Я думаю пра караля Карла XII і спрабую ўявіць сабе, як людзі любілі яго і як баяліся.
Бо я ведаю, што незадоўга да смерці каралю надарылася аднойчы зайсці ў карлштацкую царкву ў час богаслужэння. Ён прыехаў у горад вярхом, адзін і нечакана; ведаючы, што ў царкве ідзе служба, ён спыніў каня каля царкоўнай брамы і ўвайшоў не праз галоўны ўваход, а праз прытвор, як звычайны прыхаджанін.
Але ўжо ў дзвярах ён убачыў, што пастар падняўся на кафедру, і, не жадаючы перашкаджаць яму, застаўся стаяць там, дзе стаяў. Не адшукаўшы сабе нават месца на лаве, а прыхінуўшыся спінай да вушака, ён пачаў слухаць пропаведзь.
Але хоць ён і ўвайшоў непрыкметна і моўчкі стаяў у змроку пад царкоўнымі хорамі, з самай апошняй лавы нехта пазнаў яго. Магчыма, гэты быў стары салдат, які страціў руку ці нагу ў паходах і быў адасланы дамоў яшчэ да Палтавы. І салдату падумалася, што гэты чалавек з зачасанымі назад валасамі і арліным носам, мабыць, і ёсць сам кароль. І, пазнаўшы яго, ён тут жа падняўся з лавы.
Суседзі на лаўцы, пэўна, здзівіліся, чаму ён устаў, і тады ён шапнуў ім, што сам кароль тут, у царкве. І ўслед за ім міжвольна ўсталі ўсе, хто сядзеў на гэтай лаве, як гэта бывала заўсёды, калі з алтара ці з кафедры абвяшчаліся словы самога госпада Бога.
Вестка аб тым, што кароль у царкве, імгненна разнеслася з гэтай лавы на іншыя, і ўсе як адзін — і старыя і маладыя, і багатыя і бедныя, і хворыя і здаровыя — падняліся з месца.
Здарылася гэта, як ужо сказана, незадоўга да смерці караля Карла, калі пачаліся няшчасці і беды. Бадай, ва ўсёй царкве не знайшлося б тады чалавека, які не страціў бы дарагіх яго сэрцу сваякоў або не згубіў усяго свайго багацця, і ўсё па віне гэтага караля. І калі каму-небудзь нават і не даводзілася наракаць на ўласны лёс, яму варта было б падумаць аб тым, да якой галечы даведзена краіна, колькі страчана заваяваных зямель, і аб тым, што ўсё каралеўства акружана ворагамі[8].
І тым не менш, тым не менш… Як толькі людзі пачулі разнесеную шэптам погаласку аб тым, што тут, у храме Божым, знаходзіцца той самы чалавек, якога столькі разоў пракліналі, як усе адразу ўсталі.
Усталі і засталіся стаяць. Ніхто і не падумаў сесці зноў. Гэта было проста немагчыма. Там ля бакавога ўвахода стаяў сам кароль, і пакуль ён стаяў, трэба было стаяць усім. Калі б хтосьці сеў, то зняважыў бы караля.
Магчыма, пропаведзь працягнецца доўга, але нічога не паробіш, давядзецца пацярпець. Ніхто не хацеў зневажаць яго.
Ён быў салдацкім каралём і прывык да таго, што салдаты ахвотна ішлі за яго на смерць[9]. Але тут, у царкве, вакол яго былі простыя гараджане і рамеснікі, простыя шведскія мужчыны і жанчыны, якія ніколі ў жыцці не чулі каманды: «Узяць на каравул!» Аднак варта яму толькі паказацца сярод іх, і яны ўжо траплялі пад яго ўладу. Яны пайшлі б за ім у агонь і ў ваду, аддалі б яму ўсё, чаго ён пажадае, бо верылі ў яго, абагаўлялі. Ва ўсёй царкве прыхаджане маліліся за гэтага незвычайнага чалавека, які быў каралём Швецыі.
Я спрабую ўдумацца ва ўсё гэта, я спрабую зразумець, чаму любоў да караля Карла магла непадзельна завалодаць чалавечай душой і так глыбока ўкараніцца нават у самым суровым і панурым старым сэрцы, што ўсе людзі думалі — любоў гэта будзе спадарожнічаць яму і пасля смерці.
І таму, пасля таго як выявіўся крадзеж пярсцёнка Лёвеншольдаў, у прыходзе Бру больш за ўсё здзіўляліся, што ў кагосьці хапіла духу на такую нядобрую справу. А вось любячых жанчын, пахаваных з заручальным пярсцёнкам на пальцы, — тых, на думку прыхаджан, зладзеі маглі рабаваць без апаскі. Або ж калі якая-небудзь пяшчотная маці заснула вечным сном, трымаючы кудзер свайго дзіцяці, то яго бязбоязна маглі б вырваць у яе з рук. І калі б якога-небудзь пастара паклалі ў труну з Бібліяй у галавах, то і Біблію гэту, пэўна, можна было б украсці ў яго без усякай шкоды для ліхадзея. Але ўкрасці пярсцёнак Карла XII з пальца мёртвага генерала, які жыў у маёнтку Хедэбю! Немагчыма ўявіць сабе, каб чалавек, народжаны жанчынай, рашыўся на такое адчайнае святатацтва!
Зразумела, не раз пачыналі следства, але гэта ні да чаго не прывяло — ліхадзея так і не знайшлі. Злодзей прыйшоў і пайшоў у начным змроку, не пакінуўшы ніякіх доказаў, якія маглі б навесці на след.
І гэтаму зноў-такі дзівіліся. Бо хадзіла нямала чутак аб прывідах, якія з'яўляліся па начах, каб выкрыць злачынца, які ўчыніў куды меншае злачынства.
Але ўрэшце, калі стала вядома, што генерал зусім не кінуў пярсцёнак на волю лёсу, а наадварот, змагаўся за тое, каб вярнуць яго назад, змагаўся з той самай грознай няўмольнасцю, якую праявіў бы, калі б пярсцёнак укралі ў яго пры жыцці, ніводзін чалавек ніколькі гэтаму не здзівіўся. Ніхто не выказаў сумнення ў тым, што так яно ўсё і было, бо нічога іншага ад генерала не чакалі.