі, але Эндзі быў занадта няўрымслівы, каб праводзіць у лесе месяц за месяцам, і ён выправіўся ў Таронта, адкуль хутка вярнуўся з жонкай, жанчынай, народжанай і выхаванай у горадзе, якога яна да гэтага ні разу не пакідала. Ажаніўшыся, Эндзі зрабіў усё, што мог, каб наладзіць аседлае жыццё. Яго бацькава ферма была ўжо даўно закінутай, і Эндзі перабраўся на ранейшую ферму Мак-Нэйраў — драўляны зруб на тры пакоі з прысядзібным участкам. Некалькі гадоў ён быў падзельнікам у Сэма Мак-Нэйра, працаваў заўзята, калі працавалася, але так і не стаў фермерам, не затрымаўся на зямлі. І Рой і Джэк Бэртан заўсёды лічылі, што ў рэшце рэшт ён уцячэ, а калі ён уцёк, ім стала не хапаць яго, асабліва Рою. Акрамя таго, што ён страціў Эндзі-сябра, не стала і незаменнага партнёра ў дзелавых аперацыях. Іменна Эндрус забіраў у Роя ўсе лішкі пушніны — усе незаконныя і не ў сезон здабытыя скуркі — і спакойна збываў іх на пушніннай факторыі ў Бага — бліжэйшым гарадку, кожны раз чакаючы, пакуль Рой не вернецца ў лес, і пазбаўляючы яго ад усялякай падазронасці. Тым, што Рой так лёгка збываў увесь свой незаконны набытак, і тлумачыліся яго паляўнічыя поспехі. Без незаконнай пушніны ён нядоўга пратрымаўся б на сваім паляўнічым участку, на законную норму нельга было пражыць. Калі Эндзі збег, Рой апынуўся ў складаным становішчы. Сам ён не мог вазіць скуркі на факторыю, гэта было б надта адкрыта і небяспечна. На дапамогу прыйшла місіс Эндрус, якая прадоўжыла збыт пушніны за грошы — звычайныя камісійныя ў такіх здзелках. Рой згадзіўся на гэта спачатку неахвотна, але пазней добра ацаніў яе паслугу. Хутка ён зразумеў, што гэтая мініяцюрная гараджанка, якая так і не вызвалілася ад сваіх гарадскіх звычак і манер, на самай справе ўвайшла ў смак гульні з законам. Для яе гэта быў паядынак, у якім яе аўтарытэт гараджанкі і мініяцюрная знешнасць спаборнічалі з даверлівасцю інспектара і праставатасцю акружной паліцыі, — паядынак, які яна вяла тымі ж макіавелеўскімі метадамі, якімі змагаўся супраць інспектара сам Рой.
— Калі інспектар зловіць вас, — сказаў ёй аднойчы Рой, — ён адпусціць вас, калі вы скажаце яму, у каго ўзялі пушніну.
Яе адказ дадаў штосьці новае ў іх адносіны.
— Па-першае, спачатку інспектар зловіць вас, — адказала яна, — а, па-другое, пра мяне ён даведаецца толькі ад вас. Не іначай. — Яна прамовіла гэта спакойна, яе ласкавыя вочы перахапілі позірк Роя, абвяргаючы і пацвярджаючы яе ж словы.
Усведамленне агульнай справы неяк па-новаму звязала іх. Іхняя блізкасць узнікла без складаных перажыванняў, а як нешта натуральнае і нечаканае, і сумленне мучыла Роя толькі тады, калі ў гэта ўмешваліся іншыя. Яго нявестка Руф, своечасова ўставіўшы заўвагу пра «гэтую місіс Эндрус», магла ў грахоўным святле выставіць сама добрыя намеры Роя. Але сама Джын Эндрус не стварала з гэтага маральнай праблемы. Калі б яна сказала яму: — Мы не павінны, Рой, — ён падпарадкаваўся б голасу сумлення і ніколі больш не прыйшоў бы да яе. Але яна прымала гэтую блізкасць гэтак жа проста, як і сам Рой. Эндзі яе кінуў; ніякія абавязацельствы яе не звязвалі; грамадскія ўмоўнасці не ў залік; з Эндзі было скончана.
І ўсё адно, кожны раз, ідучы цераз гэтае поле, Рой перажываў цяжкія хвіліны. А раптам Эндзі вярнуўся! — і, стукаючыся ў дзверы і адчыняючы знаёмую засаўку, пакутаваў ад сумненняў.
— Ну і чалавек, заўсёды з'яўляецца як прывід з хворымі нервамі, — сказала яму Джын Эндрус. Яна спалохалася гэтак жа, як і Руф Мак-Нэйр, і Рой засмяяўся, як умеў смяяцца толькі ён, па-першае, таму, што яна спалохалася, а пасля і таму, як яна гэта прамовіла. Ён ведаў, што ніводнай тутэйшай жанчыне такое і ў галаву не прыйшло б.
— Хэло, місіс Эндрус, — прамовіў Рой і ветліва, і ніякавата.
— Хэло, Рой, — адказала яна.
— Я прынёс пушніну. — Ён дастаў звязкі.
— А я ў такое надвор'е чакала вас не раней наступнага тыдня, — сказала яна.
Яму хацелася пажартаваць, што не чакаў яго і інспектар, але ён яшчэ не дазваляў сабе такога панібрацтва з ёю. Ён проста паклаў скуркі на цырату кухоннага стала. Пакуль яна разглядвала іх, ён падняў века драўлянай лавы-кладоўкі і дастаў адтуль некалькі старых газет.
— Толькі чатырнаццаць, — сказала яна. — Дрэннае паляванне, Рой.
— Яшчэ ніколі не здабываў так мала скурак з такой цяжкасцю, — сказаў ён.
— Затое добрыя. — Яна падняла скурку лісы.
— Гэта праўда, але якія яны хітрыя, — сказаў Рой. — Пакуль вось гэтую даставаў з пасткі, я і не думаў, што яна жывая. А як толькі вызваліў ёй галаву, яна ўкусіла мяне за руку і стала ўцякаць. Давялося застрэліць. Добра яшчэ, што скурка засталася цэлай, я патрапіў проста ў вока. Паляўнічае шчасце, — дадаў ён.
— Якое варварства, — зазначыла місіс Эндрус.
Рою зусім не падабалася, што яго лічаць жорсткім, але нязвыклы выраз развесяліў яго і ён упершыню з часу з'яўлення тут зірнуў на місіс Эндрус.
Яна была невысокага росту, крыху ніжэйшая за Роя, але значна танчэйшая. Хоць ёй было ўжо каля сарака, але бледная скура яе была не па гадах свежая і гладкая; і ніякай вясковай грубаватасці не было ў гэтай яшчэ не старой з выгляду гараджанкі. Рухі яе былі больш рэзкія і хуткія, чым у жыхарак Сент-Элена, але ў іншым яна была даволі вытанчаная. «Нарадзілася ў трамваі, выхоўвалася на далікатэсах», — гаварыў Рой, калі даведаўся пра Джын гэтулькі, што пачаў заўважаць яе рэзкія рухі і празрыстую скуру. Гледзячы як яна налівае ваду для кавы ў вялікі эмаліраваны імбрык і ставіць яго на пліту, Рой зноў адзначыў тую неадпаведнасць, якая кожны раз турбавала яго падчас сустрэчы пасля доўгага расстання. Яна была спакойная, нават ласкавая жанчына, але ў яе манерах не было сабранасці. Яе тонкія рукі і доўгія пальцы пастаянна рухаліся, але заўсёды мэтанакіравана. Яна то глыбока ўздыхала, то перабірала пальцамі кароткія валасы з завіткамі, і кожны з гэтых рухаў быў трошкі мітуслівы, недастаткова сціплы для такой жанчыны. Рой назіраў, як яна сыпала каву ў заварнік. Яна рабіла гэта менавіта так, як зрабіў бы сваімі агрубелымі рукамі няўклюдны лесавік Рой, і гэта так знервавала яго, што ён адвёў вочы. На адлегласці ён уяўляў Джын Эндрус больш стрыманай і строгай. У рэшце рэшт гэткая Джын у ёй пераможа, калі маўклівая, але яўная незадаволенасць Роя прымусіць яе зразумець і зрабіць мяккай гэтую рэзкасць, якая так не пасуе ёй. І адначасна як любіў ён нямы смех, які свяціўся ў яе ярка блакітных вачах, гарэзлівасць і гумар за звычкамі ціхоні.
— Пра Эндзі нічога не чуваць? — спытаўся ён надзвычай спакойна, загортваючы скуркі ў газету і ўкладваючы іх у куфар ля акна.
На гэтае звыклае пытанне яна звычайна адмоўна круціла галавой.
На гэты раз яна ўзяла газету з палічкі над камінам і падала яе Рою.
— Не ведаю, ці Эндзі гэта, ці не, — сказала яна, паказваючы на заметку. — У яго ёсць іншае імя?
Рой прачытаў заметку. З яе даведаўся, што нейкі Эндру Дж. Эндрус, без пэўнага месцажыхарства, асуджаны акружной сесіяй на шэсць месяцаў турэмнага зняволення за крадзеж чатырох мяшкоў збожжа і за спробу (свядома альбо не) прадаць тое ж самае збожжа яго сапраўднаму гаспадару.
— Падобна на Эндзі! — з адабрэннем зазначыў Рой.
— Дык гэта ён?
Рой сказаў:
— Не, Эндзі завуць не Эндру Дж. Эндрус, а Элістэр Гардон Эндрус. Хіба яна не ведае?
— Я не ведала іншага імя, акрамя Эндзі, — сказала яна. — Дзякуй Богу, што ён не ў турме.
— Бедны Эндзі, — сказаў Рой.
Ён гартаў газету далей. Гэта была «Таронта стар энд Джорнел».
— Дзе вы гэта ўзялі? — спытаўся ён.
— Мне прынясла Руф Мак-Нэйр.
Рой успыхнуў і шпурнуў газету, нібыта гэта была сама Руф.
— Руф сказала мне, што Эндзі бачылі тут.
— Нехта сказаў ёй, што Эндзі працуе на рудніках у Сэдберы, — патлумачыла яна. — Але Эндзі ніколі не працаваў бы на рудніку. Праўда?
Рой паціснуў плячыма і не адказаў.
Місіс Эндрус зразумела, што Рой паступова мякчэе, і сама стала больш асцярожнай. Яна вяла гаворку ласкава, рухалася больш плаўна, уважліва кантралявала свае жэсты і адразу пачала прыбіраць на кухні. Уся бяда была ў тым, што доўгая адзінота Роя ў лесе рабіла надта высокай яго патрабавальнасць да іншых, асабліва да яе. А Джын ведала, што яна даволі неахайная: не ў адзенні, а па гаспадарцы. Уборка пачалася са слоікаў на стале, у якія яна наліла ўжо воцат са спецыямі, каб марынаваць радыску, рэпу, буракі і зялёныя памідоры. Яна засунула тазы з рэшткамі гародніны пад стол і разгладзіла на буфеце дарожкі з цыраты. Хацела падмясці падлогу, але перадумала.
Рой назіраў за гэтым і зразумеў, чым гэта выклікана. Усё, што яна зараз рабіла, было крыху знарочыстым. Яна нібыта пакеплівала з яго ўяўленняў пра чысціню і парадак. Яна дабілася свайго, ён памякчэў і ўжо быў гатовы рассмяяцца, калі ў кухню зайшоў яе чатырнаццацігадовы сын.
— Хэло, містэр Мак-Нэйр, — прамовіў ён. Пры іншых абставінах ён назваў бы Роя па імені, але пры маці гэта быў містэр Мак-Нэйр.
— Добры вечар, Джок, — сур'ёзна адказаў Рой і зазначыў, як і штогод, якім падобным на Эндзі расце гэтае хлапчанё. Голас, пастава, смелы погляд, відавочная незалежнасць — усё гэта было ад Эндзі.
— Учора я сустрэў інспектара, — сказаў Джок, — ён спытаўся ў мяне, ці ў горадзе вы. Я адказаў, што Рой мне не бацька і што ў горадзе яго няма, а калі ён з'явіцца, вы ўсё адно яго не зловіце. — Джок засмяяўся, засмяялася і яго маці.
— А што ён хацеў, той інспектар? — спытаў Рой. Больш ён нічога не прамовіў, і яго пытанне прагучала занадта заклапочана.
— Ён хацеў проста даведацца, ці вярнуліся вы, — сказаў хлопчык. Ён ведаў, што зрабіў Рою непрыемнасць і што Рой ніколі на яго не пакрыўдзіцца. Але гэта не было з яго боку знарочыстай жорсткасцю. Ён любіў Роя. Кожны год ён упрошваў маці адпусціць яго ў лес разам з Роем, хоць самому Рою не казаў пра гэта ні слова.
— Як школа? — спытаў Рой.
— Да Каляд закончу.
Рою хацелася спытаць у яго, ці не збіраецца ён паступіць у які-небудзь тэхнікум у Сэдберы або ў Соа, але, як зазначыў хлопчык, ён не бацька яму. У адпаведнасці з тым, як Джок рос і адбіваўся ад рук, Джын Эндрус некалькі разоў спрабавала пераканаць Роя дзейнічаць па-бацькоўску, не адносна адказнасці, а проста ў якасці цвёрдай рукі. Але Рой адмовіўся ад усялякага ўмяшальніцтва. Ён любіў Джока як сына Эндзі — і ўсё тут. Больш глыбокія, бацькоўскія пачуцці былі затрачаны ім на малодшую сястру Джока — Джульету. Яна пражыла толькі восем гадоў, і за гэты кароткі тэрмін Рой палюбіў дзяўчынку як уласнае дзіця, і Джульета адказвала яму такой жа шчырасцю. Яна была падобная на маці, але ў яе была асаблівая дзіцячая высакароднасць, і яна лягчэй прынараўлівалася да людзей, асабліва да Роя. Лепш за яе ён ніколі нікога не ведаў. Калі аднойчы ён вярнуўся дамоў і даведаўся, што яе адвезлі ў акруговую бальніцу, адкуль яна і не вярнулася, гэта стала для Роя першым сур'ёзным ударам, і вельмі надоўга жыццё яго зрабілася змрочным.
Джок захапіўся сваімі справамі і хутка выйшаў, а Джын Эндрус наліла Рою кавы і паставіла кубачак на ўскрай пліты, каб прымусіць яго перайсці са скрыні ў крэсла.
— У Мемарыял Хол адкрылі кіно, — распавядала місіс Эндрус, — Джок дапамагае кінамеханіку.
Рой моўчкі піў каву.
— Рой, — спытала яна, — Эндзі меў схільнасць да механікі?
— Эндзі? Не, Эндзі быў проста Эндзі, — адказаў ён.
— Значыць, Джок пераняў гэта ад мяне. — Бацька Джын, як яна сама казала, быў вагонаважатым у Таронта, майстар на ўсе рукі. Яна расказвала пра гэта і раней, шмат разоў.
Рой быў нязвыкла стрыманы, і яна здагадалася, што дома ў яго не ўсё ладна.
— Я выпісала кулінарную кнігу, — сказала яна.
— Вам гэтая кніга непатрэбна, Джын, — запярэчыў ён. Гэта ўласна азначала, што кніга ёй вельмі спатрэбілася б.
— Я ведаю, што я дрэнны кухар, — прамовіла яна, каб расшавяліць яго.
З гэтай нагоды яны даволі доўга спрачаліся. Чым больш Рой хваліў яе стравы, тым больш відочна станавілася, што кухарыць яна не ўмее і ніколі не навучыцца.
— Ва ўсялякім разе, марынады я сёлета пастаўлю, — сказала яна.
Яны ўжо гатаваліся, і Рой з задавальненнем прынюхваўся да паху розных прыпраў, гарачага воцату і солі. Менавіта гэта ён і разлічваў знайсці, вярнуўшыся дамоў. Мо іменна таму Джын раптам распачала тое, што іншым часам лічыла б марнатраўствам. Навошта гатаваць марынады, калі іх можна купіць у краме ў Дзюкэна?
— Джыні, — паклікаў Рой, — колькі я зарабіў грошай?
— Дакладна не магу сказаць, Рой. Восемсот даляраў, а мо і дзевяцьсот.
— Восемсот ці дзевяцьсот, — задуменна прамовіў Рой, штосьці падрахоўваючы. Ён пазіраў проста ў белае полымя лямпы. Яно амаль асляпіла яго, і калі ён перавёў позірк на Джын Эндрус, дык убачыў затуманеную пляму, а ў ёй светлыя валасы і тонкі воблік, надта тонкі: востры нос і блакітныя, вельмі блакітныя вочы. Яна пільна назірала за ім. — Мне спатрэбіцца на зіму дзвесце даляраў.
— А хіба вы не пакінулі пушніны для Піта Дзюкэна?
— Пакінуў. Яна дома. Але грошы мне патрэбны на іншае.
Звычайна сваю законную норму пушніны Рой прадаваў адкрыта Піту Дзюкэну як прадстаўніку Гарадской закупачнай кампаніі. Гэты законны заробак ішоў на тое, каб забяспечыць харч на ўвесь сезон, на новыя пасткі, патроны, адзенне і іншыя асабістыя патрэбы. Грошы за продаж незаконнай пушніны Джым Эндрус захоўвала для Роя; і яна прытрымлівала іх моцна, каб ён не змарнаваў іх па п'янцы. Яна пагадзілася на гэта па ўласнай просьбе Роя і зараз выдавала яму грошы толькі на разумныя патрэбы. Рой ведаў, якое супраціўленне яму трэба вытрымаць.
— Я мушу пакінуць трохі грошай Сэму, — прамовіў ён.
— Вы хочаце падараваць яму ваш зімовы заробак?
— Так, калі толькі вы не дадзіце мне для яго сотню-другую, — сказаў ён з надзеяй.
— Я не дам гэтых грошай, — спакойна запярэчыла яна. — Гэта вашы грошы, а не Сэма. У Сэма ёсць ферма, ён не мае патрэбы ў грашах.
— Ён не ўтрымае ферму, калі не дастане грошай на выдаткі, — сказаў Рой. — Ён дайшоў да мяжы.
— Я ведаю, — яна пакруціла галавой. — Але гэта не справа. Грошы не дапамогуць Сэму, — дакладныя рысы яе рота сталі больш жорсткімі.
— Гэта ўтрымае яго на ферме, — пераконваў Рой.
— Не. Грошы ён возьме, а ферму ўсё адно кіне. Ён не фермер, Рой. І навошта спрабаваць затрымаць яго тут?
Рой зірнуў на Джын Эндрус так, нібыта яна была для яго чужая, гараджанка, якая не магла зразумець, што значыць ферма для лесавіка-паляўнічага. Яна ніколі не зразумее, што будзе, калі Сэм кіне зямлю Мак-Нэйраў. Джыні вытрымала яго дакорлівы позірк як жанчына, якая, вядома, ведала, што азначае страціць сваю хату, але яшчэ і як жанчына, якая не магла не ўлічваць рэальнасць. Яна паглядзела на вялікую моцную галаву Роя, упалыя сухія шчокі, маленькія глыбокія вочы, на яго кароткія рукі, аднолькава тоўстыя ад локця да самай кісці, і спытала сябе, ці ёсць у Канадзе больш мяккі чалавек, якога засмуціла б матэрыяльнае і духоўнае падзенне іншага чалавека.
— Сэм гаворыць, што справіцца, калі я дапамагу яму перагораць гэтую зіму, — сказаў Рой. Ён не збіраўся гэта гаварыць, але давялося.
— Што, застацца на ўсю зіму? — не стрывала яна.
— Так.
— Ён не мае права патрабаваць гэта, Рой!
Роя ўжо не турбавала, ці правільна гэта. Яму неабходна рашэнне. Яна павінна зразумець, што Сэму трэба атрымаць гэтыя грошы.
— Які сэнс вам заставацца і працаваць на ферме для Сэма, — рэзка прамовіла яна. Перспектыва таго, што Рой трапіць у пастку і будзе вымушаны батрачыць, абурыла яе не менш, чым самога Роя. Адабраць яго ў лесу і замацаваць на ферме — гэта ўсё адно, што льва пасадзіць у клетку, — параўнанне, якое ўзнікала ў яе ў галаве кожны раз, калі яна сама пачынала думаць пра тое, каб прасіць Роя кінуць паляванне і застацца ў горадзе.
— Яму патрэбны грошы для гаспадаркі, — пераконваў Рой, — усё роўна, застануся я альбо не.
Яна па-ранейшаму лічыла, што грошы не вырашаць усіх праблем Сэма, але не стала пярэчыць. Яна не хацела, каб Рой страціў сямейны кут, бо ў гэтым хавалася яшчэ адна небяспека для яе. Джыні лічыла, што, страціўшы хату, Рой пойдзе яшчэ далей у лес і зусім не будзе вяртацца ў горад. Яна ведала, якія цяжкасці чакаюць Роя, але ёй варта падумаць і пра сябе, пра свае справы і адчуванні, а яна, са свайго боку, зусім не хацела, каб Рой пайшоў на поўнач.
— Калі вы туды пойдзеце, вы ўжо не вернецеся, — сказала яна яму, калі аднойчы яны паспрабавалі цвяроза разабрацца ва ўсім гэтым.
— Я вярнуся ў Сент-Элен, толькі калі мне будзе куды вярнуцца, — настойваў ён, — і на поўнач я не пайду, калі не буду мець прытулку тут.
— Гэта толькі словы, — сказала яна. — Я ж ведаю, што на поўнач вы пойдзеце менавіта тады, калі тут у вас нічога не застанецца. Возьмеце і знікнеце як леташні снег.
— Не, Джыні. Не! — запэўніваў ён. — Калі тут у мяне нічога не будзе, я не пайду на поўнач, бо там я зусім здзічэю, стану сапраўдным лясным сычом. Я пайду, толькі калі мне будзе куды вярнуцца, і я абавязкова буду вяртацца. Але ўчастак спустошаны, Джыні, і рана ці позна мне ўсё адно давядзецца пайсці на поўнач.
— Ну, а я тады вярнуся да сваіх у Таронта, — папярэдзіла яна. Не, яна яго не палохала. Яна спрабавала хоць нейкім чынам прыстасавацца да яго складаных адносін з Сент-Эленам і лесам. Яна разумела, як патрэбна яму апірышча тут, каб прыняць рашэнне пайсці на поўнач, але чым больш складана ўсё гэта станавілася, тым больш рашуча яна адмаўлялася думаць пра гэта, і нарэшце яна заявіла яму: — Рабіце як хочаце, але, калі вы пойдзеце на поўнач, я з'еду дамоў.
Гэта была іх адзіная сварка, і зараз яны баяліся паўтору яе. З маўклівай згоды яны пазбягалі гэтай тэмы. Рой ведаў, што калі ён пойдзе на поўнач, яна сапраўды вернецца ў Таронта, але абое яны ўсведамлялі, што рана ці позна яму давядзецца ісці глыбей у лес, далей на поўнач, іначай трэба кідаць паляванне і фермерстваваць у Сент-Элене. Але ўсё гэта было для Джыні катастрофай, і яна не магла больш думаць пра гэта.
— Бярыце вашы грошы для Сэма, — сказала яна, — але толькі глупства гэта, Рой. Гэта вашы грошы, і калі-небудзь яны яшчэ спатрэбяцца вам.
— Спатрэбіліся ўжо, — адказаў ён.
Больш на гэты конт яны не размаўлялі, пакінуўшы пытанне не вырашаным.
Не вырашаным заставалася і пытанне пра Эндзі, бо ніводзін з іх не мог уключыць Эндзі ў нясмелыя спробы хоць неяк вырашыць будучыню. У сваіх адносінах яны моўчкі зыходзілі з таго, што Эндзі пайшоў і ніколі не вернецца, але ва ўсіх іхніх спробах цвёрда наладзіць сваё жыццё Эндзі адыгрываў пэўную, таемную ролю. З-за гэтага Джын ненавідзела прывід мужа нават больш, чым яна магла б ненавідзець яго жывога, і яна ведала, што Роя таксама бянтэжыць няўпэўненасць у тым, як жа на самай справе складваецца сітуацыя з Эндзі. Ён нібыта блукаў па голай палярнай пустэчы, шукаючы адзіна правільны шлях і не знаходзіў яго.
На пэўны час яны абое затаіліся кожны са сваімі развагамі.
Звычайна да гэтага часу Рой ужо дастаткова дабрэў, і Джын Эндрус магла спакойна церабіць і падражніваць яго, паступова выклікаючы на своеасаблівыя праявы пачуццяў. Нават у лепшыя часіны гэта было нялёгкай справай, Рой належаў да тых мужчын, якія не ўмеюць падысці да жанчыны першымі. Ён не дакрануўся б да яе па сваёй уласнай ініцыятыве. Ён не мог дазволіць сабе гэтую блізкасць, пакуль дамашняя цеплыня і вабнасць гэтай адной-адзінай жанчыны не растаплялі, не паглыналі яго цалкам. Джыні ведала, што сёння гэта будзе складана.
Яна не мела звычкі ласкава турзаць яго за вуха, калмаціць яго рэдкія валасы і абдымаць яго моцную шыю, — у іх усё адбывалася інакш.
Перш за ўсё яна падлівала яму кавы. Неўзабаве ён турботна ўставаў. Тады яна здымала свой фартух і ўбірала ў яго Роя — і ён браўся перамываць талеркі, слоікі, чысціць нажы і відэльцы, адным словам, усё, што трапляла пад руку. І тады яна пачынала пакепліваць з яго ўбору і цясней завязваць тасьму фартуха, здзьмухваць з яго ўяўныя пылінкі, наводзячы крытыку на чысцёху Роя. Ён адштурхоўваў яе, але яна не супакойвалася. Ён спрабаваў зняць фартух, але яна не дазваляла, злосна ашчаперваючы яго за плечы. Тады плечы яго абмякалі, тоўстыя кісці звісалі па баках, і ён станавіўся такім, якім яна хацела: грубым альбо мяккім, рэзкім альбо пяшчотным, такім, а зрэдзь часу і насмешлівым, настойлівым, дужым, нечаканым і ненадзейным. Тады ў іх не было слоў. Была толькі адна доўгая канадская ноч.