Раздзел трэці

Зел Сен-Клэр быў чалавечак невысокі, меншы за Роя і худы. Французы Сент-Элена сцвярджалі, што сваімі запалымі шчокамі, праніклівым позіркам, сінню на падбародку і слабым, такім слабым целам ён падобны на маленькага высахлага французскага кюрэ. Але Рою не было ніякай справы да гэтай клерыкальнай знешнасці, ён бачыў у Зеле штосьці больш зразумелае, напрыклад — насільшчыка, які ненавідзіць сваю працу.

Рой знайшоў яго па гуку сякеры на далёкім канцы лясной расчысткі Джэка Бэртана. Зел ссякаў вялізную бярозу, і ўсё цела яго паўтарала ўзмахі сякеры.

— Цяжкая праца для ляснога валацугі! — звярнуўся да яго Рой.

Зел абапёрся на бярозу і перадыхнуў.

— Гэта ўсё інспектар, каб на яго ліха, — сказаў ён.

Рой засмяяўся.

— А хіба дрэнны інспектар? Захоўвае закон і парадак.

— Пачакай, хутка здаволіцца. Я пра гэта паклапачуся.

— Ты лепш пра сябе паклапаціся. Калі ён убачыць цябе ў лесе, тут табе і канцы.

— І яму будуць канцы! — сказаў Зел і правёў Роя праз гушчар, які ён высякаў. Чатырохвугольная высечка, заціснутая скаламі і лесам, ужо часткова зарасла ліпай, ядлоўцам і густымі парасткамі бярозак. Ёй было толькі чатыры ці пяць гадоў, але праз год-два яна стане сапраўдным лесам, які давядзецца высякаць як след, сякерай. Зараз Зел Сен-Клэр яшчэ мог справіцца з бярозай вялікім садовым нажом або з дапамогай пала, і за сякеру браўся толькі дзеля сасны або рослай бярозы. Джэк Бэртан своечасова аб'явіў вайну наступу лесу, купіўшы гэтую высечку летам і ачышчаючы яе да зімы. Рой цаніў Джэка, ён быў перакананы, што з часам Джэк стане знакамітым чалавекам у Сент-Элене, калі толькі Сент-Элен і дробныя фермы наогул ацалеюць. Зараз, пасля размовы з Джэкам, Роя гэта турбавала асабліва.

— Выпі! — Зел Сен-Клэр падаў яму бутэльку з нейкім пойлам, падазрона празрыстым і бясколерным. Зел дастаў яе з дупла, дзе ў яго ляжалі куртка і нож. — Дастаў у Оле Андэрсана. Жывая вада!

Рой выпіў і адчуў на нёбе лёгкі прысмак анісу, але калі гэтае пойла абпаліла гартань, ён зразумеў, што п'е амаль голы спірт. Яны выпілі зноў.

— Гэтая штука даканае цябе, Зел, — сказаў Рой.

— Не гэта, дык іншае, — з сумам азваўся Зел, і яго перакручанае сухое цела не выяўляла першай умовы жыцця — жадання жыць.

Гэта прыгнятала Роя. У лёсе Зела ён убачыў лёс усіх звераловаў, пазбаўленых права на паляванне. Ён прапанаваў французу выпіць яшчэ, і сам таксама глынуў.

— А мо інспектар яшчэ верне табе твой участак? — сказаў яму Рой.

— Забярэ яго ў Брэка Гарта і аддасць мне? Напэўна ж не!

— А чаму ты не пойдзеш на поўнач, на новыя тэрыторыі? Тут нам усё адно няма чаго рабіць, ты ж гата ведаеш. Чаму ты не дасі дзёру на поўнач, Зел?

— А жонку і дзяцей кінуць тут?

— Пражывуць, пакуль ты там увойдзеш у сілу.

Зел пакруціў галавой, і Рой зразумеў, што ўсё гэта ён шмат разоў перадумаў і адкінуў усе варыянты як безнадзейныя, яшчэ нічога не зрабіўшы.

— Інспектар пахаваў мяне тут, — сказаў Сен-Клэр, — і ён нацкуе на мяне ўсіх інспектараў на поўнач ад Муск-о-гі. Але ўсё роўна ён не выжыве мяне з Сент-Элена. Я пайду ў лес і ўсё адно буду займацца паляваннем, хоча гэтага інспектар ці не, а калі сустрэнемся — тым горш для яго.

Траперы звычайна адпускалі ў адрас інспектара сама страшныя пагрозы, і слухачы прывыклі не прымаць іх усур'ёз альбо прымалі з вялікай скідкай. Але ў двух выпадках Рой быў схільны верыць у сур'ёзнасць пагрозы: з боку Сен-Клэра — з-за яго азлобленасці і Мэрэя — з-за яго абыякавасці: той не выяўляў да інспектара ні павагі ні нянавісці, але, сустрэўшыся твар у твар, ведаў бы, што зыход адзін — забіць альбо быць забітым. Да гэтага часу Рой заўсёды лічыў, што Мэрэй для інспектара больш небяспечны, але злосць Зела была такой лютай, што гэта пачынала турбаваць Роя, і ён зноў прапанаваў выпіць.

— Я на возеры буду адразу ж за табой, — сказаў яму Зел. — Вось закончу гэтую расчыстку і тады мне хопіць на правіянт.

— Хіба Джэк Бэртан плаціць табе за гэтую расчыстку?

— А як жа.

— Дык, значыць, Джэк пасаромеўся прызнацца ў сваёй велікадушнасці!

Рой засмяяўся.

— Згодна з маімі разлікамі, я буду там у сярэдзіне лістапада, — сказаў Зел.

— Гарачы будзе сезон, — сказаў Рой. — Відаць, паўгорада збіраецца ў лес, у тым ліку і сам інспектар. Занадта людна будзе там, Зел, занадта людна. — Рой так і не вырашыў, што яму падабаецца больш: кантакты з людзьмі, калі іх многа збіралася ў лесе, ці дзіўная адзінота падчас палявання, далёка ад людзей. Зараз, падагрэты гарэлкай, ён быў за кампанію. — Вядома, — сказаў ён Зелу. — Прыходзь у любы час. Карыстайся любой з маіх хацін — і пайшоў ён к чорту, інспектар. А што чуваць пра Мэрэя? Дзе ён? Я не бачыў яго ад вясны.

Сен-Клэр пільна зірнуў на Роя, а затым сцішыў свой слабы голас так, што яго было ледзь чутна.

— Рой, — сказаў ён. — Мэрэй гэтай восенню не вяртаўся. Ён пайшоў у заказнік Срэбных Даляраў, каб выбраць і зладзіць там зімоўку.

— У пушны заказнік?

— Так, у заказнік. Аднойчы яго ўжо злавілі там, але другі раз не зловяць. Заказнік мае тысячу квадратных міль, і ён ведае там азёры, і рэкі, і балоты, пра якія самі абходчыкі нічога не ведаюць. Ён і зараз там, вядзе разведку звяроў. А за дваццаць гадоў звяроў, відаць, развялося там безліч, аж кішаць. Асабліва баброў, Рой. Там, відаць, гэтага бабра так многа, што скурак і на трактары не вывезеш. Вось мы па яго і рушым. Хочаш разам з намі? У снежні.

Двойчы, калі выпадала дрэннае паляванне, Рой ставіў пасткі ў заказніку Болд-Рывер, які з захаду блізка падыходзіў да Муск-о-гі. Тады яго не мучыла сумленне, але пазней, калі разважыў, ён двойчы вырашаў ніколі больш гэтага не рабіць: з-за некалькіх скурак не варта трапляць у турму і губляць права на паляванне. І зараз, калі б ён не выпіў столькі гэтай атруты, ён адразу ж адмовіў бы Зелу, сказаў бы рашучае «не». Але зараз у ім загаварыла гарэлка.

— О, гэта было б добра! — усклікнуў ён. — Браць баброў у заказніку! Вось разышоўся б наш інспектар! — ён засмяяўся.

— Што ж тут складанага, Рой, асабліва калі нас будзе трое.

— А я вам навошта? — рэзка спытаўся Рой.

Зел ведаў, што Роя не падманеш.

— Паслухай, Рой, — сказаў ён. — Ты лепшы звералоў у цэлым Муск-о-гі. Ты адзін можаш налавіць баброў больш, чым палова трапераў усёй тэрыторыі, было б толькі што лавіць. А ў заказніку — там баброў колькі хочаш. Там на балоце гэтулькі хатак, што бабрам есці няма чаго. Што яшчэ табе патрэбна? І ўся гэтая пушніна ў адным месцы: не трэба рабіць дзесяткі міль дзеля праверкі пастак, вышукваць сляды. Увесь бабёр жыве ў адным месцы, толькі і чакае добрага звералова. Цябе, Рой. Гэта ж зусім проста, праўда. За адзін раз ты з намі наловіш гэтулькі, што хопіць, каб сабрацца на поўнач і яшчэ застанецца. Бабёр заўсёды ў добрай цане, ты ж гэта ведаеш. Справа выгадная.

— Ці не занадта, Зел?

— Вось пачакай, паразмаўляеш з Мэрэем, пагаворыш з ім. Утрох мы дамовімся. Ну як?

Перспектыва была зваблівая, і Рой задумаўся, перш чым адказаць.

— Дык пойдзеш?

Рой уздыхнуў. У ім абудзіліся рэшткі перасцярогі.

— Не. Арудуйце вы ўдвух з Мэрэем. Вы свабодныя валацугі, Зел. А я цягавіты трапер.

— Не доўга і табе засталося. Звяроў жа няма.

Яны дапілі гарэлку, і гэта зрабіла іх шчырымі сябрамі і неразлучнымі кампаньёнамі. Сен-Клэр склаў інструмент у дупло, апрануў куртку, і яны рушылі ў адзіны бар Сент-Элена. Гэта быў, двухпавярховы будынак з дошак, ён меў шэсць пакояў; некалі тут знаходзілася багатая крама. Там, дзе раней быў мясны прылавак, зараз абсталявана стойка, а на паліцах замест розных тавараў — шклянкі і бутэлькі з рознымі напіткамі. Рой і Зел Сен-Клэр заваліліся ў бар нібыта два знясіленыя мулы, якія вось-вось упадуць насамі на зямлю ад непасільнай ношы.

— Клем, — гукнуў Рой бармену-янкі, — я сабраўся ў пекла, дык дай мне якога-небудзь мядзведжага пойла, каб хутчэй дабрацца туды. Дай мне гэтага Блэк-энд-Блю. Даставай бутэльку.

Рой яшчэ памятаў, як наліў сабе, Зелу; памятаў, што Клем наліў па шклянцы сабе і Джэку Прату, адзінаму сент-эленскаму блазну. А пасля ўсё перамяшалася, паплыло — і ён не ведаў, што адчуваў і, асабліва, што рабіў. Цьмяна помніў усё новыя порцыі выпіўкі, тое, як падаў і падымаўся зноў, і як яго нехта біў; хлапчукі, якія дражнілі яго на вуліцы: «Ты п'яны, Рой, ты буяніш, Рой». Але ён ужо не помніў, як пераконваў іх: «Ну што вы, хлопцы. Хіба ж я п'яны?» — і як шпурляў у іх камянямі, калі яны не супакойваліся.

А пасля хлапчукоў у памяці быў правал да таго самага моманту, калі ён прачнуўся ў густой цемры, увесь хворы і збіты. Галава ажно трашчала, яму было блага. Ён ляжаў нерухома, імкнучыся разабрацца, дзе ён. Гэта яму доўга не ўдавалася, ён крыху паварушыўся і раптам адразу зразумеў:

— Джыні, — сказаў ён ціха.

Тая, што ляжала побач, не зварухнулася. Рой таксама не варушыўся і доўга прыслухоўваўся, як яна дыхае ў глыбокім сне. Пасля ён асцярожна злез з ложка і ледзьве выстаяў, бо так моцна пахіснуўся. Ён ведаў, дзе мусіў быць яго касцюм, але доўга не знаходзіў яго. Седзячы на падлозе, ён нацягнуў шкарпэткі і боты і тут заўважыў, што акно крышку пасвятлела.

Апрануўшыся, ён прашаптаў яшчэ раз: «Джыні!» Яна не адказала, і ён падышоў да яе. Рой не мог чакаць больш і як мага хутчэй выбраўся з пакоя. На кухні ён цяжка ўздыхнуў і пачаў шукаць сваю брызентавую куртку і пакет. Яны ляжалі ля акна на куфры. Апрануўшы куртку, ён пачаў шукаць шапку і знайшоў яе ў кішэні разам з чатырма кавалкамі мыла «Люкс». У пакеце былі два слоікі — падарунак місіс Бэртан і два іншыя, яшчэ цёплыя, пакладзеныя туды Джын Эндрус. Ён не глядзеў, што яна яшчэ паклала туды, але яму давялося запаліць лямпу, каб напісаць запіску з просьбай перадаць трыста даляраў Джэку Бэртану.

Яму зноў стала так блага, што ён сеў на куфар і схапіўся за галаву. Яго апаноўваў сорам, і ён імкнуўся хутчэй выйсці з гэтага здранцвення, каб пайсці не сустрэўшыся з Джыні. Уласна, ён ведаў, што хацеў сысці не толькі ад Джыні, але і ад сябе. Найбольш страшныя і ганебныя для яго былі гадзіны п'янага забыцця. Раней Джыні Эндрус расказвала яму, якія гадасці вытвараў ён у п'яным выглядзе, непаўторную брыдоту. Гэта заўсёды гняло яго, ён заўсёды баяўся зрабіць паскудства, нават проста звычайную няветлівасць. З часам яна перастала сароміць яго, зразумеўшы, што яму самому невыносна сорамна. Наадварот, яна старалася суцешыць яго, нагадваючы, якім ён можа быць добрым і бяскрыўдным. Але Рой не ведаў, у што верыць, і чым больш яна падбадзёрвала яго, тым больш ён сумняваўся. Пакаянне было непазбежна, і ён хацеў пакінуць яе вось так, сярод ночы, — каб толькі не сутыкнуцца днём вочы ў вочы з ёй і з самім сабой.

Ён ціхенька прычыніў уваходныя дзверы і на хвілінку затрымаўся на парозе, глынуўшы цудоўнага халоднага паветра. Калі ён праходзіў міма акна спальні, Джыні пачула яго цяжкае дыханне і сама таксама цяжка ўздыхнула, бо баялася гэта рабіць з таго часу, як пачула, што Рой прачнуўся. Вось ён і пайшоў, і паміж імі зноў зіма, яшчэ адна доўгая канадская зіма.

На ферме ні Сэм, ні Руф яшчэ не ўставалі, бо толькі бралася на дзень. Рой пастараўся іх не разбудзіць, бо ведаў: Сэм зноўку пачне дабівацца ад яго адказу на пытанне, якое Рой хацеў лічыць вырашаным. Калі б ён дачакаўся Сэма і сказаў яму, што Джэк нойме і заплаціць работніку, Сэм мог бы не пагадзіцца, і Рою давялося б пачынаць усё спачатку. Рой аддаваў усё гэта Джэку, які павінен расказаць Сэму і тым самым зрабіць яго адмову немажлівай. Сэм прыме работніка. Сэм не паедзе, не пакіне ферму. Джэк Бэртан уладзіць усё гэта з Сэмам, справа зараз за Джэкам.

Рой пераапрануўся і амаль што бягом пусціўся ў горад.

У Дзюкэна ён прайшоў праз заднія дзверы. Заплечны мяшок для яго быў гатовы, увесь заказ спакаваны, і Рой яшчэ раз з удзячнасцю ацаніў спрыт і дзелавітасць Піта Дзюкэна. Нават новыя пасткі былі распакаваны і прымацаваны як след — звонку мяха. А пад пасткі была засунута бутэлька Блэк-энд-Блю.

Рою яна была патрэбна як ніколі.

— Малайчына, Піт, — сказаў ён і адкупорыў бутэльку, каб адразу ж глынуць.

Яго адурманеную галаву і абпалены язык ашаламіла новым ударам.

— Ух! Гэтая і быка зваліць! — прамовіў ён голасна.

Рой закінуў мяшок за плечы, ссунуў з хворай галавы пас, запхнуў бутэльку ў кішэню і рушыў у дарогу. Кожны раз, калі яму хацелася глынуць, даводзілася абапірацца аб дрэва, каб мяшок не перакуліў яго, калі ён закідваў галаву. Было нязручна, і халодны спірт сцякаў па падбародку на патыліцу.

— Гэтая і быка зваліць! — паўтараў ён пасля кожнага глытка.

Ён піў зараз, каб забыцца, што быў п'яны, і каб вытравіць з памяці ўсе тыя непрыемнасці, якія засталіся там, у гарадку. Па-першае, як ён дабраўся да хаты Джын Эндрус учора вечарам? Гэта заўсёды было яго першай загадкай. Яму заўсёды ўдавалася дабрацца туды, але як — ён ні разу не мог успомніць. Затым Сэм. Сэм хоча кінуць ферму. Рой ведаў, што яму варта застацца і неяк уладзіць справу. Трэба было застацца і самому прапанаваць Сэму наняць работніка, а не пакідаць рашэнне за Сэмам. Сэм можа адмовіцца. Гэтая паўмера Роя можа толькі падштурхнуць яго на нешта адчайнае. Сэм можа адразу ж сабрацца і з'ехаць. Але Рой ведаў, што Джэк Бэртан не дапусціць гэтага. Джэк угаворыць яго застацца. Джэк знойдзе яму работніка, Джэк падтрымае яго. Зараз справа за Джэкам. Нават Сент-Элен — і той зараз трымаецца на Джэку. Джэк, які не здаецца, які не дасць выжыць сябе з фермы ні зямельным банкам, ні адсоткам па закладной, ні драпежнікам і рвачам, ні падаткам, ні недахопу інвентару, зямлі, дапамогі, асушэння, грошай і прадбачлівасці. Сент-Элен будзе існаваць, пакуль ёсць Джэк, а пакуль яны абодва на месцы, не забудзецца, не прападзе і Рой, там, у самай глыбіні лесу. «Не, не здамся! Вытрымаю!» Ён усё яшчэ адчуваў і ўсведамляў.

Ён зноў выпіў. На гэты раз ужо за сябе: ён развітваўся з Сент-Эленам, пакідаючы там занадта мала сябе; пакідаючы прывід Эндзі, якога там мо і няма, хоць хто ведае; пакідаючы ўсё не вырашаным. Рой апошні раз ішоў на паляванне ў гэты лес, ён гэта ведаў; ён прадчуваў гэта і ў мінулыя гады, але сёлета ён ведаў гэта дакладна. Участак спустошаны. Гэта ён таксама ведаў і ў мінулыя гады, але зараз павінна адбыцца канчатковая праверка, так гэта ці не так. Вось тады ўсё і пачнецца. Пайсці на поўнач і пакінуць Сент-Элен. А што пасля? — безнадзейна пытаўся ён у самога сябе. Ці будзе тут Сэм і старая ферма, ці будзе тут Джыні і ён сам альбо лес канчаткова праглыне яго, адарве ад людзей і пакладзе на яго сваю лапу? Не! Ён не жывёліна. Чым больш назіраў ён за звярамі, тым больш востра адчуваў, што ён чалавек і мае патрэбу ў людзях. Лес і пустыня не праглынуць яго, але Сент-Элен мусіць дапамагчы яму. Сент-Элен, і Сэм, і Джыні, і Джэк Бэртан, і сама гэтая скупая, дзікая зямля.

Рой ужо дабраўся да той мясціны на пад'ёме, дзе старая лесавозная дарога залазіла на голы гранітны грэбень. Каб пераканацца, што існуе Сент-Элен, яму трэба было азірнуцца. Вось ён, на месцы, яшчэ не прачнуўся, асветлены страшным зарывам усходу. Рой пастаяў, пераступаючы з нагі на нагу, ён чакаў, ці не з'явіцца дымок, маленькая чорная фігурка, грузавік, хоць нейкая прыкмета жыцця. Усё было пуста, і Сент-Элен бачыўся такім, нібыта ён прайграў сваё змаганне з лесам і хутка знікне. Такім Рой і панёс яго з сабой у лес, калі збочыў з дарогі ў падлесак, з п'янай галавой, п'яны пад цяжкім грузам, з п'янымі вачамі і п'яным распухлым ротам, увесь п'яны, высмактаўшы белую бутэльку і шпурнуўшы яе перад сабой так, што яна на друзачкі разбілася аб камяні, п'яны да непрытомнасці, акрамя ног, якія яшчэ пераступалі, і інстынкту накірунку. Менавіта яны і вялі Роя ў глыбіню лесу яшчэ доўга пасля таго, як свядомасць зусім пакінула яго.

Загрузка...