V

Не прыходзіцца здзіўляцца, што пасля такога ўчынку Інгільберта ў пастара памутнела ў галаве. Дзень ужо хіліўся да вечара, калі яму ўдалося дабрацца да жылля. Нічога мудронага не было і ў тым, што з лесу ён патрапіў не на дарогу ў Ольсбю, якая была і лепшая і карацейшая за астатнія, а паскакаў у аб'езд на поўдзень, так што неўзабаве апынуўся каля самай брамы Хедэбю.

Блукаючы на кані ў лясным гушчары, ён толькі падумваў аб тым, каб, вярнуўшыся шчасліва дамоў, перш-наперш паслаць па ленсмана[12] і папрасіць яго накіравацца ў лес адабраць у Інгільберта пярсцёнак. Але, праязджаючы міма Хедэбю, ён задумаўся, а ці не павярнуць яму туды па дарозе і ці не расказаць ротмістру Лёвеншольду, хто адважыўся спусціцца ў склеп і ўкрасці каралеўскі пярсцёнак.

Здавалася б, навошта доўга ламаць галаву над такой яснай справай. Але пастар усё ж вагаўся, ведаючы, што ротмістр і яго бацька не вельмі ладзілі між сабой. Ротмістр быў настолькі ж міралюбівы, наколькі бацька яго — ваяўнічы. Ён паспяшаўся выйсці ў адстаўку, як толькі быў заключаны мір з расейцамі[13], і з таго часу ўсе свае сілы аддаваў на аднаўленне росквіту краіны, літаральна даведзенай да галечы за гады вайны. Ён быў супраць адзінаўладдзя і вайсковых ушанаванняў і нават часам дрэнна выказваўся пра самога Карла XII, пра яго высокую персону, як, зрэшты, і пра многае іншае, што так высока цаніў яго стары бацька. Для большай дакладнасці патрэбна сказаць, што сын актыўна ўдзельнічаў у рыксдагаўскіх спрэчках[14], прычым заўсёды як сябра партыі прыхільнікаў міру. Так, у сына з бацькам нямала было зачэпак для сварак.

Калі сем гадоў таму быў украдзены генеральскі пярсцёнак, пастар, ды і многія іншыя палічылі, што ротмістр не вельмі стараецца атрымаць яго назад. Усё гэта прымусіла цяпер пастара падумаць: «Якая карысць, калі я вазьму на сябе клопат злезці з каня тут, у Хедэбю. Ротмістр усё роўна не запытаецца, хто носіць сягоння каралеўскі пярсцёнак на пальцы — бацька ці Інгільберт. Лепш за ўсё мне адразу ж паведаміць аб крадзяжы ленсману Карэліусу».

Але пакуль пастар такім чынам раіўся з самім сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, ціхенька адчынілася, ды так і засталася адчыненай насцеж.

Гэта быў сапраўды цуд, але ці мала на свеце розных брам, якія такім жа чынам расчыняюцца самі па сабе, калі яны дрэнна зачынены. І пастар не стаў больш ламаць галаву над гэтымі абставінамі, але палічыў іх знакам таго, што яму патрэбна заехаць у Хедэбю.

Ротмістр прыняў яго гасцінна, куды больш ветліва, чым звычайна.

— Які гонар для нас, што вы, высокапаважаны брат, зазірнулі да нас. Я якраз вельмі хацеў сустрэцца з вамі і сягоння некалькі разоў намерваўся пайсці да вас у маёнтак і пагаварыць аб адной надта незвычайнай справе!

— Дарэмна б толькі схадзілі, брат Лёвеншольд, — сказаў пастар. — Яшчэ на світанні я паехаў вярхом па прыхадскіх справах на сетэр у Ольсбю і вось толькі зараз вяртаюся назад. Ну і дзянёк выпаў для мяне, старога! Столькі прыгод!

— Тое ж і са мной было, хоць я наўрад ці ўставаў сягоння з крэсла. Запэўніваю вас, высокапаважаны брат, што хоць мне хутка міне пяцьдзесят і я трапляў у розныя пераплёты, як у суровыя ваенныя гады, так і потым, цудаў, падобных сягонняшнім, мне сустракаць не даводзілася.

— А калі так, — прамовіў пастар, — першае слова я ўступаю вам, брат Лёвеншольд. Я таксама магу расказаць вам, высокапаважаны брат, вельмі цікавую гісторыю. Але не буду сцвярджаць, што яна самая дзіўная з усіх, якія здараліся са мной у жыцці.

— Але, магчыма, — запярэчыў ротмістр, — вам, высокапаважаны брат, мая гісторыя зусім не падасца такой ужо незвычайнай. Таму я і хачу запытацца: вы чулі, пэўна, што расказваюць пра Гатэнйельма[15]?

— Пра гэтага жахлівага пірата і адчайнага капера[16], якому кароль Карл надаў чын адмірала? Хто ж не чуў, што пра яго расказваюць!

— Дык вось, — працягваў ротмістр, — сягоння ў абед размова зайшла пра даўнія ваенныя гады. Мае сыны і іхні гувернёр пачалі распытвацца ў мяне, як і што было ў даўніну; маладыя ж любяць слухаць пра мінулае. І заўважце сабе, брат мой, яны ніколі не пытаюцца пра тую гарачую і суровую пару, якую давялося перажыць нам, шведам, пасля смерці Карла, калі мы з-за вайны ды безграшоўя адсталі ва ўсім. Не, іх цікавяць толькі згубныя ваенныя гады! Далібог, і не паверыш: яны ж лічаць ні за што аднаўленне гарадоў, якія згарэлі дашчэнту, узвядзенне заводаў і мануфактур, выкарчоўку лесу і пад'ём цаліны. Думаецца, мой брат, сыны мае саромеюцца мяне і маіх сучаснікаў за тое, што мы пакончылі з ваеннымі паходамі і перасталі спусташаць чужыя землі. Відаць, яны мяркуюць, што мы значна горшыя за нашых бацькоў і што нам здрадзіла былая магутнасць шведаў!

— Вы, брат Лёвеншольд, сапраўды маеце рацыю, — сказаў пастар. — Такая любоў юнакоў да вайсковай справы заслугоўвае ўсялякага шкадавання.

— Ну вось я і выканаў іх жаданне, — працягваў ротмістр, — і раз яны захацелі пачуць пра якога-небудзь вялікага героя вайны, я і расказаў ім пра Гатэнйельма і пра яго жорсткае абыходжанне з купцамі і мірнымі падарожнікамі, жадаючы выклікаць сваім расказам жах і пагарду. І калі мне гэта ўдалося, я папрасіў сваіх дзяцей паразважаць над тым, што гэты Гатэнйельм быў заўзяты сын ваеннага часу, і пацікавіўся, ці хацелася б ім, каб на зямлі жылі такія вылюдкі?

Але не паспелі мае сыны адказаць, як слова ўзяў іхні гувернёр і папрасіў дазволу расказаць яшчэ адну гісторыю пра Гатэнйельма. І паколькі ён запэўніў мяне, што гэта прыгода капера толькі падмацуе мае папярэднія выказванні пра жахлівыя зверствы і бясчынствы Гатэнйельма, я згадзіўся.

Ён пачаў свой расказ з таго, што Гатэнйельм загінуў маладым і цела яго было пахавана ў ансальскай царкве[17] ў мармуровым саркафагу, які ён выкраў у дацкага караля[18]. Пасля гэтага ў царкве пачалі з'яўляцца такія страшныя прывіды, што ансальскія прыхаджане не ведалі паратунку. Яны не знайшлі іншага сродку, апрача як выцягнуць цела з труны і пахаваць яго ў зямлі на пустынных шхерах далёка-далёка ў моры. З таго часу ў царкве стала мірна і спакойна. Але рыбакі, якім здаралася заплываць да новага месца пахавання Гатэнйельма, расказвалі, што заўсёды чулі там шум і валтузню, і ў любое надвор'е марская пена бурна закіпала над злашчаснымі шхерамі. Рыбакі думалі, што ўсё гэта была справа рук карабельнікаў і гандляроў, якіх Гатэнйельм загадваў кідаць за борт з захопленых ім суднаў. І цяпер яны ўставалі са сваіх сырых марскіх магіл, каб катаваць пірата. А рыбакі ўсяляк асцерагаліся заплываць у той бок. Але аднойчы цёмнай ноччу аднаму з іх собіла апынуцца занадта блізка ад страшнага месца. Ён адчуў, што яго раптам зацягнула ў вір, у твар пляснула марская пена, і чыйсьці грамавы голас звярнуўся да яго:

— Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале і скажы жонцы маёй: няхай прышле мне сем бярэмяў арэхавых прутоў ды дзве ядлоўцавыя паліцы!

Пастар, які моўчкі і цярпліва слухаў расказ субяседніка, улавіў цяпер, што гэта — звычайная гісторыя аб прывідах, і з цяжкасцю ўстрымаўся ад нецярплівага жэсту. Аднак ротмістр не звярнуў на гэта ніякай увагі.

— Вы разумееце, высокапаважаны брат мой, што рыбаку нічога не заставалася, як падпарадкавацца гэтаму наказу. Паслухалася яго і яна, жонка Гатэнйельма. Былі сабраны самыя гнуткія арэхавыя пруты і самыя моцныя ядлоўцавыя паліцы, і работнік з Ансалы паплыў з імі ў мора.

Тут пастар зрабіў настолькі яўную спробу перапыніць свайго субяседніка, што ротмістр нарэшце заўважыў яго нецярплівасць.

— Ведаю, аб чым вы думаеце, брат мой, — прамовіў ён, — тое ж падумаў і я, пачуўшы ў абед гэту гісторыю, але зараз, ва ўсякім выпадку, папрашу вас, высокапаважаны брат мой, выслухаць мяне да канца. Такім чынам, я хацеў сказаць, што гэты разбойнік з Ансалы, мабыць, быў чалавек бясстрашны і да таго ж вельмі адданы свайму нябожчыку гаспадару. Інакш ён наўрад ці адважыўся б выканаць такі наказ. Калі ён падплыў бліжэй да месца пахавання Гатэнйельма, шхеры пірата захліствалі такія высокія хвалі, нібы разгулялася страшная бура, а бразганне зброі і шум бітвы чутны былі далёка навокал. Аднак работнік падышоў на вёслах як мага бліжэй, і яму ўдалося закінуць на шхеры і ядлоўцавыя паліцы і бярэмі прутоў. Некалькі шпаркіх узмахаў вёсламі — і ён адплыў ад страшнага месца.

— Высокапаважаны брат мой… — пачаў быў пастар, але ротмістр непахісна працягваў.

— Аднак далей ён не паплыў, а перастаў веславаць, рашыўшы паназіраць, ці не здарыцца што-небудзь незвычайнае. І чакаць яму марна не давялося. Бо над шхерамі паднялася раптам да аблок марская пена, шум змяніўся страшным грукатам, быццам на полі бітвы, і жахлівыя стогны разнесліся над морам. Так працягвалася нейкі час, паступова заціхаючы, а пад канец хвалі і зусім перасталі браць штурмам Гатэнйельмаву магілу. Неўзабаве тут стала гэтак жа ціха і спакойна, як і на ўсякіх іншых шхерах. Работнік хацеў ужо накіравацца ў зваротны шлях, але ў той жа міг да яго звярнуўся грамавы і ўрачысты голас:

«Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале, пакланіся маёй жонцы і перадай: ці жывы, ці мёртвы, Ласэ Гатэнйельм заўсёды перамагае сваіх ворагаў!»

Апусціўшы галаву, пастар слухаў апавядальніка. Цяпер, калі гісторыя падышла да канца, ён узняў галаву і запытальна зірнуў на ротмістра.

— Калі гувернёр вымавіў гэтыя апошнія словы, — працягваў ротмістр, — я заўважыў, што сыны мае спачуваюць гэтаму паскуднаму нягодніку Гатэнйельму і што ім па душы прыйшоўся аповед пра яго адвагу. Таму я і паспяшаўся заўважыць — маўляў, гісторыя гэта прыдумана складана, але ўсё гэта наўрад ці што большае за самую звычайную выдумку. Бо калі, — сказаў я, — такі грубы пірат, як Гатэнйельм, мог пастаяць за сябе нават пасля смерці, то як жа растлумачыць, што мой бацька, такі адчайны рубака, як і Гатэнйельм, але не ў прыклад яму добры, сумленны чалавек, дазволіў злодзею прабрацца ў склеп і ўкрасці ў яго самы каштоўны набытак? А ў яго не было сілы перашкодзіць гэтаму ці ва ўсякім разе хоць пасля адпомсціць вінаватаму.

Пасля гэтых слоў пастар падхапіўся з не ўласцівай для яго жвавасцю.

— І я прытрымліваюся такога ж меркавання! — усклікнуў ён.

— Паслухайце, аднак, што здарылася далей, — працягваў ротмістр. — Не паспеў я вымавіць гэтыя словы, як за спінкай майго крэсла пачуліся гучныя ўздыхі. І ўздыхі гэтыя былі вельмі падобныя на тыя ўздыхі майго нябожчыка бацькі, калі яго мучылі старэчыя недамаганні. Мне нават падалося, што ён стаіць у мяне за спіной. І я падхапіўся з месца. Зразумела, нікога і нічога я не ўбачыў, але быў перакананы, што чуў майго бацьку. Мне не захацелася больш садзіцца за стол, і я прасядзеў тут увесь наступны час у адзіноце, разважаючы аб гэтай справе. І мне вельмі хацелася б пачуць, што думаеце наконт гэтага вы, мой высокапаважаны брат. Тыя жаласныя ўздыхі аб украдзеным скарбе, якія я чуў… Ці быў гэта мой нябожчык бацька? Калі б я быў упэўнены, што ён усё яшчэ знемагае ад тугі з-за гэтага пярсцёнка! Ды я лепей бы хадзіў па дварах, праводзячы дазнанне, чым дапусціў, каб ён хоць адзін міг пакутаваў жорсткай скрухай, як аб тым сведчаць ягоныя жаласныя ўздыхі.

— Другі раз даводзіцца мне сягоння адказваць на пытанне, ці смуткуе яшчэ нябожчык генерал па сваім страчаным пярсцёнку і хоча атрымаць яго назад, — сказаў пастар. — Але перш чым адказаць, я, з вашага дазволу, высокапаважаны брат мой, раскажу сваю гісторыю, а потым мы разам паразважаем аб гэтым.

Расказаўшы пра сягонняшняе здарэнне з ім, пастар зразумеў, што яму не варта было баяцца, што ротмістр з недастатковай стараннасцю будзе падтрымліваць інтарэсы свайго бацькі. Пастар не падумаў аб тым, што ў характары нават самага міралюбівага чалавека ёсць нешта ад сыноў Лодбрака[19]. Бо нярэдка бывае і так: парасяты пачынаюць вішчаць, даведаўшыся, якія пакуты выцерпеў стары парсюк. І пастар убачыў, як на лбе ў ротмістра ўспухлі жылы, а кулакі так моцна сціснуліся, што нават збялелі ў суставах. Нястрымны гнеў авалодаў ротмістрам.

Вядома, пастар перадаў усю гэту справу па-свойму. Ён расказаў, як гнеў божы пакараў злодзеяў, але ніякім чынам не пажадаў прызнаць, што тут мог быць замешаны мярцвяк.

Ротмістр жа зразумеў усё гэта зусім інакш. Ён зрабіў вывад адсюль, што бацька яго не знайшоў вечнага спакою ў магіле, бо пярсцёнак з яго ўказальнага пальца быў зняты. Ротмістра мучылі страх і згрызоты сумлення, паколькі да гэтага часу ён надта бесклапотна адносіўся да гэтай справы. Здавалася, у сэрцы ягоным ныла рана.

Пастар, заўважыўшы, як усхваляваўся ротмістр, ад страху ледзь рашыўся расказаць яму, што пярсцёнак у яго аднялі зноўку. Але гэта было ўспрынята з нейкім змрочным задавальненнем.

— Добра, што хоць адзін з гэтага зладзейскага зброду ўцалеў і што ён такі ж мярзотнік, як і іншыя, — сказаў ротмістр Лёвеншольд. — Генерал расправіўся з бацькамі Інгільберта, і расправіўся сурова. Цяпер настала мая чарга!

Пастар улавіў жорсткую рашучасць у голасе ротмістра. Ён хваляваўся ўсё мацней і мацней, баючыся, каб ротмістр не задушыў Інгільберта ўласнымі рукамі ці не засек яго да смерці.

— Я палічыў сваім абавязкам быць пасланцом ад нябожчыка Борда да вас, брат Лёвеншольд, — сказаў пастар, — але я спадзяюся, што вы не пачнеце ніякіх неабдуманых дзеянняў. Я ж маю намер паведаміць цяпер ленсману аб тым, што мяне абакралі.

— Вы, брат мой, можаце паступаць як палічыце патрэбным, — заўважыў ротмістр. — Я хацеў толькі сказаць, што ўсё гэта — марныя турботы, паколькі справу я бяру на сябе.

Пастар пераканаўся, што ў Хедэбю ён больш нічога не вырашыць. І паспяшаўся з маёнтка, каб паспець завідна паведаміць аб усім ленсману.

А ротмістр Лёвеншольд паклікаў усіх сваіх чалядзіцаў, расказаў, што здарылася, і запытаўся, ці хочуць яны заўтра раніцай накіравацца разам з ім у пагоню за злодзеем. Ніхто не адмовіўся ад такой паслугі свайму гаспадару і нябожчыку генералу. Канец вечара пайшоў на пошукі ўсемагчымай зброі — старадаўніх мушкетаў, кароткіх мядзведжых рагацін, доўгіх шпаг, а таксама паліц і кос.

Загрузка...