— Сахаты! — усклікнуў Рой.
Гэта быў мажны мужчына. Паводзіў ён сябе бяспечна, хадзіў няспешна. З бяспечнасцю сапраўднага ляснога валацугі пераадолеў ён дваццаць ярдаў, якія аддзялялі хаціну ад вады. Ён быў вельмі падобны на ляснога звера, імем якога яго назвалі, і Рою заўсёды здавалася, што яму былі б да твару і магутныя рогі сапраўднага лася.
— Няўжо гэта Рой? — прамовіў Мэрэй, і ў гэтых словах не было таемнага сэнсу, усё было як на далоні, упэўнена і спакойна да апатычнасці.
— А адкуль ты ведаў, што гэта не інспектар? — радасна гукнуў Рой, даючы волю сваёй радасці.
— Ды яшчэ з таго берага чуваць, як ты рагочаш, — сказаў Мэрэй.
— Хэло, Самсон, — звярнуўся Рой да другога. — Я прывёз табе твайго напарніка.
Самсон быў зусім іншы. Недзе пасярэдзіне паміж моцна збітым мацаком Роем і моцнай высокай фігурай Сахатага. Калі б не было побач Мэрэя, Сахаты здаваўся б волатам. Але не за рост узнагародзілі яго мянушкай. З-за густой чорнай барады назвалі яго Сахатым. З-за барады і яшчэ з-за рашучых рухаў, рашучай паходкі і рашучай постаці: поўная процілегласць Мэрэю, які ўзвышаўся над ім па волі прыроды, а не па сваёй уласнай волі.
— Ты што, п'яны? — спытаўся Самсон у Роя.
— Спытай у Скоці, — адказаў Рой. — Ён то цвярозы, але зусім стаміўся.
Мэрэй і Самсон пацягнулі ў хаціну мяхі і ружжы, а Рой са Скоці тым часам выцягнулі човен з вады і перавярнулі яго на берагавое каменне. Рой падняў двух злоўленых пацукоў і накіраваўся да хаціны так шпарка, быццам выбіраўся ў вялікі пераход. Скоці зусім знясілена шкандыбаў за Роем.
— Ты толькі панюхай, Скоці, — сказаў Рой, калі яны ўвайшлі ў хаціну.
Калі Рой убачыў распалены агонь і варыва, ён зусім растаў.
— А што ў цябе на патэльні? — спытаў ён у Мэрэя.
— Ды вось падстрэліў аленяня ля Нябеснага возера, — адказаў Мэрэй, адразаючы яшчэ два кавалкі ад неразабранай тушы аленя, якая ляжала побач. Ён кінуў мяса на вялікую патэльню і заняўся кухарствам, а Рой і Скоці прыселі на адзін з ложкаў, каб разабраць мяхі.
— Як маецца твой сябар інспектар? — спытаў Мэрэй.
— Збіраецца зімой адведаць нас, — сказаў Рой.
— Ты, вядома, запрасіў яго? — прабубніў Самсон.
— Вядома! — адказаў Рой, маючы асалоду ад таго, што ён адзіны чалавек, які можа кінуць выклік інспектару, за што яго і дражнілі, быццам яны з інспектарам сябры закадычныя.
— А ў нас і пастка для інспектара падрыхтавана, — сказаў Самсон.
Пайшла гаворка пра інспектара, якая станавілася тым больш ажыўленай, чым большымі былі пагрозы. Больш за ўсіх адпускаў пагроз Самсон, найбольш спакойным быў Скоці, які заявіў, што інспектар, уласна, выконвае свае абавязкі.
— Эх, інспектар, інспектар! — толькі і прамовіў Мэрэй.
Рой, здымаючы боты і шкарпэткі і раскладваючы іх на падлозе ля печы, слухаў і падахвочваў іншых. Седзячы на ложку і хістаючы тоўстымі босымі нагамі, якія не даставалі да падлогі, ён паволі прывыкаў да сяброўскіх абдымкаў сваёй хаціны.
— Падкінь дроў, Сахаты, — сказаў ён у такт сваім развагам. — Нарэшце паляўнічы вярнуўся дадому!
Рой чакаў, што той адгукнецца на яго закід, але Мэрэй толькі ціха ўсміхнуўся, і гэта засмуціла Роя. Ён заўсёды імкнуўся рассмяшыць Мэрэя па-сапраўднаму, прымусіць яго сыграць сваю ролю ў гэтым лясным спектаклі, але Мэрэй хіба што зрэдку кідаў лянівую заключную рэпліку. Адзіны раз ён засмяяўся, калі Рой упершыню назваў яго лясным валацугам.
Мэрэй працягваў кухарыць, а Рой дастаў сцізорык з доўгім лязом. Ён плюнуў чорнай ад тытунёвай жвачкі слінай на брусок, падвастрыў нож і пачаў абдзіраць скуркі з андатры.
— Ты калі-небудзь бачыў, як янот есць пацукоў? — спытаў Рой.
— Ды тут ніколі не было янотаў, — адказаў Мэрэй.
— Яны ўсе сышлі на поўнач, — укалоў Роя Скоці.
Рой засмяяўся:
— Праўда твая, Скоці. А вось у мінулым годзе я бачыў янота на балоце. Ён рабаваў мае пасткі. Аднойчы ноччу, седзячы на купіне, я бачыў, як ён распраўляўся з маім пацуком. Пачаў ён з таго, што адгрыз яму галаву, затым сцягнуў скурку вось так, як і я зараз. Калі ён скончыў, я яго застрэліў. Атрымаў гатовую скурку пацука і ў дадатак янота.
— Ты, відаць, яго выдрэсіраваў, — сказаў Самсон. — Калі назіраеш, як ты распраўляешся з гэтымі пацукамі, можна падумаць, што ў цябе ёсць індзейская кроў.
Рой сцягваў скуркі на індзейскі манер — ад галавы да хваста, замест звычайнага спосабу трапераў, якія, наадварот, пачыналі з хваста. Яны паспрачаліся, як ужо дзесяткі разоў спрачаліся пра гэта. Рой даказваў, што, здзіраючы скурку ад галавы, чысцей аддзяляеш тлушч ад скуркі і не рвеш яе, у той час як Скоці і Самсон даказвалі, што тады скурка перасыхае, псуецца і ломіцца. У рэшце рэшт апошняе слова засталося за Роем, бо яму заўсёды ўдавалася атрымліваць сама высокую цану за пушніну, хоць гэта на самай справе было вынікам больш якаснай апрацоўкі скуркі, значна больш якаснай, чым у каго-небудзь у Муск-о-гі. Але і гэта не спыняла спрэчкі, і яны доўга яшчэ пярэчылі адзін аднаму. Усе, акрамя Мэрэя. Ён не праяўляў ніякай цікавасці да розных спосабаў разбірання пацукоў. Здзіраеш з пацука скурку… Ну, і здзірай… Вось і ўсё!
— Янот, — сказаў Скоці, — ведаў, што рабіў. Няма ў лесе лепшага звера, чым янот, — працягваў Скоці. — І больш ахайнага, чым ён. Які звер, акрамя яго, перш чым з'есці мяса, памые яго ў вадзе?
— І як толькі ён яго не падсмажвае? — насмешліва зазначыў Рой.
— Ну, але гэтае, ва ўсякім разе, падсмажана, — сказаў Мэрэй пра свае біфштэксы з аленя. — Давайце талеркі.
Яны елі, седзячы на сасновай лаўцы ля стала, прыбітага да сцяны. Як і ўсё ў хаціне, стол быў самаробны, але не крывы і моцны. Рой майстраваў яго на гады. Ён збудаваў хаціну так моцна, што Самсон запэўніваў, што гэта ён сам сабе змайстраваў труну. Але для хаціны яна была занадта вялікая — дваццаць футаў на васемнаццаць, і без адзінай шчыліны. Акрамя стала тут было два ложкі, галава да галавы, у адным канцы ля дзвярэй маленькі столік з умывальным тазам, кладоўка, ля акна скрыня з дабром Роя і невялікая жалезная печка. Усё было змайстравана грунтоўна: падлога моцная, з бярвення, без перакосаў і прагібаў, страха з толю, чатыры акны. У адным кутку да самай страхі былі складзены бярозавыя цуркі, і Рой, на хвіліну адарваўшыся ад яды, падкінуў некалькі цурак у печку.
Стала горача, Самсон ускочыў і адчыніў дзверы.
— Тут задыхнешся з табой, — закрычаў ён.
— Снегавік Самсон! — паскардзіўся Рой. — Ты калі-небудзь замерзнеш. Хутчэй за ўсё, у сваёй хаціне.
У супрацьлегласць хаціне Роя, у Самсона была хілая хібара, уся на скразняках. Самсон знарок трымаў яе ў запусценні. Скоці, які жыў разам з ім, казаў, што зімой у ёй зусім невыносна, але Скоці ніколі не скардзіўся, бо згодна з яго перакананнямі, ён мусіў улічваць правы іншага. Яны абое пакутвалі ад гэтага, але Рой ведаў, што абое задаволены тым, як і чаму пакутуюць.
— Як гэта ты не задыхнуўся ў сваім танку на фронце? — сказаў Рой Самсону. — Ты, відаць, свідраваў дзірачкі ў брані, каб дыхаць свежым паветрам.
— Калі станавілася горача, — сказаў Скоці, — ён выскокваў і бег побач.
Франтавыя справы былі тым адзіным, чым Скоці і Самсон дражнілі адзін аднаго. Яны разам пайшлі на фронт і служылі на адным танку, гэтаксама як і зараз жылі ў адной хаціне. Яны ваявалі ля Арнгема, вызвалялі Данію, перапраўляліся цераз Рэйн, а пасля вярнуліся дамоў, заняліся паляваннем; адзін яшчэ больш загрубелы, другі з ідэямі. Між сабой яны захоўвалі мір тым, што ніколі не спрачаліся, хоць Рой за апошнія два гады шмат разоў спрабаваў справакаваць іх. Адзін да аднаго яны адносіліся з павагай, нават калі спрачаліся пра ваенныя справы, у іхніх перапалках не было з'едлівасці, зусім не было.
— Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хаціну ў заказніку, — спакойна заявіў Мэрэй, пакінуўшы сваю валавяную талерку і абапёршыся на стол.
— Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасці такіх законапаслухмяных грамадзян, — зазначыў Рой, наліваючы ўсім па вялікаму кубку кавы.
— А я думаў усіх вас запрасіць туды з сабой, — сказаў Мэрэй.
— Зел ужо запрашаў мяне, — азваўся Рой.
— А як вы? — спытаўся Мэрэй у астатніх.
— А там норка водзіцца? — спытаў Самсон.
— Што толькі там не водзіцца, — адказаў Мэрэй. — Усяго на ўсіх хопіць. Там можна налавіць столькі, што хопіць на шмат гадоў наперад, асабліва бабра. Нідзе не бачыў гэтулькі бабровых хатак, Рой.
— Дык як, Самсон? — спытаў Рой. — Пойдзеш туды?
— А ты? — спытаў Самсон.
— Мо і пайду, — падахвоціў яго Рой. — Асабліва калі пойдзеш ты.
Скоці ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлівую справу. У мінулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную і небяспечную, і Скоці чакаў бяды.
— Калі вы, сябры, надумалі стаць мільянерамі, — сказаў ён, — чаму б вам не абрабаваць банк? Гэта не больш рызыкоўна, чым паляваць у заказніку.
— Ды ніхто цябе там і не ўбачыць, у заказніку, — сказаў Мэрэй.
— Вельмі нават проста! — заявіў Рой.
— А яшчэ прасцей папасціся, — папярэдзіў Скоці.
— Яго прападобнасць, айцец Скоці Малькольм, — сказаў Рой. — Чаго, уласна, ты баішся? Інспектара?
— Нічога я не баюся, і інспектара таксама, — сказаў Скоці. — Вам, сябры, проста не церпіцца парушыць закон. Толькі і чакаеце выпадку. А як жа можна без закону? Чым была б без яго наша краіна?
— Менавіта тым, чым з'яўляецца і зараз, — адказаў за ўсіх Рой.
— Трэба ж ва ўсім адрозніваць дабро і ліха, — настойваў Скоці.
— Тады гэта ліха, — сказаў Рой. — Пойдзем, Самсон?
На барадатым твары Самсона было выразна бачна, як яму цяжка ўстрымацца супраць адкрытай каверзы.
— Скоці? — усклікнуў ён. — Што ты на гаты конт думаеш?
— Не, вы ўжо без мяне!
Самсон паціснуў плячыма, і гэта было дастаткова выразным адмаўленнем, але Рой ужо не мог стрымацца і прыставаў да Скоці аж да той пары, пакуль Мэрэю гэта не надакучыла.
— Ладна, адзін або ўсе, — сказаў ён. — Але толькі кожны са сваімі пасткамі.
Скоці адчуў, што, бадай, перайшоў мяжу са сваімі павучаннямі, ён пакалупаўся ў брызентавым мяху і дастаў бутэльку гарэлкі.
— Мара звералова, — сказаў ён Рою. — Пачынай!
— За вашу прападобнасць! — усклікнуў Рой і адразу ж прыклаўся да бутэлькі, быццам чалавек, які паміраў ад смагі.
Да гэтай пары Рой несур'ёзна адносіўся да прапановы Мэрэя паляваць у заказніку. Разыгрываў на гэты конт ён і Самсона. Але ў душы ён ведаў, што заводзіць Самсона таму, што сам заведзены Мэрэем, паддражнівае Самсона рызыкоўнай ідэяй таму, што яна і самога яго зачапіла за жывое. Заўсёдная гісторыя. Даўнішні выклік Самсону пераплысці возера ўзнік з насмешлівай заўвагі Самсона, нібыта Рой старэе. Ён перакінуў насмешку на самога Самсона, і так атрымалася, што замест саракатрохгадовага мужчыны цераз возера паплыў малады дваццацісямігадовы чалавек. На гэты раз Роя выратавала тое, што Самсон ледзь вытрымаў гэтае выпрабаванне, і Рой з задавальненнем пераканаўся, што маладыя целы могуць быць менш вынослівыя, чым тыя, што старэюць. Але зараз Мэрэй прапаноўваў сур'ёзна, і Рою даводзілася аднаму змагацца са спакусай і самастойна рабіць выбар.
— Даўжыня таго возера каля дзесяці міль, — расказваў Мэрэй, пакуль усе чацвёра дапівалі гарэлку. — З усіх бакоў у яго ўпадаюць рэчкі, і на кожнай — бабровыя плаціны, так што ўсё навокал забалочана. На ўсіх запрудах, відаць, не менш трохсот бабровых хатак. А гэта значыць, не менш дзевяцісот дарослых баброў. Так, Рой?
— А чаму ж ніхто іх там не ахоўвае? — спытаў Рой.
— Не ведаю, — сказаў Мэрэй, — але ўжо больш як пяць гадоў туды ніводзін абходчык і носу не паказваў. Нам трэба толькі перакінуць туды адзін з тваіх чаўноў яшчэ да марозаў, тады можна будзе аблоўліваць адну рэчку за другой. І ўся гэта першагатунковая пушніна на адным пятачку!
Адзін з чоўнаў Роя! Мэрэй патрабаваў шмат і ведаў гэта, як ведалі і Рой, і Самсон, і Скоці. Але Мэрэй умеў прасіць, ён не лічыўся з тым, пра што просіць, умеў прасіць з мімаходнай абыякавасцю. Рой ухіліўся ад прамога адказу.
— А скуль ты ведаеш, што абходчыкі туды не зазіраюць? — спытаў у Мэрэя Скоці.
— Яны заўсёды пакідаюць свае сляды, — сказаў Мэрэй. — Забіваюць слупы, пазначаюць дрэвы, дарогу. А вакол гэтага возера ніякіх слядоў альбо адзнак няма; я там усё аблазіў. Ва ўсякім выпадку, да бліжэйшага кардона там не менш як трыста міль, і гэта на самай ускраіне заказніка.
— А мо яны пра гэтае возера наогул не ведаюць? — сказаў Рой.
— Я ў гэтым цалкам перакананы, — сказаў Мэрэй.
— Ты і мінулым разам быў перакананы, аднак жа трапіўся, — сказаў Скоці. Ён пашкадаваў, што дастаў бутэльку, баяўся, што яна магла падштурхнуць Роя да вар'яцкіх учынкаў, і лічыў сваім абавязкам змагацца за Роя супраць злачыннага ўплыву гэтага валацугі.
— Мінулым разам, — спакойна азваўся Мэрэй, — мне давялося прайсці праз увесь заказнік, каб дабрацца да месца палявання. Вось яны мяне і высачылі. Але гэтае возера ў сама далёкім канцы. Туды мы можам патрапіць, калі абыйдзем участак Індзейца Боба і зрэжам на поўнач ад твайго, Скоці, затым перацягнем човен праз хрыбет Белых гор і спусцімся па даліне да Сярэбранай ракі. Возера крыху на поўнач, і знайсці яго няпроста. Яно губляецца сярод соцень іншых азёр і ў самім заказніку і за яго межамі. Нам толькі трэба дабрацца туды да замаразкаў і аблавіць болей рэчак, пакуль яны моцна не замерзнуць. Інакш давядзецца зрабіць добры шпацыр туды і назад.
Рой устаў і сплюнуў жвачку проста ў печку. Самсон быў заняты чарговым глытком з бутэлькі. Мэрэй круціў самакрутку надзвычай старанна і вельмі лоўка.
Скоці нервова пстрыкаў затворам свайго трыццаціпяцікалібернага рэмінгтона.
— А чаму б і на самай справе нам не выправіцца туды, Скоці? — раптам спытаў Самсон.
— Не, выбачайце! — паўтарыў Скоці.
Рой больш не ўгаворваў Самсона. Але сам ён станавіўся ўсё больш перакананы ў сваім рашэнні.
— Хоць яшчэ раз па-сапраўднаму паглядзелі б на баброў, — усё больш горача разважаў ён. — А то тут на гэтыя пакінутыя хаткі глядзець гідка. Калі пойдзе бабёр, увесь лес апусцее, а бабёр сыходзіць, Скоці; мне ты можаш паверыць, ён сыходзіць. І ты гэта ведаеш, і я ведаю, і ўсе мы ведаем. Сыходзіць усё роўна як фермеры з Сент-Элена. Вылавілі звера, выаралі зямлю.
— Проста ты сп'янеў раней часу, — зазначыў Скоці.
— І ты, і інспектар, абодва вы толькі і ведаеце, што нагадваць мне, што я п'яны!
Усе яны добра выпілі, таму спрэчка разгаралася і пераходзіла на асобы, пакуль, нарэшце, Скоці не закрычаў, імкнучыся ўратаваць Роя ад самога сябе:
— Ты скончыш тым, што апынешся па-за законам, як Мэрэй!
Мэрэй зрабіў яшчэ глыток і спакойна слухаў іхнюю спрэчку.
— Я яшчэ не па-за законам, — пярэчыў Рой.
— Але хутка будзеш, — настойваў Скоці. — Пападзешся на незаконнай лоўлі ў заказніку, вось ты і па-за законам, Рой.
— Я не збіраюся пападацца, — крычаў Рой. — Я ўсё жыццё лавіў каралеўскую дзічыну, аднак не пападаўся. Так, я страляў каралеўскіх аленяў у самой Англіі і не пападаўся. Чаму ж мне трэба пападацца зараз?
Гэта была даўняя пахвальба Роя, кожны звералоў Муск-о-гі чуў ад яго самога альбо ад іншых, што Рой паляваў на каралеўскую дзічыну ў Вялікім Віндзорскім парку. Падчас першай сусветнай вайны часць Роя была раскватаравана ў ваколіцах гэтага парка, і Рой пераконваў, што забяспечваў аленінай увесь лагер, пералазячы праз каралеўскі плот, ловячы аленяня або лань і з дапамогай ротных кухараў замяняў ёю каніну, якую давала ім інтэнданцтва. Гэта была адна з лепшых ставак Роя ў яго гульні з жыццём, гэта, ды яшчэ тое, што ў шаснаццаць гадоў ён мог пахваліцца, што акружнасць грудной клеткі ў яго рэкордная для ўсёй Канадскай арміі.
— Чулі мы, як ты абедаў за кошт караля, — кісла перапыніў яго Скоці. — Толькі ў Віндзорскім парку не было ніякіх інспектараў, а ў заказніку іх пяць. І яшчэ, Рой, трэба ж калі-небудзь спыніць гэтае браканьерства.
Рой засмяяўся.
— Мы браканьерым толькі таму, што нехта назваў гэта браканьерствам. Пачакай, вось хутка інспектар аб'явіць мёртвы сезон на ўсе віды пушнога звера ў нашым Муск-о-гі і кожную злоўленую табой мыш таксама аб'явіць браканьерствам.
— Ну, гэтага яны не зробяць, — сонна азваўся Самсон.
Рой выпіў тое, што заставалася на дне бутэлькі. Гарэлка была густая і мутная, і калі яна абпаліла яму язык, да Роя вярнуўся заснулы гумар.
— Самсон, — сказаў Рой, — калі кароль аб'яўляе бабра пацуком, а рысь — мядзведзем, ён усё адно мае рацыю. Так сказана ў законе пра звералоўства і рыбалоўства. Губернатар таксама можа назваць кожную рэч, як ён захоча. Ён можа аб'явіць рыбу пушным зверам, ён можа ўсялякае стварэнне лічыць каралеўскай дзічынай і на ўсё заявіць каралеўскае права. Губернатар у дзяржаўным савеце можа аб'явіць бярозу піхтай, сасну — клёнам, возера — ракой, дрэва — каменнем. На тое ён і губернатар. І калі ён заявіць, што ты браканьер, дык, клянуся Богам, Самсон, ты ім і будзеш, чым бы ты на самай справе не займаўся. Дык чаму ж нам не браканьерыць? І чаму б нам не паляваць у заказніку? Што, хіба гэта не той жа лес? Усялякая дзічына належыць лесу, а лес належыць траперам, гэтаксама, як Сент-Элен належыць фермерам, а Сэдберы — шахцёрам. Ты верыш у тое, што ты браканьер, толькі таму, што браканьерам цябе называе губернатар. Так! А ты паспрабуй злавіць мяне, калі я залезу ў лес!
— Ты п'яны! — з агідай сказаў Скоці.
— Ваша прападобнасць, вельмі шаноўны айцец інспектар Скоці Малькольм, — прамовіў Рой.
— Дык што, ты і на самай справе туды збіраешся? — спытаў Скоці.
Рой засмяяўся.
— А што, там і праўда процьма баброў, Сахаты?
— А як жа, — сказаў Мэрэй, які з кожным глытком станавіўся ўсё больш спакойным, усё больш разважлівым.
— Тады чаму б не пайсці, — сказаў Рой. — Пайду. Хоць бы дзеля таго, каб паказаць нос гэтаму губернатару.
— Пакажы ім, Рой! — падтрымаў Самсон.
— Вось мы з табой і пакажам усяму свету, Самсон, — сказаў Рой.
— Мы з табой, — паўтарыў Самсон, устаючы на ўвесь свой рост побач з Роем.
— Самсон, — сказаў Рой, — даю пяцьдзесят даляраў, што ты не выкінеш Скоці за дзверы. Даю сто, што зачэпіш яго за парог!
Тут засмяяўся нават Мэрэй.
— А я даю яшчэ пяцьдзесят, што не скінеш Роя ў возера, — сказаў ён Самсону.
Скоці гаротна дапіваў гарэлку, а тым часам выклікі станавіліся ўсё больш адчайнымі.
— Хто лепшы стралок ва ўсім Муск-о-гі? — раптам спытаў Рой.
— Я! — закрычаў Самсон.
— Ну што ж, паглядзім, як ты падстрэліш мыш у тым кутку з трыццаціпяцікалібернага ружжа Скоці, — сказаў Рой. Ён узяў рэмінгтон Скоці і падаў яго Самсону. — Пяць даляраў!
— Дай патронаў, — папрасіў Самсон у Скоці.
Скоці зірнуў на свайго напарніка.
— Толькі не маімі патронамі, — адрэзаў ён.
— Ну, хопіць, Скоці, — прасіў Самсон.
Іншыя назіралі за іхняй перапалкай, чакаючы, што яна ператворыцца ў сварку. Яшчэ ніколі ў іх не заходзіла так далёка. Скоці быў раз'юшаны, а Самсон поўны самаўпэўненай ганарлівасці, і абодва п'яныя.
— Калі вы распачнеце стральбу тут, хто-небудзь стане пацярпелым, — сказаў Скоці.
— Перастань, Скоці, — сказаў Рой. — Дай яму пастраляць.
Ведаючы, што гэтага рабіць нельга, але не жадаючы сварыцца з Самсонам, Скоці разарваў пачак і даў Самсону прыгаршчы патронаў. Самсон сядзеў на адным ложку з Роем, а Мэрэй і Скоці — на другім, усе ў адзін рад ля адной сцяны хаціны. Падстрэшша, з якога вылазілі мышы, было на іншым канцы, на верхнім бервяне, якое яднала сцяну са страхой. Па гэтым бервяне мышы маглі бегаць вакол усёй хаціны, але часцей за ўсё яны з'яўляліся над дзвярыма. Гняздо, відаць, было ў іх у куце, за складзенымі цуркамі.
Чацвёра паляўнічых чакалі з'яўлення першай мышы, ружжо ляжала ў Самсона напагатове папярок калена.
— Калі куля дасць рыкашэт, — сказаў Скоці, — яна каго-небудзь з нас укакошыць.
— Мо і цябе, Скоці, — сказаў Рой.
Самсон выстраліў.
Куля вылецела са ствала з хуткасцю каля двух тысяч футаў у секунду. Гэта была куля з мяккім наканечнікам, яна стукнулася ў сухое сасновае бервяно зусім побач з мышшу, адкалола трэску, якою мыш расплюшчыла аб страху, адскочыла да бакавой сцяны і правалілася ў бярозавыя цуркі. Гук выстрала і віск рыкашэта прымусіў усіх прыгнуцца і на імгненне знерухомець. Пасля гэтага Скоці ўсклікнуў:
— Ён заразіў твае пяць даляраў, Рой!
— І праўда, халера, патрапіў, — сказаў Рой.
Замест таго каб скончыць гульню, Самсон стаў хваліцца сваім майстэрствам.
Нават Скоці не магло не падабацца, як страляе Самсон. Бо нават п'яны Самсон страляў лепш за ўсіх. Гук выстрала не прымусіў мышэй уцякаць, а толькі ўстурбаваў іх, і Самсон злёту дастаў куляй беланогую мыш, калі яна скокнула на пустую бляшанку з-пад тытуню.
— З такога ружжа нельга прамазаць, — сказаў Мэрэй.
Вінтоўка Скоці была новенькая, і яе затвор шчоўкаў з выразным гукам дакладнага механізма. Гэта было першае, што набыў Скоці на дэмабілізацыйную дапамогу пасля вайны. Безадмоўнае, сучаснае, дальнабойнае і трапнае ружжо. У самога Самсона быў стары бокфлінт[2], і Рой пераконваў, што няма на свеце ружжа больш няўклюднага і дрэнна збалансаванага.
Самсон карыстаўся самаробнымі валавянымі кулямі, вялікімі цяжкімі балванкамі, якія зблізку забівалі напавал, але на адлегласці больш за шэсцьдзесят крокаў выдыхаліся.
— А ты паспрабуй са сваёй бранябойкі, — папрасіў Рой Самсона. — Паглядзім, як лупіць гэтая гармата па маленькіх мышах.
Самсон паспрабаваў і прамахнуўся, валавяная куля зрабіла дзірку ў страсе, неверагодны выстрал аглушыў іх гулкім рэхам ад усіх чатырох сцен. Не вытрымаў нават Рой.
— Хопіць, — сказаў ён. — Смальні вось з гэтага. — І ён падаў сваё ружжо.
Гэта быў паляўнічы вінчэстэр з рычажным механізмам затвора, сама жаданае ружжо лесавікоў усёй Амерыкі і асабліва канадскіх трапераў. Яно было не даўжэйшае чым карабін. Ложа ў яго было пашчапанае, механізм затвора крыху расхлябаны, але ў руках Роя гэта было дасканалае ружжо. Для свайго калібра яно мела зычны голас, і першасны шчаўчок яго рычажнага затвора супадаў з выстралам, так хутка ён адбываўся ў руках добрага стралка. Самсон зрабіў з яго два стрэлы: адзін раз патрапіў, другі прамазаў.
Затым мышы пэўны час не паказваліся, але ўсе чацвёра цярпліва чакалі.
Зараз кожны вышукваў сабе цэль, і калі перапалоханыя мышы зноў замітусіліся з кута ў кут, уверх па сценах і ўніз па бярвеннях, — адзін паляўнічы за другім спускаў курок, і ўсе разам прыгіналіся, калі куля рыкашэціла над іхнімі галовамі альбо скакала каля іх на падлозе. Толькі Скоці не страляў. Ён любіў страляць, але не хацеў браць удзел у тым, што лічыў жорсткай забаўкай.
— Гэтыя беланогія мышы нікому не робяць шкоды, — казаў ён. — Навошта вы іх расстрэльваеце? Пашкадуйце кулю для пацука.
Рой таксама нічога не меў супраць мышэй, але сцвярджаў, што яны крадуць у яго шкарпэткі, зацягваюць у нару і робяць з іх гнёзды. Гэта было апраўданнем, да таго ж Рой наўрад ці ўсведамляў, што ён забівае. Самсон ужо наогул не ўсведамляў, што робіць. Мэрэю было рашуча ўсё роўна, што ён робіць, усё роўна, што трапляла яму на мушку: птушка, звер ці чалавек. У яго была старая вінтоўка ваеннага ўзору, няўклюдны прыклад якой ён абстругаў пад паляўнічае ружжо. Гэта зрабіла значна цяжэйшай яе дульную частку, акрамя таго, падчас кожнага стрэлу вочы зацярушвала порахам, але біла ружжо даволі трапна па асноўнай дзічыне — ласю; страляючы па ласю, ён рэдка прамахваўся.
— Глядзіце, — сказаў Рой у час чарговай перадышкі.
Невялікая рабая ласка, выскачыўшы з кутка, пагналася за мышшу і знікла ўслед за ёю. Яна мільганула так хутка, што яны яе ледзьве прыкмецілі.
— Яна ў мяне свойская, — сказаў Рой. — Ловіць мышэй.
— Вось гэта мішэнь, — дадаў Мэрэй. — Рухомая мішэнь, тое, што трэба.
Усе пагадзіліся. Калі назіралі за ласкай, якая ганялася за мышамі, здавалася, што яна не адна, а не менш дзесятка. Ласка знікала ў сама маленькай дзірцы і вылятала адтуль з неверагоднай хуткасцю.
— Давайце прыбавім святла, — сказаў Мэрэй і падцягнуў кнот газавай лямпы так, што яна ярка асвяліла падстрэшша, дзе схавалася ласка.
— Даю дзесяць даляраў, што ніхто не пападзе ў ласку, — сказаў ён.
Рой лічыў гэтак жа. Ды ён і не хацеў пападаць у ласку.
Яна з'явілася ў хаціне летам, калі ёй было некалькі месяцаў — яшчэ ў карычневай скурцы. А зараз яна ўжо насіла сваю белую зімовую апратку і амаль што вырасла. Рой не хацеў, каб яе падстрэлілі, але яму хацелася паспрабаваць выйграць у гэтай амаль безнадзейнай гульні.
Яны сядзелі і чакалі, і кожны падрыхтаваў ружжо.
Самсон свістаў і пішчаў, імкнучыся выклікаць ласку са сваёй схованкі.
Скоці насцярожана маўчаў.
Рой хістаўся, хоць і меў насалоду ад гэтага спаборніцтва.
Мэрэй чакаў, нібыта ні пра што і не думаў.
Раптоўнае з'яўленне ласкі імгненна выклікала выстрал. Адбылося гэта так хутка, што ўсе здзівіліся, а яшчэ больш яны здзівіліся, калі ўбачылі, што ласка, разарваная куляй амаль папалам, звалілася ў рукамыйны таз.
Усе зірнулі на Скоці.
— Не люблю ласку, — сказаў ідэаліст Скоці. — Яна заўсёды на некага палюе — крыважэрная. Забівае дзеля таго, каб забіць.
— Вось гэта быў выстрал! — шчыра здзівіўся Самсон удачы сябра.
Роя гэта амаль працверазіла, а Мэрэй гучна засмяяўся.
— Не сярдуй, Рой, — сказаў Скоці, адчуваючы, што Рой незадаволены. — Трымай! — ён зноў палез у мех і дастаў яшчэ адну бутэльку гарэлкі. — Гэтая яшчэ мо смачнейшая.
Рой выпіў, выпіў і Скоці. Пра іншых яны забыліся, бо паміж Скоці і Роем была даўняя спрэчка, якую не маглі зразумець Мэрэй і Самсон. Спрэчка была такая сур'ёзная і глыбокая, што нікому з іх не трэба было зараз гаварыць. Яны ведалі думкі адзін аднаго і без гэтага. Стрэл, які забіў ласку, быў толькі чарговай праявай іхняй спрэчкі, і хоць абодва былі п'яныя, яны і зараз вялі спрэчку.
Рой быў матэрыяліст, аб'ектыўны назіральнік жыцця лесу. Уласны вопыт навучыў яго, што ўсе звычкі і навыкі лясных звяроў (лютыя альбо спакойныя) — гэта частка натуральнага працэсу, працэсу эвалюцыі і барацьбы за існаванне, што кожны звер мусіў забіваць, каб выжыць, хоць у далейшым ён і сам можа стаць ахвярай больш дужага драпежніка. Для Роя гэта быў натуральны працэс, тое, што варта прызнаць як існасць, няхай сабе гэта жорстка ці міласэрна, трагічна ці смешна. Ён прымаў гэта як аб'ектыўны факт і даўно перастаў шукаць у гэтым працэсе дабро ці зло, бо сам ён не ўдзельнічаў у гэтым. Рой ведаў, што чалавек стаіць збоку і над усімі іншымі. Ён уключаецца ў працэс толькі як валадар, бо прырода і ўсё ў ёй варожае да чалавека. Прырода знішчыла б людзей, калі б яны агульнымі намаганнямі не дабіліся перамогі над ёй і не сталі кіраваць ёю. Рой заўсёды ўключаў сябе ў гэтую агульную барацьбу з прыродай; часткай яе былі і пабудова гэтай надзейнай хаціны, і скарыстанне чалавечага спрыту падчас адлову звяркоў: пушніна на продаж, мяса на ежу — усё дзеля таго, каб выжыць у гэтай барацьбе з прыродай. Як істота грамадская, якая здольная да спачування і самаабмежавання, Рой, вядома, меў свае сімпатыі і антыпатыі і ў тым, што рабіў сам, і ў тым, што рабілі звяры, але, сімпатызуючы аднаму зверу, ён прымаў іх усіх і без патрэбы ніколі не ўмешваўся ў іхняе жыццё. Ён любіў назіраць за жыццём, не парушаючы яго рытму. Яму падабаліся мышы, але ён з задавальненнем назіраў, як ласка выконвае сваё прызначэнне, калі палюе на мышэй. Гэта была не жорсткасць, гэта быў закон жыцця. Часам Рой усё ж умешваўся, часам ён уключаў сябе альбо сваё ружжо ў гэты працэс, проста, каб паглядзець, што з гэтага атрымаецца, але нават і тады гэта было толькі развіццё працэсу, яго праверка. У астатнім Рой захоўваў найстражэйшы нейтралітэт. Часам жорсткасць таго, што адбывалася ў лесе, абурала яго, але ён ніколі не караў аднаго звера за жорсткасць у адносінах да другога. Гэта было б таксама праявай жорсткасці, яго жорсткасці, а ён не хацеў быць жорсткім. Ён забіваў мядзведзя, калі той нападаў на яго, аленя — калі патрэбен быў харч, бабра — за тое, што яго скурка патрэбна яму; але забойства дзеля забойства было яму агідна. І не менш агідным было б для яго забойства на правах нейкай боскай асобы, якая абвясціла адных жывёл добрымі, другіх — дрэннымі, адных невінаватымі, другіх вінаватымі. Для Роя гэта было б адзнакай сама неверагоднай абстрактнай жорсткасці, і менавіта ў гэтым быў сэнс яго маўклівай спрэчкі са Скоці Малькольмам.
Скоці Малькольм быў ідэаліст, ён верыў, што існуе агульнаабавязковы для ўсіх прынцып дабра і зла, што дабро і зло існуюць на свеце, проста існуюць, існуюць як вышэйшы закон. Для Скоці ўвесь жывёльны свет быў страшным асяроддзем, жорсткім і злачынным кругаваротам: забі, каб не быць забітым; працэсам, які па самой сваёй сутнасці заганны, заганны ў цэлым і ва ўсіх сваіх частках. Кожны раз, калі гэтага патрабавала яго пачуццё дабра і зла, Скоці ўмешваўся ў гэты працэс. Ён забіваў саву, калі бачыў, што яна нападае на зайца; ён вызваляў муху з павуціны і забіваў павука; ён забіў ласку, бо яна палявала за дробнымі мышамі. Ён не задумваючыся караў вінаватых, бо дакладна ведаў, што добра і што дрэнна. Ён гэта ведаў, пакуль не сутыкнуўся з супярэчнасцямі, якія ўзрушвалі яго. Сёння ён мусіў забіць ласку, бо яна напала на мышэй, але ж заўтра ён, магчыма, будзе вымушаны забіць лісу, якая пагоніцца за ласкай.
Рой не пераставаў выкрываць гэтае слабае месца ў яго тэорыях, але Скоці заўсёды пачынаў талкаваць пра жорсткасць, апраўданую і неапраўданую. Ён сцвярджаў, што некаторыя жывёлы горшыя за іншых і таму іх трэба вучыць. Гэта прыводзіла Скоці да прызнання, што некаторых жывёл ён ненавідзіць і пагарджае, а іншых паважае як узор прыстойнасці і добрых паводзін. Ён усіх лясных звяроў надзяляў чалавечымі якасцямі: жорсткасцю, вернасцю, ахайнасцю, стараннем альбо знарочыстай подласцю. Жывёл, якія яму падабаліся, ён забіваў неахвотна. Тых, якіх ненавідзеў, забіваў з задавальненнем. Ён ненавідзеў норку, таму што норка, гэтаксама як і ласка, была сама пражорлівым з маленькіх драпежнікаў лесу. Скунс яму падабаўся сваёй храбрасцю, мядзведзь тым, што ён прасцяк, янот тым, што ён чысцюля, бабёр — як выключны разумнік; але лісой ён грэбаваў за яе хітрыкі, ваўка не любіў за бязлітаснасць, вавёрку за надакучлівасць, куніцу за тое, што яна абкрадвала яго пасткі. У яго была тэорыя, што сама пакорлівыя насельнікі лесу — сама жывучыя і таму яны перажывуць драпежнікаў і заселяць зямлю. Ён сцвярджаў, што дзікабраз, які толькі тым і ўмее ўратавацца, што згортвацца ў калючы клубок, — цар лесу таму, што выйграваў барацьбу з праціўнікам. З ім не маглі справіцца нават пражэрлівасць і жорсткасць сама мацёрага забойцы лесу — расамахі. Расамаха магла забіць і з'есці дзікабраза, нягледзячы на яго іголкі, але адразу пасля гэтага яна і сама здыхала, вельмі пакутліва, бо іголкі з'едзенага дзікабраза раздзіралі ёй горла, лёгкія і страўнік. Для Скоці ў гэтым была паэзія справядлівай адплаты і зарука таго, што пакорлівыя ўзвысяцца і што пасіўная абарона адзіна правільная абарона. Ён дастасаваў гэта і да скунса, спрачаўся з Роем, што скунс ідэал жывёльнага свету. Скунс бясшкодны, адважны, усе ў лесе пазбягаюць яго проста таму, што баяцца, каб ён не абліў іх смярдзючым струменем з хваставой залозы; скунс своеасаблівы і незалежны, жыве адзін і не кантактуе нават са сваімі родзічамі, ён ахайны, надзейны, дужы. Скунсу прызначана было стаць ідэальным узорам дабра, як ваўку альбо норцы — узорам зла. Усё прадвызначана — каму наканавана нарадзіцца забойцам, а каму — яго ахвярай; і барацьба паміж імі — гэта барацьба зла з дабром. Вера Скоці ў дзікабраза і скунса прыводзіла яго да высновы, што пакорлівыя перамогуць, хоць і з яго дапамогай.
Вось у чым была розніца паміж імі, вось сэнс іхняй маўклівай спрэчкі.
Гэта была маўклівая спрэчка, бо ніхто з іх не ўмеў выказаць сваіх аргументаў словамі. Яны ніколі не маглі дайсці да сутнасці справы. Яны разумелі, пра што спрачаюцца, але спрачацца маглі толькі фактамі, прыкладамі. Яны і зараз спрачаліся ўсё пра тое ж, хоць і былі моцна п'яныя.
Рой адказваў, што Скоці паступіў жорстка, калі забіваў ласку.
Скоці адмаўляў гэта, кажучы, што забойцаў трэба знішчаць.
Рой пытаўся, чаму Скоці не заб'е свайго ўлюбёнца скунса? Скунс знішчае мышэй, знішчае ўдвая больш, чым цэлы вывадак ласак, і з'ядае іх, нават калі наеты.
Скоці пярэчыў, што скунс — іншая справа, ён знішчае дзеля харчавання, а не таму, што любіць забіваць. Акрамя таго, у скунса шмат іншых прыстойнасцяў, і ён зноў пералічыў іх, хоць Рой адразу ж заявіў, што гэтыя прыстойнасці ёсць і ў ласкі, і ў лісы, і ў норкі. Рой сцвярджаў, што такія ж прыстойнасці маюць і іншыя драпежнікі. Норка, напрыклад, клапатлівая маці, яна сама заморыць сябе голадам, каб толькі накарміць дзяцей. Расамаха адводзіць людзей і сабак ад сваіх дзяцей, рызыкуючы ўласным жыццём, а любімец Скоці, паважаны дзікабраз — баязлівы і плаксівы, падчас нават невялікай небяспекі забіваецца ў нару з дзецьмі, бурчыць, плача і плюецца, а часам нават пакідае дзяцей. А наконт таго, што дзікабраз наследуе зямлю, Рой даказваў, што мядзведзь (якім Скоці захапляецца) можа без асаблівай для сябе шкоды забіць і з'есці дзікабраза, як, зрэшты, і куніца-рыбачка. Але гэты довад толькі ўзмацніў захапленне Скоці мядзведзем, бо, маўляў, ён і есці ўмее разумна, культурна, не абжыраецца да смерці.
Спрэчка працягвалася доўга і закончылася, як канчаецца заўсёды; закончылася ў той самы момант, калі яны зачапілі сутнасць пытання. Калі Рой спытаў, як можна вырашыць, як звер мае рацыю, а які не, Скоці запярэчыў, што тут і рашаць няма чаго. Адны спрадвечна маюць рацыю, іншыя вінаватыя таксама спрадвечна, і ўсе жывёліны падпарадкоўваюцца пэўнаму закону. Тут Рой спытаў — калі ёсць набор чыстых і нячыстых, то як чалавек можа прывучыць ваўка мірна суіснаваць з зайцам, ласку з мышшу, льва з авечкай, сабаку з катом.
І вось тут абодва пачыналі блытацца, і іхняя спрэчка пераходзіла ў маўклівую нязгоду, нязгоду па галоўных поглядах на жыццё — невырашальных, бо яны не ўмелі яе вырашыць.
— Ладна, — сказаў Самсон, злазячы з ложка. — Пайду пакупаюся ў возеры. Пайшлі, Сахаты! Няхай яны перагрызуць адзін аднаму горла, вышукваючы кожны сваю праўду. А я пайду пакупаюся ў возеры.
Мэрэй устаў таксама. Ён мог назіраць за ўсім, што б чалавек ні рабіў.
Рой стаў іх стрымліваць.
— Толькі цябе ў гэтым возеры і не хапала, — казаў ён Самсону. — Яно толькі і чакала, што ты п'яны ў яго боўтнешся.
— Я яго злаўлю, калі ён уваліцца, — сказаў Мэрэй.
— Ведаю я цябе, будзеш стаяць і любавацца, як ён тоне, — сказаў яму Рой.
Аб'яднанымі намаганнямі Скоці і Рою ўдалося ўтрымаць Самсона і Мэрэя ў хаціне. Скоці спакусіў іх рэшткамі гарэлкі, а Рой дашкандыбаў да дзвярэй і замкнуў іх. Калі яны як-кольвек размясціліся на ложках на начлег, Рой зрабіў апошняе наступленне на сілы прыроды. Ён цалкам загрузіў печ бярозавымі цуркамі, і тады, калі ён стомлена ўпаў на ложак побач са Скоці, чырвонае полымя зацьміла слабое святло лямпы, і Рой, яшчэ да таго, як заснуць, адчуў чароўную нязручнасць нясцерпнай гарачыні ім жа напаленай печы. Хоць у гэтай бітве ён заўсёды мог застацца пераможцам! І з пачуццём атрыманай перамогі ён хутка заснуў.