Х

Адрыян Лёвеншольд спаў у сябе ў мансардзе, калі раптоўна лёгкі шум прымусіў яго прачнуцца. Ён расплюшчыў вочы, і паколькі аканіцы не былі зачынены, а на двары стаяла светлая летняя ноч, ён убачыў, што дзверы ціха расчыніліся. Ён падумаў быў, што яе адчыніў парыў ветру, але ўбачыў, як нечакана ў дзвярным праёме вырасла цёмная фігура, якая, нахіліўшыся, штосьці з цікаўнасцю выглядвала ў глыбіні мансарды.

Адрыян выразна разгледзеў нейкага старога, апранутага ў старадаўні кавалерыйскі мундзір. З-пад крыху расшпіленага мундзіра бялеў калет з ласінай скуры, батфорты былі вышэйшыя за калені, а рукамі ён прытрымліваў доўгі плашч, злёгку прыпадняўшы яго, нібы асцерагаючыся, каб не бразгаў.

«Далібог, гэта Генерал! — падумаў малады барон. — Вось і добра, зараз ён убачыць чалавека, які не баіцца яго».

Усе, каму даводзілася бачыць Генерала, у адзін голас сцвярджалі, што варта было ім толькі ўтаропіць у яго позірк, як ён тут жа знікаў. Аднак на гэты раз такога не здарылася. Яшчэ доўга пасля таго, як Адрыян заўважыў яго, ён заставаўся стаяць у дзвярах. Праз некалькі хвілін, калі Генерал, здавалася, пераканаўся ў тым, што Адрыян здольны вытрымаць яго выгляд, падняўшы руку, паклікаў яго да сябе.

Адрыян адразу ж сеў у ложку. «Цяпер ці ніколі, — падумаў ён. — Нарэшце ён папрасіў маёй дапамогі, і я пайду за ім».

Ён жа чакаў гэтага моманту шмат гадоў. Ён рыхтаваўся да яго, у думках гартаваў дух, чакаючы сустрэчы з прывідам. Ён заўсёды ведаў, што яе не абмінуць.

Адрыяну не хацелася прымушаць Генерала чакаць яго, і, не апранаючыся, малады барон пайшоў за ім. Ён толькі сцягнуў з ложка прасціну і захінуўся ёю.

І толькі тады, калі ён стаяў пасярод мансарды, яму раптам прыйшло ў галаву, што ўсё ж небяспечна вось так даверыцца ўладзе істоты з таго свету, і ён адступіў назад. Але ўбачыў, як Генерал працягнуў да яго абедзве рукі і, быццам у адчаі, прасіў аб нечым.

«Што за глупства?! — падумаў ён. — Няўжо я перапалохаўся, не паспеўшы яшчэ выйсці з мансарды?»

Ён наблізіўся да дзвярэй, а Генерал тым часам быў ужо на гарышчы, але ішоў увесь час азіраючыся, нібы жадаючы пераканацца ў тым, што малады чалавек ідзе за ім.

Перад тым, як пераступіць парог і пакінуць мансарду, каб выйсці на гарышча, Адрыян адчуў, як ад жаху ў яго зашчымела сэрца. Штосьці падказвала яму: патрэбна б зачыніць дзверы і вярнуцца ў ложак. У ім варухнулася цьмянае прадчуванне таго, што ён не разлічыў сваіх сіл. Ён быў не з тых, каму дадзена беспакарана зазірнуць у таямніцы таго свету.

Аднак ён захаваў яшчэ крупінку мужнасці. Ён сказаў сабе, што Генерал, пэўна, не збіраецца заманіць яго ў якую-небудзь пастку, а хацеў толькі паказаць яму, дзе знаходзіцца пярсцёнак. Толькі б яму выцерпець яшчэ некалькі хвілін, і ён даможацца таго, да чаго імкнуўся столькі гадоў, і зможа даць стомленаму падарожніку вечны спакой.

Генерал спыніўся пасярод гарышча, чакаючы маладога барона. Тут было больш змрочна, чым у мансардзе, але Адрыян усё ж выразна бачыў цёмную фігуру з працягнутымі рукамі. Сабраўшыся з духам, ён пераступіў парог, і яны пайшлі па гарышчы.

Прывід накіраваўся да паддашкавай лесвіцы, а ўбачыўшы, што Адрыян ідзе следам, пачаў спускацца. Ён па-ранейшаму адыходзіў задам, спыняючыся на кожнай прыступцы і, падпарадкоўваючы сваёй волі нерашучага юнака, нібы цягнуў яго за сабой.

Павольна, не раз спыняючыся, яны ўсё-такі ішлі наперад. Адрыян спрабаваў падбадзёрыцца, успомніўшы, колькі разоў ён, бывала, выхваляўся перад сёстрамі, кажучы, што пойдзе за Генералам, калі той толькі яго пакліча. Ён прыгадаў таксама, як з самага дзяцінства гарэў жаданнем адкрыць невядомае і пранікнуць у таямнічае. І вось вялікае імгненне наступіла, ён ішоў за прывідам у невядомае. Няўжо цяпер яго нікчэмнае маладушша перашкодзіць яму спазнаць нарэшце гэта нешта?

Такімі разважаннямі ён прымушаў сябе трымацца, але асцерагаўся падыходзіць да прывіду вельмі блізка. Іх пастаянна раздзяляў прамежак у некалькі аршынаў. Калі Адрыян дайшоў да сярэдзіны лесвіцы, Генерал знаходзіўся ўжо пад лесвіцай. Калі Адрыян стаяў на самай ніжняй прыступцы, Генерал быў ужо ўнізе ў сенцах.

Але тут Адрыян зноў спыніўся. З правага боку ад яго, зусім побач з лесвіцай, была бацькоўская спальня. Ён узяўся за ручку дзвярэй, але не для таго, каб адчыніць, а толькі для таго, каб з любасцю дакрануцца да яе. Калі б толькі бацькі яго ведалі, з кім ён стаіць за дзвярыма! Ён прагнуў кінуцца ў матчыны абдымкі. Яму думалася, што варта адпусціць ручку гэтых дзвярэй, і ён цалкам апынецца ва ўладзе Генерала.

Пакуль юны барон стаяў так, трымаючыся за ручку, ён убачыў, як адны з дзвярэй у сенцах адчыніліся і Генерал пераступіў парог, збіраючыся выйсці з дому.

І на гарышчы і на лесвіцы было даволі змрочна, але тут цераз дзвярны праём хлынуў струмень святла, і Адрыян упершыню разгледзеў Генерала.

Як і чакаў Адрыян, гэта быў твар старога. Ён добра ведаў яго па партрэце ў гасцінай. Але рысы гэтага твару не веялі вечным спакоем, у ягоных рысах праглядвала жахлівая сквапнасць, а на вуснах прывіду была зласлівая ўсмешка радасці і ўпэўненасці ў перамозе.

Як страшна было бачыць, што зямныя пачуцці апанавалі мерцвяка! Нябожчыкаў мы хочам уявіць сабе дзесьці далёка, без усіх чалавечых уцех, захапленняў і пачуццяў. Адлучаных ад усяго людскога хочам бачыць мы іх, прасякнутымі толькі думкамі нябеснымі. У гэтай жа істоты, якая заставалася прыхільнай да ўсяго зямнога, Адрыяну падаўся спакуснік, злы дух, які хоча наклікаць на яго пагібель.

Ім авалодаў жах. Ад падсвядомага страху ён з сілай ірвануў на сябе дзверы бацькоўскай спальні і кінуўся туды з крыкам:

— Тата! Маці! Генерал!

І ў той жа момант, страціўшы прытомнасць, зваліўся на падлогу.

Пяро выпадае з рук. Ну, ці ж не марнае маё старанне запісаць усё гэта? Гэту гісторыю мне расказвалі ў змроку каля палымнеючага ачага. У маіх вушах дагэтуль гучыць пераканаўчы голас апавядальніцы. Я адчуваю, як мароз прабягае ў мяне па скуры, тое трымценне жаху, якое бывае не толькі ад боязі прывідаў, але і ад прадчування таго, што адбудзецца!

А як уважліва слухалі мы гэту гісторыю, думаючы, што яна прыўзніме краёчак заслоны над невядомым! І які дзіўны настрой пакідала яна пасля сябе, быццам адчынілі нейкія дзверы. І думалася: штосьці павінна нарэшце паявіцца ў апраметнай цемры!

Наколькі праўдзівая гэта гісторыя? Адна апавядальніца пачула яе ад іншай, адна сёе-тое дадавала, іншая — выкідала. Але ці ёсць у гэтай гісторыі хоць невялікае зерне праўды? Хіба не ствараецца ўражанне, быццам гісторыя гэта перадае нешта такое, што адбывалася наяве?

Прывід, які блукаў у маёнтку Хедэбю, прывід, які з'яўляўся сярод белага дня, які адшукваў згубленыя рэчы, — кім і чым ён быў?

Ці няма чаго-небудзь незвычайнага, шматзначнага і загадзя вызначанага ў яго з'яўленні? Ці не адрозніваецца ён пэўнай своеасаблівасцю ад многіх іншых прывідаў у панскіх маёнтках? Ці не выглядае ўсё гэта так, быццам дзяўчына Спак і на самай справе чула, як ён шпурляў яблыкі ў сценку залы, а малады барон Адрыян на самай справе суправаджаў яго на гарышчы і паддашкавай лесвіцы?

Але ў такім выпадку, у такім выпадку… Мабыць, разгадаць гэту загадку дадзена аднаму з тых, хто ўжо зараз бачыць яву, схаваную ад той явы, у якой жывём мы.

Загрузка...