IV

Гэта здарылася праз многа гадоў пасля таго, як бясследна знік генералаў пярсцёнак. Аднойчы пастара з Бру паклікалі да беднага селяніна Борда Бордсана з аддаленага сэтара[10] ў лясах Ольсбю. Борд Бордсан ляжаў на смяротным ложы і абавязкова жадаў перад смерцю пагаварыць з самім пастарам. Пастар быў чалавек пажылы і, пачуўшы, што трэба наведацца да хворага, які жыў за многа міль ад Бру ў непраходным гушчары, вырашыў — няхай замест яго паедзе пастар-ад'юнкт[11]. Але дачка паміраючага, якая прынесла пастару гэту вестку, адмовілася наадрэз. Няхай едзе сам пастар, ці ўвогуле нікога не трэба. Бацька, маўляў, кланяўся і загадваў перадаць: яму патрэбна расказаць нешта, аб чым можна ведаць толькі пастару, а больш нікому на свеце.

Пачуўшы гэта, пастар пакапаўся ў сваёй памяці. Борд Бордсан быў добры чалавек. Праўда, крыху праставаты, але не з-за гэтага ж яму трывожыцца на смяротным ложы. Ну, а калі разважыць па-чалавечы, то святар сказаў бы, што Борд Бордсан быў адным з тых, хто пакрыўджаны богам. Апошнія сем гадоў селяніна даймалі розныя беды і няшчасці. Сядзіба згарэла, а жывёла або падохла ад павальнага мору, або яе задралі дзікія звяры. Мароз спустошыў раллю, так што Борд збяднеў, як Іоў. Пад канец жонка яго прыйшла ў такую роспач ад усіх гэтых бядот, што кінулася ў возера. А сам Борд перабраўся ў пастухову хаціну ў глухім лесе; гэта было адзінае, чым ён яшчэ валодаў. З таго часу ні сам ён, ні дзеці яго не хадзілі ў царкву. Аб гэтым неадночы гаварылі ў пастарскім маёнтку, не разумеючы, ці жывуць яшчэ Бордсаны ў іх прыходзе, ці не.

— Наколькі я ведаю твайго бацьку, ён не рабіў такога цяжкага граху, у якім не мог бы пакаяцца ад'юнкту, — сказаў пастар, гледзячы з добразычлівай усмешкай на дачку Борда Бордсана.

Для сваіх чатырнаццаці гадоў яна была не па ўзросту рослая і моцная дзяўчынка. Твар у яе быў шырокі, рысы твару грубыя. Выгляд — крышачку праставаты, як у бацькі, але выраз дзіцячай бязвіннасці і шчырасці прыхарошваў яе твар.

— А вы, высокапаважаны пан пастар, пэўна, не баіцеся Бенгта-асілка? Не з-за яго ж вы не адважваецеся паехаць да нас? — запыталася дзяўчынка.

— Што такое ты кажаш, дзетка? — здзівіўся пастар. — Што гэта за Бенгг-асілак, аб якім ты гаворыш?

— А той самы, хто робіць так, што ўсё ў нас не ладзіцца.

— Вось як, — працягнуў пастар, — вось як. Значыць, гэта той, каго завуць Бенгтам-асілкам?

— А хіба вы, высокапаважаны пан пастар, не ведаеце, што гэта ён падпаліў Меламстугу?

— Не, аб гэтым мне чуць не даводзілася, — адказаў пастар, але адразу ж узняўся з месца і ўзяў свой трэбнік і невялікі пацір, якія заўсёды вазіў з сабой, калі ездзіў па прыходзе.

— Гэта ён загнаў матулю ў возера, — працягвала дзяўчынка.

— Горшай бяды быць не можа! — усклікнуў пастар. — А ён жывы яшчэ, гэты Бенгт-асілак? Ты бачыла яго?

— Не, бачыць я яго не бачыла, — адказала яна, — але ён, вядома, жывы. Гэта з-за яго нам давялося перабрацца ў лес і жыць сярод дзікіх скал. Там ён пакінуў нас у спакоі да мінулага тыдня, калі татка секануў сябе па назе.

— І ў гэтым таксама, па-твойму, вінаваты Бенгт-асілак? — зусім спакойна запытаўся пастар, але адразу ж адчыніў дзверы і крыкнуў работніку, каб той сядлаў каня.

— Татка сказаў, што Бенгт-асілак замовіў сякеру, а не то б яму ніколі не пашкодзіць нагу. Ды і рана ж была зусім не небяспечная; а сягоння татка ўбачыў, што ў яго антонаў агонь у назе. Ён сказаў, што цяпер ужо абавязкова памрэ, таму што Бенгт-асілак даканаў яго. Вось татка і паслаў мяне сюды і загадаў перадаць, каб вы самі да яго прыехалі, і як мага хутчэй.

— Добра, паеду, — сказаў пастар.

Пакуль дзяўчынка расказвала, ён накінуў на сябе дарожны плашч і надзеў капялюш.

— Аднаго я не магу зразумець, — сказаў ён, — з чаго б гэтаму самаму Бенгту-асілку так даймаць твайго татку? Ці не зачапіў яго калі-небудзь Борд за жывое?

— Так, ад гэтага татка не адмаўляецца, — пацвердзіла дзяўчынка. — Толькі чым ён пакрыўдзіў яго, аб гэтым татка ні мне, ні брату не казаў. Здаецца мне, што якраз аб гэтым ён і хоча паведаміць вам, глыбокапаважаны пан пастар.

— Ну, калі так, — сказаў пастар, — трэба паспяшацца.

Нацягнуўшы пальчаткі з адваротамі, ён выйшаў разам з дзяўчынкай з дому і сеў на каня.

За ўвесь час, пакуль яны ехалі да пастуховай хаціны ў лесе, пастар не сказаў ні слова. Ён сядзеў, думаючы аб усіх тых цудах, пра якія расказала яму дзяўчынка. Сам ён на сваім вяку сустракаў толькі аднаго чалавека, празванага ў народзе Бенгтам-асілкам. Але ж, магчыма, дзяўчынка казала не пра яго, а зусім пра іншага Бенгта.

Калі пастар уехаў на сэтар, яму насустрач выскачыў малады хлопец. Гэта быў сын Борда Бордсана — Інгільберт. Ён быў на некалькі гадоў старэйшы за сястру, такі ж рослы і бучны, як яна, і падобны з ёю тварам. Але вочы ў яго былі пасаджаны глыбей, а выгляд — зусім не такі дабрадушны і шчыры, як у яе.

— Далекавата вам было ехаць, пан пастар, — сказаў Інгільберт, дапамагаючы пастару злезці з каня.

— О, так, — сказаў стары, — але я прыехаў хутчэй, чым разлічваў.

— Мне самому б трэба было прывезці вас сюды, пан пастар, — сказаў Інгільберт, — але я рыбачыў учора вечарам дапазна. Толькі вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што ў бацькі ў назе антонаў агонь і што сястру паслалі па вас, пан пастар.

— Мэрта не ўступіць любому хлопцу, — сказаў пастар. — Усё было як нельга лепш. Ну, а як Борд зараз?

— Шчыра кажучы, яму зусім дрэнна, але ён яшчэ пры розуме. Узрадаваўся, калі я сказаў яму, што вы ўжо выехалі з лесу.

Пастар увайшоў да Борда, а брат з сястрой селі на шырокія каменныя пліты каля хаціны і сталі чакаць. Настроены яны былі ўрачыста і размаўлялі пра бацьку, які быў добры з імі. Але шчаслівым не быў ніколі з таго самага дня, як згарэла Меламстуга, таму, бадай, для яго лепей будзе развітацца з такім няшчасным жыццём.

Раптам сястра сказала:

— У таткі, відаць, было нешта на сумленні!

— У таты? — адзівіўся брат. — Што ўжо ў яго магло быць на сумленні? Ды я ні разу не бачыў, каб ён замахнуўся на жывёлу ці на чалавека.

— Але ж у нечым ён збіраўся пакаяцца пастару, і нікому больш.

— Ён так сказаў? — запытаўся Інгільберт. — Сказаў, што перад смерцю хоча ў чымсьці пакаяцца пастару? Я ж думаў, ён паклікаў яго сюды толькі для таго, каб прычасціцца.

— Калі ён сягоння пасылаў мяне па пастара, то сказаў, каб я ўгаварыла яго прыехаць. Бо пастар — адзіны чалавек на свеце, каму ён можа пакаяцца ў вялікім і цяжкім граху.

Крыху падумаўшы, Інгільберт усклікнуў:

— Дзіўна! А ці не прыдумаў ён усё гэта, пакуль сядзеў тут адзін? Як і небыліцы, якія, бывала, расказваў пра Бенгта-асілка. Усё гэта не інакш як пустая выдумка, і нічога больш.

— Пра Бенгта-асілка ён якраз і хацеў пагаварыць з пастарам, — сказала дзяўчынка.

— Тады можаш пайсці ў заклад, што гэта адны выдумкі, — сказаў Інгільберт.

З гэтымі словамі ён падняўся з месца і падышоў да акенца ў сцяне хаціны, якое было адчынена, каб крыху святла і паветра магло пранікнуць усярэдзіну. Ложак хворага стаяў так блізка ад акенца, што Інгільберт мог чуць кожнае слова. І сын пачаў прыслухоўвацца, ніколькі не пакутуючы мукамі сумлення. Магчыма, ніхто яму ніколі раней не казаў, што падслухоўваць споведзь грэшна. Ва ўсякім выпадку, ён быў упэўнены, што ў бацькі няма ніякіх страшных тайнаў, якія ён мог бы выдаць.

Пастаяўшы крыху каля акенца, Інгільберт зноў падышоў да сястры.

— Ну, што я казаў? — пачаў ён. — Бацька расказвае пастару, што гэта яны разам з маці ўкралі каралеўскі пярсцёнак у старога генерала Лёвеншольда.

— Злітуйся, божа! — усклікнула сястра. — Ці не сказаць нам пастару, што ўсё гэта глупства, што ён сам на сябе нагаворвае.

— Зараз мы нічога не можам зрабіць, — запярэчыў Інгільберт. — Няхай цяпер кажа што хоча. А з пастарам мы пасля пагаворым.

Ён зноў падкраўся да акенца і пачаў падслухоўваць. На гэты раз ён не прымусіў сястру доўга чакаць і неўзабаве зноў падышоў да яе.

— Цяпер ён кажа, што ў тую ж ноч, калі яны з маці пабывалі ў склепе і ўзялі пярсцёнак, згарэла Меламстуга. Ён думае, быццам сам генерал падпаліў двор.

— Па ўсім відаць, што гэта адна дурасць, — сказала сястра. — Нам жа ён не менш за сотню разоў казаў, што Меламстугу падпаліў Бенгт-асілак.

Не паспела яна вымавіць гэтыя словы, як Інгільберт зноў вярнуўся на сваё месца каля акенца. На гэты раз ён доўга стаяў там, прыслухоўваючыся, а калі зноў падышоў да сястры, твар яго пацямнеў.

— Бацька сцвярджае, што гэта генерал наслаў на яго ўсе беды, каб прымусіць вярнуць пярсцёнак. Ён кажа, што маці спалохалася і захацела пайсці разам з ім да ротмістра ў Хедэбю і аддаць пярсцёнак. Бацька і рад бы быў паслухацца яе, ды не адважыўся, думаў, што іх абоіх павесяць, калі яны прызнаюцца, што абакралі нябожчыка. Але тут ужо маці не змагла перажыць гэтага, пайшла і ўтапілася.

Тут і твар сястры пацямнеў ад жаху.

— Але татка заўсёды казаў, — пачала была яна, — што гэта быў…

— Ну так! Ён толькі што тлумачыў пастару, быццам не адважваўся сказаць ніводнай жывой душы, хто напусціў на яго ўсе гэтыя беды. Толькі нам ён казаў, што яго даймае чалавек па мянушцы Бенгт-асілак. Ён сказаў, што сяляне называлі генерала Бенгтам-асілкам.

Мэрта Бордсан так і абамлела.

— Значыць, гэта праўда, — прашаптала яна ціха, так ціха, нібы гэта былі яе перадсмяротныя словы.

Яна азірнулася па баках. Хаціна стаяла на беразе ляснога азярца, а вакол узвышаліся змрочныя, пакрытыя лесам грабяні гор. Наколькі ахоплівала вока, не відаць было чалавечага жылля, не было нікога, да каго яна магла б звярнуцца. Усюды панавала адзіноцтва.

І ёй падалося, што ў цені дрэў, у змроку падпільноўвае нябожчык, рыхтуючыся наслаць на іх новыя няшчасці.

Яна была яшчэ такім дзіцём, што не магла па-сапраўднаму ўсведамляць, якую ганьбу і знявагу наклікалі на сябе яе бацькі. Яна разумела адно — што іх даймае нейкі прывід, якаясьці бязлітасная, усемагутная істота з тагачаснага царства. Яна чакала, што гэты прышэлец у любы час з'явіцца і яна ўбачыць яго; Мэрце стала так страшна, што ў яе зуб на зуб не трапляў.

Яна падумала пра бацьку, які вось ужо цэлых сем гадоў хаваў у душы такі ж самы жах. Ёй споўнілася нядаўна чатырнаццаць, і яна памятала, што ёй было ўсяго сем, калі згарэла Меламстуга. І ўвесь гэты час бацька ведаў, што мярцвяк ходзіць за ім. Так, лепш яму тады памерці.

Інгільберт зноў падслухоўваў каля акенца хаціны, а потым вярнуўся да сястры.

— Ты ж не верыш у гэта, Інгільберт? — запыталася яна, нібы ў апошні раз спрабуючы пазбавіцца ад страху. Але тут яна ўбачыла, як у Інгільберта дрыжаць рукі, а вочы застылі ад жаху. Яму таксама было страшна, ніколькі не менш за яе.

— Чаму ж мне тады верыць? — прашаптаў Інгільберт. — Тата гаворыць, многа разоў спрабаваў паехаць у Нарвегію — хацеў прадаць там пярсцёнак, але яму ніяк не ўдавалася з месца крануцца. То сам захварэе, то конь зломіць нагу, якраз калі патрэбна ад'язджаць.

— А што сказаў пастар? — запыталася дзяўчынка.

— Ён пацікавіўся ў бацькі, навошта той трымаў у сябе пярсцёнак усе гэтыя гады, калі так небяспечна было валодаць ім. Але тата адказаў: ён, маўляў, думаў, што калі прызнаецца ў сваім злачынстве, то ротмістр загадае яго павесіць. Выбіраць не было з чаго, вось і давялося яму захоўваць пярсцёнак. Але цяпер тата ведае, што памрэ, і хоча аддаць пярсцёнак пастару, каб яго паклалі генералу ў магілу, а мы б, дзеці, пазбавіліся ад праклёну і змаглі б зноў перабрацца ў прыход да людзей.

— Я рада, што пастар тут, — сказала дзяўчынка. — Не ведаю, што і рабіць, калі ён паедзе. Я так баюся. Мне здаецца, быццам генерал стаіць вунь там, пад елкамі. Падумаць страшна, што ён хадзіў тут кожны дзень і падпільноўваў нас! А тата, можа, нават бачыў яго!

— Я думаю, што тата і сапраўды бачыў яго, — пагадзіўся Інгільберт.

Ён зноў падышоў да хаціны і пачаў прыслухоўвацца. Калі ж вярнуўся назад да сястры, на ягоным твары ўжо быў іншы выраз.

— Я бачыў пярсцёнак, — сказаў ён. — Тата аддаў яго пастару. Пярсцёнак так і зіхаціць! Пунсовы з золатам! Так і пераліваецца! Пастар зірнуў на пярсцёнак і сказаў, што пазнаў яго, што пярсцёнак гэты — генералаў. Падыйдзі да акенца, і ты ўбачыш яго!

— Лепш гадзюку ў рукі вазьму, чым буду глядзець на гэты пярсцёнак, — сказала дзяўчынка. — Няўжо ты на самай справе думаеш, што на яго прыемна глядзець?

Інгільберт адвярнуўся.

— Ведаю, што ён — наш згубіцель, але ўсё роўна мне ён па душы.

Толькі ён сказаў гэтыя словы, як да брата і сястры данёсся моцны і зычны голас пастара. Да гэтага часу ён слухаў хворага. Цяпер надышла яго чарга.

Само сабой зразумела, што пастар не мог прымірыцца з усімі гэтымі вар'яцкімі размовамі аб падкопах мерцвяка. Ён спрабаваў даказаць селяніну, што яго напаткала божае пакаранне за такое неверагоднае злачынства, як крадзеж у нябожчыка. Пастар увогуле не пажадаў згадзіцца з тым, быццам генерал здольны ўчыняць пажары ці насылаць хваробы на людзей і жывёлу. Не, беды, якія даймалі Борда, — гэта пакаранне божае, абранае каб вымусіць яго раскаяцца і вярнуць крадзенае яшчэ пры жыцці, пасля чаго грэх будзе дараваны, і ён зможа спакойна памерці.

Стары Борд Бордсан ціха ляжаў у ложку і слухаў пастара, той так і не пераканаў яго. Надта шмат жахаў давялося яму перажыць, і не мог ён паверыць, што ўсе яны пасланы Богам.

Але брат з сястрой, якія дрыжалі ад страху перад насланнём і прывідамі, адразу акрыялі.

— Чуеш? — запытаўся Інгільберт, схапіўшы за руку сястру. — Чуеш, пастар кажа, што гэта быў зусім не генерал.

— Так, — адказала сястра.

Яна сядзела, сціснуўшы рукі. Кожнае слова, сказанае пастарам, глыбока западала ёй у душу.

Інгільберт устаў. Парывіста ўздыхнуўшы, ён выпрастаўся. Юнак быў цяпер свабодны ад страху, які мучыў яго. Ён стаў з выгляду зусім іншым чалавекам. Шпаркім крокам падышоў ён да хаціны, адчыніў дзверы і ўвайшоў.

— Што такое? — запытаўся пастар.

— Я хачу пагаварыць з татам!

— Ідзі адсюль! З тваім бацькам цяпер размаўляю я! — строга сказаў пастар.

Павярнуўшыся да Борда Бордсана, ён зноў пачаў размаўляць з ім то ласкава-ўладным тонам, то лагодна-спагадлівым.

Інгільберт, закрыўшы твар рукамі, усеўся на каменныя пліты. Ім авалодала моцнае хваляванне. Ён зноў зайшоў у хаціну, але яго і цяпер выгналі за дзверы.

Калі ўсё было скончана, настала чарга Інгільберта праводзіць пастара ў зваротную дарогу праз лес. Спачатку ўсё ішло добра, але неўзабаве ім давялося ехаць па грэблі цераз балота. Пастар не мог прыгадаць, каб ён раніцай пераязджаў гэта балота, і запытаўся, ці не збіўся Інгільберт з дарогі. Але той адказаў, грэбляй будзе карацей за ўсё абмінуць балота і што яна выведзе іх з лесу напрамкі.

Пастар пільна зірнуў на Інгільберта. Ён ужо заўважыў, што сын, як і бацька, вельмі прагны да золата. Інгільберт жа некалькі разоў заходзіў у хаціну, быццам хацеў перашкодзіць бацьку аддаць пярсцёнак.

— Эх, Інгільберт! Гэта вузкая і небяспечная дарожка, — сказаў пастар. — Баюся, як бы конь не спатыкнуўся на слізкіх бярвёнах.

— А я павяду каня вашага, глыбокапаважаны пан пастар, не хвалюйцеся, — сказаў Інгільберт і ў той жа міг схапіў пастарскага каня за павады.

Калі ж яны апынуліся пасярод балота, дзе з усіх бакоў іх акружала толькі зыбкая багна, Інгільберт пачаў падаваць пастарскага каня назад. Здавалася, ён хацеў прымусіць яго зваліцца з вузкай грэблі.

Конь стаў на дыбкі, а пастар, які з цяжкасцю ўтрымліваўся ў сядле, закрычаў правадніку, каб той пабаяўся бога, адпусціў павады. Але Інгільберт, здавалася, нічога не чуў, і пастар убачыў, як ён, пацямнеўшы тварам, сцяўшы зубы, спрабуе адолець каня, каб спіхнуць яго ўніз у багну. І жывёліну і конніка чакала немінучая смерць.

Тады пастар выцягнуў з кішэні саф'янавую торбачку і шпурнуў яе прама ў твар Інгільберту.

Той адпусціў павады, каб злавіць торбачку, і адчуўшы свабоду, пастарскі конь з перапуду рвануўся наперад па вузкай грэблі. Інгільберт застыў на месцы, не зрабіўшы ніякай спробы дагнаць пастара.

Загрузка...