VI

Не менш за пятнаццаць чалавек суправаджалі ротмістра, калі назаўтра ў чатыры гадзіны раніцы ён выйшаў з дому паляваць на злодзея. І ўсе яны былі ў самым ваяўнічым настроі. Праўда была на іхнім баку, да таго ж яны спадзяваліся на генерала. Калі ўжо нябожчык умяшаўся ў гэту справу, дык абавязкова давядзе яе да канца.

Аднак дзікі гушчар, які падыходзіў для аблавы, пачынаўся толькі за мілю ад Хедэбю. У пачатку дарогі ротмістру з чалядзінцамі давялося перасячы лагчыну: дзе-нідзе яна была апрацавана і ўсеяна дробнымі пабудовамі. То тут, то там на пагорках віднеліся даволі вялікія вёскі. Адна з іх і была Ольсбю, дзе раней знаходзілася сядзіба Борда Бордсана — пакуль яе не спаліў генерал.

За ўсім гэтым, нібы разасланая на зямлі тоўстая звярыная шкура, цягнуўся дрымучы бор, адно дрэва да аднаго. Але нават тут не скончылася ўлада чалавека: у лесе відаць былі вузкія сцяжынкі, якія вялі да летніх сэтараў і вугальных ям.

Калі ротмістр з чалядзінцамі ўвайшоў у дрымучы лес, усіх іх быццам падмянілі: яны набылі зусім іншы выгляд, іншую паставу. Ім і раней здаралася прыходзіць сюды паляваць на буйную дзічыну, і іх ахапіў паляўнічы запал. Пільна ўзіраючыся ў густы хмызняк, яны і перамяшчацца пачалі зусім па-іншаму — лёгкай хадой і нібы крадком.

— Давайце дамовімся наперад, — сказаў ім ротмістр. — Ніхто з вас не павінен наклікаць на сябе бяду з-за гэтага злодзея, і таму пакіньце яго мне. Глядзіце толькі, каб яго не ўпусціць!

Але чалядзінцы і не думалі падпарадкоўвацца гэтаму распараджэнню. Усе тыя, хто яшчэ напярэдадні мірна расхаджваў, развешваючы сена на сушылы, гарэлі цяпер жаданнем як мага больш жорстка правучыць гэтага зладзюгу Інгільберта.

Ледзь толькі яны паглыбіліся ў лес, як векавыя сосны, што стаялі тут з даўніх часоў, сталі такімі частымі, што раскінулі над імі суцэльныя шаты; падлесак скончыўся, і толькі імхі пакрывалі зямлю. І тут яны ўбачылі, што насустрач ім ідуць тры чалавекі з насілкамі з галін, на якіх ляжыць чацвёрты.

Ротмістр са сваім дазорам паспяшаўся ім насустрач, але, убачыўшы столькі народу, насільшчыкі спыніліся. Твар чалавека, які ляжаў на насілках, быў прыкрыты вялізнымі лістамі папараці, таму нельга было разгледзець, хто гэта. Але жыхары Хедэбю, здавалася, усё ж пазналі яго, і мароз прабег у іх па скуры.

Ім не падалося, што побач з насілкамі стары генерал. Зусім не. Ім не падаўся нават ягоны цень. Але ўсё роўна, яны ведалі: ён — тут. Ён выйшаў з лесу разам з мерцвяком. Ён стаяў, паказваючы на яго пальцам.

Тры мужчыны, якія неслі насілкі, былі людзі добра вядомыя ў акрузе і паважаныя. Гэта быў Эрык Іварсан, гаспадар вялікага хутара ў Ольсбю, і яго брат Івар Іварсан, які так ніколі і не ажаніўся і застаўся дажываць у брата на бацькоўскім хутары. Абодва яны былі ўжо ў гадах; затое трэці ў іх кампаніі быў чалавек малады. Яго таксама ўсе ведалі. Звалі яго Паўль Эліясан, і быў ён прыёмышам братоў Іварсанаў.

Ротмістр падышоў прама да Іварсанаў, а тыя апусцілі на зямлю насілкі, каб прывітацца з ім за руку. Але ротмістр, здавалася, не бачыў працягнутых яму рук. Ён не мог адвесці вачэй ад лістоў папараці, якія прыкрывалі твар таго, хто ляжаў на насілках.

— Хто гэта тут ляжыць? Ужо ці не Інгільберт Бордсан? — запытаўся ён нейкім дзіўна суровым голасам. Здавалася, быццам ён гаворыць насуперак сваёй волі.

— Ён самы, — адказаў Эрык Іварсан. — Але адкуль вы яго ведаеце, пан ротмістр? Па адзенні пазналі?

— Не, — адказаў ротмістр, — я пазнаў яго не па адзенні. Я не бачыў яго цэлых пяць гадоў.

І ягоная чэлядзь і прышэльцы здзіўлена глядзелі на ротмістра. Ім усім падумалася, што сягоння раніцай у ім з'явілася нешта не падобнае на яго, штосьці зласлівае. Ён не быў самім сабой. Ён ужо не быў пачцівы і ветлівы, як раней.

Ротмістр пачаў распытваць сялян, што яны рабілі ў лесе так рана і дзе знайшлі Інгільберта. Іварсаны жылі заможна, і ім было не па душы, што ў іх так гэта выпытваюць, але самае галоўнае ротмістру ўсё ж удалося выведаць.

За дзень да гэтага з мукой і харчаваннем для работнікаў яны падняліся на свой сэтар, размешчаны за некалькі міль адсюль, у глыбіні лесу, ды там і заначавалі. На досвітку накіраваліся назад. Івар Іварсан неўзабаве абагнаў сваіх спадарожнікаў. Ён жа былы салдат, майстар хадзіць, і нялёгка было паспяваць за ім.

Намнога апярэдзіўшы сваіх спадарожнікаў, Івар Іварсан раптам убачыў, што насустрач яму па сцяжынцы ідзе нейкі чалавек. А лес там быў даволі рэдкі. Ніякіх кустоў, адны толькі магутныя ствалы, і Івар яшчэ здалёк убачыў гэтага чалавека. Але пазнаць адразу — не пазнаў. Між дрэў плавалі клубы туману, і калі іх асвятлялі сонечныя промні, то яны ператварыліся ў залатую смугу. Сёе-тое можна было разгледзець праз гэтае туманнае марыва, але не вельмі выразна.

Івар Іварсан заўважыў, што, як толькі сустрэчны ўбачыў яго ў тумане, то адразу ж спыніўся і з вялікім жахам, быццам абараняючыся, распасцёр перад сабой рукі. Калі ж Івар зрабіў яшчэ некалькі крокаў наперад, той кінуўся на калені і закрычаў, каб Івар не набліжаўся да яго. Здавалася, што чалавек гэты не пры сваім розуме. Івар Іварсан хацеў быў паспяшацца да яго, каб супакоіць, аднак той ужо ўскочыў на ногі і кінуўся наўцёкі ў глыбіню лесу. Але прабег ён усяго толькі некалькі крокаў. Амаль у той жа момант ён паваліўся на зямлю і застаўся ляжаць нерухома. Калі Івар Іварсан падышоў да яго, ён быў мёртвы.

Цяпер Івар Іварсан тут жа пазнаў гэтага чалавека: гэта быў не хто іншы, як Інгільберт Бордсан, сын таго самага Борда, які раней жыў у Ольсбю, але потым, калі двор ягоны згарэў, а жонка ўтапілася, перабраўся на летні сэтар. Івар ніяк не мог зразумець, чаму Інгільберт паваліўся і памёр: нічыя ж рука не дакранулася да яго. Ён спрабаваў вярнуць яго да жыцця, але гэта не ўдалося. Калі падышлі астатнія, яны таксама ўбачылі, што Інгільберт мёртвы. Але Бордсаны былі калісьці суседзямі Іварсанаў у Ольсбю, і ім не захацелася пакідаць Інгільберта ў лесе; і вось яны зрабілі насілкі і забралі яго з сабой.

Ротмістр з панурым выглядам слухаў гэты аповед. Ён падаўся яму цалкам праўдзівым. Інгільберт ляжаў на насілках, быццам сабраўся ў далёкую дарогу: за спінаю — торба, а на нагах — чаравікі. Мядзведжая рагаціна, якая ляжала побач, бадай, таксама належала яму. Не інакш як Інгільберт хацеў накіравацца на чужыну, каб прадаць там пярсцёнак; але калі ў лясным тумане яму сустрэўся Івар Іварсан, то палічыў яго за прывід генерала. Ну, вядома! Так яно і было! Івар Іварсан быў апрануты ў стары салдацкі мундзір, а палі ягонага капелюша былі загнуты на каралінскі манер[20]. Тое, што Інгільберт абазнаўся, лёгка тлумачылася адлегласцю, туманам і тым, што сумленне ў яго было нячыстае.

Тым не менш ротмістр усё яшчэ быў незадаволены. Ён кіпеў лютай злосцю і прагнуў крыві. Яму хацелася б задушыць Інгільберта сваімі рукамі. Лёвеншольду патрэбна было даць выхад гарачаму жаданню помсты, а выхаду не было.

Аднак, паступова ротмістр зразумеў, які ён несправядлівы, і настолькі авалодаў сабой, што нават расказаў Іварсанам, для чаго ён з чалядзінцамі выйшаў сягоння ранкам у лес. І дадаў, што хоча даведацца, ці пры мерцвяку пярсцёнак.

Ротмістру нават хацелася, каб сяляне з Ольсбю адказалі «не»; тады ён мог бы са зброяй у руках пастаяць за свае правы. Але яны палічылі яго патрабаванне натуральным і крыху адышлі ўбок, пакуль чалядзінцы абшуквалі кішэні мерцвяка. Ягоныя чаравікі, торбу, кожнае шво ягонай вопраткі.

Спачатку ротмістр з велізарнай увагай сачыў за вобыскам, але раптам ён нечакана зірнуў на сялян, і яму падалося, быццам тыя абмяняліся насмешлівымі позіркамі, нібы былі перакананы, што ён усё роўна нічога не знойдзе.

Так яно і выйшла. Пошукі давялося спыніць, а пярсцёнак так і не знайшоўся. Тады падазрэнні ротмістра зусім справядліва леглі на сялян. Гэтае ж самае падумалі і чалядзінцы. Куды падзеўся пярсцёнак? Калі Інгільберт рашыўся ўцякаць, то ён абавязкова ўзяў яго з сабой. Дзе ён?

Хоць і цяпер ніхто з іх не бачыў генерала, але ўсе адчувалі ягоную нябачную прысутнасць. Стоячы ў натоўпе, ён паказваў на ўсю тройцу з Ольсбю. Пярсцёнак у іх!

Сапраўды, гэта яны абшукалі кішэні мерцвяка і знайшлі пярсцёнак.

Хутчэй за ўсё, гісторыя, якую яны толькі што расказалі, — выдуманая, а на самай справе ўсё адбылося зусім інакш. Магчыма, Іварсаны, якія былі аднавяскоўцамі Бордсанаў, ведалі, што тыя завалодалі каралеўскім пярсцёнкам. Магчыма, яны даведаліся, што Борд памёр, а сустрэўшыся з сынам у лесе, адразу здагадаліся, што ён сабраўся ўцячы з гэтым пярсцёнкам; вось яны і напалі на Інгільберта і забілі яго, каб прысвоіць пярсцёнак.

На целе Інгільберта не было ніякіх слядоў калецтва, апрача кровападцёку на ілбе. Іварсаны сказалі, што ён стукнуўся галавой аб камень, калі паваліўся. Але хіба гэты крывавы жаўлак не мог быць нанесены тоўстай сукаватай паліцай, якую трымаў у руках Паўль Эліясан.

Ротмістр стаяў, апусціўшы вочы. Ён пакутліва змагаўся з самім сабой. Ніколі не чуў ён аб гэтых трох нічога, апрача добрага, і яму ніяк не верылася, што яны забойцы і злодзеі.

Чалядзінцы акружылі ротмістра. Сёй-той з іх ужо бразгаў зброяй, і ўсе да аднаго лічылі, што без бойкі ім адсюль не пайсці.

Тады да ротмістра падышоў Эрык Іварсан.

— Мы, браты, — сказаў ён, — ды і прыёмыш наш Паўль Эліясан, які ў хуткім часе стане мне зяцем, разумеем, што думаеце пра нас вы, пан ротмістр, і вашы людзі. Дык вось, па-нашаму, не варта нам разыходзіцца, пакуль вы не загадаеце абшукаць нашы кішэні і вопратку.

Ад такой прапановы ў панурага ротмістра стала лягчэй на сэрцы. Ён пачаў адмаўляцца. Іварсаны, ды і іхні прыёмны сын такія людзі, што іх і западозрыць немагчыма.

Але сяляне хацелі пакончыць з гэтай справай. Яны самі пачалі выварочваць свае кішэні і разуваць чаравікі. Тады ротмістр махнуў рукой чалядзінцам, каб тыя выканалі іх волю і абшукалі.

Пярсцёнак так і не знайшоўся, але ў берасцяным кашы, які Івар Іварсан насіў за спінай, знайшлі саф'янавую торбачку.

— Гэта ваша торбачка? — запытаўся ротмістр пасля таго як пераканаўся, што яна пустая.

Калі б Івар Іварсан адказаў сцвярджальна, то і ўсё, магчыма, на гэтым бы скончылася. Але замест гэтага ён спакойна прызнаўся:

— Не, не наша; яна валялася на сцяжынцы, непадалёк ад таго месца, дзе паваліўся Інгільберт. Я падняў торбачку і кінуў яе ў кош, бо яна падалася мне новенечкай.

— Але ў такой вось торбачцы і ляжаў пярсцёнак, калі пастар шпурнуў яго Інгільберту, — сказаў ротмістр; і твар ягоны і голас зноў азмрочыліся. — Цяпер жа вам, Іварсанам, нічога не застаецца, як пайсці са мной да ленсмана, калі вы не лічыце за лепшае дабравольна вярнуць мне пярсцёнак.

Цярплівасць сялян з Ольсбю лопнула.

— Няма ў вас, пан ротмістр, такога права, каб прымусіць нас ісці ў турму, — прамовіў Эрык Іварсан.

Ён схапіўся за рагаціну, якая ляжала побач з Інгільбертам, каб пракласці сабе шлях, а брат ягоны з будучым зяцем далучыліся да яго.

У першы момант аслупянелыя жыхары Хедэбю былі падаліся назад, ледзь не адпіхнуўшы ротмістра, які засмяяўся ад радасці, што нарэшце ўжо дасць доўгачаканы выхад свайму гневу, прымяніўшы сілу. Выхапіўшы шаблю, ён секануў па рагаціне.

Але гэта быў адзіны ратны подзвіг, здзейснены ў гэтай сутычцы. Чалядзінцы адцягнулі яго і вырвалі шаблю з рук.

Здарылася так, што і ленсман Карэліус надумаў накіравацца той раніцай у лес. У тую самую хвіліну ён у суправаджэнні стражніка паказаўся на сцяжынцы. Зноў пачаліся пошукі і зноў дазнанне, але справа ўсё ж скончылася тым, што Эрык Іварсан, ягоны брат Івар і іхні прыёмны сын Паўль Эліясан былі ўзяты пад варту і адведзены ў турму па падазрэнні ў забойстве і разбоі.

Загрузка...