— Гэта Рой Мак-Нэйр, — сказаў Зел незнаёмым мужчынам.
Рой ужо заўважыў, што сярод іх не было інспектара.
— Добры дзень, — сказалі яны Рою.
Рой нічога не адказаў. Ён яшчэ не мог аддыхацца пасля такога напружання. Ён ведаў, што гэта прадстаўнікі нейкай улады, ён беспамылкова вызначыў гэта па іхняй гаворцы і манерах, як бы па-сяброўску і нязмушана яны сябе ні паводзілі. Адзін быў таўстун, з праніклівымі вачыма і ўпэўненай лініяй рота. Другі — малады бландзін сярэдняга росту. Апрануты як паляўнічыя, у чырвоныя курткі і кепкі, абодва ў высокіх паляўнічых ботах і скураных пальчатках. Тыповыя асобы пры пасадзе, толькі невядома якой. Рой падумаў, ці не леснікі гэта? Ва ўсякім разе не пушнінныя інспектары.
— Мяне завуць Бэрк, — сказаў камлюкаваты.
Ён гаварыў рашуча, амаль рэзка, не спускаючы жывых вачэй з заклапочанага твару Роя.
— А гэта Ласон, — сказаў ён пра маладога бландзіна. — Мы работнікі па ахове рэсурсаў пушніны і рыбы.
Рой ніколі пра такіх не чуў.
— Вы інспектары? — смела спытаўся ён.
— Біёлагі, — адказаў Бэрк.
Ён заўважыў спалох Роя і ледзь прыкметна ўсміхнуўся, але вочы яго смяяліся з удалага жарта.
— Інспектары? — паўтарыў ён. — Не, з інспектарамі мы не маем нічога агульнага.
Ласон таксама зразумеў сітуацыю і рассмяяўся, адкінуўшы галаву назад.
— Мы вас устурбавалі, — сказаў Ласон, праводзячы рукой па доўгіх светлых валасах. Ён усё яшчэ смяяўся проста ў твар Рою. — Мы аддзел Упраўлення па запаведніках. Не маем нічога агульнага ні з інспекцыяй, ні з кантролем — толькі ахова.
Рой трымаўся насцярожана.
— Ці можна нам у вас пераначаваць? — спытаў Бэрк. — У нас ёсць спальныя мяшкі, і спаць мы будзем на падлозе.
— Калі ласка, — сказаў Рой, нічога больш ім не прапануючы і ўсё яшчэ з сумневам. — А чаго вы з'явіліся на возеры Піт-Піт?
— Возера Піт-Піт? — паўтарыў Бэрк, нібыта ўслухоўваўся ў гэтую назву.
— Гэта адзіная тут прыдатная пасадка на ваду, — сказаў Ласон. — У возера ўпадае некалькі рэк, і яны адсунулі плывучы лёд. Але ля берага яго ўсё адно шмат, так што я сеў крыху далей. Вы задаволены?
Ён пытаўся ў Роя, як госць у гаспадара, і тут не чуваць было ніякага ашуканства. Рой сказаў, што ўсё нармальна, толькі ён здзіўлены, чаму яны не селі бліжэй да хаціны. Аднак пазней Рой зноў засумняваўся.
— А адкуль вы пра мяне даведаліся? — спытаў ён як мага больш абыякава.
— Мы ведалі толькі, што недзе недалёка павінна быць паляўнічая хаціна, — сказаў Бэрк і ледзьве ўсадзіў сваё масіўнае цела ля печы. — Мы абляцелі ўвесь Муск-о-гі, і нам трэба было дзе-небудзь апусціцца на начлег.
— А ваша хаціна нанесена на карту, — дадаў Ласон.
Яны відочна хацелі развеяць сумненні Роя, і Рой бачыў, што яны робяць гэта старанна і цярпліва, але яму і гэтага было мала.
— А з вамі ёсць яшчэ хто-небудзь? — спытаўся ён і падклаў дроў у печ.
— Не. Нас толькі двое, — сказаў яму бландзін Ласон. — Наша машына падымае толькі дваіх. І то яна з цяжкасцю садзіцца на ваду.
Рой верыў ім, але ведаў, што іхняе з'яўленне тут можа абярнуцца рознымі нечаканасцямі. І чаго іх сюды занесла? Што спатрэбілася гэтым біёлагам у такой глушы? Рою не зусім было зразумела, чым наогул займаюцца біёлагі, але ён ведаў, што гэтая праца надта спецыфічная, вельмі складаная. Яны, вядома, адукаваныя людзі, але не навічкі ў лесе. Трэба з імі асцярожна. Не інакш гэта звязана з Сахатым і з заказнікам.
— Ну што ж, вы патрапілі адразу на вячэру, — сказаў ён.
Гэта былі першыя дружалюбныя словы. Ён заўважыў, што яны пераглянуліся нібыта з палёгкай. Нягледзячы на падазрэнні, яны падабаліся Рою, як часта падабаліся людзі з першага позірку. Яны вельмі розныя, але яскрава бачна, што яны добра разумеюць адзін аднаго і што іх яднае сапраўдная дружба. А Рою падабалася, калі адзін чалавек разумее другога, калі адзін аднаго разумеюць усе людзі, звязаныя агульнай справай.
— Вы, відаць, ляцелі па возеры з усёй моцы, — сказаў Бэрк Рою.
Рой усё яшчэ цяжка дыхаў, шапкай выціраючы пот з твару, куртку ён скінуў, каб крыху астыць у цёплай хаце.
— Відаць, цяжка веславаць у чоўне, — дадаў Бэрк.
— Я стараўся ісці ўпоравень з ветрам, — сказаў Рой.
Бэрк уважліва паглядзеў наРоя, і той зразумеў, што гэтыя словы спадабаліся камлюкаватаму біёлагу. Рою здавалася, што гэты чалавек хутка схоплівае і разумее думкі і пачуцці іншых, і скаванасць Роя паступова знікала.
— Вы, спецыялісты, відаць, прагаладаліся? — спытаўся ён.
— Праўда, мы не супраць згатаваць для ўсіх смажаніну, — адказаў Бэрк. — Калі ў вас знойдзецца рондаль добрай ёмістасці, я адразу ж і пачну. Вы не супраць?
Зноў Рой ацаніў гэтую шчырую прапанову. Ён не пярэчыць, калі яны зоймуцца вячэрай. З іхняга боку гэта было ветліва. Яны, відаць, ведалі, як трэба паводзіць сябе ў чужой хаціне і як паводзіў бы сябе ў падобных абставінах прышлы паляўнічы. Насцярожанасць Роя стала яшчэ меншай, і ён выйшаў пашукаць Зела Сен-Клэра, які знік, як толькі з'явіўся Рой. Зела знайшоў каля скалістага прычала, ён лавіў вясло Роя, якое плавала ў вадзе.
— Пайшлі да іх, Зел, — сказаў Рой. — Яны неблагія хлопцы.
— Пайшлі, — сказаў Зел. — Зірні.
Рой паглядзеў туды, куды паказваў Зел. А ён паказваў на два калы, якія тырчалі з вады маленькай бухты, што пачыналася ля скалістага прычала. Гэта былі небяспечныя калы рыбалоўнай сеткі, той сеткі, якая забяспечвала Роя шчупачаняткамі і шчупакамі для прынады, для ежы. Падчас доўгай адлучкі на Чатыры Азёры і на Зялёныя Азёры ён забыўся затапіць яе на зіму. І зараз прысутнасць яе была відавочнай для кожнага чалавека, які хоць крыху разбіраўся ў лоўлі рыбы.
— «Лоўля сеткай альбо іншым чынам, акрамя вуды ці спінінга, строга забаронена», — сказаў Рой. Вось што гаворыць закон, і хоць гэта было не надта страшнае парушэнне, якое іншым часам сышло б з рук, зараз выяўленая сетка магла мець сур'ёзны вынік.
— Пайшлі, Зел, затопім яе, — сказаў Рой.
Яны ўжо спускалі човен на ваду, калі з хаціны выйшаў Ласон з цэлым абярэмкам нейкіх прыбораў.
— Ці не дазволіце пакарыстацца вашым чоўнам? — спытаў ён у Роя.
Рой не адказаў.
— Толькі дзеля некалькіх глыбінных пробаў, — патлумачыў Ласон і падняў на выцягнутай руцэ нейкі палатняны конус з медным цыліндрычным наканечнікам. — Толькі вось тут, побач, — дадаў ён у адказ на недаверлівы позірк Роя.
Рой даў яму човен і стаў сачыць, як лоўка ён вяслуе ўздоўж берага. Ласон спачатку агледзеў азерныя водмелі, затым выбраў месца і падвеславаў да берага. Рознымі шуфлікамі, чарпакамі і прыборамі ён узяў у бутэлечкі пробы вады, глею, наносаў, а пасля пераправіўся на другі бераг возера. Ужо сцямнела, і назіраць за ім азначала толькі прыцягваць увагу. Рой махнуў на яго рукой і павёў Зела назад у хаціну, каб ён дапамог другому біёлагу гатаваць смажаніну. А Бэрк зняў куртку і боты, абуў зручныя макасіны і стаяў над сама вялікім рондалям Роя, дзе былі ўжо тлушч і масла. Ён прынёс сюды свой правіянт, і на падлозе ля дзвярэй былі складзены бабёр, андатра, заяц і курапатка.
— Гэта з тых узораў, якіх мы сёння знайшлі, — сказаў ён. — Я пакінуў толькі тое, што спатрэбіцца, а іншыя пойдуць у кацёл. Для сапраўднай паляўнічай смажаніны не хапае толькі вавёркі.
— Вы што, і гэтага бабра пусціце ў кацёл? — спытаў Рой.
— Вядома. А вы супраць?
— Не, давайце! — сказаў Рой, яшчэ не зусім давяраючы таму, што гэты спецыяліст можа згатаваць смажаніну з бабра, андатры і вавёркі.
— Дык вам сапраўды патрэбна вавёрка? — недаверліва спытаў Рой, маючы жаданне паглядзець, як гэты прафесар будзе гатаваць смажаніну з вавёркі.
— А вы можаце здабыць вавёрку?
— А ў вас ёсць дваццацідвухкаліберная? — спытаў Рой.
— Ёсць у Ласона. Зараз яна ў вас пад ложкам.
Рой дастаў ружжо і выйшаў з хаціны, адчуваючы, што ўсё гэта радуе Бэрка. Рой яшчэ раз сказаў сабе, што гэтыя людзі паступова заваёўваюць яго давер, заваёўваюць, калі абыходзяцца з ім як з роўным, паводзяць сябе як і сябры-лесавікі, амаль што як браты-паляўнічыя.
Ён ведаў, што для гэтага ёсць свае прычыны, і хоць міжволі паддаваўся іхнім дружалюбным паводзінам, усё адно з недаверам пытаўся ў сябе — навошта ім спатрэбіўся яго давер. Усё ж яны прадстаўнікі ўлады, якія б у іх ні былі прафесіі. Праз некалькі хвілін Рой падстрэліў чырвоную вавёрку, калі яна на хваёвым суку вішчала на яго, свайго сябра і ворага. Калі ён вяртаўся ў хаціну, сустрэў Ласона, які ішоў ад возера. Човен быў перакулены на прычальнай скале. Усё так, усё зроблена, як трэба.
У хаціне Ласон паказаў здаравенную рыбіну.
— Бачыце, што я тут знайшоў, Кевін? — сказаў ён Бэрку.
— Ого, дык гэта ж чорны акунь, Уіл! — усклікнуў Бэрк. — Дзе вы яго знайшлі?
— Ды тут, у сетцы Роя, — сказаў той. — Я не спадзяваўся, што мы знойдзем чорнага акуня ў азёрах Муск-о-гі.
Рой чакаў асуджэння за сетку, але Бэрк толькі зірнуў на Роя так, нібыта гэта яго яшчэ больш пацешыла.
— А ці падстрэлілі вавёрку? — спытаў Бэрк.
Рой падняў вавёрку, трымаючы яе за хвост.
— Калі я зраблю замеры гэтага тыпа, — сказаў Ласон наконт акуня, — вы можаце дадаць яго да ўсяго астатняга. — Ён стаў на калені і выцягнуў акуня на разасланай газеце, змерыў яго і ўважліва агледзеў. — Дарэчы, — сказаў ён быццам між іншым, не падымаючы вачэй ад акуня, але гэта адносілася да Роя: — я затапіў вашу сетку на той выпадак, калі хто-небудзь сюды зазірне і пацікавіцца ёю. Я не памыліўся?
Рой памарудзіў з адказам, затым усміхнуўся. Здавалася, што зараз ён зарагоча. Зел Сен-Клэр глядзеў на роя гарачымі вачамі кельта, ён асуджаў гэтую нямую сцэну, у якой вытрымка задушыла ў гэтых англасаксаў і гумар і запал. Як паляўнічы, хоць зараз і пазбаўлены права паляваць, Зел дастаткова выразна разумеў сітуацыю, каб не ўмешвацца ў гульню Роя, але гэта каштавала яму шмат намаганняў. Пра сетку Рой больш нічога не сказаў: ні прабачэння, ні жарту. Відаць, ён зразумеў нарэшце, што гэта за людзі, і хутка пачуўся яго гучны смех, а затым зарагатаў і бландзін Ласон. Нават Бэрк усміхнуўся, распраўляючыся з бабром, і вочы ягоныя заблішчалі ад вострага адчування задавальнення.
— А чым вы, уласна, займаецеся? — спытаў Рой.
Ён назіраў, як Бэрк, седзячы на парозе, абдзіраў і абскрэбваў бабра, быццам сапраўдны паляўнічы. Ласон усё яшчэ не ўставаў з падлогі: седзячы ля печы, ён моцнымі ўдарамі рассякаў акуня, мерыў яго асобныя часткі, пасля выпатрашыў, страўнік паклаў у слоік. Гэтыя людзі ведалі сваю справу, і гэта падкупляла Роя.
— Мы проста блукаем па розных мясцінах і глядзім, як жывецца дзічыне і рыбе, — сказаў Бэрк. — Ласон іхтыёлаг. — Бэрк паказаў цераз плячо сточаным паляўнічым нажом. Адначасна ён зірнуў на Роя, каб пераканацца, ці спадабалася яму гэтае слова, і Рой зразумеў, што яно якраз яму і прызначана.
— Ён спецыяліст па рыбе, — патлумачыў Бэрк.
— А вы? — спытаў Рой.
— А я заолаг, — сказаў Бэрк.
— Значыць, спецыяліст па дзічыне?
— Вы маеце рацыю.
— А што вы робіце тут у Муск-о-гі? — спытаў Зел Сен-Клэр.
— Глядзім, як тут жывецца рыбе і дзічыне, — паўтарыў Бэрк.
Ласон зірнуў на Сен-Клэра і зразумеў, што трэба супакоіць і француза.
— Вам, сябры, няма чаго баяцца, — сказаў ён. — Мы на самай справе не маем нічога агульнага з інспектарам.
— Вы ангелец? — спытаў Рой у Ласона.
— Нібыта напаўангелец, — адказаў бладзін.
Яго гаворка толькі часткова нагадвала ангельскую, і, як мог зразумець Рой, у астатнім ён размаўляў як канадзец. Ён значна адрозніваўся ад свайго старэйшага спадарожніка. Ва ўсім, што Бэрк назіраў збоку, Ласон прымаў актыўны ўдзел. Бэрк усё ведаў, але Рой здагадваўся, што Ласон здольны ўсё адчуваць. І знешнасцю, і ўчынкамі Ласон паказваў, што яму падабаецца жыць, і за гэта Рой прымаў яго, як прымаў яго адкрыты хлапчуковы смех. У нечым гэты смех быў нават празмерны. Бэрк быў не надта схільны смяяцца, ён хутчэй смяшыў іншых, нечаму ўсміхаўся цішком. Гэта быў чалавек, які выклікаў захапленне, і Рой бачыў, што малодшы спадарожнік аддаваў яму належнае.
— Ну вось, з гэтым усё, — сказаў Бэрк і кінуў кавалкі бабровага філе ў рондаль. — Зараз возьмемся за пацука.
У справу пайшло ўсё: андатра, заяц, курапатка, акунь і апошняй — маленькая чырвоная вавёрка. Ён выбіраў толькі лепшыя кавалкі, але і так рондаль быў поўны мяса і прыправы з цэлых бульбін, цыбулін, морквы і жменькі пахучай травы.
— А смажаніна будзе тлустая, — сказаў Рой.
— Трэба ж нагульваць тлушч на зіму, — сказаў Бэрк, ляскаючы сабе па жываце.
Гэтак сказаць мог бы і сам Рой, і гэта яшчэ павялічыла яго давер. Але ўсё адно ён не мог даўмецца, чаго яны ад яго хочуць? Дзесьці ўнутры ўсё яшчэ жыло сумненне, хоць яны яму і падабаліся, і ён шукаў адгадку: чаго яны хочуць.
Ён так і не знайшоў адказу аж да таго часу, калі дзверы хаціны адчыніліся і з цемры ў яе зайшоў Джэк Бэртан. Ён быў зацярушаны свежым снегам, яго худыя шчокі палалі чырванню і распухлі, ён аж згінаўся пад цяжарам сваіх рэчаў і рэчаў Роя.
— Фермер Джэк усё ж прабіў сцежку.
— Гэта твой цюк прабіў мне спіну, — сказаў Джэк.
— Узяў таго лася? — спытаў Рой.
— Не. — Джэк зірнуў на незнаёмцаў, але прамое пытанне Роя адразу ўнесла атмасферу даверу. Уласна, Бэртану не было чаго хавацца, у яго быў дазвол на адстрэл лася і аленяў. — Заўтра я яго абавязкова вазьму, — сказаў Джэк Рою. — Лось адбіўся ад чарады на верхняй пашы. Там я заўважыў і аленя.
Госці слухалі, але маўчалі.
Рой сказаў:
— Гэта спецыялісты па дзічыне і рыбе, Джэк.
Ён прамовіў гэта, каб падвесяліць Бэрка. Гэта тлумачыла іхняе з'яўленне для Джэка, але, замест таго, каб увязацца ў далейшую гульню з Бэркам, Рой раптам замаркоціўся. Джэк адчуў гэтую раптоўную перамену настрою Роя і здзівіўся. Ён не здагадваўся, што глыбока ў душы Рой па-ранейшаму турбаваўся пра Эндзі і Сэма, пра Сент-Элен і пра Джыні. Зараз гэтая турбота стала прыкметнай. Быццам гэта Джэк прынёс яе з сабой і быццам сам Эндзі з'явіўся разам з Джэкам. Прыход незнаёмых людзей часова адагнаў гэтую турботу, але Джэк спалохаў яго дыханнем Сент-Элена.
Хутка Джэк зразумеў, што на Роя напала маркота. У такім настроі Рой быў слабы і безразважлівы. Зел ужо тут, Мэрэй вось-вось з'явіцца, значыць, усё яшчэ існуе небяспека, што яны ўгавораць Роя ісці з імі ў заказнік. Адзінай даступнай Джэку контрмерай было жаданне зноў зацягнуць Роя ў лес. Ён пачаў з размовы пра ласёў.
— Ведаеш, Рой, — сказаў Джэк, — я чуў, як гэты лось на хрыбце двойчы паклікаў, як цяля, нібыта чакаў, што яму адкажуць.
— Занадта позна для лася, — безуважна адгукнуўся Рой.
— А я табе кажу, што чуў, — настойваў Джэк.
— Ну калі чуў, значыць, клікаў, — заключыў Рой.
Але тут размову пра лася падхапіў Ласон.
— І на самай справе, сёлета, здаецца, мала ласёў, — сказаў ён Рою. — Як на вашым участку?
— Малавата, — адказаў Рой. — Усяго становіцца мала.
Джэк, уласна, не гэтага хацеў, але наведвальнікі яўна нечага чакалі ад Роя. Яны падхапілі гэтую тэму і пачалі распытваць Роя пра дзічыну, паляванне, але без вялікага поспеху. Рой еў смажаніну і адказваў неахвотна. Нарэшце Бэрк перавёў размову ад становішча дзічыны на яе звычкі. Паволі і паступова ён уцягваў у гаворку і Роя. Паціху, пакрысе Бэрк раскатурхваў яго, то жартам, то пакепліваннем, і ўсё больш уцягваў яго ў сутнасць гаворкі. У ёй прыняў удзел і маленькі Зел Сен-Клэр, і менавіта ён пераважыў. Ён ляжаў на ложку Роя і нават не здаваўся такім кволым, бо добра пад'еў.
— Дзіўна, — сказаў ён, пазіраючы чорнымі вачамі на бабровыя скуркі над галавой, — дзіўна, як адны жывёліны трымаюцца адной самкі, а іншым быццам усё роўна, абы адарваць сваё дзе давядзецца.
— У лесе няма такога звера, які трымаўся б адной самкі, — заявіў Рой.
— А бабёр, — запярэчыў Зел.
— Хітры бабёр зусім не такі прыкладны ў сямейным жыцці, як гэта звычайна лічаць, — сказаў Рой.
— Ён прытрымліваецца адной самкі, — настойваў Зел.
— Ён выбірае сабе сяброўку, будуе хатку і клапоціцца пра сяброўку і дзяцей, — сказаў Рой, — але, акрамя таго, начамі ён знікае ў пошуках іншых самак. Мне надаралася лавіць старых самцоў на месцы сустрэчы, куды яны прыходзілі шукаць чужых самак. Тое ж самае і скунс. Сваю самку ён пакідае ў нары і ідзе шукаць іншую. Гэта праўда, містэр Бэрк? — спытаў Рой.
— Праўда, — адказаў Бэрк.
— Я вам і больш магу расказаць, такога вы, напэўна, не бачылі, — працягваў Рой. Ён папраўляў у печы дровы. Джэк, які назіраў за ім, трохі супакоіўся. — У Каліфорніі я бачыў халастога бабра, старога халасцяка, які збудаваў сабе хату і жыў у ёй адзін. Хочаце верце, хочаце не, містэр Бэрк.
— Чаго толькі не бывае ў Каліфорніі, — згадзіўся Бэрк.
— Ты ж ніколі не быў у Каліфорніі, — сказаў Зел Рою.
Той нібыта не пачуў заўвагі Зела.
— Альбо вазьміце норку там, на захадзе. З усёй прынады прызнае толькі крутое яйка. А калі не сервіруеш ёй крутых яек, яна выпраўляецца на бераг акіяна і спакойна чакае, пакуль ён выкіне ёй рыбу на абед. Вось гэта мясціны! — сказаў Рой. — Нават бабёр здольны заленавацца. Без вялікай патрэбы нават плаціну не збудуе, не ўмее пракладваць пратокі. Жыве сабе побач з фермерамі і аб'ядае фруктовыя дрэвы. Ён мае там летнюю нару, зімовую нару — і ўсё! Гэта праўда, бабёр жыве ў Каліфорніі прыпяваючы.
Усе засмяяліся, і Рой гучней за іншых.
— Хіба не так, містер Бэрк? — сказаў Рой.
— А калі ж ты быў у Каліфорніі? — дапытваўся Зел.
— Расстаўляў я там аднойчы пасткі, — сказаў Рой. — Залатая гата была лоўля!
Джэк часта чуў расказ пра каліфарнійскую лоўлю Роя, але так і не мог вырашыць, верыць у гэта ці не. Адзіны раз, калі Рой на доўгі час пакідаў Сент-Элен, быў цяжкі час крызісу на пачатку трыццатых гадоў. Тады Рой знік ажно на паўтара года. Вядома, ён мог быць і ў Каліфорніі, хоць Джэк меркаваў, што Рой проста працаваў на ферме дзе-небудзь у Мічыгане, але быў занадта ганарлівы, каб прызнацца ў гэтым.
— Вось я раскажу вам, што бачыў у адной бабровай хатцы, — сказаў Рой.
— Дзе? У Каліфорніі? — недаверліва спытаў Зел.
— Не, тут на Чатырох Азёрах, некалькі гадоў таму, — адказаў Рой. — Неяк на світанні я натрапіў на бабровую хатку і знайшоў у ёй старога бабра, які хроп на ўсю акругу. — Рой прамовіў гэта так сур'ёзна, што ўсе паверылі яму, хоць і засмяяліся. Такім чынам, размова скіравала ў вызначаны Бэркам напрамак. Яна стала дыялогам паміж Бэркам і Роем, з якога Бэрк выведваў усё, што яго цікавіла.
Рой захапіўся сваімі ляснымі прыгодамі, што і патрабавалася Джэку. Рой сядзеў на скрыні ля акна, жаваў сваю жвачку «Прынц Альберт», ляпаў сябе па каленях, калі даходзіў да нечага захапляльнага, надаваў твару сур'ёзнасць, калі трэба было быць сур'ёзным, але, па-сутнасці, яго словы былі звернуты да Бэрка: Рой нібыта запрашаў яго сваім аўтарытэтам аспрэчыць іх дакладнасць, знарок змешваючы праўду з няпраўдай, сур'ёзнае і жартаўлівае, каб выклікаць Бэрка на спрэчку і тады паспрачацца з ім як след. Але Бэрк толькі пытаўся і слухаў.
Часам даходзіла да сапраўднага глупства.
— Ці бачылі вы калі-небудзь лісу, — сур'ёзна пытаўся Рой у Бэрка, — як яна залазіць у возера з галінкай у зубах і чакае, пакуль усе паразіты нё збяруцца на галінку, а пасля выпускае яе з зубоў, а сама плыве да берага?
Калі размова пайшла пра лісу, Рой расказаў, як яна ў пагоні за зайцам ідзе за ім след у след, як балансуе хвастом падчас бегу. Скончыўшы расказ пра лісу, ён перайшоў на рысь. Як няўклюдна даганяе яна зайца, як скача і правальваецца ў снег замест таго, каб слізгаць, як на лыжах.
— Ведайце, што рысь палюе па вялікім крузе, як трапер па ланцугу пастак, — гаварыў ён Бэрку. — Да таго ж, ведайце, што яна скарыстоўвае тады чалавечую сцежку.
Бэрк зноў прамаўчаў.
Пасля рысі прыйшла чарга мядзведзя.
— Мядзведзь забівае, — казаў Рой, — толькі тады, калі іншым шляхам не можа здабыць сабе ежу. Як і іншыя буйныя жывёліны, ён ахвотна суіснаваў бы мірна. Ведайце, што ён гатовы саступіць падчас сустрэчы са скунсам, ведайце, што ён дзеліцца са скунсам сваёй здабычай. Альбо норка… Аднойчы, — сказаў Рой, — я раскапаў яе нару, якая была дарэшты запоўнена жабамі, акуратна складзенымі адна да адной, як сардзіны. Альбо лось. Лася нельга ўтапіць, нават калі застрэліш яго на глыбокім месцы. Альбо рысь… Ведайце, што калі яна трапіць у ваду, дык плыве абавязкова па прамой. Альбо алень… Ці бачылі вы калі-небудзь, як алень раптам пакідае пашу і як віхор імчыцца праз зараснікі, а затым быццам нічога і не было, пачынае шчыпаць траву?
Расказ Роя быў бясконцы, але гэта захапляла Бэрка не менш, чым самога Роя, і ён ахвотна дзяліўся з Роем сваімі ведамі пра лясных звяроў, але ведамі крыху іншага кшталту: Бэрк расказваў, што бабёр, калі наесца водарасцяў, хварэе жыватом. Ён расказаў Рою, што мядзведзь кладзецца ў бярлогу з-за недахопу ежы, а не з-за нейкага інстынкту. Што на некалькі месяцаў затрымліваецца развіццё зародка мядзведзіцы: ён пачынае хутка развівацца толькі тады, калі яна залягае на зіму ў цёплую бярлогу. Што паласаты суслік, гэты класічны зімоўшчык, падчас зімовай спячкі зніжае пульс ад нармальных трохсот удараў да чатырох.
Веды Бэрка былі таксама бязмежныя, але ён выбіраў з таго, што было яму вядома, толькі лепшае, каб зрабіць уражанне на Роя. Ён патлумачыў, як ад шматлікасці альбо адсутнасці зайца і лемінга залежыць усё жыццё лесу, таму што яны з'яўляюцца галоўнай ежай драпежнікаў. Як заяц размнажаецца да пэўнай мяжы, а затым з-за нейкіх дзіўных прычын пачынае хварэць на страўнік, і гэта дзіўная хвароба зводзіць яго са свету амаль што цалкам, і тым самым часова затрымлівае ўвесь цыкл ляснога жыцця ажно да пачатку новага актыўнага размнажэння. Гэта быў найбольш яскравы прыклад жыццёвага працэсу ў лесе, і Рою падабалася, калі яму тлумачылі такімі спецыяльнымі тэрмінамі. Бэрк назваў яшчэ адзін прыклад: лемінг — маленькая паўночная мыш — качуе тысячнымі чародамі, калі размнажэнне становіцца несувымерным з наяўным харчам; лемінг качуе на поўдзень цераз азёры і рэкі і, нарэшце, тоне цэлымі мільёнамі ў рацэ Святога Лаўрэна, пераплысці якую яму не хапае сілы. Бэрк даказаў Рою, як наяўнасць альбо адсутнасць гэтых дзвюх жывёлін вызначае лёс іншай дзічыны, бо галадоўка распаўсюджваецца на ўсе віды жывёл. Ліса і рысь з-за адсутнасці зайцаў вымушана паляваць на норку, скунса і аленя. Воўк таксама пачынае ганяць аленя, нават лася, дабірацца і да дзікабраза, а часам зводзіць са свету і болей слабых сваіх суродзічаў. Церпяць усе віды мышэй, бо розныя драпежнікі настойліва ганяюцца за імі і на ніжэйшай рысе пэўнага цыкла знішчаюць амаль цалкам. Іх лёс падзяляюць курапаткі, якія становяцца галоўнай ежай для рысі, лісы і норкі, калі зайцоў альбо мышэй становіцца зусім мала. Парушэнне суадносін вымушае вушастую саву шукаць замену зайцу і мышы і нападаць на больш буйных жывёлін. Бэрк расказаў Рою пра ўвесь гэты працэс, і той зразумеў, што ніколі раней нічым так не захапляўся. Ён толькі час ад часу падыходзіў да печкі, каб паварушыць там дровы, альбо да дзвярэй, каб сплюнуць цераз парог тытунёвую жвачку.
Слухалі і іншыя, і Джэк разумеў, што зрабіў правільна, калі задумаў усё гэта. Джэк сядзеў наводдаль на лаве, паклаў доўгія рукі на стол і час ад часу круціў самакрутку. Зрэдку ён уставаў і падкручваў газоўку ці трос за плячо Зела Сен-Клэра, які часта драмаў і пачынаў храпці.
Калі ж Бэрк зноў змяніў гаворку на падрабязны роспыт пра дзічыну ў Муск-о-гі, Джэк зразумеў, чаго хочуць гэтыя людзі ад Роя, у прыватнасці, чаго хоча ад Роя Бэрк. Бэрку трэба было атрымаць падрабязныя звесткі пра дзічыну на ўчастку Роя, звесткі, якіх ён не атрымаў бы, калі б не заваяваў давер Роя. Бэрк цярпліва апрацоўваў Роя, пакуль не пераканаўся, што той можа расказаць усё, пра што яму хацелася даведацца. Ён задаваў Рою дакладна сфармуляваныя пытанні пра сляды лася і аленя, пра напрамкі і даўжыню іхніх сцежак, пра сярэднюю колькасць баброў на адну хатку, пра дакладную колькасць андатраў на балотах. Бэрк патрабаваў поўнага малюнка: чым харчуецца дзічына, дзе яна пераважна жыве (асабліва норка і ліса), ці ёсць у акрузе ваўкі і колькі іх. Гэта былі дакладныя, амаль што рэзкія пытанні, але задаваў ён іх так, што Рой міжволі адказваў на іх сумленна і дакладна.
Часам Джэка палохала, што Рой падвядзе сябе некаторымі сваімі адказамі, але Рой, хоць і захапіўся пытаннямі Бэрка, нічога не сказаў з таго, што магло б выдаць яго незаконныя дзеянні. Ды і Бэрк не настойваў ні на адным рызыкоўным пытанні. Калі Рой быў блізка да таго, каб выявіць, што ён так шмат ведае пра вясновыя звычкі баброў у іхніх хатках і пра летнія звычкі норкі іменна таму, што займаўся пазасезоннай лоўляй, Джэк спрабаваў перавесці гаворку на іншую тэму. Але Роя нельга было збіць з панталыку. У Бэрку ён убачыў чалавека, які ведаў пра дзічыну не менш за самога Роя. А Рой любіў лес гэтак жа, як і Бэрк, ён разумеў не толькі барацьбу і раўнавагу ў прыродзе, але і ўвесь працэс ляснога жыцця.
Як і Рой, Бэрк не імкнуўся ўвесці ў жывёльны свет нейкія «павінен» альбо «не павінен» і не разглядаў звяроў з пункту погляду іх карысці для чалавека. Ён прымаў жывёльны свет такім, якім ён быў, і гэта больш за ўсё іншае пераканала Роя, што Бэрк заслугоўвае даверу. А пасля Рой зразумеў, чаму Бэрк захацеў заваяваць яго давер. Бэрку патрэбны былі гэтыя звесткі, гэты падрабязны і дакладны малюнак становішча з дзічынай у Муск-о-гі як чалавеку, жыццё якога было прысвечана вывучэнню і спазнанню лесу; гэта была яго праца, яго спецыяльнасць; і як знаўца сваёй справы, Рой ахвотна даваў звесткі, якія патрабаваліся Бэрку, нават разумеючы, што гэта можа паслужыць матэрыялам для нейкага рашэння ўладаў пра Муск-о-гі. У запале Рой неаднаразова быў блізка да таго, каб выдаць сакрэт сваёй пазасезоннай лоўлі, але Бэрк сам тактоўна засцерагаў яго ад гэткай безагляднасці.
Затым прыйшла чарга Роя задаваць пытанні, не проста пытанні пра дзічыну, але галоўныя пытанні пра сваё існаванне. І Бэрк быў менавіта той чалавек, які мог развеяць сумненні і трывогі Роя. Бэрк мог даць вычарпальны і канчатковы адказ на пытанні, ці сапраўды дзічына Муск-о-гі сыходзіць на поўнач, ці вернецца яна, ці скончана тут лоўля, ці гэткае ўжо безнадзейнае паляванне ў Муск-о-гі, як ён даказваў сабе з году ў год.
Ды не проста было задаваць такія пытанні.
— Скажыце, — спытаўся Рой для пачатку, — ці заўсёды лось і алень жылі ў Муск-о-гі, ці яны прыйшлі сюды са Штатаў?
— Па маіх звестках, — сказаў Бэрк, — першая белахвостая лань была адзначана бліз Сент-Элена ў тысяча восемсот восемдзесят шостым годзе, а першы лось — прыкладна ў тысяча восемсот восемдзесят дзевятым. І прыкладна ў той жа час апошні лось быў зарэгістраваны ў штаце Ню-Ёрк, такім чынам, зусім верагодна, што лось прыйшоў сюды са Штатаў, ды і алень таксама.
— Але як магло здарыцца, — спытаў Рой, — што аленя тут стала нібыта больш. Зараз у Муск-о-гі аленяў больш, чым дваццаць гадоў таму. Няўжо яны ўсё яшчэ прыходзяць з поўдня?
— Сумняваюся, — адказаў Бэрк. — Колькасць аленяў зараз расце на поўдні таксама, як і тут. Гэтаму садзейнічала тое, што зводзяцца першабытныя лясы. Аленю патрэбна паша, і ён ахвотна жыве ў маладым лесе, на высечках, таму са знікненнем лесу аленя становіцца больш.
— А чаму становіцца менш лася?
— Бо лось — насельнік балот. Ён больш разборлівы ў выбары месца, Рой. Чалавеку лягчэй дабрацца да яго, таму ён і сыходзіць на поўнач, усё глыбей і глыбей, куды не ступала нага чалавека. Яго, як і мядзведзя, выжылі з такіх цудоўных, вядомых мясцін, як Муск-о-гі.
— А астатняя дзічына? — спытаў Рой. — Яна таксама сыходзіць на поўнач?
— Не, — адказаў Бэрк, усведамляючы, што яго адказу напружана чакаюць усе тры паляўнічыя, асабліва Рой. — У Муск-о-гі дзічына знішчаецца альбо проста вымірае. На поўначы дзічыны больш, але не таму, што яна прыходзіць з Муск-о-гі. Не, Муск-о-гі губляе дзічыну па волі прыроды і паляўнічага. Яна не можа аднавіць страты. І зараз у яе няма на гэта шанцу.
— А будзе?
Бэрк разумеў, чаму Рой чакае адказу на гэтыя пытанні, але, зірнуўшы на яго сваім вострым позіркам, вырашыў, што нічога не трэба хаваць.
— Не, — разважна прамовіў Бэрк. — Страты незаменныя. Пэўны час дзічына яшчэ будзе, але большасць пушнога звера, такога, як бабёр, норка і андатра, будзе змяншацца, пакуль некаторыя з іх не вымруць канчаткова, а іншыя стануць рэдкасцю. Гэта непазбежна, калі, вядома, урад не закрые палову Муск-о-гі для палявання і лоўлі, а затым установіць дзе-небудзь заказнік для бабра і андатры.
— А ці хочуць гэта зрабіць?
Бэрк устаў і нервова прайшоўся па хаціне, бразгаючы ў кішэні нажом і ключамі.
— Не ведаю, што зробіць урад, Рой, — сказаў ён. — Але нешта мусіць зрабіць. Ён можа закрыць усе ўгоддзі альбо толькі палову — я гэтага не ведаю.
— А калі?
Бэрк паціснуў плячыма.
— Мо ў будучым годзе, а мо праз год. Але, відаць, хутка.
— Значыць, паляванню ў Муск-о-гі сапраўды канец? — спытаў Рой.
Рашуча сціснутыя губы на імгненне расціснуліся, выдаючы сумненні Бэрка.
— Мне хацелася б аспрэчыць гэта, Рой, але вы самі, напэўна, ведаеце.
— Вы спецыяліст, — сказаў Рой. — Вам і кнігі ў рукі.
Бэрк кіўнуў.
— Вы маеце рацыю. На жаль, гэта так.
Да гэтай пары Рою пагражаў выпадковы капрыз прыроды, але словы спецыяліста пра тое, што паляванне тут скончана, надавалі гэтаму безапеляцыйнасць чалавечага выраку. Хвіліну Рой памаўчаў. Яны ўсе маўчалі. Рой мелькам акінуў вокам сваю хаціну. Пасля ён засмяяўся так, як ніколі яшчэ не смяяўся.
— Дык, значыць, усім нам хана, — сказаў ён.
— Не думаю, — мякка зазначыў Бэрк. — Не забудзьцеся, што існуюць звярыныя заказнікі. Прыйдзе час, і яны ўратуюць паляўнічых.
— А які толк ад дзічыны ў заказніках?
— Рана ці позна ахоўваемая дзічына заказнікаў размножыцца і распаўсюдзіцца на суседнія ўгоддзі. Мо для вашых мясцін у гэтым і няма сэнсу, але ў рэшце рэшт гэта адзіная надзея для паляўнічых, Рой.
Рой гэта ведаў, але зараз для яго не было суцяшэння. Ён быў занадта прыгнечаны крахам Муск-о-гі.
— Ідзе працэс, а нам хана! — вось і ўсё, што прамовіў ён напрыканцы.
Іншыя не зразумелі, але Джэк яго зразумеў, і яму гэта не спадабалася. Рой зноў засмяяўся кароткім злосным смехам, і Джэк ведаў — гэта Рой прызнае, што лес і Сент-Элен, нарэшце, перамаглі яго: лес, Сент-Элен і Эндзі.