Малады барон Адрыян ляжаў бледны і нерухомы ў вялікім бацькоўскім ложку. Памацаўшы ягоны пульс, можна было адчуць, што кроў яшчэ струменіцца ў ягоных жылах, але амаль непрыкметна. Ён не ачуняў пасля глыбокай непрытомнасці, аднак жыццё ў ім яшчэ тлела.
Лекара ў прыходзе Бру не было, але ў чатыры гадзіны раніцы ў Карлстад паехаў вярхом слуга, каб паспрабаваць каго-небудзь прывезці. Язды было туды шэсць міль, і калі б лекар быў дома і пагадзіўся адразу ж выехаць, то яго можна было б чакаць з горада самае ранняе праз дванаццаць гадзін. Але трэба было таксама быць гатовым да таго, што пройдзе дзень, а тое і два, пакуль ён прыедзе.
Баранэса Лёвеншольд сядзела збоку на ложку, не зводзячы вачэй з сынавага твару. Яна верыла, што кволая іскра жыцця ў ім не згасне, калі яна будзе сядзець тут, пільна аберагаючы яго.
Барон таксама час ад часу садзіўся на другім баку ложка, але быў не ў сілах уседзець на месцы. То ён браў вялую сынаву руку, каб памацаць пульс, то падыходзіў да акна і кідаў позірк на праезную дарогу, то ішоў цераз пакоі да залы, каб зірнуць на гадзіннік. На пытанні, якія можна было прачытаць у вачах усхваляваных дочак і гувернанткі, ён толькі круціў галавой і зноў ішоў у спальню, дзе ляжаў хворы.
Туды не пускалі нікога, апрача дзяўчыны Спак. Ні дочак, ні нават кагосьці са служанак, адну толькі дзяўчыну Спак. У яе была адпаведная паходка, адпаведны голас, яна была на сваім месцы ў спальні.
Дзяўчына Спак прачнулася ўночы ад жахлівага крыку Адрыяна. Пачуўшы ўслед за крыкам, што нехта цяжка паваліўся, яна ўскочыла. Сама не помнячы як, накінула на сябе сукенку; сярод яе мудрых жыццёвых правілаў было такое, што ніколі не варта паяўляцца перад людзьмі неапранутай, пры любых абставінах, што б ні здарылася. У зале яна сустрэлася з баранэсай, якая прыбегла, каб паклікаць на дапамогу. Пасля гэтага аканомка разам з бацькам падняла Адрыяна і паклала яго на вялікі двухспальны ложак. Спачатку ўсе трое думалі, што ён ужо мёртвы, але потым дзяўчына Спак намацала слабое біццё пульсу.
Некалькі разоў спрабавалі яны прывесці яго звычайнымі спосабамі ў прытомнасць, але іскрынка жыцця ледзь тлела ў Адрыяне, і што б яны ні рабілі, яна, здавалася, усё больш згасала. Неўзабаве яны зусім заняпалі духам і не рашаліся рабіць больш нічога. Ім заставалася толькі сядзець і чакаць.
Баранэсу супакойвала тое, што з ёю ў спальні знаходзілася дзяўчына Спак, бо тая была зусім спакойная і цвёрда ўпэўненая, што Адрыян хутка апрытомнее. Баранэса дазволіла аканомцы прычасаць сябе і абуць чаравікі. Калі трэба было накінуць сукенку, баранэсе давялося ўстаць, але яна, даўшы магчымасць аканомцы зашпіліць гузікі і разгладзіць складкі, па-ранейшаму не адводзіла вачэй ад сынавага твару.
Баранэсе здавалася, быццам аканомка неадлучна была з ёю, але тая выходзіла і на кухню, дзе, як звычайна, паклапацілася аб ежы для слуг. Яна не забылася ніводнай дробязі. Бледная як смерць, яна ўсё гэтак жа спраўна выконвала свае абавязкі. Снеданне было пададзена да панскага стала своечасова, а пастушок атрымаў сваю торбу з ежай, калі пагналі кароў на пашу.
На кухні слугі цікавіліся, што здарылася з маладым баронам, і аканомка адказвала:
— Вядома толькі тое, што ён уварваўся да бацькоў і штосьці выкрыкнуў пра Генерала. Затым ён абамлеў, і цяпер не ўдаецца прывесці яго ў прытомнасць.
— Відаць, Генерал прыходзіў да яго! — сказала кухарка.
— А хіба не дзіўна, што ён так груба абыходзіцца са сваякамі? — здзівілася пакаёўка.
— У яго, пэўна, усякай цярплівасці не хапіла. Яны толькі і ведалі, што кпіць з яго. А ён, відаць, свой пярсцёнак шукаў.
— Ці не думаеш ты ўжо, што пярсцёнак тут, у Хедэбю? — запыталася пакаёўка. — Ён яшчэ можа тады падпаліць дах над нашай галавой і спаліць увесь дом, толькі б атрымаць свой пярсцёнак.
— Вядомая справа, пярсцёнак схаваны тут у якім-небудзь кутку, — сказала кухарка, — інакш чаго б Генералу вечна бадзяцца па ўсім маёнтку!
У той дзень дзяўчына Спак адмовілася ад аднаго са сваіх цудоўных штодзённых правілаў — ніколі не прыслухоўвацца да таго, што гавораць слугі пра паноў.
— Пра які гэта пярсцёнак вы кажаце? — запыталася яна.
— А хіба вы не ведаеце, паненка, што Генерал блукае тут ды шукае свой пярсцёнак з пячаткай? — адказала ўзрадаваная яе пытанню кухарка.
І наперабой з пакаёўкай яна паспяшалася расказаць дзяўчыне Спак гісторыю абрабавання магілы і божага суда. Калі ж аканомка выслухала ўсё гэта, то ўжо ні на секунду не засумнявалася ў тым, што пярсцёнак нейкім чынам трапіў у Хедэбю і схаваны дзесьці там.
Ад гэтага аповеду даяўчыну Спак дрыжыкі ўзялі, амаль як у той раз, калі ёй упершыню сустрэўся на паддашкавай лесвіцы Генерал. Вось гэтага якраз яна ўвесь час і асцерагалася. А цяпер ужо добра ведала, які люты і бязлітасны можа быць гэты прывід. Было ясна як божы дзень, што, калі, ён не атрымае назад свой пярсцёнак, барон Адрыян памрэ.
Але ледзь аканомка прыйшла да такога заключэння, як яна — асоба вельмі рашучая — адразу ж зразумела, што патрэбна рабіць. Калі гэты пракляты пярсцёнак знаходзіцца ў Хедэбю, то неабходна пастарацца чаго б гэта ні каштавала адшукаць яго.
Яна ненадоўга пайшла ў жылую палову панскага дома, зазірнула ў спальню, дзе ўсё было па-ранейшаму, узбегла па лесвіцы на гарышча і пераслала пасцель у Адрыянавай мансардзе, каб яна была напагатове на выпадак, калі яму стане лепш і яго можна будзе перанесці наверх. Затым зайшла ў пакоі да паненак і да гувернанткі — смяртэльна перапалоханыя, яны сядзелі склаўшы рукі, не ў стане чымсьці заняцца. Яна расказала ім сёе-тое з таго, аб чым даведалася сама, расказала роўна столькі, каб гувернантка з паненкамі зразумелі, аб чым ішла размова, і запыталася, ці не дапамогуць яны ёй адшукаць пярсцёнак.
Вядома, яны адразу ж згадзіліся. Паненкі і гувернантка пачалі шукаць у пакоях і ў мансардзе. Сама ж дзяўчына Спак накіравалася на кухню і паставіла на ногі ўсіх дваровых дзяўчат.
«Генерал з'яўляўся на кухні гэтак жа часта, як і ў панскім доме, — падумала яна. — Штосьці падказвае мне — пярсцёнак дзесьці тут».
На кухні і ў кладоўцы, і ў хлебнай, і ў піваварні ўсё было перавернута дагары нагамі. Шукалі ў сценных шчылінах, у пячных подах, вытрасалі скрыні пасудніка з прыправамі, абшукалі нават мышыныя норы.
Разам з гэтым дзяўчына Спак не забывала час ад часу перабягаць цераз двор і наведвацца ў спальню. У час аднаго з такіх візітаў яна застала баранэсу ў слязах.
— Яму горш, — сказала баранэса. — Па-мойму, ён памірае.
Схіліўшыся над Адрыянам, дзяўчына Спак узяла ягоную безжыццёвую руку ў свае і праверыла пульс.
— Ды не ж, пані баранэса, — сказала яна, — яму не горш, а, бадай, лепш.
Ёй удалося супакоіць гаспадыню, але самую яе ахапіў вельмі моцны адчай. А што, калі малады барон не дажыве да таго часу, пакуль яна адшукае пярсцёнак?
Ад хвалявання яна, забыўшыся на момант, перастала валодаць сабой. Адпускаючы руку Адрыяна, яна ціхенька пагладзіла яе. Сама яна наўрад ці ўсведамляла, што робіць, але баранэса адразу ж заўважыла гэта.
«Mon Dieu[24], — падумала яна, — беднае дзіця, няўжо гэта так? Можа, мне трэба сказаць ёй… Але ці не ўсё роўна, калі мы так ці інакш яго згубім: Генерал злуецца на яго, а той, на каго гневаецца Генерал, павінен памерці».
Вярнуўшыся на кухню, дзяўчына Спак пачала распытваць служанку, ці няма ў тутэйшых мясцінах якога-небудзь чараўніка, якога звычайна запрашаюць пры няшчасных выпадках. Няўжо абавязкова трэба чакаць, пакуль прыедзе лекар?
Так, іншыя, калі хто-небудзь захварэе, запрашаюць Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю. Яна ўмее загаворваць кроў і кастапраўнічаць, і ўжо яна магла б разбудзіць барона Адрыяна ад смяротнага сну… Але сюды, у Хедэбю, яна наўрад ці пажадае прыйсці.
Пакуль служанка з аканомкай размаўлялі пра Марыт Эрыксдотэр, кухарка, якая ўзабралася на самую верхнюю прыступку прыстаўной лесвіцы, зазірнула на высокую паліцу, дзе некалі знайшліся згубленыя сярэбраныя лыжкі.
— Ой! — усклікнула яна. — Нарэшце ж знайшла я тое, што даўно шукала. Тут ляжыць старая шапачка барона Адрыяна!
Дзяўчына Спак жахнулася. Нічога не скажаш, добрыя былі, відаць, парадкі ў іх на кухні да таго, як яна прыехала ў Хедэбю! Як магла шапачка барона Адрыяна трапіць на паліцу?
— Вось дзіва, — сказала кухарка. — З гэтай шапачкі ён вырас, ды і аддаў яе мне на анучы, чарапкі прыхопліваць. Вось добра, што я яе хоць цяпер знайшла!
Дзяўчына Спак выхапіла ў яе шапачку з рук.
— Шкада рэзаць яе, — сказала яна. — Можна аддаць якому-небудзь бедняку!
Яна вынесла шапачку на двор і пачала выбіваць з яе пыл. Тым часам з дому выйшаў барон.
— Здаецца, што Адрыяну горш, — сказаў ён.
— А хіба няма кагосьці паблізу ў акрузе, хто ўмее лячыць хворых? — як можна дабрадушна запыталася аканомка. — Служанкі казалі тут пра адну жанчыну, якую завуць Марыт Эрыксдотэр.
Барон аслупянеў.
— Зразумела, калі размова ідзе аб жыцці Адрыяна, я б, не вагаючыся, паслаў па майго злейшага ворага, — сказаў ён. — Аднак толку ўсё роўна не будзе. Марыт Эрыксдотэр ніколі не прыйдзе ў Хедэбю.
Атрымаўшы падрабязныя тлумачэнні, дзяўчына Спак не адважылася пярэчыць. Яна працягвала шукаць на кухні, распарадзілася наконт абеду і зрабіла так, што нават баранэса крыху з'ела. Пярсцёнак не адшукаўся, а дзяўчына Спак бясконца паўтарала сабе: «Мы павінны знайсці пярсцёнак! Генерал пазбавіць Адрыяна жыцця, калі мы не адшукаем яму пярсцёнак».
Пасля абеду дзяўчына Спак накіравалася ў Ольсбю. Яна пайшла, ні ў каго не спытаўшыся. Кожны раз, калі яна заходзіла да хворага, пульс ягоны біўся ўсё слабей і слабей, а перабоі наступалі ўсё часцей і часцей. Яна не магла спакойна чакаць карлстадскага лекара. Так, больш чым верагодна, што Марыт ёй адмовіць, але аканомка хацела выкарыстаць усе магчымыя сродкі.
Калі дзяўчына Спак прыйшла ў Стургордэн, Марыт Эрыксдотэр сядзела на сваім звычайным месцы — на ганку палевай клеці. У руках у яе не было ніякай работы, яна сядзела адкінуўшыся назад, з заплюшчанымі вачыма. Але яна не спала і, калі з'явілася аканомка, падняла вочы і адразу ж пазнала яе.
— Вось яно што, — прамовіла яна, — цяпер з Хедэбю па мяне пасылаюць?
— Ты, Марыт, ужо чула, якія дрэнныя нашы справы? — запыталася дзяўчына Спак.
— Так, чула, — адказала Марыт, — і не пайду!
Дзяўчына Спак не сказала ёй у адказ ні слова. Глухая безнадзейнасць прыгняла яе. Усё ішло ёй насуперак, апалчылася супраць яе, а ўжо горшага за гэта быць нічога не можа. Яна бачыла ўласнымі вачыма і чула ўласнымі вушамі, як радавалася Марыт. Сядзела на ганку і радавалася няшчасцю, радавалася, што Адрыян Лёвеншольд памрэ.
Да гэтай хвіліны аканомка трымалася. Яна не крычала, не наракала, убачыўшы Адрыяна, распасцёртага на падлозе. У яе была толькі адна думка — дапамагчы яму і яго блізкім. Але адпор Марыт зламаў яе сілы. Яна заплакала горка і нястрымна. Няўпэўненымі крокамі паплялася да сценкі адной з прыбудоў і прыціснулася да яе ілбом, горка рыдаючы.
Марыт крыху падалася наперад. Доўга-доўга яна не адводзіла вачэй ад няшчаснай дзяўчыны. «Ах вось яно што! Няўжо так?» — падумала яна.
Але пакуль Марыт сядзела, разглядаючы дзяўчыну, якая слязамі кахання аплаквала каханага, штосьці перавярнулася ў яе душы.
Некалькі гадзін таму назад яна даведалася, што Генерал прыйшоў да Адрыяна і напалохаў яго амаль не да смерці. І яна сказала сабе самой, што нарэшце час помсты настаў. Шмат гадоў чакала яна гэтага часу, але чакала дарэмна. Ротмістр Лёвеншольд сышоў у магілу, так і не атрымаўшы па заслугах. Праўда, з таго самага часу, калі яна пераправіла пярсцёнак у Хедэбю, прывід Генерала бадзяўся па ўсім маёнтку; аднак падобна было, што ў яго не хапала духу караць з уласцівай яму лютасцю сваіх родных.
А цяпер, калі да іх прыйшла бяда, яны адразу ж просяць дапамогі! Чаму не звярнуліся тады непасрэдна да мерцвякоў на ўзгорку вісельнікаў? Ёй было радасна сказаць:
— Не пайду!
Такой была яе помста!
Але калі Марыт убачыла, як стаіць і плача маладая дзяўчына, прыціснуўшыся галавой да сцяны, у яе абудзілася памяць аб мінулым. «Вось так стаяла і я і плакала, прыхіліўшыся да жорсткай сцяны. І не было ў мяне ніводнага чалавека, на якога я магла б абаперціся».
І ў той жа момант крыніца дзявочага кахання зноў забруіла ў душы Марыт і абдала сваім гарачым дыханнем. І яна са здзіўленнем сказала сабе самой: «Дык вось як пакутавала я тады! Дык вось што азначае кагосьці кахаць! Як моцна і соладка пакутавала я тады!»
Перад яе вачыма паўстаў юны, вясёлы, дужы і прыгожы Паўль Эліясан. Яна прыгадала яго позірк, яго голас, кожны яго рух. Сэрца яе напоўнілася ўспамінамі аб ім.
Марыт думала, што кахала яго ўвесь гэты час, і, пэўна, так яно і было! Але як астылі яе пачуцці за гэтыя доўгія гады! Цяпер жа, у гэты момант, душа яе зноў успыхнула ранейшым гарачым полымем.
Але разам з каханнем у ёй прачнуліся і ўспаміны аб той жахлівай пакуце, якую перажывае чалавек, губляючы таго, каго кахае.
Марыт кінула позірк на дзяўчыну Спак, якая ўсё яшчэ стаяла і плакала. Цяпер Марыт ведала, як цяжка пакутавала яна. Яшчэ зусім нядаўна ёю валодаў холад пражытых гадоў. Яна забылася тады, як пячэ агонь, цяпер жа ўспомніла аб гэтым. Яна не хацела, каб па яе віне хтосьці пакутаваў гэтак жа, як некалі пакутавала сама; Марыт паднялася і падышла да дзяўчыны.
— Хадземце! Я пайду з вамі, паненка! — коратка сказала яна.
Такім чынам, дзяўчына Спак вярнулася ў Хедэбю разам з Марыт Эрыксдотэр. За ўсю дарогу Марыт не вымавіла ні слова. Ужо потым аканомка зразумела, што па дарозе яна, напэўна, абдумвала, як ёй павесці сябе, каб адшукаць пярсцёнак.
Аканомка прайшла з Марыт у дом прама з параднага ганка і ўвяла яе ў спальню. Там усё было па-ранейшаму. Адрыян ляжаў прыгожы і бледны, але ціхі, быццам мярцвяк, а баранэса, не варушачыся сядзела побач, ахоўваючы яго спакой. Толькі калі Марыт Эрыксдотэр падышла да ложка, яна ўзняла вочы.
Як толькі гаспадыня пазнала жанчыну, якая стаяла, гледзячы на яе сына, то апусцілася перад ёю на калені і прыціснулася тварам да падола яе сукенкі.
— Марыт! Марыт! — загаварыла яна. — Забудзь пра ўсё тое зло, якое прычынілі табе Лёвеншольды. Дапамажы яму, Марыт! Дапамажы яму!
Сялянка крыху адступіла назад, але няшчасная маці папаўзла за ёю на каленях.
— Ты не верыш, як я баялася з таго самага часу, калі Генерал пачаў бадзяцца па маёнтку. Я палохалася і ўвесь час чакала. Я ведала, што цяпер яго гнеў накіраваны супраць нас.
Марыт стаяла моўчкі, заплюшчыўшы вочы, і, здавалася, цалкам паглыбілася ў сябе. Аднак дзяўчына Спак была ўпэўнена, што ёй прыемна слухаць аповед баранэсы пра яе пакуты.
— Я хацела пайсці да цябе, Марыт, і паваліцца да тваіх ног, як зараз, і маліць цябе дараваць Лёвеншольдам. Але я не адважылася. Я думала, што табе немагчыма дараваць ім.
— Вы, васпані, і не павінны мяне маліць, — сказала Марыт, — бо так яно і ёсць: дараваць я не магу!
— Але ты ўсё ж тут!
— Я прыйшла дзеля паненкі, яна прасіла мяне прыйсці.
З гэтымі словамі Марыт зайшла з другога боку шырокага ложка. Паклаўшы хвораму руку на грудзі, яна прамармытала некалькі слоў. Пры гэтым насупіла лоб, закаціла вочы і сціснула вусны. Дзяўчына Спак падумала, што яна паводзіць сябе, як і ўсе іншыя знахаркі.
— Будзе жыць, — сказала Марыт, — але запомніце, пані баранэса, што дапамагаю я яму толькі дзеля паненкі.
Тут дзяўчыне Спак падалося, быццам гаспадыня яе хацела яшчэ штосьці сказаць, але спахапілася і прыкусіла губу.
— А цяпер дайце мне, пані баранэса, волю.
— Ты можаш распараджацца ў маёнтку, як табе неабходна. Барон у ад'ездзе. Я папрасіла яго паехаць вярхом насустрач доктару і прыспешыць яго.
Дзяўчына Спак чакала, што Марыт Эрыксдотэр неяк паспрабуе вывесці маладога барона з непрытомнасці, але тая, на яе вялікае расчараванне, нічога падобнага рабіць не стала.
Замест гэтага яна загадала сабраць у кучу ўсё адзенне барона Адрыяна: і тое, якое ён насіў цяпер, і тое, якое апранаў у ранейшыя гады і якое можна было яшчэ адшукаць. Яна хацела бачыць усё, што ён калі-небудзь надзяваў на сябе: і панчохі, і кашулі, і рукавіцы, і шапкі.
У той дзень у Хедэбю толькі і рабілі, што шукалі. Хоць дзяўчына Спак цішком уздыхала аб тым, што Марыт, бадай, усяго толькі звычайная знахарка і варожыць, як усе, яна паспяшалася выцягнуць з розных камодаў і паддашкавых клецяў, з сундукоў і шафаў усё, што належала хвораму. Маладыя баранэсы, якія добра ведалі, што насіў Адрыян, дапамагалі ёй, і неўзабаве яна спусцілася ўніз да Марыт з цэлай кучай адзення.
Марыт расклала адзенне на кухонным стале і пачала разглядваць кожную рэч асобна. Яна адклала ўбок пару старых чаравікаў, таксама пару маленькіх рукавічак і кашулю. Тым часам яна аднатонна і бесперастанку мармытала:
— Пару для ног, пару для рук, адну для цела, адну для галавы! Мне патрэбна яшчэ што-небудзь для галавы, — раптоўна сказала яна ўжо больш спакойна, — мне патрэбна што-небудзь цёплае і мяккае.
Аканомка паказала ёй капелюшы і кепкі, якія яна прынесла.
— Не, гэта павінна быць штосьці цёплае і мяккае, — сказала Марыт. — Хіба ў барона Адрыяна не было якой-небудзь шапачкі з кутасікам, як у іншых хлопчыкаў.
Аканомка толькі збіралася была адказаць, што нічога падобнага яна не бачыла, але кухарка апярэдзіла яе.
— Я ж знайшла сягоння раніцай вунь там, на паліцы, яго старую шапачку з кутасікам, але паненка ўзяла яе ў мяне.
Вось так і здарылася, што дзяўчыне Спак давялося аддаць шапачку, з якой яна намервалася ніколі не расставацца і якую хацела захаваць як найдарагі ўспамін да канца сваіх дзён.
Атрымаўшы шапачку, Марыт зноў пачала мармытаць свае заклінанні. Але цяпер голас яе гучаў па-іншаму. Здавалася, быццам кошка варкатала ад задавальнення.
— Цяпер, — сказала Марыт пасля таго, як яна доўга стаяла, мармычучы, над шапачкай і круцячы яе ў розныя бакі, — цяпер нічога больш не трэба. Але ўсё гэта неабходна пакласці Генералу ў магілу.
Пачуўшы гэтыя словы, дзяўчына Спак зусім згубіла надзею.
— Няўжо ты, Марыт думаеш, што барон дазволіць адкрыць склеп, каб пакласці туды гэтыя старыя рэчы? — запыталася яна.
Зірнуўшы на яе, Марыт крыху ўсміхнулася. Узяўшы за руку дзяўчыну Спак, яна пацягнула яе за сабой да акна, так што ўсе, хто быў на кухні, апынуліся за імі. Тады яна паднесла шапачку Адрыяна да вачэй аканомкі і рассунула ніткі вялікага кутасіка.
Ніводным словам не перакінуліся Марыт з дзяўчынай Спак, але калі аканомка адышла ад акна, твар яе быў смяротна бледны, а рукі дрыжэлі.
Звязаўшы адабраныя рэчы ў невялікі клунак, Марыт перадала яго аканомцы.
— Я сваю справу зрабіла, — сказала яна, — цяпер ваша чарга паклапаціцца аб тым, каб ўсё гэта трапіла ў магілу.
Пасля гэтага Марыт пайшла.
Дзяўчына Спак пабрыла на могілкі пасля дзесяці гадзін вечара. Клунак, які ёй дала Марыт, яна несла з сабой. Ішла яна, праўда, наўдачу. І літаральна не ўяўляла сабе, як ёй удасца апусціць рэчы ў генеральскі склеп.
Барон Лёвеншольд прыехаў вярхом разам з доктарам адразу ж пасля таго, як пайшла Марыт, і аканомка спадзявалася, што доктару ўдасца вярнуць Адрыяна да жыцця і ёй не давядзецца нічога больш рабіць. Але доктар адразу ж заявіў, што нічым не зможа дапамагчы. Ён сказаў, што маладому чалавеку засталося жыць усяго толькі некалькі гадзін.
Тады, сунуўшы клунак пад паху, дзяўчына Спак рушыла ў дарогу. Яна ведала, што няма ніякай магчымасці прымусіць барона Лёвеншольда загадаць зняць магільныя пліты і адкрыць замураваны склеп толькі для таго, каб пакласці туды некалькі старых рэчаў барона Адрыяна.
Калі б сказала яна яму, што на самай справе знаходзіцца ў клунку, і (яна была ў гэтым пераканана) ён адразу ж вярнуў бы пярсцёнак яго законнаму ўладальніку. Але тым самым яна выдала б Марыт Эрыксдотэр.
Яна не сумнявалася ў тым, што іменна Марыт падкінула некалі пярсцёнак у Хедэбю. Барон Адрыян неяк сказаў, што Марыт аднойчы цыравала яму шапачку. Не, аканомка не адважылася расказаць барону, як усё было на самай справе.
Дзяўчына Спак сама потым здзіўлялася, што ў той вечар зусім не адчувала страху. Але яна перабралася цераз нізкую могільнікавую сцяну і падышла да склепа Лёвеншольдаў, думаючы толькі аб тым, як ёй апусціць туды пярсцёнак.
Яна села на магільную пліту і склала рукі для малітвы. «Калі бог мне не дапаможа, — думала яна, — то магіла, вядома, адкрыецца, але не дзеля пярсцёнка, а для таго, каго я вечна буду аплакваць».
Пасярэдзіне малітвы дзяўчына Спак заўважыла лёгкае варушэнне травы, якая пакрывала нізкі магільны грудок, на якім ляжала пліта. Маленькая галоўка паказалася з травы і адразу ж схавалася, як толькі аканомка ўздрыгнула ад страху. Бо дзяўчына Спак гэтак жа баялася пацукоў, як і яны яе. Але ад страху на аканомку напала натхненне. Жвава падышла яна да вялікага куста бэзу, адламала сухую галінку і ўваткнула яе ў норку.
Уваткнула спачатку вертыкальна, але галінка адразу ж наткнулася на перашкоду. Тады яна паспрабавала прасунуць яе далей наўскос, і на гэты раз галінка прасунулася даволі глыбока ў напрамку да магілы. Аканомка нават здзівілася, як далёка яна зайшла. Галінка цалкам схавалася ў нары. Дзяўчына Спак спрытна выцягнула яе зноў і памерала па сваёй руцэ. Палка была даўжынёй каля трох локцяў і зайшла ў зямлю на ўсю даўжыню. Мабыць, яна пабывала ў магільным склепе.
Ні разу за ўсё яе жыццё розум дзяўчыны Спак не быў такі спакойны і ясны. Яна зразумела, што пацукі, напэўна, пракапалі сабе дарогу ў магілу. Магчыма, ў сцяне была расколіна, а, магчыма, выветрыўся які-небудзь каменьчык.
Яна легла ніцма на зямлю перад грудком, вырвала кавалак дзірвану, адгрэбла зямлю і сунула руку ў норку. Рука без перашкоды пранікла ўніз, але ўсё ж не да самай сценкі склепа. Туды рука не даставала.
Тады, жыва развязаўшы клунак, яна выцягнула адтуль шапачку, начапіла яе на палку і паспрабавала павольна прапіхнуць яе ў норку. Хутка шапка знікла з вачэй. Усё гэтак жа павольна і асцярожна прасоўвала яна палку далей і далей уніз. І раптам, калі палка амаль уся зайшла ў зямлю, яна адчула, як яе рэзкім рыўком выхапілі ў яе з рук. Праслізнуўшы ў норку, палка знікла.
Не выключана, што яе пацягнула ўніз уласная вага, але дзяўчына была ўпэўнена ў тым, што палку ў яе вырвалі.
І тут яна нарэшце спалохалася. Схапіўшы рэчы, што былі ў клунку, яна засунула іх у норку, як магла прывяла ў парадак зямлю і дзірван і кінулася наўцёкі з усіх ног. Усю дарогу да самага Хедэбю яна ні разу не перавяла дух, а ўсё бегла і бегла.
Калі аканомка паявілася ў маёнтку, барон з баранэсай ужо стаялі на парадным ганку. Яны паспяшаліся насустрач.
— Дзе вы былі, паненка? — запыталіся яны ў яе. — Мы тут стаім і чакаем вас.
— Барон Адрыян памёр? — запыталася ў адказ дзяўчына Спак.
— Не, не памёр, — адказаў барон, — але скажыце нам спачатку, дзе вы былі, паненка Спак?
Аканомка так запыхалася, што ледзь магла гаварыць; але ўсё ж расказала аб даручэнні, якое ёй дала Марыт, і аб тым, што па крайняй меры адну з рэчаў ёй удалося прасунуць у склеп праз норку.
— Усё гэта вельмі дзіўна, вельмі — прамовіў барон, — бо Адрыяну на самай справе лепш. Зусім нядаўна ён ачнуўся і першыя яго словы былі: «Цяпер Генерал атрымаў свой пярсцёнак».
— Сэрца зноў б'ецца як заўсёды, — дадала баранэса, — і ён абавязкова хоча пагаварыць з вамі, паненка. Ён кажа, што гэта вы выратавалі яму жыццё.
Яны правялі дзяўчыну Спак да Адрыяна і пакінулі іх адных. Малады барон сядзеў на ложку і, убачыўшы яе, працягнуў да яе рукі.
— Я ведаю, я ўжо ведаю! — усклікнуў ён. — Генерал атрымаў свой пярсцёнак, і гэта цалкам ваша заслуга, паненка.
Дзяўчына Спак смяялася і плакала ў ягоных абдымках, а ён пацалаваў яе ў лоб.
— Я абавязаны вам жыццём, — сказаў ён. — Калі б не вы, паненка Спак, я быў бы ўжо ў гэты час трупам. Я ў вас у неаплатным даўгу.
Захапленне, з якім малады чалавек сустрэў яе, пэўна, і прымусіла няшчасную дзяўчыну Спак надта доўга затрымацца ў ягоных абдымках. І Адрыян паспяшаўся дадаць:
— Не толькі я абавязаны вам, але і яшчэ адзін чалавек.
Ён паказаў ёй медальён, які насіў на шыі, і дзяўчына Спак невыразна ўбачыла на ім мініяцюрны партрэт маладой дзяўчыны.
— Вы, паненка, даведваецеся аб гэтым першая пасля бацькоў, — сказаў ён. — Калі праз некалькі тыдняў яна прыедзе ў Хедэбю, то аддзячыць вам яшчэ лепш, чым я.
І ў аддзяку за давер дзяўчына Спак зрабіла маладому барону рэверанс. Праўда, ёй хацелася сказаць яму, што яна зусім не мае намеру заставацца ў Хедэбю, каб сустрэць яго нявесту. Але своечасова абдумалася. Беднай дзяўчыне не прыходзілася быць асабліва пераборлівай і пагарджаць такім добрым месцам.