Раздзел чацверты

Рой стаяў адной нагой у чоўне, а другой адштурхнуўся і вывеў яго з маленькай скалістай бухты. І адразу ж ён укленчыў на адно калена і пачаў грабці, скарыстоўваючы разгон ад штуршка. Вострае вясло хутка пагнала човен па ціхай вадзе. Яго дужыя рукі так дакладна прыкладвалі сваю сілу, што не было ні рыўкоў, ні затрымкі, а толькі настойлівае і роўнае слізганне цвёрдага брызентавага корпуса, які разразаў ваду.

Ён плыў па Мускуснай затоцы, якая вяла яго да галоўнага возера і галоўнай з яго хацін і была адным з асноўных участкаў яго палявання. Гэта быў штучны вадаём, пакручасты і зарослы, утвораны старой бабровай запрудай, якая так надзейна перагарадзіла ручай, што атрымалася азярцо з крутымі, густа зарослымі лесам берагамі. Ідэальнае месца для мускуснага пацука — андатры. Не надта глыбока, дно і берагі густа ўкрытыя асакой, рагозам, стрэлкалістам і чаротам і дуплістымі карчамі — важная ўмова для андатры. На шэра-карычневай паверхні вады скрозь вытыркаліся травяністыя, злепленыя з гразі і галінак астраўкі. На большых былі норы андатры, на меншых яны спакойна харчаваліся, будучы ў бяспецы ад сваіх ворагаў. Рой скіраваў човен да аднаго з такіх астраўкоў. Некаторымі з іх ён карыстаўся як прыкрыццём, прынаджваючы качак, і зараз, калі човен выйшаў на адкрытую ваду, з іх узнялася хмара чыркоў, крохаляў, чырвонагаловых і чарнакрылых дзікіх качак і свістух. Яны ўзняліся невялікімі шумнымі купкамі і зніклі.

Каля аднаго з астраўкоў Рой падняў дзвюх качак, якіх ранкам падстрэліў з берага. Ён кінуў іх на дно лодкі і зноў павярнуў да берага, каб пачаць агляд пастак.

Рою да гэтага часу было блага, але гэта была слабасць папраўкі. Ён не памятаў, як дабраўся да балота, не памятаў нават, як пакінуў Сент-Элен. Ведаў толькі, што прачнуўся сёння раніцай у сваёй хаціне на балоце, што яго моцна ванітавала і што нейкім чынам ён захаваў цэлым свой мяшок — нават яйкі. Горшае мінулася, але і зараз ён з цяжкасцю мог засяродзіцца на тым, што робіць. Яму даводзілася напружваць памяць, каб не прапусціць пастку. Ён ведаў, што на гэты раз, як ніколі, трэба не прапусціць ніводнай. Абловам на гэтым балоце заўсёды пачынаўся ў яго зімовы сезон, і заўсёды гэта было паказчыкам, якога можна чакаць палявання. Ён ужо набліжаўся да першай пасткі, як раптам пачуў, што яго клічуць з водмелі перад хацінай.

— Рой! Рой Мак-Нэйр!

Човен уткнуўся ў вялізны камяк зліплых водарасцей.

— Хто там? — гукнуў Рой. — Гэта ты, Джэк?

Ён падумаў, што гэта Джэк дагнаў яго, каб сказаць, што Сэм усё кідае ці мо, што вярнуўся Эндзі Эндрус.

— Гэта я. Скоці Малькольм.

— Скоці? Прывітанне, Скоці, зараз прычалю. — Голас Роя прагучаў ціха і блякла, губляючыся ў балотным зарасніку. Кароткімі ўдарамі вясла ён павярнуў човен да хаціны. — Хіба ты ў Сент-Элен?

— Не. Я з табой у лес, — адказаў Скоці.

— Тады табе пашанцавала пазбыцца доўгай дарогі, бо праз паўгадзіны мяне тут не было б.

Скоці Малькольм паляваў разам з траперам, якога ўсе называлі Самсонам. У кожнага быў свой участак, але палявалі яны разам. Іхнія ўчасткі знаходзіліся на паўночны захад ад Роя, і праехаўшы на чоўне Роя па возеры, Скоці выйграваў дваццацікіламетровы пераход па высокіх хрыбтах, якія вялі ў яго гаспадарку.

— Я ўчора даведаўся, што ты пайшоў з Сент-Элена, — сказаў Скоці і нагнуўся, каб схапіць човен за нос. — Ну і шпарыў жа ты. Я ішоў палову ночы, каб дагнаць цябе.

Скоці Малькольм усеўся на камень, каб зняць мяшок, і падаў Рою ружжо. Гэта быў танклявы, вёрткі, жыццярадасны кельт, не вышэйшы за Роя, гадоў на дзесяць маладзейшы за яго па ўзросту і гадоў на дваццаць — складам цела. Ён быў апрануты як сапраўдны паляўнічы і трапер, не тое што Рой, які меў выгляд рабочага ліцейшчыка па дарозе на завод. У Скоці была хоць і паношаная, але сапраўдная паляўнічая шапка. Яго шарсцяная куртка была спартовага крою, яго боты былі паляўнічыя боты, з гумовымі галоўкамі і высокімі халявамі з мяккай скуры.

— Глядзі, не намачы свае боцікі, — сказаў Рой, калі Скоці апусціў свой цяжкі мех на дно чоўна. Боты ў Скоці і ў лесе заўсёды былі вычышчаны да бляску, і кожны год хто-небудзь дражніў Скоці, што яны распалохаюць звяроў, атруцяць ваду, заблытаюць усе сляды і падпаляць лес.

— Глядзі, не патапі лодку, — не застаўся ў даўгу Скоці.

Калі ён усеўся, узяў у рукі другое вясло, замалаванае скураной лямкай, але адразу ж мусіў адпусціць яго і схапіцца за борт, бо Рой адхінуўся назад і моцна нахіліў човен.

— Што здарылася, Рой? — гукнуў Скоці цераз плячо. — Ты што, стаў стары для вясёлых забаў?

— Гэта ўсё твая вага: як перац, не ўраўнаважыш.

— Гэта ўсё ты, бяздонная бочка, бач, набраўся.

— А ты даўно стаў непітушчым?

Скоці не адказаў. Скоці не быў непітушчым, з гэтым ён мусіў згадзіцца, але ён заўсёды дакладна адрозніваў дабро і зло, нават у самім сабе, і асабліва ў Роя, які часта не спраўджваў яго надзей.

Яны адштурхнуліся ад берага і паплылі да першай пасткі Роя.

— Як гэта ты яшчэ не вылавіў гэтае балота ўжо шмат гадоў таму? — сказаў Скоці.

— Андатра ў гэтым балоце не звядзецца ніколі, Скоці. Яшчэ не было ніводнага сезона, каб я не ўзяў тут хоць што-небудзь.

— Магчыма. Але. што ты маеш на ўвазе пад што-небудзь?

— Тры, часам чатыры пацукі на дзесяць пастак. Часам вясной справа даходзіць да недамеркаў, але тады я здымаю пасткі і даю ім падрасці. Дзіўна, Скоці, але я заўсёды вылоўліваю сама старых і сама вялікіх пацукоў, а потым ідуць усё драбнейшыя.

Рой меў права гаварыць пра андатры, бо (з іх дваіх) ён быў знатаком. Усе траперы ставілі пасткі на розных звяроў, але большасць з іх спецыялізавалася на нейкім адным. Рой заўсёды працаваў у сваім стылі — быў спецыялістам масавага аблову. Ён спецыялізаваўся на тых пушных звярах, якія збіраюцца ў вялікай колькасці ў пэўным месцы: бабёр альбо андатра жывуць супольна ля плацін і на балоце; яны нікуды з месца не сыходзяць і штогадовым прыплодам не толькі аднаўляюць колькасць, але і павялічваюцца. Скоці аддаваў перавагу больш палахліваму і рухомаму, але і болей каштоўнаму зверу: норцы, куніцы, ласцы — зверу-валацугу, якога трэба было ўмець высачыць, выведаць сцежкі, вадапоі, начлегі.

Першая пастка была пустая, але не на ўзводзе.

— Відаць, сарваўся, — сказаў Скоці, утрымліваючы човен на месцы.

— Ды не. Гэта сістэма «Віктар» са складаным засцерагальнікам, яны безадмоўныя. Сама спрытная андатра, і тая не вызваліцца. А гэтая, відаць, ссунула старажок.

— А чаму ты не паставіш пастку глыбей у нару, каб яна не магла зайсці збоку?

— Тады цягне за ланцужок.

Пастка стаяла ў харчэўнай нары. Гэта была невялікая яміна ў рыхлым абрыве, верхняя частка знаходзілася над узроўнем вады, ніжняя — пад вадой. У пошуку кала, якім была замацавана пастка, Рой апусціў рукі глыбока ў ваду.

— Ты што, дастаеш яго? — спытаў Скоці.

— Не. Забіваю глыбей.

Рой падрыхтаваў пастку і паставіў яе ў нары пад вадой.

— Цяпер не выцягне, — сказаў ён.

Затым Рой зрэзаў тры ці чатыры сцябліны чароту і ўваткнуў іх у гразь ля пасткі як сціплую прынаду.

Яны аб'ехалі ўсё балота, агледзелі ўсе пасткі: і ў харчэўнях, і ў начлежных норах, і на купінах, дзе пацукі пачаргова пакідаюць сляды пахкага ліпкага мускусу, выклікаючы на спатканне або на паядынак; і ля дупляных карчоў, якія служылі ім уборнымі. Нідзе, нічога.

— Засталося яшчэ два, — сказаў Рой.

— Здаецца, ты можаш паставіць крыж на гэтым балоце, — сказаў Скоці.

Але ў апошніх пастках было па андатры.

— Неблагія, — сказаў Скоці.

— Сярэднія, — запярэчыў Рой, кідаючы пацукоў у човен. — Упершыню ў мяне на гэтым балоце такая няўдача.

— Дзве на дзесяць пастак — гэта няблага, Рой. Рою давялося згадзіцца, але раптам ён прыняў рашэнне.

— Давай пройдзем яшчэ раз. Я здыму палову гэтых пастак. Навошта яны будуць дарма сядзець у гэтым балоце.

— Хіба табе не хапае пастак?

— Не.

— Дык навошта здымаць іх?

— Пустая справа, Скоці. Пустая справа.

Яны знялі чатыры з дзесяці пастак і пераправіліся на другі бераг возера, дзе і прыпыніліся сярод густых водарасцей. Скоці вылез першы і прытрымліваў човен, а Рой не захацеў больш мачыць ногі. Ён закінуў мех за плечы і перадаў ружжо Скоці. Стаўшы на калені, Рой хуткім рыўком закінуў човен сабе на галаву, і яны пачалі перанос. Вёслы, замацаваныя ў скураных уключынах, ураўнаважвалі човен на плячах, а барты ўпіраліся ў перадплечча. Галоўнае было — трымаць раўнавагу, і Рой свабодна размахваў рукамі, ідучы за Скоці па вузкай лясной сцежцы ўгару па крутым пад'ёме.

Яны не размаўлялі. Яшчэ да канца пад'ёму пайшоў дождж. Спачатку вельмі малы, каб прабіць сасновыя галіны, навіслыя над сцежкай, але з часам ён пачаў ліць на іх цэлыя ручаі вады, і яны ішлі то мокрымі прагаламі, то нагрэтымі сухімі алеямі з соснаў, дзе было суха над галавой, суха ў паветры, суха ўсюды. Так і дайшлі яны да перавала. Пераадолеўшы яго і пачаўшы доўгі спуск, яны ўсё часцей траплялі на мокрыя прагалы і праз гадзіну пакручастага спуску прамоклі да касцей і выбраліся да вузкага канца возера Акулы.

— Спусці човен на ваду, а я пагляджу. Тут у мяне дзве пасткі на норак, — сказаў Рой. Ён апусціў човен на водмель і пайшоў па беразе паміж скаламі і бураломам. Пасткі стаялі ля ўвахода ў жыллё норак, ля самай вады. Рой зірнуў на гладкую скалу, якая спускалася да пляскатай пясочнай водмелі, і яшчэ раз падумаў, што няма лепшага месца для норкі. Але ў гэтыя пасткі за ўсю вясну не трапіла нічога. Зараз таксама нічога не было, і ён зняў іх.

— Ты становішся занадта разборлівы, Рой, — сказаў Скоці, калі ўбачыў пасткі. — Навошта ты зняў і гэтыя?

— Тут няма больш пушнога звера, — сказаў Рой.

— Ты занадта патрабавальны, — Скоці залез у човен. — Звер прыходзіць і сыходзіць, — дадаў ён.

— Ён сыходзіць, сыходзіць і сышоў ужо! — сказаў Рой. — Ва ўсякім разе адсюль ён сышоў.

— А ты на сябе проста дурноту напускаеш, — сказаў Скоці, і ад моцнага ўдару вясла нос чоўна так нырнуў у ваду, што Рою давялося двойчы спрацаваць вяслом, каб яго выраўнаваць. — Ты гэтулькі гадоў даказваеш, што ўчастак пусты, але кожны раз нейкім чынам спраўляешся. Пушніны становіцца меней і дзічыны таксама, але гэтую справу можна паправіць. Так бывала заўсёды.

— А зараз не тое. З кожным годам звер адыходзіць усё далей на поўнач.

Ад дажджу вада стала нібыта мёртвая, і нос чоўна лёгка рэзаў яе падатлівую паверхню. Хоць час набліжаўся да поўдня, бачнасць праз дождж была дрэнная.

— Сыходзіць на поўнач, — паўтарыў Скоці. — Усе вы зацыкліліся на гэтым. Усе збіраюцца ісці на поўнач.

Рой і сам не быў перакананы, ці правільна ён робіць, калі здымае пасткі. Хто ведае, мо гэтая пакорлівасць адчаю і зборы на поўнач — усё гэта толькі адлюстраванне яго краху ў Сент-Элене.

— А як жа іначай, Скоці, — звярнуўся ён да дужай спіны і моцнай патыліцы спераду ад сябе. — Усім нам давядзецца альбо ісці на поўнач, альбо асесці на ферме ў Сент-Элене. Так што выбірай, Скоці. Выбірай любое з двух.

Увесь час паездкі па возеры яны не пераставалі спрачацца.

— Паслухай, але з гэтым ты мусіш згадзіцца, — сказаў нарэшце Скоці, калі яны пачалі працягваць човен цераз вузкую перамычку да апошняга возера. — Калі ты не перастанеш здымаць адсюль пасткі, то гэтай зімой пушніны ў цябе не будзе.

Зараз Скоці цягнуў човен на галаве, а Рой ішоў спераду, пасміхаючыся з таго, што Скоці ў спрэчцы, як і заўсёды, занадта прымае ўсё да сэрца. Але міжволі хацелася падзяліць аптымізм Скоці адносна іх будучыні, і хоць сам Рой занадта цвяроза глядзеў на рэчы, каб з ім пагаджацца, усё ж слухаць яго было прыемна. На імгненне гэта ажывіла ў ім страчаную веру ў свой паляўнічы ўчастак.

Перш чым выпраўляцца на апошняе возера — возера Т, галоўную базу паляўнічай гаспадаркі Роя, яны спыніліся паснедаць у адной з яго старых, закінутых хацін. Калісьці паляўнічым цэнтрам Роя былі Мускусная затока і першая збудаваная на ёй хаціна. Пазней ён перасунуўся на поўнач і збудаваў гэтую хаціну на возеры Т. Яшчэ пазней, дзесяць гадоў таму, ён перайшоў яшчэ далей на поўнач і збудаваў сваю трэцюю хаціну на другім беразе возера, да яе было дзве гадзіны на лодцы. Як і многія азёры Канады, гэтае возера было названа з-за сваёй формы, якая нагадвала вялікую літару Т. Зараз яны знаходзіліся ля асновы літары, а каб патрапіць у апошнюю хаціну Роя, трэба было падымацца па сярэдняй палачцы, павярнуць налева і плысці да канца папярочкі.

— Дзе твой ключ? — спытаў Скоці, калі яны скінулі мяхі ля парога хаціны і атрэсліся ад дажджу.

— А чаму ты не хочаш раскласці вогнішча тут, на паветры? — спытаў Рой.

— Навошта? Хіба ты зняў печку?

— Не, яна стаіць на месцы, — адгукнуўся Рой і дастаў ключ з цвіка пад страхой.

Скоці адчыніў дзверы, і яны ўвайшлі.

Рою гэтага не хацелася, ён не любіў заходзіць у свае закінутыя хаціны. Яна была збудавана моцна, сухая, але ўнутры неверагодна занядбаная. У ёй стаяў цяжкі пах гнілі, і ўсё было запаскуджана мышамі. Мышы пагрызлі матрац, і ўся хаціна аж да самых крокваў была ў рэштках мачалы і расліннага пуху. Усюды — на паліцах, на груба змайстраваных сталах, у печы і нават у лямпе былі мышыныя гнёзды. Рой і Скоці затупалі нагамі, і большасць мышэй схавалася, але некаторыя засталіся і нахабна пазіралі на нечаканых гасцей.

Адна не магла выбрацца са слоіка, пакуль Скоці не паваліў слоік, а тады шуснула прэч. Рой сплюнуў у далонь тытунёвую жвачку і папусціў гэтым камяком ў апошнюю мыш, якая сядзела на печы. Ён не трапіў, але мыш схавалася ў адчыненай канфорцы і болей не паказвалася. Гэта была вялікая беланогая палёўка, іншыя ж былі звычайныя шэрыя хатнія мышы і адзін пацук, на якога Скоці доўга паляваў, выганяючы бярозавым паленам з усіх куткоў, і нарэшце забіў, калі той кінуўся ў адчыненыя дзверы.

— Навошта ты яго забіў? — спытаў Рой.

— Заўсёды забіваю пацукоў, — сказаў Скоці. — Ненавіджу гэтых гадзін!

— А чым яны больш гідкія за мышэй? Забіваеш адных, забівай усіх!

— Не, пацукоў я не пераношу, — адказаў Скоці.

Рой не спрачаўся. Іншым часам ён прымусіў бы яго яшчэ раз выкласці свае тэорыі пра дабро і зло ў свеце жывёл. Але Рой ужо забыўся пра Скоці. Аглядваючы хаціну, ён адчуваў, што час і жыццё бягуць надта хутка. Яшчэ параўнальна нядаўна гэтая хаціна ў глыбіні лесу жыла паўнакроўным жыццём — і здавалася, што гэта будзе доўжыцца бясконца. Зараз яна была занядбана і амаль што разбурана. Яшчэ крыху — і пазы разыдуцца, страха праваліцца, бярвенні патрэскаюцца, падлога прагніе і ўся пабудова разваліцца. Пакуль што яна выглядала моцнай, але Рой ведаў, што яна асуджана. Гэта было своеасаблівым напамінкам, што лес можа праглынуць усё — чалавека, хаціну, увесь пасёлак Сент-Элен. Рой падумаў, што нават не лес разбурае справы рук чалавечых, а само жыццё апераджае іх. Рой не мог бы вызначыць гэта больш дакладна, але часам у яго ўзнікала думка, што ў гэтым вінаваты чалавек, што прырода заўсёды будзе перамагаць людзей, калі людзі не справяцца з прыродай яе ж зброяй. Ён цвёрда верыў у перамогу чалавека над прыродай, але гэтая хаціна была доказам, што ён часткова пераможаны, што звер сышоў ад яго сваім шляхам, на поўнач, і што хутка яму давядзецца ісці туды таксама. Гэта было правобразам таго, што чакае і Сент-Элен, калі голы граніт і бясплодная зямля перамогуць Сэма і фермера Джэка.

— Пайшлі адсюль, — сказаў ён Скоці. — Лепш перакусім на паветры.

Яны замкнулі дзверы хаціны і расклалі цяпельца ля самага возера.

Гэтая паласа вады была для Роя сапраўдным домам. Ён любіў плысці па ёй і назіраць, як яна рассоўваецца перад ім у шырокае палатно возера, як растуць высокія скалы, а затым становяцца ніжэйшымі і знікаюць, схаваныя густымі зараснікамі піхты, елак і соснаў. Менавіта тут ён зноў пачынаў асабліва востра адчуваць лес. Для яго гэтае возера было пачаткам бязлюднага краю, які распасцёрся неабжыты і некрануты да самага заліва Гудзона. Тое, што на карце паміж возерам і Арктыкай былі пазначаны паселішчы і гарады, не мела значэння. Гэта былі вялікія канадскія лясы, і чым вышэй Рой уздымаўся па возеры Т, тым шчыльней яны абступалі яго. Калі дождж сціх і неба пасвятлела, перад ім узніклі знаёмыя скалы, дрэвы і хрыбты. Яны так выразна адбіліся ў яго галаве, што ён нават не ўсведамляў, што бачыць іх, і ўсё адно кожны раз знаходзіў нешта новае, асабліва калі вяртаўся з Сент-Элена.

— Ты прыкмеціў, што сасна і елка абганяюць бярозу, — сказаў ён Скоці.

Яна знаходзіліся на памежжы асновы і перакладзіны літары Т. Насупраць іх, за сама шырокім плёсам, быў круты схіл хрыбта, які цягнуўся па самым беразе на тры-чатыры мілі. Яны добра бачылі лес па ўсім схіле, лес, спаласаваны раз'юшанасцю лесаруба і агню.

Гэта быў маладняк на высечках, найбольш густыя зараснікі моцнай бярозкі, ужо аголенай блізкай зімой. Бярозы ярка бялелі на фоне чорнай зямлі, скал, што прыпіралі іх да схіла. Але якім частым ні быў узор бяроз, цёмна-зялёныя верхавіны піхты і елкі станавіліся ўсё больш шматлікімі. У барацьбе за сонца паміж маладымі бярозкамі і хваёвымі дрэўцамі марудлівыя ў росце хваёвыя ў рэшце рэшт бралі верх. Рой ведаў, што яны перамогуць бярозу. Хутка ўся акруга зноў стане хваёвым лесам, калі толькі апантаныя лесарубы альбо шалёныя пажары не знішчаць увесь хваёвы маладняк.

— А што я табе заўсёды кажу, Рой, — прамовіў Скоці. — У лесе ўсё мяняецца. Тое, што часова знікае, пазней вяртаецца зноў. Звер таксама вернецца, як і гэтыя піхты.

Рой задзёр галаву і засмяяўся.

— З цябе атрымаўся б добры святар, Скоці.

— Не разумею, чаму гэта заўсёды ўзбрыдзе табе ў галаву, — сказаў Скоці.

— Заўсёды спадзяешся ўбачыць тое, чаго на самай справе няма, — настойваў Рой.

— А на тых астравах ты ставіў пасткі? — спытаў Скоці, перастаўшы веславаць, калі яны выйшлі на шырокае месца.

Справа ад іх, у самым цэнтры возера, над вадой уздымаліся два зарослыя рэдкім лесам астраўкі — вяршыні дзвюх падводных скал.

— Не, калі замерзне, я стаўлю там дзве пасткі на лісу, — адказаў Рой.

— Ты губляеш добрыя мясціны для спажывы, — зазначыў Скоці. — На такія вось астраўкі норкі залазяць у гнёзды качак і чаек. Пастаў тут пару пастак, Рой.

— Але праз тыдзень-другі ўсе птушкі паляцяць, — сказаў Рой. — А з імі сыдуць і норкі.

— Дык гэта ж праз некалькі тыдняў. І ўсё адно, калі возера замерзне, норкі там абавязкова будуць.

Рой ужо даўно страціў надзею злавіць хоць адну норку на гэтых астравах, але зараз яго перапаўняла энергія. Лес завалодаў ім, і ён павярнуў човен да выспы.

— Ладна, угаварыў ты мяне, Скоці! — гукнуў ён. — Давай, мо паспеем паставіць пастку-другую і да змяркання вярнуцца дамоў.

Іх аб'яднанымі намаганнямі дванаццаціфунтовы човен хутка рэзаў ціхую ваду. Яны так стараліся, што нос чоўна задраўся, а карма асела. Адхінуўшыся, яны знарок перанеслі цэнтр цяжару назад, каб плысці на адной карме і такім чынам зменшыць супраціўленне вады. Трэба было быць першакласным грабцом, каб так моцна грабці пры такой нераўнамернай і вялікай нагрузцы, але абодва былі майстрамі сваёй справы. Яны хваліліся адзін перад адным, стараліся разагнаць лодку як мага мацней кожны пад час свайго грабка. Удары вёслаў былі ўсё больш хуткія і рэдкія, човен усё больш задзіраў нос, але нікому з іх не ўдавалася перамагчы. Зрэшты, вага і сіла тут не мелі значэння. Патрабавалася майстэрства і вынослівасць, і абодва не здаліся да самай выспы.

Дапамагаючы адзін аднаму, яны паставілі тры пасткі на абедзвюх выспах. Працавалі спорна і хутка, скарыстаўшы дзеля прынады адну з падстрэленых Роем качак.

— Хутчэй, Скоці, — сказаў Рой і адштурхнуў човен ад берага, ледзь дачакаўшыся сябра. — Я зусім не збіраюся прагульваць цябе па возеры. Бярыся за вясло. Я з табой так папрацую, што ты да хаціны ледзьве дойдзеш. Давай, Скоці! Давай!

Цяпер яны па-сапраўднаму спяшаліся, і было не да размовы. Толькі зрэдку Рой адкідваў галаву і смяяўся, смяяўся з іхняга спаборніцтва, смяяўся з напружаных і рухомых плячэй Скоці, якія мільгалі перад ім, смяяўся ад зваблівай радасці зноў быць у лесе паблізу ад сваёй хаціны.

Урэшце Рой замучыў Скоці: ён быў маладзейшы, да таго ж гэта быў звыклы шлях Роя, які спяшаўся дамоў. Вечарэла, а Рой быў нястомны ў змаганні з цемрай. Рой, калі сказаць праўду, гроб за дваіх, калі яны ўцягнуліся ў вузкі заліў возера і перад імі на самым беразе раптоўна з'явілася нізкая драўляная хаціна, якая нібыта прысела на вялізным пляскатым валуне.

— Вось табе і прыемнае відовішча, — сказаў Рой стомленаму Скоці. — Хаціна ў лесе, вяртанне паляўнічага дадому.

— Дзе яго нехта чакае, — дадаў Скоці.

З коміна ішоў дым, і калі яны спынілі човен у скалістай бухце, дзверы хаціны адчыніліся і з іх выйшлі двое.

Загрузка...