VII

Нельга не прызнаць, што лясы ў нас у Вермландзе былі ў той час велізарныя, а палі малыя, двары вялікія, затое хаты цесныя, дарогі вузкія, затое ўзгоркі крутыя, дзверы нізкія, затое парогі высокія, цэрквы непрыглядныя, затое службы доўгія, дні жыцця кароткія, затое беды незлічоныя. Але з-за гэтага вермландцы зусім не апускалі галавы і ніколі не скардзіліся.

Бывала, мароз знішчаў пасевы, драпежныя звяры — статкі, а крывавы панос — дзяцей: вермландцы ўсё роўна амаль заўсёды захоўвалі бадзёрасць духу. А інакш што б з імі здарылася?

Але, магчыма, першапрычынай таго было суцяшэнне, якое служыла як багатым, так і бедным, суцяшэнне, якое ніколі не здраджвала людзям і ніколі не ведала стомы.

Але не думайце, сапраўды, што суцяшэнне гэта было нечым узвышаным ці нечым урачыстым, накшталт слова божага, чыстага сумлення ці шчасця кахання! І ўжо зусім не думайце, што было яно нечым ганебным ці небяспечным, накшталт валацужніцтва ці гульні ў косці! А было яно чымсьці зусім бязвінным і будзённым: нічым самым, як полымем, якое няспынна гарэла ў ачагу зімовымі вечарамі.

Госпадзі божа, якую прыгажосць і ўтульнасць надаваў агонь у самай убогай хаціне! А як жартаваў ён там з усімі дамачадцамі вечары напралёт! Ён трашчаў і іскрыўся, і тады здавалася, быццам пасмейваецца з іх. Ён пляваўся і сыкаў, і здавалася, быццам дразніць некага бурклівага і злога. Часам ён ніяк не мог справіцца з якім-небудзь сукаватым паленам. Тады ў пакоі станавілася дымна і чадна, быццам агонь хацеў растлумачыць людзям, што яго кормяць надта скупа. Часам ён ухітраўся ператварыцца ў гарачую кучу вугалю, якраз калі ў доме кіпела работа, так што заставалася толькі скласці рукі на каленях ды гучна смяяцца, пакуль ён не ўспыхне зноў. Але больш за ўсё агонь сваволіў, калі гаспадыня прыходзіла з трохногім чыгунком і патрабавала, каб ён кухарыў. Зрэдку агонь бываў паслухмяны і паслужлівы і справу сваю рабіў хутка і ўмела. Але нярэдка ён гадзінамі лёгка і гулліва скакаў вакол катла з кашай, не даючы ёй закіпець.

Затое як весела, бывала, ззялі вочы гаспадара, калі наскрозь вымаклы і замёрзлы, ён вяртаўся ў непагадзь дамоў, а агонь сустракаў яго цяплом і ўтульнасцю! Затое цудоўна было думаць аб агні, які не спіць, выпраменьваючы яркае святло ў цёмную зімовую ноч, нібы пуцяводная зорка беднага вандроўніка і быццам грозная перасцярога рысі і ваўку!

Але агонь у ачагу ўмеў не толькі саграваць, свяціць і кухарыць. Ён здольны быў не толькі зіхацець, трашчаць, дыміць і чадзіць. Ён мог абудзіць у чалавечай душы жаданне гарэзаваць.

Бо што такое чалавечая душа, як не гарэзлівае полымя? Так, так, яна і ёсць агонь! Полымя ўспыхвае ў самім чалавеку, ахоплівае яго і кружыцца над ім, якраз як агонь успыхвае ў шэрых паленах, ахоплівае іх і кружыцца над імі. Калі тыя, хто збіраўся зімовымі вечарамі вакол палымнеючага агню, моўчкі сядзелі гадзіну-другую, гледзячы ў ачаг, агонь пачынаў размаўляць з кожным з іх на сваёй уласнай мове.

— Сястрыца Душа, — мовіла полымя, — хіба ты не такое ж полымя, як я? Чаму ж ты такая панурая, такая засмучаная?

— Братка Агонь, — адказвала чалавечая душа, — я калола дровы і гаспадарнічала цэлы дзень. У мяне толькі і засталося моцы, каб моўчкі сядзець ды глядзець на цябе.

— Ведаю, — працягваў агонь, — але надышоў вечар. Рабі, як я! Палымней і свяці! Весяліся і сагравай!

І душы слухаліся і пачыналі весяліцца. Яны расказвалі казкі, загадвалі загадкі, пілікалі на скрыпцы, выразалі завіткі і ружачкі на хатніх рэчах і земляробчых прыладах. Гулялі ў розныя гульні і спявалі песні, выкуплялі фанты і згадвалі старадаўнія прымаўкі. І мала-памалу адубелае цела адтайвала. Адтайвала і панурае сэрца. Людзі ажывалі і весялелі. Агонь і гульні ля ачага давалі ім сілы зноў жыць іх бедным і цяжкім жыццём.

Але вось без чаго не абыходзілася весялосць ля ачага, дык гэта ўжо без аповедаў пра самыя гераічныя подзвігі і прыгоды! Аповеды гэтыя падабаліся старым і маладым. Бо ў подзвігах і прыгодах у гэтым свеце, слава богу, ніколі недахопу не было.

Але ніколі не было іх так шмат, як у часы Карла. Ён быў усім героям герой, і гісторый пра яго і ягоных воінаў было безліч! Гісторыі гэтыя не зніклі разам з ім і яго ўладай, яны працягвалі жыць і пасля яго смерці, стаўшы лепшай яго спадчынай.

Ні пра каго не любілі так расказваць, як пра самога караля; ну а пасля яго любілі яшчэ пагаварыць пра старога генерала з Хедэбю. Яго ведалі ў твар, з ім не раз размаўлялі і маглі апісаць яго з ног да галавы.

Генерал быў такі дужы, што гнуў падковы, як іншыя гнулі звычайныя стружкі. Аднойчы ён даведаўся, што ў Смедсбю ў даліне Свартшо жыве каваль, які лепш за ўсіх у акрузе куе падковы. Генерал паехаў да яго ў даліну і папрасіў Мікеля з Смедсбю падкаваць яму каня. А калі каваль вынес з кузні гатовую падкову, генерал запытаўся, ці нельга спачатку зірнуць на яе. Падкова была трывалая і зробленая на сумленне, але, разгледзеўшы яе, генерал рассмяяўся.

— Гэта, па-твойму, падкова? — запытаўся ён і, сагнуўшы яе, пераламаў на дзве часткі.

Каваль перапалохаўся, вырашыўшы, што выканаў дрэнна работу.

— У падкове, пэўна, была расколіна, — сказаў ён і паспяшаўся назад у кузню па іншую падкову.

Але і з ёю выйшла як з першай, з той толькі розніцай, што яе сціснулі, быццам клешчамі, пакуль і яна не пераламалася напалам; далібог, так яно і было. Але тут Мікель западозрыў нядобрае.

— Ужо ці не сам ты кароль Карл, а можа, Бенгт з Хедэбю? — сказаў ён генералу.

— Малайчына, Мікель, правільна адгадаў, — пахваліў каваля генерал і тут жа заплаціў Мікелю спаўна і за чатыры новыя падковы, і за тыя дзве, што зламаў.

Нямала і іншых гісторый хадзіла пра генерала. Іх расказвалі бясконца, і ва ўсім павеце не знайшлося б чалавека, які не ведаў бы пра старога Лёвеншольда, не паважаў яго ці не ставіўся б да яго з глыбокай пашанай. Ведалі і пра генеральскі пярсцёнак, усе ведалі пра тое, як разам з генералам яго паклалі ў магілу; але чалавечая сквапнасць была такая вялікая, што пярсцёнак у генерала ўкралі.

Цяпер вы можаце ўявіць сабе! Калі ўжо што і магло абудзіць у людзей інтарэс, цікаўнасць і хваляванне, дык гэта вестка аб тым, што пярсцёнак знойдзены і згублены зноў, што Інгільберта знайшлі ў лесе мёртвага, а сялян з Ольсбю падазраюць у крадзяжы пярсцёнка і яны сядзяць пад вартай.

Калі прыхаджане вярталіся ў нядзелю пасля паўдня з царквы дамоў, там ледзь маглі дачакацца, калі яны здымуць з сябе святочнае адзенне і перакусяць; ім прыходзілася адразу расказваць усё, што пасведчылі на судзе сведкі, і ўсё, у чым прызналіся абвінавачваемыя, а таксама які, на думку людзей, будзе прыгавор.

Ні пра што іншае і гаворкі не было. Кожны вечар у вялікіх дамах і малых хацінах, як у тарпалаў, так і ў заможных сялян, каля ачага чынілі суд.

Жахлівая гэта была справа, ды і дзіўная, таму і няпроста было разабрацца ў ёй па справядлівасці. Нялёгка было вынесці канчатковае рашэнне, бо цяжка, ды і амаль немагчыма было паверыць, што Іварсаны і іхні прыёмны сын нібыта забілі чалавека з-за пярсцёнка, якім бы каштоўным ён ні быў.

Узяць хаця б Эрыка Іварсана. Быў ён чалавек багаты, валодаў вялікімі ўгоддзямі і мноствам хат. Калі і вадзіўся за ім які грэх, дык толькі той, што быў горды і празмерна клапаціўся пра свой гонар. Але таму і цяжка было зразумець, што які-небудзь скарб у свеце мог прымусіць яго пайсці на ганебны ўчынак.

Яшчэ менш можна было западозрыць ягонага брата Івара. Вядома, ён быў бедны, затое жыў у свайго брата на хлебе, атрымліваючы ад яго чаго толькі пажадае. Ён быў такі дабрадушны і раздаваў усё, што ў яго было! Няўжо такому чалавеку магло прыйсці ў галаву ўчыніць забойства і разбой?

Што тычыцца Паўля Эліясана, то было вядома, што Іварсаны яго любілі і ён павінен жаніцца на Марыт Эрыксдотэр, адзінай бацькавай наследніцы. Зрэшты, ён жа быў з тых, каго можна было западозрыць хутчэй за ўсё: бо ён па нараджэнні іншаземец, а пра іншаземцаў вядома, што крадзеж яны не лічаць за грэх. Івар Іварсан прывёў Паўля з сабой, калі вярнуўся дамоў з палону. Хлопчык быў сірата з трох год і, калі б не Івар, памёр бы з голаду ў роднай краіне. Праўда, выхавалі яго Іварсаны сумленным і справядлівым, ды і вёў ён сябе заўсёды як належала. Вырас ён разам з Марыт Эрыксдотэр, яны пакахалі адно аднаго, і неяк не верылася, што чалавек, якога чакаюць шчасце і багацце, раптам возьме ды і паставіць усё гэта на карту, украўшы пярсцёнак.

Але, з іншага боку, не варта было забываць і генерала, пра якога людзі змалку чулі столькі розных легенд і гісторый, якога ведалі, бадай, не горш за роднага бацьку, генерала, які быў высокі ростам, магутны і варты даверу. А цяпер ён памёр, і ў яго ўкралі самае дарагое з ягонай маёмасці.

Генерал ведаў, што калі Інгільберт Бордсан уцякаў з дому, пярсцёнак быў у яго, інакш Інгільберт спакойна накіраваўся б сваёй дарогай і не быў бы мёртвым. Генерал, пэўна, таксама ведаў, што сяляне з Ольсбю ўкралі пярсцёнак, інакш бы ім ніяк не сустрэўся на дарозе ротмістр, іх не ўзялі б пад варту і не трымалі б пад арыштам.

Так, складана было разабрацца па справядлівасці ў такой справе, але на генерала спадзяваліся нават больш, чым на самога караля Карла. І амаль на ўсіх судовых разборах, якія вяліся ў бедных хацінах, быў вынесены абвінаваўчы прысуд.

Вялікае здзіўленне, вядома, выклікала тое, што павятовы суд, які засядаў у судовай палаце на ўзгорку ў Брубю, учыніўшы абвінавачваемым найстрогае дазнанне, але так і не выкрыўшы іх і не схіліўшы да прызнання віны, вымушаны быў апраўдаць сялян, якіх абвінавацілі ў забойстве і разбоі.

Аднак на волю іх не выпусцілі, бо прыгавор павятовага суда павінен быў зацвердзіць каронны суд, а каронны суд палічыў сялян з Ольсбю вінаватымі і прыгаварыў іх да павешання.

Але і гэты прыгавор не быў выкананы, паколькі яго павінен быў спярша зацвердзіць сам кароль.

Пасля таго як быў вынесены і аб'яўлены каралеўскі прыгавор, прыхаджане, вярнуўшыся з царквы, адклалі свой абед; ім не цярпелася расказаць тым, хто заставаўся дома, якім быў гэты прыгавор.

А ён абвяшчаў: зусім відавочна, што хтосьці з абвінавачваемых — забойца і злодзей, але паколькі ніводзін з іх не прызнаў сябе вінаватым, то няхай іх рассудзіць Божы суд.

На бліжэйшым цінгу ім неабходна ў прысутнасці суддзі, засядацеляў і ўсіх прыхаджан згуляць адзін з адным у косці. Таго, хто выкіне менш за ўсё ачкоў, варта прызнаць вінаватым і пакараць за ўчыненае злачынства смерцю праз павешанне, а двух астатніх адразу вызваліць, каб яны вярнуліся да свайго звычайнага жыцця.

Мудры быў той прыгавор, справядлівы. Усе жыхары далін Вермланда былі ім задаволены. Хіба не выдатна з боку старога караля, што ў гэтай цёмнай справе ён не ўявіў, быццам бача ясней, чым іншыя, а звярнуўся да Ўсявышняга? Цяпер ужо нарэшце можна паверыць у тое, што праўду немагчыма схаваць.

Да таго ж у гэтай судовай справе было штосьці надта асаблівае, яна вялася не чалавекам супраць чалавека; істцом у гэтай цяжбе быў нябожчык — нябожчык, які патрабаваў вярнуць ягонае багацце. У любых іншых абставінах можна было яшчэ вагацца, ці патрэбна звяртацца да гульні ў косці, але толькі не ў гэтых. Нябожчык генерал ужо дакладна ведаў, хто ўтаіў яго дабро. Вось і ў каралеўскім прыгаворы самым вартым было тое, што ён даваў старому генералу магчымасць караць або дараваць.

Магло нават падацца, быццам кароль Фрэдрык[21] хацеў прадставіць канчатковае рашэнне генералу. Магчыма, ён ведаў яго ў даўнія ваенныя гады і яму вядома было, што на гэтага чалавека можна спадзявацца. Зусім не выключана, што якраз гэта і мелася на ўвазе. А так ці не так, сказаць цяжка!

Як бы там ні было, усе, чаго б гэта ні каштавала, хацелі прысутнічаць на цінгу ў гэты дзень, калі будзе аб'яўлены божы прысуд. Кожны, хто не быў занадта стары, каб ісці, ці занадта малы, каб паўзці, накіраваўся ў дарогу. Такой знамянальнай падзеі, як гэта, не здаралася ўжо шмат гадоў. Тут нельга было задавольвацца тым, каб пасля, ды яшчэ ад іншых пачуць, як усё скончылася. Не, тут абавязкова трэба было прысутнічаць самому.

Вядома, што сядзібы і маёнткі раней былі рассеяны па ўсёй акрузе, вядома і тое, што тады можна было цэлую мілю праехаць, ды так і не сустрэць ні душы. Але калі людзі з усяго павета сышліся на адной і той жа плошчы, то ўсе так і ахнулі — колькі народу! Цесна прыціснутыя адно да аднаго, незлічонымі радамі стаялі яны перад судовай палатай. Здавалася, нібы пчаліны рой, чорны і цяжкі, звісае перад вулеем летнім днём. Людзі нагадвалі пчаліны рой яшчэ і тым, што былі не ў сваім звычайным настроі. Яны не былі маўклівыя і ўрачыстыя, якімі заўсёды бывалі ў царкве; не былі яны вясёлыя і лагодныя, як заўсёды на кірмашах: яны былі лютыя і раздражнёныя, апанаваныя нянавісцю і прагай помсты.

Чаго ж тут здзіўляцца? З малаком маці ўсмакталі яны жах перад ліхадзеямі. Вечарамі ім спявалі калыханкі пра валацуг, якія былі аб'яўлены па-за законам. У іх уяўленні ўсе зладзеі і забойцы былі вылюдкамі, чортавым насеннем, яны іх і за людзей не лічылі. Думка аб міласэрнасці да такіх вырадкаў ім і ў галаву не прыходзіла. Яны ведалі, што такім вось страшным і подлым стварэнням сягоння будзе вынесены прысуд, і радаваліся гэтаму. «Слава табе госпадзі, цяпер ужо гэтаму крыважэрнаму д'яблу прыйдзе канец, — разважалі яны. — Ужо цяпер ва ўсякім выпадку яму не ўдасца болей шкодзіць нам».

Добра, што божы суд павінен быў адбывацца не ў судовай палаце, а на волі. Але дрэнна, вядома, што рота салдат частаколам стаяла на плошчы перад судовай палатай і блізка падысці нельга было, людзі ж бясконца груба лаялі салдат, што тыя перакрылі ім шлях. Раней ніхто б сабе такога не дазволіў, але сягоння ўсе былі дзёрзкія і нахабныя.

Усім людзям давялося заўчасна, з самай раніцы выйсці з дому, каб заняць месца бліжэй да частаколу з салдат, і на іх долю выпала многа доўгіх гадзін пакутлівага чакання. А за ўвесь гэты час забавіцца не было чым. Хіба што з судовай палаты выйшаў судовы прыстаў і паставіў пасярод плошчы вялізны барабан. Усё-такі стала весялей, бо людзі ўбачылі, што судзейскія там, у палаце, намерваюцца распачаць справу яшчэ да вечара. Суровы прыстаў вынес таксама стол са стулам ды яшчэ пяро з чарніліцай для пісара. Нарэшце ён з'явіўся, трымаючы ў руках невялікі кубак, у якім звонка перакочваліся ігральныя косці. Прыстаў некалькі разоў выкінуў іх на барабан. Відаць, хацеў пераканацца ў тым, што яны не фальшывыя і выпадаюць то так, то гэтак, як ігральным касцям і належыць.

Затым ён хутка вярнуўся ў палату, і нічога дзіўнага ў тым таксама не было: бо варта было яму толькі паказацца на ганку, як людзі адразу ж пачыналі лаяць яго і пасміхацца. Раней ніхто б сабе гэтага не дазволіў, але ў гэты дзень натоўп проста ашалеў.

Суддзю з засядацелямі прапусцілі праз заслон і да судовай палаты адны з іх прайшлі пешшу, іншыя ж пад'ехалі вярхом. Як толькі з'яўляўся хто-небудзь з іх, натоўп адразу ажываў. Але зноў-такі ніхто не шаптаўся і не шушукаўся, як бывала раней. Зусім не! І пахвальныя і зневажальныя словы выкрыкваліся на ўвесь голас. І нічым нельга было гэтаму перашкодзіць. Тых, хто чакаў судовага разбору было нямала, і не такія яны былі, каб з імі жартаваць. Важных паноў, якія прыбылі на цінг, таксама ўпусцілі ў судовую палату. Былі там і Лёвеншольд з Хедэбю, і пастар з Бру, і заводчык з Экебю, і капітан з Хельгестара, і многія, многія іншыя. І пакуль яны праходзілі, усім ім давялося выслухаць мноства заўваг, наконт таго, што ёсць, маўляў, шчасліўчыкі, якім не трэба стаяць ззаду і змагацца за месца бліжэй, ды і яшчэ многа чаго іншага.

Калі ўжо больш не было каго зневажаць, натоўп пачаў асыпаць з'едлівымі насмешкамі маладую дзяўчыну, якая з усіх сіл старалася трымацца як мага бліжэй да салдацкага частаколу. Яна была маленькая і кволая, і мужчыны — то адзін, то другі — не раз спрабавалі прабіцца праз натоўп і захапіць яе месца; але кожны раз хто-небудзь з тых, хто стаяў побач крычаў, што яна дачка Эрыка Іварсана з Ольсбю, і пасля такога тлумачэння дзяўчыну больш не спрабавалі прагнаць з месца.

Але затое на яе градам сыпаліся кпіны. У дзяўчыны пыталіся, каго ёй больш хочацца бачыць на шыбеніцы — бацьку ці жаніха. І здзіўляліся: з якой гэта ласкі дачка злодзея павінна займаць лепшае месца.

Тыя ж, што прыйшлі з далёкіх лясоў, толькі дзівіліся, як у яе хапае духу заставацца на плошчы. Але ім тут жа расказалі пра яе і нямала іншых дзіўных рэчаў. Яна была не з баязлівага дзесятка, гэта дзяўчына, і прысутнічала на ўсіх суровых разборах, ніколі не заплакала і ўвесь час была спакойная. Раз-пораз ківала яна галавой абвінавачваемым і ўсміхалася ім так, быццам была ўпэўненая ў тым, што заўтра іх вызваляць. І калі абвінавачваемыя бачылі яе, то зноў былі мужнымі. Яны думалі самі сабе, што ёсць на свеце хоць адзін чалавек, які перакананы ў іх бязвіннасці. Хоць адзін, хто не верыць у тое, што нейкі мізэрны залаты пярсцёнак мог спакусіць іх і падштурхнуць на злачынства.

Прыгожая, ціхая і цярплівая, сядзела яна ў судовай зале. Ні разу не выклікала яна ні ў кога гневу. Наадварот, нават у суддзі з засядацелямі, ды і ленсмана яна выклікала прыязнасць да сябе. Самі б яны, дапусцім, у гэтым не прызналіся, але хадзіла чутка, быццам павятовы суд ні за што не апраўдаў бы абвінавачваемых, калі б не было там яе. Немагчыма было паверыць, што хто-небудзь з тых, каго любіць Марыт Эрыксдотэр, можа быць вінаваты ў ліхадзействе.

І вось цяпер яна зноў была тут, каб арыштанты маглі бачыць яе. Яна стаяла тут, каб быць апорай і суцяшэннем. Яна хацела маліцца за іх у час іх цяжкага выпрабавання, хацела даверыць іх душы ласцы божай.

Хто ведае! Кажуць жа ў народзе, што яблык ад яблыні недалёка падае. Але нічога не скажаш, з выгляду яна была добрая і бязвінная. Ды і сэрца было ў яе любячае, калі яна змагла застацца тут на плошчы.

Яна ж, напэўна, чула ўсё, што ёй крычалі, але не адказвала, і плакала, і не спрабавала выратавацца ўцёкамі. Яна ведала, што няшчасныя вязні будуць рады бачыць яе. Бо ва ўсім вялізным натоўпе яна была адна-адзіная, хто ўсім сэрцам па-чалавечы спачуваў ім.

Але што ні кажы, а стаяла яна тут зусім не дарэмна. Знайшліся ў натоўпе адзін-два чалавекі, у якіх былі свае дочкі, такія ж ціхія, міласэрныя, як Марыт. І ў глыбіні душы гэтыя людзі адчувалі, што ім не хацелася б бачыць сваіх дочак на яе месцы.

Пачуліся ў натоўпе два-тры галасы, якія абаранялі яе ці спрабавалі хоць бы супакоіць нястрымных вастрасловаў і гарлапанаў.

Не толькі таму, што скончылася пакутлівае чаканне, але і з-за спачування да Марыт Эрыксдотэр усе ўзрадаваліся, калі дзверы судовай палаты расчыніліся і суд пачаўся. Спачатку ўрачыста прайшлі судовы прыстаў, ленсман і арыштанты, з якіх знялі кайданы, хоць кожнага з іх вартавалі два салдаты. Затым паявіліся дзяк, пастар, засядацелі, пісар і суддзя. Замыкалі шэсце важныя паны і некалькі сялян, якія былі ў такой пашане, што ім дазволілі знаходзіцца за ачапленнем.

Ленсман з арыштантамі сталі з левага боку ад судовай палаты, суддзя з засядацелямі павярнулі направа, а паны размясціліся пасярод. Пісар са сваімі паперамі заняў месца за сталом. Вялікі барабан па-ранейшаму стаяў у цэнтры плошчы ва ўсіх на вачах.

Як толькі паказалася шэсце, у натоўпе пачалася штурханіна і цісканіна. Нямала рослых і дужых мужчын так і намагалася праціснуцца ў першы рад, спадзеючыся перш за ўсё сагнаць з месца Марыт Эрыксдотэр. Але, баючыся, як бы яе не адціснулі, яна, маленькая і тоненькая, нахіліўшыся, прашмыгнула міма салдат і апынулася па другі бок іхняга частаколу.

Гэта было супраць усіх правіл парадку, і ленсман даў знак судоваму прыставу выдаліць Марыт Эрыксдотэр. Прыстаў тут жа падышоў да яе, паклаў руку ёй на плячо, быццам намерваючыся яе арыштаваць, і павёў да судовай палаты. Але як толькі яны апынуліся ў людскім натоўпе, ён адпусціў яе. Прыстаў ужо нагледзеўся на дзяўчыну і ведаў — ёй абы толькі дазволілі стаяць паблізу ад арыштантаў, а яна нават не паспрабуе ўцякаць. Калі ж ленсман захоча яе паўшчуваць, то знайсці Марыт будзе лёгка.

Зрэшты, хіба быў у каго-небудзь час думаць пра Марыт Эрыксдотэр? Пастар з дзякам выйшлі наперад і сталі пасярод плошчы. Абодва знялі капелюшы, а дзяк зацягнуў псалом. І калі тыя, хто стаяў перад ланцугом салдат, пачулі гэтае спяванне, то зразумелі, што зараз адбудзецца нешта вялікае і ўрачыстае, самае ўрачыстае з усяго, чаму ім калі-небудзь даводзілася быць сведкамі на сваім вяку: заклік да ўсемагутнага, усёведнага Бога, каб даведацца аб яго волі.

Калі ж пачаў гаварыць пастар, людзі напоўніліся яшчэ большай павагай. Ён маліў Хрыста, сына божага, які некалі сам паўстаў перад судзілішчам Пілата, злітавацца над гэтымі абвінавачваемымі, каб не напаткаў іх суд несправядлівы. Ён маліў таксама злітавацца над суддзямі, каб не былі вымушаны яны прыгаварыць да смерці бязвіннага.

Пад канец ён маліў яго злітавацца над прыхаджанамі, каб не давялося ім быць сведкамі вялікай несправядлівасці, як некалі жыдам каля Галгофы.

Усе слухалі пастара, пазнімаўшы галаўныя ўборы. Яны не думалі больш пра свае нікчэмныя людскія справы. Яны былі настроены зусім інакш. Ім здавалася, быццам пастар заклікае на зямлю самога госпада Бога, яны адчувалі яго нябачную прысутнасць.

Стаяў цудоўны асенні дзень: сіняе неба, усеянае белымі хмаркамі, дрэвы з зялёным, ледзь кранутым жаўцізной лісцем. Над галовамі людзей бесперапынна праляталі на поўдзень чароды пералётных птушак. Нязвыкла было бачыць такую процьму птушак адразу ў адзін дзень. Людзям здавалася, што гэта, магчыма, нездарма. Ці не было гэта знакам, што гасподзь ухваляе намеры чалавечыя?

Калі пастар змоўк, выйшаў наперад старшыня павятовага суда і зачытаў каралеўскі прыгавор. Прыгавор быў падрабязны, з мноствам мудрагелістых моўных зваротаў, якія з цяжкасцю даходзілі да натоўпу. Але людзі зразумелі, што свецкая ўлада як бы склала скіпетр свой і меч, адмовілася ад мудрасці сваёй і ведаў і спадзявалася цалкам на волю божую. І яны пачалі маліцца, маліцца ўсе як адзін, каб гасподзь дапамог ім і навучыў іх.

Затым ленсман узяў у рукі ігральныя косці і папрасіў суддзю і сяго-таго з прысутных кінуць гэтыя косці, каб праверыць, ці не фальшывыя яны. З нейкім дзіўным хваляваннем прыслухоўваўся народ да стуку ігральных касцей на барабаннай шкуры. Гэтыя кубікі, якія загубілі нямала людзей, няўжо цяпер іх палічылі вартымі паведаміць волю боскую?!

Як толькі косці былі апрабаваны, арыштантаў вывелі наперад. Спачатку кубак перадалі Эрыку Іварсану, самаму старэйшаму з усіх. Але ленсман тут жа растлумачыў яму, што зараз рашэнне не будзе яшчэ канчатковым. Зараз ім патрэбна кінуць жэрабя толькі для таго, каб кожнаму вызначыць сваю чаргу гуляць.

Першы раз Паўлю Эліясану выпала найменш, а Івару Іварсану найбольш ачкоў. Значыць, яму першаму і патрэбна было пачынаць.

Трое абвінавачваемых былі апрануты ў тое ж самае адзенне, якое было на іх, калі яны, спускаючыся з гор, са свайго летняга сэтара, сустрэлі ротмістра. Цяпер гэта адзенне было бруднае і ўсё падранае. Такі ж зношаны выгляд, як у кафтанаў, быў і ў іх гаспадароў. Аднак усім падалося, быццам Івар Іварсан трымаўся з трох як бы лепш за ўсіх. Відаць, таму, што ён былы салдат, загартаваны шматлікімі пакутамі баёў і палону. Трымаўся ён усё яшчэ прама, і выгляд у яго быў мужны і бясстрашны.

Калі Івар Іварсан выйшаў наперад да барабана і ўзяў кубак з касцямі з рук ленсмана, то хацеў быў паказаць яму, як патрэбна трымаць кубак і як гуляць у косці. На вуснах старога мільганула ўсмешка.

— Не ўпершыню гуляць мне ў косці, ленсман, — сказаў ён такім гучным голасам, што ўсе пачулі. — Бенгт-асілак з Хедэбю ды я не раз, бывала, забаўляліся вечарамі гэтай гульнёй там, у стэпавых краях. Але не спадзяваўся я, што мне давядзецца згуляць з ім яшчэ раз.

Ленсман хацеў быў прыспешыць яго, але натоўпу спадабалася слухаць Івара. Вось храбрэц! Ён яшчэ мог жартаваць перад такім рашаючым выпрабаваннем.

Івар абхапіў кубак абедзвюма рукамі, і ўсе ўбачылі, што ён моліцца. Прачытаўшы «Ойча наш», ён гучна ўсклікнуў:

— А цяпер прашу цябе, госпадзі Ісусе Хрысце, каму вядома, што я не вінаваты, злітуйся нада мной і падары мне найменш ачкоў: у мяне ж няма ні дзяцей, ні каханай, якія будуць плакаць па мне!

Вымавіўшы гэтыя словы, ён з такой сілай шпурнуў косці на барабанную шкуру, што тыя загрукаталі.

І ўсе, хто стаяў перад салдацкім частаколам, пажадалі ў той міг, каб Івара Іварсана вызвалілі. Яны палюбілі яго за храбрасць і дабрату і ніяк не маглі зразумець, чаму гэта яны лічылі яго злодзеем.

Амаль невыносна было стаяць так далёка, не ведаючы, што выпала на касцях. Суддзя з ленсманам нахіліліся над барабанам, каб паглядзець, засядацелі і ўсе асобы знатнага саслоўя, якія прысутнічалі пры гэтым, падышлі бліжэй і таксама пачалі глядзець, які вынік. Здавалася, усе збянтэжыліся, некаторыя ківалі Івару Іварсану, сёй-той паціскаў яму руку, а натоўп так нічога і не ведаў. Па радах прабег гнеўны шум.

Тады суддзя зрабіў знак ленсману, і той падняўся на ганак судовай палаты, дзе яго лепш бачылі і чулі:

— Івар Іварсан выкінуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга!

Людзі зразумелі, што Івар Іварсан прызнаны невінаватым, і ўзрадаваліся. А многія пачалі крычаць:

— Будзь здароў, Івар Іварсан!

Але тут здарылася такое, што вельмі здзівіла ўсіх. Паўль Эліясан радасна закрычаў і, сарваўшы з галавы сваю вязаную шапачку з кутасікам, падкінуў яе ў паветра. Гэта адбылося так нечакана, што стражнікі не паспелі перашкодзіць яму. Усе толькі ахнулі. Праўда, Івар Іварсан быў Паўлю Эліясану ўсё роўна што бацька, але цяпер, калі справа ішла аб ягоным жыцці, няўжо ён і сапраўды радаваўся таму, што іншага прызналі невінаватым?

Хутка быў усталяваны парадак: начальства адышло направа, арыштанты са стражнікамі — налева, іншыя гледачы адсунуліся бліжэй да судовай палаты, так што барабан зноў застаўся пасярэдзіне, нічым не заслонены, і ён відзён з усіх бакоў. Цяпер настала чарга Эрыка Іварсана перанесці смяротнае выпрабаванне. Але, узяўшы ў рукі кубак з касцямі, ён паспрабаваў выпрастаць сагнутую спіну і сказаў:

— Дзякуй Богу, што брат мой Івар апраўданы, бо хоць у гэтай справе я таксама невінаваты, ён заўсёды быў лепшы за мяне. І малю Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб ён даў мне выкінуць найменей ачкоў, каб дачка мая магла павянчацца з тым, каго яна кахае, і жыць з ім шчасліва да канца дзён сваіх.

З Эрыкам Іварсанам здарылася тое, што часта бывае са старымі: уся яго былая моц, здавалася, пайшла ў голас. Яго словы пачулі ўсе і ўскалыхнулі народ. Ужо вельмі ж непадобна было на Эрыка Іварсана прызнаць, што хтосьці больш варты за яго, ды яшчэ жадаць сабе смерці дзеля чужога шчасця. Ва ўсім натоўпе не знайшлося б цяпер ніводнага чалавека, хто па-ранейшаму лічыў бы яго разбойнікам і злодзеем. Са слязамі на вачах маліліся людзі Богу, каб Эрык выкінуў пабольш ачкоў.

Ён і не патурбаваўся патрэсці ў кубку косці, а толькі, падняўшы кубак уверх і апусціўшы яго ўніз, выкінуў косці на барабанную шкуру. Вочы яго былі надта старыя, каб убачыць ачкі на кубіках, і ён, нават не зірнуўшы на іх, стаяў, утаропіўшыся ў прастору.

Але суддзя і іншыя паспяшаліся да барабана. І ўсе прачыталі на іхніх тварах тое ж здзіўленне, што і ў мінулы раз.

А натоўп, які стаяў перад салдацкім частаколам, быццам зразумеў усё, што адбылося, яшчэ задоўга да таго, як ленсман аб'явіў вынік справы. Нейкая жанчына ўсклікнула:

— Няхай уратуе цябе Гасподзь, Эрык Іварсан!

І ўслед пачуўся шматгалосы крык:

— Дзякуй і хвала Госпаду за тое, што ён дапамог табе, Эрык Іварсан!

Вязаная шапачка Паўля Эліясана ўзляцела ў паветра, як і першы раз, і ўсе зноў ахнулі. Няўжо ён не думае, чым гэта пагражае яму самому?

Эрык Іварсан стаяў маўклівы і абыякавы, твар ягоны ніколькі не пасвятлеў. Думалі — магчыма, ён чакае, калі ленсман аб'явіць вынік, але нават калі гэта і адбылося і Эрык даведаўся, што ён таксама, як і ягоны брат, выкінуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, то застаўся абыякавы. Ён хацеў быў дабрацца да свайго ранейшага месца, але так знясілеў, што судоваму прыставу давялося падхапіць яго, а то б не ўтрымацца яму на нагах.

Настала чарга Паўлю Эліясану падысці да барабана, каб паспрабаваць шчасця, і ўсе позіркі накіраваліся да яго. Яшчэ задоўга да выпрабавання ўсе палічылі, што ён, відаць, і ёсць сапраўдны злачынец; цяпер ён быў, можна сказаць, прыгавораны. Больш жа ачкоў, чым браты Іварсаны, выкінуць было немагчыма.

Такі вынік нікога б раней не засмуціў, але тут усе ўбачылі, што Марыт Эрыксдотэр цішком перабралася да Паўля Эліясана.

Ён не трымаў яе ў сваіх абдымках, ні пацалунку, ні пяшчоты не было паміж імі. Яна толькі стаяла побач, моцна-моцна прыціснуўшыся да яго, а ён абняў яе стан рукой. Ніхто не мог бы з дакладнасцю сказаць, ці доўга яны так прастаялі, бо ўвагу ўсіх захапіла гульня ў косці.

Як бы там ні было, яны стаялі побач, злучаныя неспазнаным лёсам насуперак варце і грознаму начальству, насуперак тысячам гледачоў, насуперак жахлівай гульні са смерцю, у якую былі ўцягнуты.

Іх звяло разам каханне, але каханне больш узвышанае, чым зямное. Яны маглі б стаяць так летнім ранкам каля лаза ў плятні, праскакаўшы ўсю ноч напралёт і ўпершыню прызнаўшыся адно аднаму ў тым, што хочуць стаць мужам і жонкай. Яны маглі б стаяць так пасля першага прычасця, адчуваючы, што ўсе грахі зняты з душы. Яны маглі б стаяць так, калі б абоім давялося перанесці жах смерці, і перайсці ў той свет, і сустрэцца зноў, і зразумець, што яны на векі вечныя належаць адно аднаму.

Яна стаяла, пазіраючы на яго з такім пяшчотным каханнем! І штосьці варухнулася ў людскіх душах і падказала ім — вось над Паўлем Эліясанам і варта было б злітавацца. Бо ён быў юным дрэўцам, якому не суджана цвісці і пладаносіць, ён быў жытнёвым полем, якому суджана быць вытаптаным, перш чым давядзецца абдарыць кагосьці сваім багаццем.

Ён моўчкі апусціў руку, якая абвівала стан Марыт і ўслед за ленсманам падышоў да барабана. Па яго твары непрыкметна было, каб ён хоць крыху хваляваўся, калі браў у рукі кубак. Ён не выступаў перад народам, як іншыя, а павярнуўся да Марыт.

— Не бойся! — сказаў ён. — Бог ведае, што я таксама невінаваты.

Пасля гэтага ён, нібы гуляючы, патрос некалькі разоў косці ў кубку, не спыняючы іх, пакуль яны не перакаціліся праз край і не вылецелі на барабанную шкуру.

— Я выкінуў на абедзвюх па шасцёрцы, Марыт! Я выкінуў па шасцёрцы, і я таксама!

Ён будзе апраўданы — іншае яму і ў галаву не прыходзіла, і ад радасці ён не мог устаяць на месцы. Высока падскочыўшы, ён падкінуў шапачку ўгору, схапіў у абдымкі стражніка, які стаяў побач з ім і пацалаваў.

Тут многія падумалі: «Відаць адразу, што ён чужаземец. Калі б ён быў шведам, то не радаваўся б да часу».

Суддзя, ленсман, засядацелі і знатныя паны паважана і не спяшаючыся падышлі да барабана, каб разгледзець косці. Але на гэты раз выгляд іх быў нярадасны. Яны толькі паківалі галавой і ніхто з іх не павіншаваў Паўля Эліясана са шчаслівым вынікам, які выпаў на яго долю.

Узышоўшы трэці раз на ганак судовай палаты, ленсман паведаміў:

— Паўль Эліясан выкінуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга!

Натоўп захваляваўся, але ніхто не радаваўся. Нікому і ў галаву не прыйшло, што тут ёсць нейкі падвох. Гэтага быць не можа! Але ўсім было боязна і неяк нядобра, паколькі божы суд зусім не праясніў сутнасці справы.

Ці азначала гэта, што ўсе тры былі аднолькава невінаватыя, ці гэта азначала, што ўсе яны былі аднолькава вінаватыя.

Людзі ўбачылі, як ротмістр Лёвеншольд паспешліва падышоў да суддзі. Напэўна, хацеў сказаць, што божы суд так нічога і не вырашыў, але суддзя панура адвярнуўся ад яго.

Суддзя з засядацелямі накіраваліся ў судовую палату і пачалі раіцца, а тым часам ніхто не асмельваўся ні паварухнуцца, ні нават прашаптаць хоць слова. Нават Паўль Эліясан, і той трымаўся спакойна. Здавалася, ён зразумеў нарэшце, што божы суд можна вытлумачыць і так і гэтак.

Суд зноў паявіўся пасля кароткай нарады, і суддзя абвясціў, што павятовы суд схільны тлумачыць божы прысуд такім чынам, што ўсіх трох абвінавачваемых неабходна прызнаць невінаватымі.

Вырваўшыся з рук стражнікаў, Паўль Эліясан ад незвычайнага захаплення зноў падкінуў сваю шапачку, але і гэта было крыху заўчасна, бо суддзя яшчэ не скончыў прамову:

— Але гэта рашэнне суда патрэбна прадставіць каралю праз ганца, якога сягоння варта накіраваць у Стакгольм. Абвінавачваемым жа патрэбна знаходзіцца ў турме, пакуль яго каралеўская вялікасць не зацвердзіць прыгавор суда.

Загрузка...