IX

Зноў мінула некалькі год, а пра пярсцёнак па-ранейшаму не было ні слыху ні дыху. Але вось здарылася так, што ў 1788 годзе дзяўчына Мальвіна Спак пасялілася ў Хедэбю і стала там аканомкай. Была яна беднай пастарскай дачкой з Сёрмланда, ніколі раней за межы Вермланда не выязджала і не мела ніякага ўяўлення аб тым, што творыцца ў маёнтку, дзе ёй трэба было служыць.

Калі яна прыехала, яе адразу запрасілі да баранэсы Лёвеншольд, каб адкрыць вельмі дзіўны сакрэт.

— Я лічу, што будзе вельмі правільна, — сказала гаспадыня дома, — адразу ж адкрыць вам, паненка, таямніцу. Трэба сказаць, у нас у Хедэбю водзяцца прывіды. Нярэдка здараецца, што па лесвіцах і ў галерэях, а часам нават і ў панскіх пакоях сустракаеш рослага, дужага чалавека, апранутага прыкладна як стары каралінец — у высокіх батфортах і сінім форменным мундзіры. Ён з'яўляецца зусім нечакана, калі адчыняеш дзверы ці выходзіш на лесвічную пляцоўку: і не паспееш нават падумаць, хто гэта, як ён тут жа знікае. Ён нікога не крыўдзіць, і мы нават схільныя думаць, што ён мае ласку да нас, і я прашу вас, паненка, не палохацца, калі сустрэнеце яго.

Дзяўчыне Спак ішоў у той час дваццаць другі год; была яна лёгкая і спрытная, на рэдкасць здольная ў розных хатніх справах і работах, кемлівая і рашучая, таму дзе б яна ні вяла гаспадарку, усё ішло ў яе як па масле. Але яна страшна баялася прывідаў і ніколі не пагадзілася б служыць у Хедэбю, калі б ведала, што яны там водзяцца. Аднак цяпер яна ўжо прыехала, а беднай дзяўчыне, вядома ж, асабліва не даводзілася выбіраць і адмаўляцца ад такога добрага месца. Таму яна зрабіла баранэсе рэверанс, падзякавала за перасцярогу і запэўніла, што не запалохаецца.

— Мы нават не разумеем, чаму ён тут блукае, — працягвала гаспадыня дома. — Дочкі лічаць, што ён падобны на дзядулю майго мужа — генерала Лёвеншольда, якога вы бачыце вунь на тым партрэце, і яны звычайна называюць прывід Генералам. Але вы, паненка, вядома, разумееце, што ніхто не падумае сказаць, быццам па доме блукае сам генерал — ён жа, напэўна, найцудоўны быў чалавек. Шчыра кажучы, мы і самі не можам усё гэта зразумець. І калі сярод слуг пойдуць якія-небудзь плёткі, у вас, паненка, спадзяюся, хопіць розуму не прыслухоўвацца да іх.

Дзяўчына Спак яшчэ раз зрабіла рэверанс і запэўніла баранэсу, што ніколі не дапусціць сярод слуг ніякіх плётак пра паноў; і на гэтым аўдыенцыя была закончана.

Дзяўчына Спак была, вядома, усяго толькі беднай аканомкай, але паколькі паходзіла не з простай сям'і, то ела за панскім сталом, як і кіраўнік маёнтка з гувернанткай. Зрэшты, мілавідная і прыемная, з мініяцюрнай і кволай фігуркай, светлавалосая, з ружовым, квітнеючым тварыкам, яна зусім не псавала выгляду за панскім сталом. Усе лічылі яе вельмі прыстойным чалавекам, які змог стаць карысным у многіх адносінах, і яна адразу ж зрабілася ўсеагульнай любіміцай.

Неўзабаве аканомка заўважыла, што прывід, аб якім казала баранэса, быў пастаянным прадметам размовы за сталом. То адна з маладых баранэс, то гувернантка аб'яўлялі:

— Сягоння Генерала бачыла, — аб'яўлялі такім тонам, быццам гэта было нейкім гонарам, якім і пахваліцца не грэх.

Дня не праходзіла без таго, каб хто-небудзь не запытаўся ў яе, ці не сустракаўся ёй прывід, а паколькі Мальвіне пастаянна даводзілася адказваць «не», то яна заўважыла, што гэта выклікала пэўную пагарду да яе. Нібы яна была горшая за гувернантку ці кіраўніка маёнтка, якія бачылі Генерала незлічонае мноства разоў.

І сапраўды, дзяўчыне Спак ніколі не даводзілася так свабодна і нязмушана абыходзіцца з прывідам, як ім. Але з самага пачатку яна прадчувала, што справа гэта дабром не скончыцца. Іх Хедэбю чакае вельмі страшны пярэпалах. Яна сказала сама сабе, што калі гэты прывід, які прыходзіць да іх, і на самай справе істота з таго свету, то гэта, бясспрэчна, які-небудзь няшчасны, які мае патрэбу ў дапамозе жывых, каб супакоіцца ў магіле. Аканомка была вельмі рашучая, калі б на тое яе воля і ўлада, у доме правялі б строгі вышук і даведаліся б пра саму сутнасць гэтай з'явы, замест таго, каб яна была пастаяннай тэмай размоў за абедзенным сталом.

Але дзяўчына Спак ведала сваё месца, і ніводнае слова ў асуджэнне паноў ніколі не сарвалася б у яе з языка. Сама ж яна пазбягала ўдзельнічаць у агульным паджартоўванні з прывіду і захоўвала ў тайне ўсе свае дрэнныя прадчуванні.

Цэлы месяц пражыла дзяўчына Спак у Хедэбю, перш чым ёй давялося ўбачыць прывід. Аднойчы раніцай, спускаючыся з паддашка, дзе яна пералічвала перад мыццём бялізну, аканомка сустрала на лесвіцы нейкага чалавека, які састўпіў убок, даўшы ёй прайсці. Было гэта сярод белага дня, і яна зусім не думала ні аб якіх прывідах. Яна толькі здзівілася: што рабіць чужому чалавеку на гарышчы, і тут жа вярнулася, каб пацікавіцца, чаго ён тут. Але на лесвіцы не было відаць ні душы. Аканомка, поўная рашучасці схапіць за каўнер злодзея, зноў паспешліва ўзбегла па лесвіцы, зазірнула ў паддашак, абшукала ўсе цёмныя куткі і клець. Але нідзе нікога не было, і яна раптоўна здагадалася, што адбылося.

— Ну і дурніца ж я! — усклікнула яна. — Гэта быў, вядома, не хто іншы, як Генерал! Ну, зразумела! Бо той чалавек быў апрануты ў сіні форменны мундзір, якраз як стары генерал на партрэце, і на ім былі такія ж вялізныя батфорты.

Твару ягонага яна не разглядзела як мае быць, не змагла: здавалася, быццам шэрая туманная смуга ахінула яго рысы.

Дзяўчына Спак яшчэ доўга заставалася на гарышчы, стараючыся апамятацца. Зуб на зуб у яе не трапляў, ногі падкошваліся. Калі б ёй не трэба было клапаціцца пра абед, яна ніколі б і з гарышча не спусцілася. Дзяўчына Спак вырашыла захаваць усё ў тайне і не даць іншым падставы жартаваць з яе.

Між тым Генерал у яе з галавы не выходзіў, і, напэўна, гэта наклала нейкі асаблівы адбітак на яе твар, бо як толькі ўсе сабраліся на абед, сын гаспадара дома, дзевятнаццацігадовы юнак, які толькі што прыехаў з Ужалы на калядныя канікулы, звярнуўся да яе са словамі:

— Сягоння вы, паненка Спак, бачылі Генерала! — і сказаў гэта адкрыта, таму ў яе не хапіла духу адмаўляцца.

Дзяўчына Спак адразу адчула сябе важнай персонай за панскім сталом. Усе закідвалі яе пытаннямі, на якія яна, аднак, адказвала як мага карацей. На няшчасце, ёй не ўдалося адперціся ад таго, што яна крыху спалохалася, і тут усе неапісальна павесялелі. Спалохалася Генерала! Каму такое ў галаву прыйдзе!

Дзяўчына Спак ужо неаднаразова звяртала ўвагу на тое, што барон з баранэсай ніколі не жартавалі з Генерала. Яны толькі давалі свабоду дзеянняў іншым, не перашкаджаючы ім малоць языком. Цяпер жа зрабіла новыя назіранні: малады студэнт аднёсся да гэтага куды больш сур'ёзна, чым астатнія маладыя людзі ў маёнтку.

— Што да мяне, — сказаў ён, — то я зайздрошчу ўсім, каму давялося бачыць Генерала. Я б хацеў яму дапамагчы, але мне ён ніколі не трапляўся!

Гэтыя словы ён вымавіў з такім шчырым шкадаваннем і з такім пачуццём, што дзяўчына Спак у думках памалілася богу аб хутчэйшым здзяйсненні ягонага жадання. Малады барон абавязкова пашкадуе няшчасны прывід і зноў падорыць яму магільны спакой.

Неўзабаве стала вядома, што дзяўчына Спак больш, чым хто іншы з дамачадцаў, карыстаецца ўвагай прывіду. Яна бачыла яго так часта, што амаль прывыкла да яго. Ён з'яўляўся заўсёды імгненна і нечакана — то на лесвіцы, то ў сенцах, то ў цёмным кутку кухні.

Але прычыны ўзнікнення прывіду разгадаць так і не ўдалося. Праўда, у душы дзяўчына Спак таіла цьмянае падазрэнне — ці няма ўжо чаго ў маёнтку, што мог бы адшукваць прывід. Але як толькі яго ахопліваў позірк чалавека, то ён тут жа знікаў, і яна ніяк не магла зразумець ягоных задум.

Дзяўчына Спак заўважыла, што, насуперак словам баранэсы, уся моладзь у Хедэбю была цвёрда ўпэўнена ў тым, што па маёнтку блукае не хто іншы, як стары генерал Лёвеншольд.

— Ён пакутуе ў магіле, — казалі маладыя паненкі, — і яму цікава паглядзець, што мы задумваем тут у Хедэбю. Нельга ж адмовіць яму ў гэтым маленькім задавальненні.

Аканомка ж, якой кожны раз пасля сустрэчы з Генералам даводзілася бегчы ў кладоўку, дзе яна зводдаль ад надакучлівага выскаляння служанак магла ўволю трымцець ад страху і ляскаць зубамі, аддала б перавагу, каб прывід не так жвава цікавіўся Хедэбю. Але яна разумела, што ўсім астатнім членам сям'і яго проста будзе неставаць.

Вось, напрыклад, сядзелі яны аднаго разу ўвесь доўгі вечар і рукадзельнічалі — ці то пралі, ці то вязалі і шылі, ведучы адначасова свае размовы. Тут адна з паненак раптоўна ўскрыкнула ад жаху. Яна нібы ўбачыла чыйсці твар, не, уласна кажучы, нават не твар, а толькі два рады зіхоткіх зубоў, шчыльна прыціснутых да шыбы. Паспешліва запалілі ліхтар, адчынілі дзверы ў сенцы, і ўсе на чале з баранэсай выбеглі з залы, каб знайсці парушальніка спакою.

Але, вядома, так нікога і не змаглі знайсці. Усе зноў вярнуліся назад, наглуха зачынілі аканіцы і, паціснуўшы плячыма, сказалі, што гэта, напэўна, быў не хто іншы, як Генерал. Але тым часам санлівасць ужо прайшла. Нарэшце з'явілася падстава для разважанняў, калаўрот закруціўся з новай сілай, зноў развязаліся языкі.

Сям'я Лёвеншольдаў была пераканана ў тым, што варта толькі вечарам пайсці з залы, як ёю тут жа завалодае Генерал, і што яго абавязкова знайшлі б там, калі б хто-небудзь адважыўся зайсці. Лёвеншольды ніколькі не пярэчылі, каб ён там знаходзіўся. Дзяўчына Спак нават лічыла, што дамачадцы нямала радаваліся, думаючы аб тым, што іхні беспрытульны продак мог спакойна пабыць у цёплай і ўтульнай зале.

Калі Генерал перабіраўся ў залу, яму падабалася, што яна прыбраная і прыведзеная ў парадак. Кожны вечар аканомка бачыла, як баранэсы з дочкамі складвалі сваё рукадзелле і бралі яго з сабой: калаўроты і пяльцы для вышывання таксама выносілі ў іншы пакой. На падлозе не пакідалі нават абрыўка ніткі.

Дзяўчына Спак, якая спала ў каморцы побач з залай, прачнулася аднойчы ноччу таму, што нейкі прадмет гучна стукнуўся аб сценку, каля якой стаяў яе ложак, а потым скаціўся на падлогу. Не паспела яна апамятацца, як зноў пачуўся стук і зноў штосьці пакацілася па падлозе, а потым усё паўтарылася яшчэ двойчы.

— Госпадзі Божа мой, што гэта ён там задумаў? — уздыхнула аканомка, таму што адразу зразумела, хто віноўнік усёй гэтай сумятні.

Так, суседства з ім было зусім не з прыемных. Усю ноч напралёт яна ляжала, абліваючыся халодным потам і баючыся, што прывід Генерала зойдзе і пачне яе душыць.

Калі раніцай яна пайшла ў залу паглядзець, што там здарылася, то паклікала з сабой і кухарку і пакаёўку. Але нічога там не было разбіта, не відаць было якога-небудзь беспарадку, не лічачы таго, што пасярод залы на падлозе ляжалі чатыры яблыкі. Як жа гэта яны так схібілі! Якраз напярэдадні вечарам усе, седзячы каля каміна, елі яблыкі і чатыры яблыкі пакінулі на каміннай дошцы. Ды гэта яўна не спадабалася Генералу. Дзяўчыне Спак давялося згладзіць сваю нядбайнасць бяссоннай ноччу.

З іншага боку, дзяўчына Спак ніколі на магла забыцца, як аднойчы ёй давялося сутыкнуцца з сапраўднай дружалюбнасцю Генерала.

У маёнтку Хедэбю быў званы абед з мноствам гасцей. Дзяўчына Спак стамілася ад клопатаў — мяса на ражнах, лёгкае пячэнне і паштэты ў духоўцы, кацялкі з булёнам і патэльні з падліўкай на пліце. Але і гэтага мала. Аканомцы давялося асабіста прысутнічаць у зале і наглядаць за тым, як накрываюць стол; ёй давялося прыняць серабро, якое ўласнаручна выдала па падліку баранэса. Патурбавалася яна і аб тым, каб віно і піва дасталі са склепа і каб уставілі свечкі ў люстры. Калі ж яшчэ ўзяць пад увагу, што кухня ў Хедэбю знаходзілася ў аддаленым флігелі і, каб патрапіць туды, трэба было бегчы цераз увесь двор, што з-за гэтага ўрачыстага выпадку кухня была бітком набіта прышлымі, да таго ж і нявопытнымі слугамі, то можна сабе ўявіць, што кіраваць усім гэтым павінен быў чалавек умелы.

Але ўсё ішло без сучка, без задзірынкі, як і належала таму быць. На бакалах не было ні плямкі, а ў паштэтах нясвежых вантробаў, піва пенілася, булён быў у меру прыпраўлены, а кава ў меру моцная. Дзяўчына Спак змагла паказаць, на што яна здатная, і сама баранэса, адпускаючы ёй кампліменты, сказала, што лепш і быць не магло.

Аднак тут аканомку напаткаў жахлівы і нечакавы ўдар. Збіраючыся вярнуць баранэсе серабро, яна хапілася, што нестае дзвюх лыжак — сталовай і маленькай.

Усе перапалохаліся. Па тых часах нічога горшага, чым прапажа серабра, у доме здарыцца не магло. У Хедэбю пачалося ліхаманкавае хваляванне і ўсеагульная сумятня. Усе толькі і рабілі, што шукалі прапажу. Успомнілі, што нейкая старая цыганка была на кухні ў той самы дзень, калі ў Хедэбю банкетавалі, і гатовы былі ехаць у далёкія фінскія лясы[22], каб схапіць яе. Усе сталі падазроныя і безразважныя. Гаспадыня падазравала аканомку, аканомка — служанак, служанкі — адна адну і ўвесь белы свет. То адна, то іншая прыходзіла з пачырванелымі ад слёз вачыма, бо думала, што падазраюць якраз яе ў крадзяжы гэтых дзвюх лыжак.

Гэта працягвалася некалькі дзён, аднак так нічога і не знайшлі, і дзяўчына Спак пачала адчайвацца. Яна пабывала ў свінарніку і абшукала свіное карыта з пойлам, жадаючы паглядзець, ці не трапілі туды лыжкі. Яна крадком прабралася на гарышча, дзе служанкі трымалі сваё адзенне, і тайком перакапала іх маленькія куфэркі. Усё было марна, і дзе шукаць яшчэ — не ведала. Аканомка заўважыла, што баранэса з усімі дамачадцамі падазраюць яе, нетутэйшую. Дзяўчына разумела, што яе звольняць з пасады, калі не адмовіцца сама.

Схіліўшыся над плітой, дзяўчына Спак стаяла на кухні і плакала так горка, што слёзы яе капалі ўніз і шыпелі на гарачай пліце. Раптам яна адчула, што ёй трэба павярнуцца. Так яна і зрабіла і нечакана ўбачыла, што каля сцяны стаіць Генерал, паказваючы рукой на паліцу, якая была прыладжана так высока і так нязручна, што нікому ніколі не прыходзіла ў галаву класці туды што-небудзь.

Генерал знік, як і заўсёды, у той самы момант, калі і з'явіўся, але дзяўчына Спак вырашыла праверыць яго падказку. Выцягнуўшы з кладоўкі лесвіцу, яна прыставіла яе да паліцы, узлезла на самы верх, працягнула руку і намацала старую пасудную анучу. Ды ў гэту брудную анучу былі загорнуты абедзве сярэбраныя лыжкі.

Як яны туды трапілі? Безумоўна, гэта здарылася без чыйго-небудзь ведама і намеру. У неверагоднай сумятні на такім банкеце магло здарыцца ўсё, што хочаш. Анучу зашпурнулі на паліцу, напэўна таму, што яна трапіла пад ногі, а сярэбраныя лыжкі апынуліся там разам з ёю, прычым ніхто гэтага не заўважыў.

Але цяпер яны зноўку знайшліся, і дзяўчына Спак, ззяючы ад шчасця, аднесла іх баранэсе і па-ранейшаму стала яе правай рукой і памочніцай.

Няма ліха без дабра. Вярнуўшыся дамоў вясной, малады барон Адрыян пачуў тое, што Генерал выказаў дзяўчыне Спак сваю нечуваную прыхільнасць; і Адрыян адразу ж пачаў адносіцца да яе з асаблівай увагай. Ён вельмі часта наведваўся да яе ў буфетную ці на кухню. То ён з'яўляўся пад маркай, што яму неабходна новая леска для вуды, то казаў, што яго прывабіў прыемны пах толькі што спечаных булачак. Пры гэтым ён заўсёды пераводзіў размову на прадметы незвычайныя. Ён схіляў аканомку расказваць яму гісторыі аб прывідах, якія вадзіліся ў багатых сёрмландскіх маёнтках, такіх, як Юліта, Эрыксберг, жадаючы выведаць, якое ў яе меркаванне аб гэтым.

Але часцей за ўсё яму хацелася пагаварыць пра Генерала. Ён казаў ёй, што не можа разважаць пра яго з іншымі, бо яны ўспрымаюць яго толькі з жартоўнага боку. А ён спачувае няшчаснаму прывіду і хоча дапамагчы яму знайсці вечны спакой. Толькі б ведаць, як да гэтага падступіцца!

Тут дзяўчына Спак заўважыла: на яе сціплае меркаванне, у маёнтку ёсць штосьці такое, што шукае Генерал.

Малады барон злёгку збялеў і дапытліва паглядзеў на аканомку.

— Ma foi[23], паненка Спак! — усклікнуў ён. — Гэта цалкам магчыма! Але запэўніваю вас, калі б мы мелі тут, у Хедэбю, тое, чаго дамагаецца Генерал, то неадкладна б яму гэта аддалі!

Дзяўчына Спак, вядома, вельмі добра разумела, што барон Адрыян наведвае яе толькі дзеля прывіду, але ён быў такі далікатны малады чалавек і такі прыгожы! Ды, калі ўжо гаварыць шчыра — нават больш чым прыгожы! Ён хадзіў, крыху схіліўшы наперад галаву, а ва ўсім ягоным абліччы было штосьці задуменнае. Так, многія нават лічылі, што ён не па гадах сур'ёзны. Але меркавалі так толькі таму, што не ведалі яго. Часам ён раптоўна ўскідваў галаву, жартаваў і прыдумваў розныя свавольствы не ў параўнанне з іншымі. Ды за што б ён ні браўся — у яго руках, голасе, усмешцы была нейкая невымоўная чароўнасць.

Аднойчы летам, у нядзелю, дзяўчына Спак была ў царкве. Дамоў яна вярталася самым кароткім шляхам — па сцяжынцы, якая ішла наўскасяк цераз агароджу пастарскай сядзібы. Сёй-той з прыхаджан, выйшаўшы з царквы, таксама пайшоў па гэтай жа сцяжынцы, а аканомка, спяшаючыся ў маёнтак, абагнала жанчыну, якая ішла значна павольней, чым яна. Хутка дзяўчына Спак падышла да пералаза, па якім цяжка было перабрацца цераз агароджу, і, як заўсёды паслужлівая, яна падумала пра больш павольную падарожніцу і спынілася, каб дапамагчы ёй. Працягнуўшы жанчыне руку, аканомка заўважыла, што тая зусім не такая старая, як падалося здалёку. Скура ў яе была на рэдкасць гладкая і белая, таму дзяўчына Спак вырашыла — магчыма ёй не больш за пяцьдзесят. Хоць з выгляду яна была ўсяго толькі простай сялянкай, але трымалася з гонарам, быццам ёй давялося перажыць нешта такое, што ўзвышала яе над уласным саслоўем.

Пасля таго як аканомка дапамагала жанчыне перабрацца цераз агароджу, яны пайшлі побач па вузкай сцяжыне.

— Вы, паненка, відаць, тая самая, што кіруе гаспадаркай ў Хедэбю, — сказала сялянка.

— Так, — пацвердзіла дзяўчына Спак.

— Я мяркую, добра вам там жывецца?

— А чаму б мне жыць дрэнна на такім добрым месцы! — стрымана запярэчыла аканомка.

— Ды ў народзе кажуць, быццам у Хедэбю штосьці творыцца.

— Не варта верыць людскім плёткам, — павучальна заўважыла аканомка.

— Не варта, напэўна, не варта, ужо я ведаю! — пагадзілася субяседніца.

Яны памаўчалі. Мабыць, жанчына гэта штосьці ведала, і, шчыра кажучы, дзяўчына Спак гарэла жаданнем параспытваць яе. Але гэта было б нядобра і не да твару ёй.

Першая зноў завяла размову жанчына.

— Здаецца мне, што вы, паненка слаўная, — прамовіла яна, — і таму я хачу даць вам добрую параду: не затрымлівайцеся доўга ў Хедэбю. Бо з тым, хто там блукае, жарты дрэнныя. Ён не адступіцца, пакуль не даможацца свайго.

Спачатку дзяўчына Спак намервалася крыху пагардліва падзякаваць за перасцярогу, але апошнія словы незнаёмай жанчыны абудзілі ў яе цікавасць.

— А што ж яму трэба? Вы ведаеце, што яму трэба?

— Няўжо вам, паненка, пра гэта невядома? — запыталася сялянка. — Тады я ні слова больш не вымаўлю. Можа, так яно і лепей для вас, што вы нічога не ведаеце.

З гэтымі словамі яна працягнула дзяўчыне Спак руку, павярнула на іншую сцяжынку і неўзабаве знікла з вачэй.

Дзяўчына Спак асцерагалася і не расказала за абедзенным сталом усёй сям'і пра гэтую размову. Але пасля абеду, калі барон Адрыян наведаўся да яе ў малочную, яна не ўтаіла таго, што сказала ёй незнаёмка. Адрыян і сапраўды вельмі здзівіўся.

— Мабыць, гэта была Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю, — сказаў ён. — Ведаеце, паненка, яна ўпершыню за трыццаць год перамовілася сяброўскім словам з кімсьці з Хедэбю. Мне яна аднойчы зацыравала шапачку, якую падраў хлопчык з Ольсбю, а выгляд у яе пры гэтым быў такі, быццам яна хацела выдзерці мне вочы.

— Але ці ведае яна, што іменна шукае Генерал?

— Каму ж, як не ёй, ведаць аб гэтым, паненка Спак. І я таксама ведаю. Тата расказваў мне неяк усю гісторыю. Але бацькі мае не жадаюць, каб аб гэтым гаварылі пры сёстрах. Яны пачнуць тады баяцца прывідаў і наўрад ці застануцца жыць тут. І я таксама не адважваюся расказаць вам аб гэтым.

— Барані бог! — прамовіла аканомка. — Калі барон забараніў казаць…

— Я шкадую аб гэтым, — перабіў яе барон Адрыян, — я думаў, што вы, паненка, зможаце мне дапамагчы.

— Ах, калі б я магла!

— Бо, і я гэта паўтараю, — працягваў барон Адрыян, — хачу дапамагчы супакоіцца беднаму прывіду. Я не баюся яго, я пайду да яго, як толькі ён пакліча мяне. Чаму ён паказваецца ўсім іншым і ніколі не паказваецца мне?

Загрузка...