VIII

Аднойчы восенню, год праз трыццаць пасля той незабыўнай гульні ў косці на плошчы перад судовай палатай у Брубю, Марыт Эрыксдотэр сядзела на ганку невялікай палевай клеці ў сядзібе Стургордэн, дзе яна жыла, і вязала дзіцячыя рукавічкі. Ёй хацелася звязаць іх прыгожым узорам палоскай і клеткай, каб яны парадавалі дзіця, якому яна збіралася іх падарыць. Але яна не магла прыгадаць які-небудзь узор.

Пасля таго як яна доўгі час праседзела на ганку, малюючы прутком на прыступцы ўзоры, яна пайшла ў клець і адчыніла сундук з адзеннем, каб знайсці які-небудзь узор, па якім магла б звязаць рукавічкі. На самым дне сундука яна наткнулася на адмыслова звязаную шапачку з кутасікам, узорную — з мноствам разнастайных квадрацікаў і палосачак; пасля пэўнага вагання яна ўзяла шапачку з сабой на ганак.

Круцячы шапачку на ўсе бакі, каб разабрацца з узорыстай вязкай, яна заўважыла, што шапачка дзе-нідзе паедзена моллю. «Госпадзі божа, не дзіўна, што шапачка сапсавана, — падумала яна. — Прайшло, пэўна, сама меней трыццаць гадоў з таго часу, як яе насілі. Добра, што я хоць выцягнула яе з сундука і бачу цяпер, што з ёю сталася».

Шапачка была ўпрыгожана вялікім і пышным рознакаляровым кутасікам, і ў ім якраз молі, відаць, і было раздолле. Варта было Марыт страсянуць шапачку, як ніткі паляцелі на ўсе бакі. А кутасік, дык той нават адарваўся і ўпаў ёй на калені. Яна падняла кутасік і пачала разглядваць, ці занадта сапсаваны ён і ці нельга яго зноў прымацаваць, аднак пры гэтым яна раптам заўважыла, што сярод нітак штосьці бліснула. Нецярпліва рассунуўшы іх, яна ўбачыла вялікі залаты пярсцёнак з пячаткай і з пунсовым каменем, вельмі моцна ўшыты ў кутасік грубымі палатнянымі ніткамі.

Кутасік з шапачкай выпалі ў яе з рук. Ніколі раней не даводзілася ёй бачыць гэты пярсцёнак, але ў яе зусім не было патрэбы разглядваць каралеўскія ініцыялы на камяні ці чытаць надпіс на пярсцёнку, каб даведацца, што гэта за пярсцёнак і хто быў яго ўладальнікам. Абапёршыся на поручань ганка, яна заплюшчыла вочы і так сядзела, ціхая і бледная, быццам была пры смерці. Ёй здавалася, што сэрца ў яе вось-вось разарвецца ад пакуты.

З-за гэтага пярсцёнка бацьку яе Эрыку Іварсану, дзядзьку яе Івару Іварсану і жаніху яе Паўлю Эліясану давялося развітацца з жыццём, а цяпер ёй суджана знайсці гэты пярсцёнак, вельмі моцна ўшыты ў кутасік Паўлевай шапачкі! Як жа ён туды трапіў? Калі ж ён туды трапіў? Ці ведаў Паўль аб тым, што пярсцёнак зашыты ў кутасіку?

Не! Яна адразу ж запэўніла самую сябе, што ён ніяк не мог ведаць аб гэтым.

Яна прыгадала, як ён размахваў гэтай шапачкай і падкідваў яе ўгору, думаючы, што і яго і старых Іварсанаў апраўдаюць.

Малюнак гэты стаяў перад яе вачыма, нібы ўсё здарылася толькі ўчора: вялізны натоўп людзей, спачатку поўны нянавісці і варожасці да яе і да яе блізкіх, а пад канец перакананы ў іх невінаватасці. Ёй прыгадалася цудоўнае цёмна-сіняе асенняе неба і пералётныя птушкі, якія збіліся са шляху і трывожна ляталі над плошчай, дзе ішоў цінг. Паўль бачыў іх, і ў той момант, калі яна прыціснулася да яго, шапнуў ёй, што хутка душа яго будзе мітусіцца ў нябёсах, быццам маленькая птушачка, якая збілася са шляху. І ён запытаўся, ці дазволіць яна яму прылятаць і гнездавацца пад дахавым жолабам сядзібы ў Ольсбю.

Не, Паўль не мог ведаць, што ўкрадзенае дабро схавана ў шапачцы, якую ён падкідваў угору, пазіраючы на цудоўнае асенняе неба.

Гэта было на другі дзень. Сэрца яе сутаргава сціскалася кожны раз, калі яна ўспамінала аб ім, але цяпер ёй што б там ні было патрэбна ўспомніць усё да канца. Са Стакгольма прыйшоў указ, што божы суд неабходна разумець так: усе тры абвінавачваемыя аднолькава вінаватыя, і іх трэба пакараць смерцю праз павешанне.

Яна была там, калі прыгавор прыводзілі ў выкананне, была дзеля таго, каб людзі, якіх яна любіла, ведалі, што ёсць на свеце чалавек, які верыць у іх і смуткуе. Але дзеля гэтага наўрад ці патрэбна было ісці на ўзгорак вісельнікаў. Пасля божага суда настрой у людзей стаў іншым. Усе тыя, хто акружалі яе перад салдацкім частаколам, былі цяпер добрыя з ёю. Людзі разважалі ды меркавалі між сабой, а потым вырашылі, што божы суд патрэбна разумець так: усе тры абвінавачваемыя невінаватыя. Бо стары генерал дазволіў усім тром выкінуць па дзве шасцёркі. Значыць, і разважаць тут больш няма чаго. Генеральскага пярсцёнка ніхто з іх не браў.

Калі вывелі трох сялян, пачуўся ўсеагульны страшны лямант. Жанчыны плакалі, мужчыны стаялі, сціснуўшы кулакі і сцяўшы зубы. Казалі, што быць, маўляў, прыходу Бру разораным, як Іерусаліму, бо там пазбавілі жыцця трох бязвінных мужчын. Людзі выкрыквалі словы суцяшэння прыгавораным да пакарання смерцю і здзекваліся з катаў. Безліч праклёнаў пасылалася на галаву ротмістра Лёвеншольда. Казалі, быццам ён пабываў у Стакгольме і па яго віне прыгавор божага суда вытлумачылі на шкоду абвінавачваемым.

Але, ва ўсякім выпадку, усе людзі, разам з Марыт лічылі падсудных невінаватымі і верылі ім, а гэта дапамагло дзяўчыне перажыць той дзень. І не толькі той дзень, але і ўсе астатнія дні — да гэтага часу. Калі б людзі, з якімі ёй давялося сустракацца, лічылі яе дачкой забойцы, то яна не ў сілах была б вынесці цяжару жыцця.

Паўль Эліясан першым узышоў на маленькі дашчаны памост пад шыбеніцай. Спачатку ён кінуўся на калені і пачаў маліцца богу, потым звярнуўся да святара, які стаяў побач з ім, і пачаў аб нечым прасіць яго. Затым Марыт убачыла як пастар зняў з яго галавы шапачку. Калі ўсё было скончана пастар перадаў Марыт шапачку і апошняе прывітанне Паўля. Ён паслаў ёй шапачку ў знак таго, што думаў пра яе ў свой перадсмяротны час.

Як ёй магло нават прыйсці ў галаву, што Паўль падарыў бы ёй на памяць шапачку, калі б ведаў, што ў ёй схавана крадзенае дабро? Не, калі ўжо і было што надзейнае на свеце, дык толькі адно: Паўль не ведаў, што пярсцёнак, які быў надзеты на пальцы нябожчыка, — у шапачцы.

Хутка нагнуўшыся, Марыт Эрыксдотэр узяла шапачку, паднесла яе да вачэй і пачала ўважліва разглядаць. «Адкуль магла ўзяцца ў Паўля гэта шапачка? — падумала яна. — Ні я, ды і ніхто іншы ў сядзібе не вязаў яе яму. Відаць, ён купіў яе на кірмашы, а магчыма, памяняўся з кім-небудзь».

Яна яшчэ раз перавярнула шапачку, разглядваючы ўзор з усіх бакоў. «Калісьці гэта шапачка была, напэўна, прыгожая і новая, — падумала яна. — Паўль любіў рознае прыгожае ўбранне. Ён заўсёды быў незадаволены, калі мы ткалі яму шэрыя саматканыя кафтаны. Ён хацеў, каб саматканае сукно яму заўсёды фарбавалі. А шапачкі ён любіў часцей чырвоныя, з вялікім кутасікам. Гэта несумненна прыйшлася яму па густу».

Адклаўшы шапачку, яна зноў абапёрлася аб поручань, імкнучыся перанесціся ў мінулае.

Яна была ў лесе той самай раніцай, калі Інгільберта напалохалі да смерці. І бачыла, як Паўль разам з яе бацькам і дзядзькам стаяў, схіліўшыся над трупам. Абодва старыя вырашылі, што Інгільберта трэба перанесці ўніз, у даліну, і накіраваліся насячы галля для насілак. А Паўль на момант забавіўся, каб разгледзець Інгільбертаву шапачку. Яна яму вельмі спадабалася. Шапачка была ўзорыстая, звязаная з чырвонай, сіняй і белай пражы, і ён непрыкметна памяняў яе на сваю. Ён зрабіў гэта без усялякага дрэннага намеру. Магчыма, ён проста хацеў пафарсіць крыху ў ёй. Ягоная ўласная шапачка, пакінутая ім Інгільберту, вядома ж, была не горшая за гэту, але не такая стракатая і не так адмыслова звязаная.

А Інгільберт зашыў пярсцёнак у шапачку, перш чым пайсці з дому. Магчьма, ён думаў, што за ім будзе пагоня, і таму спрабаваў схаваць яго. Калі ж паваліўся, нікому і ў галаву не прыйшло шукаць пярсцёнак у шапачцы, а Паўлю Эліясану і тым больш.

Напэўна, так яно і было ўсё. Яна магла б паклясціся ў гэтым, але трэба ўсё ж пераканацца да канца.

Марыт паклала пярсцёнак у сундук і з шапачкай у руках пайшла на двор для жывёлы, каб паразмаўляць з даглядчыцай жывёлы.

— Выйдзі на святло, Мэрта, — крыкнула яна ў цёмную глыбіню хлява, — і дапамажы мне з узорам, а то адной ніяк не разабрацца!

Калі даглядчыца жывёлы выйшла да яе, Марыт працягнула ёй шапачку.

— Я ведаю, што ты майстар вязаць, Мэрта, — сказала яна. — Я хацела пераняць гэты ўзор, ды не магу ў ім разабрацца. Глянь жа сама! Ты ж вельмі вопытная ў гэтай справе: куды мне да цябе!

Даглядчыца жывёлы ўзяла шапачку і паглядзела на яе. Відаць было, што яна вельмі здзівілася. Выйшаўшы з ценю, які адкідвала сцяна хлява, яна зноў пачала аглядаць шапачку.

— Адкуль яна ў цябе? — запыталася Мэрта.

— Яна праляжала ў мяне ў сундуку шмат гадоў, — адказала Марыт. — А чаму ты ў мяне пытаешся?

— Таму, што гэту самую шапачку я звязала майму брату Інгільберту тым апошнім летам, калі ён яшчэ быў жывы, — сказала даглядчыца жывёлы. — Я не бачыла яе з той самай раніцы, калі ён пайшоў з дому. Як магла яна трапіць сюды?

— Можа, яна звалілася ў яго з галавы, калі ён падаў, — адказала Марыт. — І хтосьці з нашых работнікаў падабраў яе ў лесе і прынёс сюды. Але калі ўжо гэта шапачка развярэдзіла табе сэрца, можа, ты і не захочаш зняць для мяне ўзор?

— Давай мне шапачку, і ўзор будзе ў цябе да заўтрашняга дня — сказала даглядчыца жывёлы.

У голасе яе пачуўся плач, калі, узяўшы шапачку, яна пайшла назад на двор для жывёлы.

— Не, не трэба табе здымаць узор, раз гэта так цяжка, — сказала Марыт.

— Ніколькі мне не цяжка, калі я раблю гэта для цябе.

І на самай справе, ніхто іншы, а Марыт успомніла пра Мэрту Бордсан, якая засталася адна ў лесе пасля смерці бацькі і брата, і прапанавала ёй пайсці даглядчыцай жывёлы ў сваю сядзібу Стургордэн у Ольсбю. І Мэрта заўсёды была ёй удзячна за тое, што Марыт дапамагла ёй вярнуцца да людзей.

Марыт зноў пайшла на ганак палевай клеці і ўзяла ў рукі вязанне, але ёй не працавалася; абапёршыся, як раней, галавой на поручань, яна намагалася прыдумаць — што ж ёй цяпер рабіць.

Калі б хто-небудзь у ольсбюскай сядзібе ведаў, як выглядаюць жанчыны, якія адмовіліся ад свецкага жыцця дзеля пустэльніцтва ў манастыры, то сказаў бы, што Марыт падобная на такую жанчыну. Твар яе быў жаўтавата-бледны і зусім без маршчын. Нетутэйшаму чалавеку амаль немагчыма было б сказаць — маладая яна ці старая. Ва ўсім яе абліччы было нешта супакоенае і ціхае, як у чалавека, які адмовіўся ад усякіх жаданняў. Яе ніколі не бачылі бесклапотна-вясёлай, але і вельмі маркотнай таксама ніколі не бачылі.

Пасля цяжкага ўдару, які напаткаў яе, Марыт ясна адчула, што жыццё для яе скончана. Яна атрымала ў спадчыну сядзібу Стургордэн, але добра разумела, што калі захоча захаваць сядзібу ў сябе, то ёй давядзецца выйсці замуж: сядзібе ж патрэбен гаспадар. Не жадаючы выходзіць замуж, яна перадала ўсе свае ўладанні аднаму са стрыечных братоў зусім бясплатна, абумовіўшы сабе толькі права жыць і харчавацца ў сядзібе да сканчэння сваіх дзён.

Яна была задаволена тым, што так паступіла, і ніколі ў гэтым не раскайвалася. Баяцца, што дні пацягнуцца для яе марудна і бесклапотна, не даводзілася. Людзі паверылі ў яе жыццёвы розум і дабрату, і варта было каму-небудзь захварэць, як адразу клікалі яе. Дзеці таксама вельмі хінуліся і лашчыліся да яе. У клеці на палях у яе заўсёды было шмат малых. Яны ведалі, што ў Марыт заўсёды знойдзецца час дапамагчы ім справіцца з іх маленькімі нягодамі.

І вось цяпер, калі Марыт сядзела на ганку, разважаючы, што ёй рабіць з гэтым пярсцёнкам, яе апанаваў раптам страшны гнеў. Яна думала пра тое, як лёгка можна было адшукаць гэты пярсцёнак. Чаму генерал не паклапаціўся, каб пярсцёнак быў знойдзены? Ён жа ўвесь час ведаў, дзе пярсцёнак, цяпер Марыт гэта разумела. Але чаму ж ён не зрабіў так, каб Інгільбертаву шапачку таксама абшукалі? Замест гэтага ён дазволіў пакараць смерцю з-за свайго пярсцёнка трох невінаватых чалавек. На гэта ў яго была ўлада, а вось прымусіць пярсцёнак выйсці на свет божы — не было!

Спачатку Марыт падумала была, што ёй патрэбна пайсці да пастара, расказаць яму ўсё і аддаць пярсцёнак. Але не, гэтага яна нізашто не зробіць!

Так ужо атрымалася: дзе б ні паявілася Марыт — ці ў царкве, ці ў гасцях, з ёю абыходзіліся з вялікай павагай. Ёй ніколі не даводзілася пакутаваць ад пагарды, якая звычайна выпадае на долю дачкі ліхадзея. Людзі былі цвёрда перакананы ў тым, што тут адбылася неверагодная несправядлівасць, і хацелі згладзіць яе. Нават знатныя паны, сустракаючы, бывала, Марыт на царкоўным узгорку, абавязкова падыходзілі да яе перамовіцца некалькімі словамі. Нават сям'я з Хедэбю — вядома, не сам ротмістр, а яго жонка з нявесткай — не раз спрабавалі зблізіцца з Марыт. Але яна заўсёды ўпарта адхіляла гэтыя спробы. Ніводнага слова не сказала яна ніводнаму з жыхароў маёнтка з часу божага суда.

Дык няўжо цяпер яна выйдзе на плошчу і голасна прызнаецца ў тым, што гаспадары Хедэбю часткова мелі рацыю? Пярсцёнкам, як стала вядома, усё ж завалодалі сяляне з Ольсбю. Магчыма, нават пачнуць сцвярджаць аб тым, што яны, маўляў, ведалі, дзе пярсцёнак, выцерпелі арышт і дазнанне, спадзеючыся, што будуць апраўданы і змогуць прадаць пярсцёнак.

Ва ўсякім выпадку Марыт разумела, што гонар ротмістра, а заадно і яго бацькі, будзе выратаваны, калі яна аддасць пярсцёнак і раскажа, дзе яго знайшла. А Марыт не хацела і пальцам паварушыць дзеля таго, што прынесла б карысць і выгаду Лёвеншольдам.

Ротмістр Лёвеншольд быў цяпер васьмідзесяцігадовым дзедам, багатым і магутным, знатным і паважаным. Кароль надаў яму баронскі тытул, і не было выпадку, каб яго напаткала якая-небудзь бяда. Сыны ў яго былі вельмі добрыя, жылі, як і ён, у дастатку і выгадна ажаніліся.

А чалавек гэты забраў у Марыт усё, усё, усё, што ў яе было.

Яна засталася адна на свеце, гаротная, без мужа, без дзяцей, і ўсё па яго віне. Доўгія гады чакала яна і чакала, што яго напаткае суровае пакаранне, але так нічога і не здарылася.

Раптам Марыт падскочыла, ачуўшыся ад свайго глыбокага роздуму. Яна пачула, як па двары шпарка бягуць дзеці, напэўна, да яе.

Гэта былі два хлопчыкі гадоў дзесяці-адзінаццаці. Адзін быў сынам гаспадара, Нільс, другога яна не ведала. І, вядома ж, яны прыбеглі папрасіць яе ў нечым дапамагчы.

— Марыт, — сказаў Нільс, — гэта Адрыян з Хедэбю. Мы з ім былі вунь на той дарозе і ганялі абруч, а потым паспрачаліся, і я разадраў яго шапачку.

Марыт моўчкі сядзела, гледзячы на Адрыяна. Прыгожы хлопчык, у абліччы якога было штосьці ціхае і лагоднае. Яна схапілася за сэрца, бо заўсёды адчувала боль і страх, калі бачыла каго-небудзь з Лёвеншольдаў.

— Цяпер мы зноў сябруем, — працягваў Нільс, — вось я і падумаў: дай жа папрашу цябе, можа, ты паправіш Адрыяну шапачку, перш чым ён пойдзе дадому.

— Добра, — сказала Марыт, — зацырую!

Узяўшы ў рукі разадраную шапачку, яна паднялася, збіраючыся пайсці ў клець.

— Напэўна, гэта знак божы, — прамармытала яна. — Пагуляйце ж яшчэ крыху на двары! — сказала Марыт хлопчыкам. — Хутка будзе гатова.

Зачыніўшы за сабой дзверы ў клець, яна пачала цыраваць дзіркі ў шапачцы Адрыяна Лёвеншольда.

Загрузка...