Мэрэй пайшоў, але ў хаціне быў Джэк Бэртан.
— Як Сэм? — спытаў Рой, калі ўбачыў, хто ў яго ў гасцях.
Джэк прычыніў дзверы, на якія ціснула намеценая завірухай гурба; яго цела, падобнае на жэрдку, здавалася, расло з бёрнаў падлогі.
— Сэм ўсё яшчэ на ферме, калі ты пытаеш пра гэта, — сказаў ён. — Але не ведаю, ці доўга ён там будзе.
— Ці прыняў ён работніка?
— Так, але быў вельмі сярдзіты на цябе за тое, што ты пайшоў моўчкі. І Руф таксама сердавала. — Словы Джэка гучалі змрочна. — Ён усё яшчэ гаворыць пра сыход.
— А каго ты наняў ім у памочнікі?
— Білі Эдвардса.
— Білі? Гэта той, што купіў каня?
— Ага, ён. Яму патрэбны грошы. Наяўныя. Я наняў яго і каня даволі танна. Білі добры працаўнік. Калі я адыходзіў сюды, ён пачаў капаць канавы на сядзібе. Ведаеш, ён збіраўся хоць нейкім чынам выкарыстаць нават тое сапрэлае сена, але ні ў чым не сустракае падтрымкі Сэма.
Рой быў удзячны, але не чакаў нічога добрага.
— Будзем спадзявацца, што Біл расшавеліць Сэма, — сказаў ён і скінуў з плячэй свой мех.
— Магчыма.
Рой сумняваўся ў гэтым і раптоўна адчуў, што Сэм знарок губіць яго, імкнецца зрабіць з яго ляснога валацугу без іншага прыстанішча, акрамя гэтага лесу, без іншага жылля, акрамя вось гэтай хаціны.
— Не, ты падумай, Джэк. І як гэта чалавек можа так проста пакінуць сваю хату? — закрычаў Рой. — Як можа Сэм нават думаць пра такое?
— Акрамя Сэма шмат хто ў Сент-Элене зробіць тое ж самае, — сказаў Джэк. — Ажно да самай вайны ўсе мы былі сведкамі, як дробныя фермеры адзін за адным выбывалі з гульні. Вайна крыху прыпыніла гэта, але зараз усё пачынаецца нанава. Стары Прат ужо распрадаецца, Рой, а калі стары Прат сышоў з арбіты, чаго дзівіцца дзеянням Сэма?
Але Роя не суцяшала разбурэнне іншага.
— Для Сэма гэта не апраўданне, — горка зазначыў ён.
— Ён яшчэ мо выстаіць, — памеркаваў Джэк.
— Сумняваюся, — сказаў Рой. — Сумняваюся!
Рой адчуваў, што Джэк сказаў яму не ўсё, але больш нічога сказаць не паспеў, бо з'явіўся Зел Сен-Клэр; у руках у яго было ружжо, у чорных зубах — кароткая піпка.
— А ты калі сюды з'явіўся? — здзіўлена спытаў Рой.
— Яшчэ ўчора вечарам, — адказаў Сен-Клэр. — Я сустрэў Джэка на Мускуснай завадзі, па дарозе сюды. А зараз я хадзіў шукаць аленяня ці яшчэ каго-небудзь на абед.
— А дзе Сахаты?
— Відаць, займаецца паляваннем разам з Самсонам і Скоці. У канцы таго месяца ён сказаў, што я знайду яго тут. Ён павінен быць недзе недалёка.
— Дык ён яшчэ не пайшоў у заказнік?
— Як ён пойдзе без мяне? — сказаў малеча Зел, і яго спіты, зарослы сівой шчэццю твар стаў злосным і пакрыўджаным. — Мы дамовіліся сустрэцца тут, і калі ты не пярэчыш, я пачакаю іх тут дзень-другі.
— Вядома, — сказаў Рой. — Каля месяца таму ён быў у мяне, але я думаў, што ён пайшоў у заказнік. Ён хацеў перакінуць туды човен. Але мне здаецца, што час для гэтага надта позні; праз тыдзень усюды будзе лёд.
— Ну што ж, пойдзем пешкі, — адрэзаў Зел. — А ты пойдзеш?
— Пры Джэку не магу табе адказаць, — сказаў Рой, выціскаючы з сябе невясёлы жарт.
Джэк Бэртан старанна рабіў выгляд, што і ўвагі не звяртае на іхнюю размову і цалкам захоплены распальваннем лямпы. Затым ён заняўся кухарствам, але Рой рашуча перапыніў гэта, бо Джэк быў дрэнны кухар. Рой прагаладаўся, таму хутка зрабіў абед з бекону, бобу, яек, бульбы і бляшанкі персікавага кампоту. Джэк не ўмеў нават зварыць каву, якую любіў Рой, таму той наліў вады з вядра ў эмаліраваны кацялок, закіпяціў яе, сам насыпаў туды молатай кавы. У дарозе ён піў гарбату, але ў сваёй хаціне ласаваўся моцнай салодкай кавай са згушчоным малаком. Падчас яды пачалі распытваць Роя, як ідуць яго справы. Ён расказаў ім пра масавую лоўлю на Чатырох Азёрах і прызнаў эксперымент няўдалым. Яны пярэчылі, што ўвогуле ўлоў у яго неблагі, але Рой сказаў, што і гэткага ўлову ён больш не даб'ецца.
— На Зялёных Азёрах больш не засталося баброў, а лісы і рысі не хопіць і па адным на пастку. Дзеля забавы там можна паставіць адну-дзве пасткі, але сапраўднай лоўлі там не чакай. Непатрэбнага клопату шмат, а здабытак — на капейку.
— Мы з Зелам праверылі некалькі тваіх пастак па дарозе сюды, — сказаў Джэк. — На балоце мы знялі пацука. — Джэк сказаў, што яны садралі скурку і паставілі яе на распялку. Яна і вісела на дроце разам са скуркамі дзвюх андатраў, якія Рой узяў на тым жа балоце.
Рой пачаў ужо распраўляцца з норкай, якую злавіў на Літл-Рывер. Седзячы на ложку, ён прытрымліваў карычневага звярка паміж каленяў, асцярожна падразаў скуру ўздоўж лапак, здзіраючы яе цалкам, і адначасова ачышчаў ад тлушчу. Калі скурка была знятая, Рой нацягнуў яе пушнінай унутр на доўгую драўляную рамку. Затым, заганяючы ў цэнтр рамкі клін, ён пачаў расцягваць яе, змазваючы скурку мылам «Люкс», якое ўсунула яму ў кішэню Джыні Эндрус. Рой славіўся тым, што ўмеў расцягваць скуркі лепш за ўсіх трапераў Муск-о-гі. Ён мог расцягнуць скурку сярэдняга бабра да памераў буйнога, а буйнога — да вялікага, вялікага — як цэлую коўдру.
— Хутка ты так напрактыкуешся, — сказаў яму Джэк, — што з ласкі расцягнеш ільва.
Рой засмяяўся, але яму здалося, што Джэк жартуе нездарма. Ён зноў падумаў, што Джэк нешта недагаворвае, але, відаць, не хоча гаварыць пра гэта пры Зеле.
Магчымасць пагаварыць з Роем адзін на адзін з'явілася ў Джэка на другі дзень, калі яны ўдвух на чоўне зрабілі невялікі аб'езд пастак на возеры Т. Але Джэк зноў нічога не сказаў, і Рой перастаў нават асцярожна нагадваць пра тое, чым ён быў заклапочаны. Высветлілася толькі адна праблема, але Рой ведаў, што не яна на самай справе клапаціла Джэка.
— Некалькі дзён таму інспектар выправіўся ў абход, — сказаў Джэк.
— Куды?
— Не ведаю. Ведаю толькі, што ён пайшоў з Сент-Элена.
— Што, шукае сабе прыгоды?
— Так, і мо менавіта тут, — сказаў Джэк. — Ты ведаеш, што будзе, калі ён застане Зела і Сахатага ў цябе ў хаціне?
— Я заўсёды магу сказаць, што не клікаў іх.
— Гэта не дапаможа, — засцярог Джэк. — Тады табе канцы.
— Мне і так канцы, — сказаў Рой. — Ніводнай скуркі з цэлага возера.
З возера Т яны вярнуліся з пустымі рукамі, і Джэк пераканаў Роя папаляваць з ім на хрыбтах каля Чатырох Азёр, адначасова аглядаючы пасткі, але галоўным чынам адсочваючы аленя альбо лася; аднаго для Джэка, другога Рою на зімні запас. Яны пайшлі на другую ж раніцу і пешкі прайшлі маршрут Роя ў зваротным напрамку, угару да возера Піт-Піт і Літл-Рывер, затым па хрыбтах да Чатырох Азёр. Зела Сен-Клэра яны пакінулі ў хаціне чакаць вяртання Мэрэя, і толькі ўдалечыні ад Зела і хаціны Джэк сказаў нарэшце Рою тое, што ўвесь час займала яго. Ён сказаў пра гэта Рою, калі яны залезлі на Снежную Скалу — найвышэйшы пункт уладанняў Роя. Яны стаялі там, пазіраючы на хрыбты, што раскінуліся ва ўсе бакі, на пашу ласёў і недаступныя тарфяныя балоты. Адсюль лоўка было сачыць за дзічынай, і яны спыніліся тут паснедаць.
— Здаецца, я павінен сказаць табе, што Эндзі Эндрус вярнуўся, — сказаў Джэк.
— Эндзі? — перапытаў Рой. — Вось д'ябал!
— Ён з'явіўся тыдзень таму, — дадаў Джэк.
— А дзе ён з'явіўся?
— У Джыні. Да яе і прыйшоў.
— І ён быў там, калі ты адыходзіў?
Джэк кіўнуў.
— Здаецца, што так, — сказаў ён.
Рой доўга не мог прамовіць ні слова, маўчаў і Джэк. Джэк не раз прыкідваў, ці варта наогул сказаць пра гэта Рою, але ведаў, што раней ці пазней Рой ўсё адно даведаецца, і сядзеў як на іголках, баючыся, што Зел Сен-Клэр скажа пра гэта першы. Джэк не хацеў, каб Рой даведаўся пра гэта ад Сен-Клэра, бо разумеў, які выбар патрэбна будзе зрабіць Рою. У яго і так была пагроза страціць родную хату, існавала неабходнасць пакінуць лес і заняцца фермерствам, а таксама непакоіла перакананасць, што паляванне для яго скончылася. А зараз ён мог страціць і сваю Персефону[3].
Джэк ведаў таксама, што для Роя магчымы два рашэнні. Па-першае, праседзеўшы зіму тут, ён мог на будучы год пайсці на поўнач, атрымаць там новы ўчастак. Менавіта гэтага хацеў Джэк для свайго старога сябра, але ён ведаў, як мала для гэтага шанцаў. Зараз, калі Эндзі вярнуўся, калі Сэм не адмовіўся ад свайго намеру кінуць ферму, калі Рой асабліва востра адчуваў ціск лесу, — было верагодна, што ён не заглыбіцца ў глуш, пакідаючы за сабой гэткую неразбярыху. У адрозненне ад Джыні Джэк ведаў, што Рой не пойдзе ў глуш, калі яму не будзе куды вярнуцца. Зараз Рой страціў абедзве свае апоры, і другое мажлівае для яго рашэнне было пайсці з Зелам і Мэрэем у заказнік з рызыкай, што, найбольш верагодна, яго зловяць, адбяруць дазвол і дзялянку і гэтым загубяць яго самога. Гэта была адна з прычын, чаму Джэк імкнуўся звесці Роя ад Сен-Клэра і Мэрэя. Джэк спадзяваўся, што да таго часу, як Рой вернецца ў хаціну, Зел і Мэрэй будуць ужо далёка. І ён цвёрда вырашыў як мага даўжэй утрымліваць Роя ад вяртання ў хаціну.
— Значыць, Эндзі ўсё-такі вярнуўся, — спакойна сказаў Рой. — Ну што ж! — Ён вытрас рэшткі гарбаты ў агонь кастра.
Джэк затаптаў агонь і сабраўся ісці далей.
— Ну як Эндзі? — марудна прамовіў Рой.
— Патаўсцеў, — сказаў Джэк. — Ён быў у арміі.
— Відаць, без грошай?
— Ды не. Я бачыў, як ён у бары заказваў шкалік для Сэма. Ён і сам, здаецца, стаў ахвочы да бутэлькі.
— Што-небудзь казаў?..
Джэк разумеў, пра што пытаецца Рой.
— Не, нічога.
— І збіраецца застацца?
— Цяжка сказаць. Ты ж ведаеш Эндзі.
— Ён застанецца, — сказаў Рой. — Ва ўсякім выпадку, да майго вяртання.
Ведаючы Эндзі, Рой быў здзіўлены, што той не з'явіўся проста да яго ў лес, каб высветліць адносіны. Эндзі заўсёды дзейнічаў напралом, як бык, атакуючы любую цяжкасць слепа і лбом у сцяну.
— Як ты думаеш, ці прыйдзе ён у лес? — спытаў Рой.
— Не ведаю, — адказаў Джэк. — Я яму сказаў, што цябе неўзабаве чакаюць у Сент-Элене.
Джэк зрабіў усё, каб папярэдзіць з'яўленне Эндруса тут, у лесе, але Джэк не сумняваўся, што, калі Эндрус зразумее сапраўдны сэнс «дзелавых адносін» Роя і Джыні, першая ж хваля неўтаймоўнага гневу абвязкова прывядзе яго сюды.
Рой нічога больш не пытаў, і яны сачылі за аленем далей.
Ім трапілася шмат слядоў аленя на снезе, але ніводнага аленя так і не ўбачылі. Ноч яны правялі ў хаціне ля Чатырох Азёр, а затым аднавілі паляванне, адначасова аглядалі пасткі Роя. Рой выявіў яшчэ аднаго бабра і рысь у пастцы, і яму зараз даводзілася цягнуць на спіне вялікі груз. Яны пайшлі па заснежаных хрыбтах да возера Т і ў накірунку да хаты, разыходзіліся, каб ахапіць звыклыя сцежкі аленяў, і зноў сустракаліся ў дамоўленых месцах.
— Хочаш пабачыць мядзведзя? — спытаў Рой, калі яны сустрэліся ля вялікай кучы горных валуноў, абкружаных хвойным зараснікам.
— А дзе ён?
Рой паказаў уніз.
— Прыгледзься вунь да тых скалаў.
Мядзведзь, вялізны буры лежабока, з'явіўся амаль у тое ж імгненне і то подскакам, то марудна, шлэпаючы вялізнымі віхлястымі лапамі па цвёрдым снезе, рушыў проста да маладой піхты. Калі дайшоў да ствала, на задніх лапах выцягнуўся на ўвесь рост і драпнуў па дрэве кіпцюрамі так высока, як толькі здолеў дастаць. Затым ён зароў і злосна ўкусіў за ствол.
— Відаць, тым самым ён паказвае іншым мядзведзям, які ён вялікі, — сказаў Джэк. — Не інакш ён вырашыў пахваліцца ростам перад сяброўкай альбо супернікам.
— Не ведаю, — сказаў Рой, — але толькі самкі робяць тое самае.
— Ніколі не бачыў, каб яны так грызлі ствол, — сказаў Джэк.
— Гэта яшчэ мала, а я бачыў, як адзін мішка ўсеўся на малады дубок і пачаў скакаць на ім, як на кані. — Яны мелі мажлівасць ціха перагаворвацца, бо былі значна вышэй і за ветрам. — Ты звярні ўвагу, які ён адкормлены. Ён зусім падрыхтаваўся залегчы на зіму. Гэта дрэнная прыкмета, Джэк. Яны так рана кладуцца ў бярлогу, толькі калі становіцца мала дзічыны.
Яны пазіралі, як мядзведзь прынюхваецца да ветру.
— Дык што, хочаш яго? — зноў спытаўся Рой.
— Занадта шмат клопату, — адказаў Джэк.
Рой прыцэліўся. Яму даводзілася страляць у мядзведзяў, калі патрэбны былі ці то скура, ці мяса, але зараз, калі ў гэтых мясцінах іх заставалася ўсё менш, яму зусім не хацелася забіваць. Аднак быў момант, калі заціснуты, але суровы пратэст супраць лёсу заглушыў у ім лепшыя памкненні: ён ненавідзеў зараз Эндруса і прыцэліўся ў мядзведзя; але сама прага жорсткасці выклікала агіду да яе, і ён перавёў мушку на ствол піхты.
— Глядзі, як ён зараз падскочыць, — сказаў Рой. Ён трапіў у ствол каля самага мядзведзя, і адколатая куляй трэска выпадкова стукнула мядзведзя па носе. Мядзведзь замахаў перад сабой вялікімі пляскатымі лапамі, нібыта адмахваўся ад пчол ці мух, затым зноў злосна ўкусіў за дрэва і кінуўся наўцёкі, а Рой крыкнуў яму ўслед: — Не пакідай слядоў, гультай, а то я з цябе скуру спушчу!
Джэк і Рой гучна смяяліся, гледзячы, як ён уцякае.
— Ты калі-небудзь бачыў, як яны нападаюць на вулей? — спытаўся Рой. — Ну рыхтык скунсы. Лезе проста на рой і разганяе пчол так, што тыя накідваюцца на яго і заблытваюцца ў поўсці, а мішка сядзіць, збірае іх і есць.
Зноў засмяяліся, і Джэк разумеў, што Рою зараз лягчэй. Дай толькі час, і лес ўсё вылечыць. Яны ішлі разам аж да возера Т.
Дя возера яны зноў разышліся, і хутка Рой прысеў адпачыць на скалістым схіле, адкуль снег знесла ветрам. Тут было ветрана, але яму падабалася сядзець менавіта на гэтым хрыбце, бо адсюль на поўнач было далёка відно за межы яго ўчастка, а на поўдзень за возерам Т мора лясных верхавін цягнулася аж да самага Сент-Элена. Ён пазіраў уніз, на чорную ваду возера ў снежным атачэнні, і раптам пачуў самалёт.
Ён назіраў, як самалёт паволі ляціць над нізкімі шэрымі воблакамі, дробная істота с лапамі качкі і крыламі малінаўкі. Машына зрабіла круг над возерам, затым узяла курс на захад і пачала планіраваць.
Рой устаў.
— Не інакш як адзін з гэтых маленькіх гідрапланаў, — сказаў ён трывожна.
Трывога яго нарастала, калі ён зразумеў, што самалёт вялікімі бясшумнымі кругамі ідзе на зніжэнне да возера Піт-Піт.
— Джэк, — паклікаў Рой. — Дзе ты, Джэк?
Адказу не было.
— Джэк! — зноў паклікаў ён.
Нарэшце з'явіўся, засопшыся, Джэк.
— Вось халера, а я толькі высачыў лася, — сказаў ён. — Мне здаецца, я загнаў яго ў той канец лесу. І што патрэбна ласю на гэткай вышыні? — Джэк гаварыў шэптам, узбуджаны сваім адкрыццём значна больш, чым Рой. — А што ў цябе?
— Ты зірні на гэты аэраплан, — сказаў Рой.
Самалёт толькі што з'явіўся зноў.
— Ён сядзе на возера Піт-Піт, — сказаў Рой. — Калі Зел і Сахаты зараз у хаціне, яны не ўбачаць і не пачуюць яго. Здаецца, што інспектар падкрадваецца да мяне з-за вугла. Раздабыў адну з машын лясной аховы. Глядзі туды, на возера Піт-Піт, бачыш, ён ужо планіруе.
— Усё адно, ты занадта далёка, каб дабрацца да хаціны раней за іх, — сказаў Джэк. — Ты не паспееш папярэдзіць.
Рой стаяў, пазіраючы ўніз на возера Т. Вецер прыбіваў да берага астраўкі рыхлага снегу, і, хоць пад імі дзе-нідзе бліскаў лёд, возера яшчэ не зусім замерзла.
— На ўсходнім канцы ў мяне застаўся вялікі човен, — сказаў Рой. — Я схаваў яго там, калі пераправіўся да Індзейца Боба. Калі я зараз хутка спушчуся ўніз, дык магу што-небудзь выціснуць з гэтага чоўна і прыплысці да хаціны раней, чым яны заявяцца там.
— Ну, табе давядзецца папрацаваць на возеры Т, каб абагнаць іх. Так, папрацаваць давядзецца добра! — сказаў Джэк. — Але ты ідзі. І хутчэй. Сахаты і Зол, відаць, яшчэ там і нічога не ведаюць. Калі інспектар накрые іх, усім вам хана. Хутчэй, Рой!
Але Рой ужо імчаўся па схіле да далёкай унізе вады. Сваю ношу ён скінуў побач з Джэкам і зараз узрываў рыхлы снег, коўзаючыся па ім на крутым доўгім схіле. Джэк не мог зразумець, як Рою ўдаецца трымацца на нагах, бо ён спускаўся вельмі хутка. Але Рой здолеў захаваць над самай зямлёй цэнтр цяжару свайго каржакаватага важкага цела і без прыгод скаціўся ўніз да вады.
Каля таго месца, дзе ён схаваў човен, вада ўжо добра замерзла, і Рою давялося цягнуць човен па здрадным лёдзе да чыстай вады. Калі лёд пачаў трэскацца пад нагой, ён ускочыў у човен, вывеў яго з дробных ільдзін і пачаў веславаць. Да гэтага часу ён ужо спацеў і знясілеў, але рукі яго самі па сабе апускалі жоўтае вясло ў халодную ваду. Там, дзе яна была вольнай ад лёду, ён хутка слізгаў уперад, але там, дзе шаўкавісты лядок ужо ўкрыў паверхню, яму даводзілася націскаць і тады чуліся крохкія гукі ледзяных крышталікаў, якія крышыліся пад носам чоўна падчас кожнага ўдару вясла. Ён зразумеў, што рухаецца надта марудна. Знайшоўшы чарговую водмель, ён павярнуў да берага, хутка выскачыў з чоўна і зламаў сухую ялінку, мёртвую і рудую, але яшчэ з іголкамі. У яго не было сякеры, каб ссекчы жывое дрэва, і таму ён замацаваў сухую елку паміж распоркамі, прывязаў яе раменнымі ўключынамі, а затым зноў стаў на калена і веславаў далей. Вецер ударыў у густую паверхню елкі, якая складала каля дванаццаці футаў, і човен адразу паплыў хутчэй. Пры спадарожным парывістым ветры ён нёсся зараз з такой хуткасцю, што пад цяжарам елкі ледзь не чэрпаў носам бурлівую ваду. Нават на падмерзлых участках ён рассоваў тонкія льдзіны і не збаўляў хуткасць.
Рою ўдалося абысці найбольш замерзлыя ўчасткі, але часам, калі лёд са скрыгатаннем сяізгаў па афарбаваным брызенце бартоў, яму здавалася, што човен прабіты. Чым бліжэй падплываў ён да хаціны, тым больш дапамагаў яму вецер, і, імкнучыся злавіць яго парывы ці прасоўваючы човен праз ледзяную плёнку, Рой ужо пачынаў спадзявацца, што паспее.
Ён з такой хуткасцю нёсся да скалістага прычала, што яму давялося кінуць вясло і паспрабаваць утрымаць човен, адвязаўшы елку, затым надзвычайнымі высілкамі ён падняў яе тырчком і, захоўваючы раўнавагу падчас рэзкіх парываў ветру, вывеў ствол за борт і кінуў убок, як дроцік. Гэта яму ўдалося, але човен ледзь не перакуліўся і зачэрпнуў столькі вады, што адно вясло сплыло. Рой ледзь паспеў схапіць другое і хоць крыху затармазіў човен, тым самым аслабіў удар аб скалу.
Але ён спазніўся. Побач з Зелам Сен-Клэрам там ужо стаялі два мужчыны.