Раздзел другі

Раніцай Рой згатаваў сняданак: напёк аладак, падсмажыў яечню з салам. Джок і сам Рой паснедалі ў задаволеным маўчанні. Джын Эндрус ела са сваёй звыклай абыякавасцю да ежы. Яна была яшчэ пад уражаннем перажытага і так пільна пазірала на Роя, што яму было няёмка перад яе сынам. Калі Джок пайшоў у школу, ёй давялося асабліва складана змагацца з сабой. Ёю яшчэ валодала невыразная прага стварэння, у той час як Рой адчуваў здаровае пачуццё закончанасці і не заўважаў нічога, акрамя цудоўнай раніцы.

— Дык што, возьмеце грошы? — прымусіла яна сябе спытацца ў Роя, калі ён адыходзіў.

— Не ведаю, Джыні, — сказаў ён.

— І застанецеся на зіму?

— І гэтага не ведаю, — сказаў ён. — Пабачым. Я яшчэ вярнуся.

На імгненне яна ўявіла, што Рой перадумаў даваць грошы Сэму і мо ўсё ж застанецца на зіму дапамагаць яму. Яна і радавалася і ўнутрана пратэставала супраць такога рашэння і доўга стаяла ля дзвярэй, назіраючы, як ён пераходзіў поле і пералазіў цераз загарадку, кіруючыся да фермы Сэма.

Рой сабраў пушніну, якая засталася ў спальні, і, адыходзячы, паспрабаваў пазбегнуць зневажальна адкрытага позірку нявесткі. Але яна застала яго на лесвіцы.

— Табе не варта вяртацца да нас, калі ты бавіш час там аж да раніцы, — сказала яна. — Гэта нядобра!

Ён не адказаў, ён нават не пазіраў ёй у вочы. Ён пайшоў моўчкі, абураны і зганьбаваны, і толькі радасць ад маючай быць праходкі сярод белага дня па Сент-Элену крыху супакоіла яго.

У адпаведнасці з тым, як лес і ворыва саступалі месца гораду, прыродная бясплоднасць зямлі станавілася ўсё больш выразнай. Ад ускраін горада і да самага возера Гурон невялікія роўныя пляцоўкі былі ўздыблены і заціснуты магутнымі гранітнымі скаламі, голымі, дзікімі; і рэдкія елкі тырчалі сярод іх кпліва, быццам надмагільныя помнікі над вартымі жалю лапікамі расчышчанай зямлі. Гэтае каменнае царства распасціралася аж да возера, і ўсюды ўладарылі скалы, велічныя і непрыступныя, але ўсюды між імі віліся вузкія небрукаваныя дарогі і агароджы, складзеныя з валуноў; прыляпіліся крамы, бачны тэлеграфныя слупы і нават чыгунка — адрэзак Канадскай Ціхаакіянскай, якая абрывалася ў Сент-Элене, не надзяліўшы пасёлак ні станцыяй, ні таварнай платформай. Заняпалы, але ўчэпісты гарадок, які даводзіўся да дрыжыкаў частым пранізлівым асеннім ветрам. Рой зноў усміхнуўся яму, калі выйшаў на цвёрда ўтаптаную сцежку да крамы Піта Дзюкэна.

Сустрэчныя цёпла віталіся з ім. Старэйшых ён ведаў па імені, але было шмат навічкоў, якія прыходзілі кожны год альбо вырасталі падчас яго адсутнасці, і гэтых ён не ведаў. На тратуары з дошак перад маленькай крамай з бярвення Рой на імгненне затрымаўся, разглядваючы новую шыльду.

— «П. Дзюкэн», — чытаў ён голасна. — «Мяса і Бакалея. Мука і Фураж». — Ён перачытаў надпіс і пачаў шукаць на шыльдзе што-небудзь лепшае. — «Няма нічога больш духмянага, чым гарбата Салада! Паліце цыгарэты „Консульскія“! Піце апельсінавы сок!» «П. Дзюкэн. Мяса і Бакалея».

Апошні скарочаны варыянт упрыгожваў шкло ўваходных дзвярэй. Ён адчыніў іх і ўвайшоў.

— Прывітанне найлепшаму жаніху ва ўсім Муск-о-гі! — гукнуў ён маладомў брунету, які стаяў за акуратным прылаўкам. — Ці мо ты ўжо не жаніх, Піт?

— А Божухна, дык гэта ж Рой. Сватай мяне, Рой, сватай! Я чакаў цябе не раней чым праз два-тры дні. А ці бачыў ты, што інспектар толькі што пайшоў па дарозе сустракаць цябе? — Рой міжволі азірнуўся, а раптам Дзюкэн і сапраўды не жартуе, але француз засмяяўся. — Што, трапіўся?

— А я і не супраць сустрэчы з інспектарам, — ветліва адказаў Рой. — У мяне добрая пушніна.

— Добрая і законная, — сказаў Піт Дзюкэн. Ён скінуў белы фартух і аддаў яго нейкай таўстушцы, якая ўсміхнулася Рою, калі ён паспрабаваў разабрацца, якая ж гэта з сясцёр Філіпс.

Дзюкэн правёў яго цераз моцна напаленую краму ў наступны пакой, які служыў яму канторай. Гэта быў даўгаваты пакой з пісьмовым сталом, прадранай кушэткай, чыстымі занавескамі. Дзюкэн сеў за стол і пачаў прымаць у Роя пушніну, уважліва яе разглядваючы.

— А якая зараз цана? — спытаў Рой.

— Дрэнная, — адказаў Дзюкэн. — Ваенны бум падае. Хутка цяжка будзе збываць пушніну. Цана падае, Рой.

— А цана на прадукты расце, — падхапіў Рой. Гэта было сказана не ў адрас Дзюкэна, а пра дзіўную асаблівасць цаны, якая не дазваляла чалавеку пракарміцца за заробак. — Усе цэны растуць, але калі табе надарыцца нешта прадаць, яны адразу ж падаюць.

— Грошай становіцца мала, Рой.

— А як у фермераў?

— Зноў просяць крэдыт.

— Я ведаю пра гэта, — прамовіў Рой, думаючы пра Сэма.

Яны больш ні пра што не гаварылі, пакуль не сышліся на цане за пушніну. Рой не ведаў гарадскіх цэн, але сваю цану ён у Піта выбіў, як той ні ўпарціўся. Гэта было нялёгка, але выручка апраўдала яго спадзяванні, і Рой быў задаволены. Дзюкэн запісаў цану кожнай скуркі, падвёў вынікі і спытаў у Роя, ці пусціць гэтую суму, як звычайна, на аплату зімовага заказу.

— Крыху пачакай, Піт, — сказаў Рой. — Я пасля скажу.

— Калі табе патрэбны грошы зараз, а зімні правіянт — у крэдыт, ты скажы, Рой, я табе заўсёды паверу.

Дзюкэн прапаноўваў гэта па-сяброўску, і па-свойму ён быў сябрам і Рою і ўсім траперам Сент-Элена. Не першы раз ён забяспечваў у крэдыт любога трапера пад улоў, некаторых ён крэдытаваў на два і нават на тры сезоны, але на больш не згаджаўся нікому. Дзюкэн на справе перакананы, што крэдыт зусім не азначае безнадзейнага доўгу: пры належным кантролі гата проста выгаднае ўкладанне грошай. У аперацыях з траперамі яму было забяспечана вяртанне пазыкі ў выглядзе пушніны. Ён гарантаваў сябе ад рызыкі, стаўшы прадстаўніком пушной кампаніі, да якога траперы ўсё адно былі вымушаны зносіць сваю пушніну за даўгі. Інакш ім не атрымаць ніякіх прадуктаў з крамы Піта Дзюкэна, а таксама і ад двух іншых крамнікаў гарадка. Але гэтая сістэма распаўсюджвалася толькі на трапераў, а не на фермераў. Дзюкэн рэдка крэдытаваў фермераў, хоць, вядома, былі і выключэнні. З дробнымі фермерамі і здольшчыкамі ён практыкаваў абмен сваіх тавараў на іхнія прадукты. Менавы гандаль аджыў свой век яшчэ калі быў жывы яго дзед, а бацька гандляваў за наяўныя. Але Піт атрымаў краму, калі ў ёй не было ні абароту, ні наяўных, словам — нічога. Яго бацька — скупаваты французскі буржуа — славіўся сваёй чыста брэтонскай, капеечнай ашчаднасцю. На той час, як ён памёр, пахіснулася рэпутацыя нават Дзюкэнаў. Але яго сын вярнуўся з другой сусветнай вайны з маленькімі чорнымі вусамі, цвярозай камерцыйнай ацэнкай бліжняга і дзелавой кемнасцю, якую выхавала ў ім пасада сержанта па гаспадарчай частцы. Ён пачаў гандляваць усім і з усімі, беручы на сябе як мага больш прадстаўніцтва і заводзячы як мага больш новых сувязей; гандляваў справядліва, калі даводзілася быць сумленным; гандляваў несправядліва, калі гэта абяцала выгаду і нічым не пагражала, нават стратай добрага іміджу. Ён быў добры крамнік, і яго маленькая крама стала своеасаблівым цёплым, утульным і добра забяспечаным клубам для ўсяго Сент-Элена, дзверы якога былі адчынены і для адносна багатага і для параўнальна беднага кліента, чые патрэбы абслугоўваліся Пітам тым больш ахвотна, што гэта давала яму добры прыбытак і прывольнае жыццё. Піт быў сама ўдачлівым чалавекам ва ўсім Сент-Элене.

— Што, Сэм табе што-небудзь вінен? — спытаў Рой.

— Толькі пару даляраў, якія ён пазычыў у жніўні, — адказаў Піт. — Мне вельмі не падабаецца ўся гэтая гісторыя з продажам свінні, але калі б не я, яе купіў бы нехта іншы, а я даў яму добрую цану.

Рой разумеў гэта.

— Вазьмі тое, што ён павінен табе, з пушных грошай, але больш не пазычай яму.

— Добра, Рой, — твар Дзюкэна зрабіўся заклапочаным. — Скажы, Рой, ты не збіраешся застацца з ім у горадзе? Ён казаў, што будзе цябе пра гэта прасіць.

— Я яшчэ не ведаю, — сказаў Рой, — але ты ўсё ж адкладзі мне ўсё неабходнае на зіму. Калі правіянт мне не спатрэбіцца, я табе скажу.

— А ці чуў ты, што Эндзі Эндрус блукае недзе тут блізка? — сказаў Дзюкэн. Па-сутнасці гэта было не пытанне, а папярэджанне.

Рой ніяк не адгукнуўся на гэта, на адваротным баку рэкламнага праспекта ўнівермага ў Таронта ён склаў спіс таго, што яму патрэбна на зіму, і аддаў яго Дзюкэну. Затым яны разам прайшлі па краме, адзначаючы тыя ласункі і прысмакі, пра якія не ўспомніў Рой. Тут ён дадаў да заказу сушаных фруктаў, кансерваванай вішні, паштэту, яшчэ некалькі слоікаў джэму і два пакеты мятных ледзянцоў як сама выгадных цукерак. Рой памераў кароткія гумовыя боты. У лесе яны былі не надта выгодныя, але ён купіў іх і паклаў на самае дно мяшка. Мяшок ён пакінуў прадаўшчыцы, якая выконвала заказ, і нагадаў ёй, што шэсць дзесяткаў яек трэба пакласці разам з хлебам абавязкова зверху, а масла ў бляшанках — на самы ніз, разам з ботамі. Яны вярнуліся ў ранейшы пакой, дзе Піт Дзюкэн наліў Рою вялікую шклянку Блэк-энд-Блю, хлебнай гарэлкі шатландскага рэцэпту, дзевяностаградуснай, як значылася на бутэльцы. Гэтая шклянка, якую падносіў Дзюкэн, заўсёды была першай пасля вяртання Роя з лесу. Затым былі і іншыя, але ніводная не была такой смачнай, нават другая, якая выпівалася адразу за першай.

— Ого, нібыта плугам пераварочвае ўсяго, — сказаў Рой. Яго адразу забрала, ён пачырванеў, і вочы ў яго заблішчалі.

— Хочаш пару бутэлек у твой мяшок?

— Не, — адказаў Рой. Яму было цяжка адмаўляцца. Але пакуль яшчэ ён цвярозы, не хацелася браць з сабой у лес гарэлку, хоць для большасці трапераў гэта было звыклай з'явай. — Зрэшты, адну бутэльку пакладзі ў дарогу, — папрасіў ён.

— Я і сам думаю выйсці на паляванне, бліжэй да Каляд. У вярхоўях рэчкі Ўіп-о-Ўіл, — сказаў Дзюкэн. — Паеду на сабаках. — Як і кожны жыхар Сент-Элена, Дзюкэн выпраўляўся на паляванне, як толькі з'яўлялася магчымасць, але Рою заўсёды здавалася, што ён крыху выхваляецца сваімі лайкамі, адкормленымі сабакамі, якія грызліся і падвывалі недзе за крамай. Сабакі — гэта добра, Рой і сам на іх ездзіў, але гэта толькі для сур'ёзнага палявання, а не для прагулкі ўдвух на нейкія там два тыдні. Піт проста адпачываў у лесе ад свайго клопату спадчыннага крамніка, крамніка ў трэцім пакаленні.

— Наліць яшчэ? — Дзюкэн узяўся за бутэльку.

Рой пакруціў галавой і адным рыўком адарваў сваё дужае цела ад стала.

— Пайду паталкую з інспектарам, — сказаў ён, і не паспеў Дзюкэн запярэчыць, як яго і след прастыў.

Інспектар жыў у казённым доме, збудаваным у казённым стылі, квадратным двухпавярховым доме без усялякага намёку на архітэктурныя ўпрыгожанні. Адзінай уступкай эстэтыцы быў маленькі ганак, які разам з дошкай для аб'яў і вызначаў воблік дома. Рой зірнуў на плакаты, якія матляліся на дошцы. «Аберагайце багацці прыроды і прыгажосць вашага лесу!» — прачытаў ён гучна, смакуючы паэтычнасць афіцыйнай мовы. «Сто гадоў трэба вырошчваць яго, а знішчыць можна за хвіліну. ПАКІДАЮЧЫ ЛЕС, ПАТУШЫЦЕ КАСЦЁР!». І гэта яму спадабалася.

— Хэло, Мак-Нэйр, — прывітаў яго інспектар, ледзь толькі той адчыніў дзверы. — Я збіраўся ўжо выходзіць.

— У абход, інспектар? — спытаў Рой.

— Абход я рабіў учора, — адказаў інспектар.

— Як жа вы не сустрэлі мяне? — сказаў Рой.

— Прыйдзе час, сустрэну, — суцешыў яго інспектар.

Рой засмяяўся.

— Калі вы адыходзіце, я зазірну іншым разам.

— Не. Заходзьце. Пазней вы будзеце моцна п'яны, каб дабрацца да мяне, — інспектар зачапіў за сама балючую струну, і Рой падумаў, што інспектар іграе несумленна.

Яны зайшлі ў маленькі квадратны пакой, сцены якога былі завешаны аб'явамі, плакатамі, календарамі, пукамі наколатых папер і картамі. На сасновым стале ляжалі карты, некалькі скурак норкі і адна бабровая, пасткі, патроны, компас, бінокль, а пад сталом стаялі два чучалы лісы. Інспектар усеўся афіцыйна, за канторку, паставіўшы сваё плеценае крэсла так, каб можна было назіраць за Роем. Рой жа ўжо сцішыўся. Гэта былі ўладанні інспектара, яго прыгнятала маса папер, канторка з адкідной дошкай, чатыры ці пяць тоўстых квітанцыйных кніг, горы бланкаў паляўнічых пасведчанняў, прыскрыначкі стала, запоўненыя пісьмамі, цыркулярамі, паведамленнямі, пастановамі, бюлетэнямі, загадамі, вымовамі, справаздачамі. Толькі тут, у канторы, Рой па-сапраўднаму адчуваў вялізную адміністрацыйную машынў, якую ўвасабляў інспектар сваёй масіўнай персонай. Рой аддаў інспектару пяць даляраў за паляўнічы дазвол на год.

— Як палявалася гэтым сезонам? — спытаў інспектар, падпісаў квітанцыю і падаў яе Рою разам з жэтонам і маленькай зялёнай кніжачкай, экземплярам «Дадаткаў да Закона пра Паляванне і Лоўлю Рыбы 1946 года».

— Норму вылавіў.

— А каму прадалі?

— Піту Дзюкэну.

— Пушніна першагатунковая?

Рой кіўнуў.

— Ёсць што-небудзь выключнае?

— Няма.

Інспектар задаў яшчэ некалькі пытанняў пра звера: многа яго ці мала, неспакойны ён ці даверлівы, ці няма слядоў ваўка, рысі, мядзведзя і іншых драпежнікаў, мышэй, лемінга, а таксама зайца і іншай дзічыны. У Роя на ўсё быў гатовы адказ. Інспектар слухаў яго ўважліва і ўслухоўваўся не толькі ў звесткі, але і ў ацэнкі самога Роя. Рой бачыў у лесе тое, чаго не прыкмячалі іншыя звераловы, і ўмеў расказаць пра ўбачанае захоплена, як сапраўдны апавядальнік. Сам гэтага не ўсведамляючы, Рой стаў лепшай крыніцай інфармацыі пра ўсе сезонныя змены ў жыцці фаўны Муск-о-гі. А паколькі інспектар сур'ёзна цікавіўся натуральнай гісторыяй свайго раёна, дык усю інфармацыю Роя ён перадаваў у Таронта старанна і дакладна.

— Здаецца, што звяроў у лесе меншае, Рой, — сказаў ён. — Я ўсё чакаю, што дэпартамент прыме ў адносінах да вашага брата паляўнічага нейкія рашучыя меры — накладзе забарону на бабра альбо андатру, ці на любога пушнога звера. Нешта ж трэба рабіць.

— Вы хочаце выгнаць нас на поўнач, інспектар, — сказаў Рой, здзекуючыся з уласнага гора. — А што робіцца там, на той тэрыторыі?

— Гэта не мой раён, — адказаў інспектар, — але з месяц таму быў цыркуляр з дэпартамента пра тое, што ўсе, хто хоча, могуць атрымаць новыя ўчасткі на поўнач ад Сярэбранай ракі, яны могуць падаць заяўкі не пазней як у маі. Хочаце, я ўключу і вас?

Інспектар адкінуўся ў крэсле, і яго вялізны жывот прымушаў сумнявацца, што ён пакіне гэтае крэсла. Твар у яго быў чырвоны, патыліца тоўстая, рукі пульхныя, але калі ён уставаў і рухаўся, было бачна, што гэта чалавек вялікай энергіі, чалавек, які выконвае свае абавязкі з бязлітаснай настойлівасцю. Роя не ўводзіў у зман яго знешні выгляд таўстуна; ён ведаў захапленне інспектара тлустай свінінай і добрым півам. Не, Рой разумеў, што недаацаніць гэтага чалавека — значыць, зрабіць вялікую памылку. Інспектар быў такі рухавы, што Рой, калі залазіў у самы гушчар лесу, часта азіраўся назад, ці няма побач інспектара.

— Я мог бы падабраць вам добры ўчастак, — прапанаваў яму інспектар.

— А можна адкласці гэта да майго вяртання вясной?

— У любы час да мая месяца, — паўтарыў інспектар, — але чым раней вы вырашыце, тым большы выбар.

— Я адкажу вам, калі вярнуся ў сакавіку, — сказаў Рой.

Інспектар паціснуў плячыма. Ён быў задаволены, што Рой застанецца тут яшчэ на адзін сезон. Ён так і сказаў яму: — Рой, я не хачу, каб вы ішлі на поўнач, перш чым я злаўлю вас з незаконнай здабычай. Тады вам усё роўна давядзецца пайсці, бо я адбяру ў вас туташні ўчастак.

— Злавіць мяне? — сказаў Рой. — А навошта вам мяне лавіць?

— Ды ўжо не ведаю, — сказаў інспектар, — але з усіх паляўнічых майго раёна іменна вас вырашыў я злавіць з доказамі злачынства. Вы водзіце мяне за нос ужо дваццаць гадоў, але я да вас падбіраюся. І чакаць засталося не вельмі доўга.

Рой адхіснуўся ад канторкі.

— Але калі вы хочаце злавіць мяне, чаму вы не пойдзеце са мной у лес? Там вы ўжо напэўна злавілі б мяне.

Інспектар бываў у лесе не адзін раз — і ў паляўнічых буданах Роя і па ўсяму ланцугу яго пастак, схадзіў яго ўчастак удоўж і ўпоперак і цічога не знайшоў. Калісьці даўно ён пераканаўча даказаў Рою па колькасці яго пастак і пялаў для пушніны, скарыстаных патронаў і па дзесятку іншых прыкмет, што Рой страляе і ловіць звера больш за норму. Гэтае абвінавачанне ён кінуў Рою ў твар у яго хаціне, калі абодва яны былі значна маладзейшыя. Рой аж загарэўся ад гневу, але стрымаўся і прамаўчаў; маўчаў ён і пазней на ўсе абвінавачанні інспектара. Узважыўшы гэтую тактыку Роя, інспектар прыйшоў да высновы, што словамі ад яго нічога не даб'ешся. Рой спакойна адмоўчваўся і даваў магчымасць інспектару знайсці пушніну ці злавіць яго на месцы злачынства.

— Сёлета мо і выберуся, — сказаў інспектар.

— Давайце, будзеце госцем.

— Вы і не даведаецеся, калі я з'яўлюся і адкуль.

— А хіба бяспечна блукаць па лесе цішком? Можа надарыцца няшчасце.

— Небяспечна тым, хто будзе з незаконнай пушнінай.

— А дзе яе дзець, незаконную пушніну?

— Я цудоўна ведаю, што вам не пражыць на вашу норму, Рой, — сказаў інспектар. — Няма жадання лавіць вас, Рой, а ўсё адно давядзецца. Так што сёлета будзьце асабліва пільныя.

— Я заўсёды пільны. Пільна сачу за кожнай пасткай.

— А я буду не там, — сказаў інспектар. — Я буду ў вас за спінай.

Рой засмяяўся, нібыта ён толькі і чакаў зручнага выпадку, а інспектар усміхнуўся.

— Ведаеце, на ваш участак многа ахвотнікаў.

Рой кіўнуў.

— Няхай бяруць. Ён ужо апусцеў.

— А як жа вам удаецца браць з яго здабычу?

Рой пацёр рукі і пачаў задаволена хістацца ў сваім крэсле.

— Пайшлі, вып'ем са мной, інспектар. Мо вам удасца напаіць мяне і выведаць усе мае сакрэты.

— А я іх і так ведаю. Небяспечныя сакрэты. Яны давядуць вас да бяды. Вы калі-небудзь плацілі падаходны падатак, Рой?

Рою здалося, што больш дзіўнага пытання ад інспектара ён не чуў.

— А я не згадаю, каб нехта мне прапаноўваў яго плаціць, — сказаў ён.

— Гэта не адгаворка, — зазначыў інспектар.

Рой адчуваў, што тут нейкая пастка, вырвацца з якой у яго не хопіць сілы.

— Мне здаецца, што я зарабляю не столькі, каб мяне абклалі падаходным падаткам, — асцярожна прамовіў ён.

— Якраз дастаткова? — настойваў інспектар.

Ён ямчэй усеўся ў крэсле. Вось як лёгка прыперці Роя да сценкі, чаго яму хацелася ўжо дваццаць гадоў. Ён добра разумеў, што Рой адчувае сябе выкрытым, злоўленым і прыгавораным. Але не гэтага ён дабіваўся. Інспектар зарагатаў ад думкі пра козыры, якія ў яго былі, але якімі ён не хацеў карыстацца.

— Не турбуйцеся, Мак-Нэйр, — сказаў ён афіцыйным тонам. — Я не маю справы ні да падаходнага, ні да ўсялякага іншага падатку. Мне патрэбна іншае: злавіць вас знянацку з незаконнай пушнінай. Падумаеш, падаходны падатак! — ён засмяяўся, зарагатаў вар'яцкім смехам, ляпнуў Роя па калене і зноўку зарагатаў, назіраючы, як той ачуньвае ад нечаканасці.

Рою было ўжо дастаткова. Ён устаў, збіраючыся ісці.

— Толькі не трапляйцеся мне разам з Мэрэем альбо Зелам Сен-Клэрам, — дадаў інспектар. — Я ведаю, што яны карысталіся вашай хацінай, і калі я злаўлю іх там, то і вас у дадатак.

Рой яшчэ не дараваў інспектару яго дзіўнага жарту з падаходным падаткам.

— Толькі калі выберацеся гэтай зімой, — сказаў ён, — асцерагайцеся. У мяне вакол хаціны расстаўлены некалькі мядзведжых пастак. Да мяне наведваецца нейкі чорны мядзведзь. Таму будзьце асцярожныя, інспектар.

— Мядзведжыя пасткі і неспадзяваная куля! Добра, буду асцярожны, Рой. Вось, вазьміце. Захаваў спецыяльна для вас. — Ён падаў Рою стос супрацьпажарных плакатаў, ведаючы, як яму падабаецца іх кідкі драматызм. — Калі збіраецеся назад у лес?

— Яшчэ не ведаю.

— Я думаю, гэта залежыць ад таго, колькі вы вып'еце.

Гэта залежала ад Сэма, але Рой не збіраўся дакладваць пра гэта інспектару. Ад думкі пра Сэма Рою сапраўды захацелася выпіць яшчэ, але ён ведаў, што спачатку трэба разабрацца з Сэмам. Не паддаючыся спакусе, ён проста з канторы інспектара перасек вуліцу і чыгунку, прайшоў міма царквы і, пераадолеўшы некалькі гранітных градаў, дабраўся да фермы Джэка Бэртана.

— Місіс Бэртан! — паклікаў ён яшчэ з парога. Унутр ён не заходзіў. Яму было цяжка проста вось так зайсці ў хату, нават у хату Джэка. Ён толькі ўсунуў у дзверы галаву. — Дзе Джэк, місіс Бэртан?

Выйшла місіс Бэртан, сарамлівая, абы як апранутая жанчына з невыразным тварам; маленькая і добрая істота.

— Добры дзень, Рой, — сказала яна. — Джэк недзе каля хлява. Як вам жывецца?

— Цудоўна. А як вашая сям'я? Яна пачырванела, відаць, таму, што была бачна хуткая прыбаўка яе сям'і.

— Джэк рамантуе хлеў, — зноўку перавяла яна гаворку на свайго мужа.

Рой ссунуў на патыліцу сваю суконную шапку і пайшоў шукаць Джэка. Той стаяў на лесвіцы, выраўноўваў і прымацоўваў драніцы на страсе хлява. Хлеў быў стары, з дошак, на сасновых слупах. На месцы некаторых згніўшых слупоў засталіся ямы, тыя слупы, што засталіся, ледзьве падтрымлівалі страху. Хата таксама была накрытая драніцамі, а сцены злеплены з гладкай і цвёрдай гліны. Хата, высокі хлеў з кароўнікам, нізкі свінарнік — усё збілася на голым, пранізаным ветрам лапіку зямлі. Адзінае дрэва, маладая сасна, адзінока расла ля загарадкі з дроту, якая цягнулася па схіле да дарогі. Гаспадарка была старой і занядбанай, але зблізку яе ажыўляў шум жылля — дзіцячы плач, брэх сабакі, піск парасяці, рык каровы — усе гэтыя гукі і пахі фермы.

— Глядзі, не зваліся і не развалі гэтую крывульку, — гукнуў Рой Джэку. — Злезь, пакуль няма ветру і пакуль ён не паваліў цябе разам з тваім хлявом.

Джэк Бэртан не зварухнуўся, ён забіваў цвікі ў драніцу і мацюкнуўся, калі яна раскалолася. Тады ён злез на зямлю, схаваў малаток у заднюю кішэню, а пласкагубцы — за пояс, надаўшы тым самым аб'ёмнасць сваёй гнуткай, худой фігуры.

— Не, гэты хлеў не паваліцца, — сказаў Бэртан. — Я знарок пакідаю зверху дзіркі, каб вецер свабодна праходзіў, толькі таму ён і трымаецца.

Рой паглядзеў на дзіркі.

— Спрытны ты фермер, Джэк, — сказаў ён. — Шкада, што мой Сэм ніяк не справіцца з фермай.

— Ён прасіў цябе застацца на зіму?

Рой кіўнуў.

— Ён ужо тыдні два таму казаў, што збіраецца прасіць цябе. Але я думаў, што ён не адважыцца. Дык ты застанешся?

Яны зайшлі ў хлеў, каб схавацца ад ветру. Там было цёмна і пуста, стаяў ядавіты пах перапрэлага гною. У стойле чулася толькі мыканне гадавалай цялушкі, якое рэхам адбівалася ад высокай страхі. Некалькі свіней рылася ў загарадцы ля дзвярэй, але болей у хляве нічога не было. Пазней, бліжэй да снегу, хлеў запоўніцца жывёлай — сведчаннем фермерскіх поспехаў Джэка Бэртана: пяць кароў, шэсць свіней, двое коней, дзве казы і пяць клетак з ангорскімі трусамі. Усё гэта ўціснецца ў хлеў і будзе грэцца ўласнай цеплынёй і дыханнем.

— Уявіць не магу, што будзе з фермай, калі я не застануся, — разважліва прамовіў Рой. Каб нешта вырашыць, ён чакаў дапамогі ад Джэка, але ведаў, што Джэк не можа нічога парадзіць яму. — Бяда яшчэ вось у чым, — працягваў Рой. — Сэму стукнула ў галаву, што на ўсёй Гуронскай паласе трэба паставіць крыж і што для дробнага фермера тут усё скончана. — Ён пачакаў, спадзеючыся, што Джэк будзе адмаўляць гэта, адмаўляць, што ўся іхняя акруга вымерла.

— А ён мае рацыю, Рой, — сказаў Джэк, і абодва яны паглядзелі цераз вузкую паласу раллі на лес, які распасціраўся на поўнач аж да палярных снежных пустэч. — Дробныя фермы аджылі сваё, зараз яны не пракормяцца.

— А як жа ты?

— Перабіваюся, бо зараз ёсць попыт на ўсё, нават на трусіны пух і свіную шчэць. Але хіба гэта сапраўднае фермерства, Рой? У фермераў тут адна надзея — вялікая ферма, шмат розных пасеваў, шмат жывёлы, інвентару і машын. Але на дробнай ферме нічога гэтага мы не даб'ёмся, ды, мажліва, і на вялікай таксама. Нікому не пад сілу набыць увесь інвентар, якога патрабуе гэта зямля. Адзіны спосаб — гэта арганізавадь агульны фонд, дзе можна было б наняць трактар, конныя граблі, жняярку, а то і проста працаваць на іх агулам, пераязджаючы з фермы на ферму. Але ўрад нават пальцам дзеля гэтага не паварушыць, дык мо і праўда гэтыя фермы аджылі сваё. Вось хіба толькі калі наладзіць узаемадапамогу і агульны збыт…

Роя здзівіла, што ў Джэка таксама свае клопаты і трывожныя думкі.

— Цябе паслухаць, дык ты таксама не супраць скончыць справу і здацца, — сказаў ён Бэртану.

— І не падумаю! Я ніколі не здамся!

Тонкія губы ў яго сціснуліся, на худых скулах выступілі два белыя жаўлакі. Рой засмяяўся.

— Табе варта заняцца палітыкай, — сказаў ён. — Напрыклад, у фермерскім аб'яднанні.

— Што аб'яднанні? Там толькі тое і ведаюць, што рабіць паскудства і рваць чужы кавалак з рота. Нам трэба аднавіць прагрэсіўную партыю. Працерці ўсё з пясочкам. Ніякіх пасрэднікаў і ліхвяроў, ні спекулянтаў, ні працэнтнай кабалы, ніякіх асаблівых прывілей царкве, чыгункам і лясным кампаніям. Знізіць узносы па закладных, зняць адсоткі, ніякіх падачак дзялкам з грамадскай казны.

— І сярэднюю адукацыю!

— Так, і сярэднюю адукацыю!

— Эх ты, фермер Джэк! — выразна прамовіў Рой.

— Дык што, застанешся на зіму тут? — памаўчаўшы, спытаў Джэк.

— Не, я гэтага не магу. — Рой глыбока засунуў рукі ў кішэні сваёй брызентавай курткі. — Вось што, Джэк, мо знайшоў бы ты каго-небудзь, хто згадзіўся б папрацаваць з Сэмам гэтую зіму? Грошай Сэму даваць не варта. Усё адно ён іх змарнуе. Я хацеў пакінуць іх табе і папрасіць, каб ты плаціў работніку штотыднёва. Мо з памочнікам Сэм неяк справіцца. Як ты лічыш?

— Зараз цяжка знайсці работніка.

— Я ведаю.

— Ці многа ты можаш пакінуць?

— Каля трох соцень. Па сотні на месяц.

— Гэта добрая аплата, ды толькі зараз ніхто не хоча працаваць на ферме.

Рой прыхінуўся да загарадкі, вялікім і ўказальным пальцамі ён падняў шапку за казырок, а астатнімі паскроб у валасах, затым зноў насунуў шапку. — Гэта ўсё, што я магу прыдумаць. Альбо заставацца самому.

— Не, табе заставацца не варта, Рой, — сказаў Джэк Бэртан. — Я каго-небудзь знайду. Як ты думаеш, калі ён яму спатрэбіцца?

— З наступнага месяца.

— А ты ўпэўнены, што Сэм захоча каго-небудзь, акрамя цябе?

Рой пакруціў галавой. Гэтага ён не ведае. Да таго ж ён не ведае, што скажа Руф Мак-Нэйр.

Нават ведаў, пра што ён думае.

— Спадзяюся, ты яшчэ заспееш Сэма, калі вернешся з зімовага палявання. Вядома, работнік — гэта дапамога, але я на гэта не разлічваў бы.

— Хто купіў коней? — раптам спытаўся Рой.

— Білі Эдвардс, з таго берага.

— А адкуль у яго грошы?

— Пазычыў пад ураджай. Добрыя былі коні, Рой. Ён іх выкарміў як мае быць і, я думаю, ужо апраўдаў свае грошы, здаючы коней у наймы.

— Бедны Сэм, — сказаў Рой, і яны выйшлі з хлява.

Джэк павёў Роя паказаць сваю гаспадарку: свінарнік і куратнік, а пасля і саму хату, дзе куча светлагаловых дзяцей валтузілася на падлозе каля знерваванай маці.

Яны спусціліся ў пограб, дзе Джэк паказаў сваё паветранае ацяпленне: вакол старой жалезнай печы ён выклаў цагляную награвальную камеру, і, калі печ грэлася, гарачае паветра паступала ў хату праз сістэму прадушын у падлозе. Зараз у печы яшчэ не палілі, і ў пограбе было холадна, але суха. Джэк атынкаваў сцены і замазаў шчыліны. На падлозе, на паліцах і на лавах была раскладзена гародніна летняга і асенняга збору: гарбузы, буракі, кукуруза, бульба, нават зялёныя памідоры, яблыкі, агуркі і некалькі слоікаў сушанага гароху. Прыпасаў на зіму было дастаткова. Яны вылезлі з пограба і ўселіся на кухні, застаўленай бутэлькамі і слоікамі з нарыхтоўкамі місіс Бэртан. Рой захапляўся цеплынёй і ўтульнасцю гэтай кухні. Нават абшарпаныя сцены — і тыя мелі надзейны выгляд. На адной з іх красавалася сурвэтка, на якой было вышыта: «Маме». Над ёй вісела скрыпка без струн.

— Вось закончыў пограб, цяпер вазьмуся за верх, — сказаў Джэк, заўважыўшы, што Рой азіраецца навокал. Вось яна, пастаянная чарга рамонту, падумаў Рой, спачатку хлеў, свінарнік і куратнік, затым пограб, і толькі пасля ўсё іншае.

— Мэй, — звярнуўся Джэк да жонкі, — у цябе нічога не знойдзецца Рою ў дарогу?

Місіс Бэртан ужо выставіла перад Роем два слоікі: адзін — з парэчкамі, другі — з чырвонай капустай. Невядома, хто бянтэжыўся больш — госць ці гаспадыня, але Рой пераадолеў няёмкасць, ён запіхаў у кожную кішэню па слоіку, а дзецям дастаў свае ледзянцы. Ён купіў іх сабе, але ў яго быў яшчэ адзін пакецік у мяшку ў Дзюкэна.

— Пайду, наведаю Сен-Клэра, — сказаў ён Джэку і хутка ўстаў.

— Толькі глядзі, каб у цябе не было з сабой грошай, — папярэдзіў Джэк, праводзячы Роя. — Калі хочаш з ім выпіць, лічы, што тваіх грошай не будзе.

— І адкуль у табе гэты закон і парадак, Джэк? — сказаў Рой. Яны пастаялі моўчкі. — Дык я прышлю табе тры сотні. А ўбачымся, хутчэй за ўсё, яшчэ да Каляд — на возеры.

— Хутчэй, што так, Рой.

— Дык, значыць, месяца праз паўтара.

— Так, Рой. Бывай! Да хуткай сустрэчы!

Рой ужо каціўся па схіле да дарогі, ногі яго ўздымалі клубы пылу, і вецер адносіў іх. Пылу было не вельмі многа, але з цягам часу маленькая нерухомая хмарка станавілася ўсё больш густой, і хутка Джэк бачыў толькі пыл, а пасля і хмарка знікла сярод дрэў.

Загрузка...