Зранку ішоў звычайны пецярбургскі дождж. Гул-грукат карэт і конскіх капытоў рэхам прабіваўся нават праз тоўстыя сцены аграмаднага дома ваеннага міністра Пятра Іванавіча Курапаткіна на Садовай, і гаспадар зноў парадаваўся, што прыўзняў свае жылыя пакоі і рабочы кабінет на другі паверх. Таго, праўда, патрабаваў тайны цыркуляр Дэпартамента паліцыі, якім настойліва рэкамендавалася перанесці «службовую прастору на вышэйшыя паверхі ў мэтах бяспекі з прычыны магчымых тэрарыстычных актаў супраць членаў царскай сям’і і высокапастаўленых чыноў».
«Як будзе з тымі актамі — невядома, а вось на першым паверсе шуму было больш, асабліва ў такія слотныя раніцы», — падумаў міністр, зірнуў праз шкло на вуліцу, дзе ў туманным марыве схаваліся і Садовы мост, і Мойка разам з усім Марсавым полем, уздыхнуў, сеў за свой інкруставаны стол з моранага дубу і замовіў гарбату.
Генералу ад інфантэрыі Пятру Іванавічу міністэрскі абавязак надзвычай падабаўся. І не таму, што ў любы час ён адкрываў дзверы ў царскія пакоі ці ў Зімнім палацы, ці ў Лівадзійскім, — наадварот, ад імператарскіх вачэй Пётр Іванавіч стараўся трымацца падалей. І не праз бязмежную ўладу над сотнямі тысячаў падначаленых прыкіпеў сэрцам да гэтай пасады, — накамандаваўся за свой вайсковы век нямала. Выявіць думкамі і словамі, чаму так камфортна, спакойна і душэўна пачуваўся вось у гэтых міністэрскіх пакоях, за вось гэтым сталом, у яго не атрымлівалася. Падабалася — і ўсё тут!
Пецярбург, 1890-я гг.
У дзверы далікатна пастукаў ад’ютант. Прынёс белы імбрык з кубкам, печыва і шакалад.
— Ну хто там сёння першы? — паціраючы рукі, спытаў міністр.
— Першым з дакладам запісаны памочнік начальніка Канцылярыі палкоўнік Берг. Дазволіце паклікаць?
Міністр пераліў настоеную пахкую гарбату ў кубак, сербануў, манерна адставіўшы палец, і выдыхнуў:
— Запрашай.
Палкоўнік Берг бадзёра схіліў галаву, па-заліхвацку стукнуўшы абцасамі, і прысеў да прыстолка, з павагай гледзячы на міністра ды ўжо ў які раз дзівячыся яго незвычайнаму падабенству да маладога расійскага імператара Мікалая ІІ:[5] такі ж правільны, роўны авал твару, і такі ж разрэз вачэй, і вусы з культурнай бародкай, і лёгкая прычоска набок з раннімі залысінамі…
Памочнік начальніка Канцылярыі тэзісна распавёў пра мабілізацыйныя планы на наступны год, пра будучыя структурныя пераўтварэнні ў асобных памежных акругах (Варшаўскай, Фінляндскай, Далёкаўсходняй і Закаспійскай), пра павелічэнне фінансавання арміі (аб чым, зразумела, яго вялебнасць спадар міністр ужо ведаў), што дазволіць якасна абнавіць у першую чаргу артылерыйскія часці і палепшыць казарменнае ўтрыманне.
— Што маецца на ўвазе? — Пётр Іванавіч зацікаўлена прыўзняў бровы.
— Плануецца ў гарнізонах адкрыць чайныя, а таксама ўвесці новую табель харчовага забеспячэння ў часцях у ваенны час і ў перыяд вайсковых збораў ці манеўраў…
— Ясна. Някепска, — шмыгнуў носам міністр і зноў сербануў гарбаты. — Ну а праблемы?
— Паводле тых жа планаў, вашая вялебнасць, па-новаму пераасэнсоўваюцца тактычныя характарыстыкі ваенна-марскога флоту і комплексная абарончая стратэгія, як сухапутная, так і водная. Дык вось у звязку з апошняй маем найбольшыя клопаты…
— Што, марскі міністр валаводзіцца?
– І так, і не… — палкоўнік Берг паціснуў плячыма. — Тэхнічнае забеспячэнне нашых караблёў робіць не лепшае ўражанне. Па манеўранасці і ўзбраенні яны адстаюць ад флатылій Францыі і Нямеччыны, ужо не гаворачы пра Англію. Ну і ў абарончым плане прабелы. Не хапае, напрыклад, марскіх мін. І пра закуп іх гаворкі не ўзнімалася. Шкада, што некалі мала замовілі іх на Пецярбургскім механічным заводзе Нобеля…
— Ага… — абудзіўся ваенны міністр. — Шкада…
Ён ведаў, што тыя міны яшчэ ў часы Крымскай вайны перакрывалі ўсё балтыйскае ўзбярэжжа Расіі: Кранштат з Пецярбургам у першую чаргу. Стравальніку завода Эмануілу Нобелю на тым свеце ўжо не да мінаў, пагаворвалі, што за ім неўзабаве выправіўся і сын Людвіг…
— У Фінскім заліве выстаўлена каля паўтары тысячы мін Нобеля, менш — у акваторыях Свеаборга, Рэвеля, у чарнаморскім вусці Дуная і Днепра-Бугскім лімане. Але тэрмін іх эксплуатацыі падыходзіць да канца, а пра новыя размоў, паўтару, не вядзецца.
У кабінеце стала ціха. Але знадворку зноў усчаўся дождж, і вецер анархічна зашугаў у вокны.
Пётр Іванавіч Курапаткін мгыкнуў, высунуў левую ніжнюю шуфляду стала і дастаў з яе штэмпельны канверт з вадзянымі знакамі — лацінская літара «N» у аправе з ружаў. На ім значыўся ад’ютанцкі надпіс:
«Прынесена ў Канцылярыю ад сп. Эмануіла Людвігавіча Нобеля прыватным пасыльным 25 жніўня гэтага г. Просьба аб сустрэчы».
— Нобелі-Нобелі… — паўтарыў Пётр Іванавіч і задумаўся.
Згадаў, як перад самым сваім міністэрскім прызначэннем на Велікодным прыёме ў пецярбургскага гарадскога галавы пазнаёміўся з сынам Людвіга Нобеля Эмануілам і нечакана атрымаў ад яго ў падарунак яйка фірмы Карла Фабержэ. Белая эмаль, інкруставаная залатымі ружамі і рубінамі, унутры — з чырвонага золата гадзіннік.
Генерал тады пацепнуў плячыма і нядбайна сунуў падарунак у кішэнь кіцеля, і толькі праз некалькі месяцаў даведаўся, які тое яйка мела кошт — каля дзесяці тысячаў рублёў! Ды нават і не ў кошце была яго вартасць: падобных падарункаў існавала на той час каля тузіна, і амаль усе яны былі зроблены па замове імператарскай сям’і!
— Нешта яшчэ? — міністр перарваў успамін.
Берг ніякавата крутнуўся і запунсавеў:
— Вашая вялікасць, не ведаю, як і адважыцца… Нядаўна атрымаў з Вены ліст. Знайшоўся мой блізкі родзіч Генрых Берг, стрыечны дзядзька… Ужо амаль не ходзіць. Восемдзесят гадоў, не жарты… Дачуўся пра мяне праз нейкую даведачную кантору — і запрашае да сябе, з жонкай… Ці мог бы я асмеліцца прасіць у вашай вялікасці хаця б з тыдзень нечарговага адпачынку?
— Ну дык што ж… — міністр задаволена пацёр далоні. — І з’ездзі, калі з жонкай і калі запрашае. Можа, той састарэлы родзіч і спадчыну якую перапіша? Ха-ха… Памятаецца, і я пагуляў па тых заграніцах у сваю маладую бытнасць… — Хоць саракапяцігадовы ваенны міністр быў толькі на тры-чатыры гады старэйшы за палкоўніка.
Дождж тым часам не пераставаў і надакучліва цыкаў у замутнелыя шыбы.
— Што ж, Віктар Аляксандравіч, дзякую за службу. Можаце быць свабоднымі… — і рука міністра пацягнулася па кубак з ужо астылай гарбатай. — Ад’ютанта, будзьце ласкавы, паклічце.
Пётр Іванавіч спехам напісаў:
«Заўтра ў гадзіну дня. Рэстарацыя даходнага дома Данілавых. Генерал-лейтэнант К.».
Склаў паперчыну напалам і ўручыў ад’ютанту:
— Неадкладна перадаць у кантору Нобеля, на Выбаргскую ўзбярэжную, дом 19, ля Чорнай рэчкі. Ну і наступнага — запрашай…
Другім па асабістым пытанні быў запісаны начальнік Канцылярыі міністэрства Мікалай Львовіч Лобіч. Курапаткіна не дзівіла, што той ішоў на аўдыенцыю пасля падначаленага. Ён, і не толькі ён, ведаў: генерал, абцяжараны ўжо немаладым векам, спіць доўга, і ці здолее зрання ўстаць нават на ўсеагульную мабілізацыю — невядома.
— Мікалай Львовіч, галубок наш шаноўны! — твар міністра выявіў найчуллівую прыязнасць да наведвальніка. Устаў, ахвотна абняўся. — А я думаў ужо, што вы і забыліся на мяне.
— Дарагі Пётр Іванавіч, як вы можаце? Чым я такое заслужыў?! — па кабінеце разнёсся трубны, хоць і далікатны, бас. — Проста цаню і паважаю ваш каштоўнейшы час… — начальнік Канцылярыі па-пазёрску крактануў і прысеў насупраць міністра.
— Ну, расказвайце… — Вочы Курапаткіна звузіліся і патухлі.
— Вашая высокая вялебнасць, не мне пры вашай маладосці гаварыць, як цяжка з кожным старэчым днём жыццё даецца…
Міністр неўразумела ўзняў галаву і маўчаў.
— Вось і вырашыў я звярнуцца да вашай міласці з рапартам аб пенсіёне… — Мікалай Львовіч млява ўздыхнуў, гучна набраўшы ў лёгкія паветра, прыгладзіў даланёй пульхныя сівыя бакенбарды і дагаварыў: — А таксама, улічыўшы такія-сякія заслугі на ратных дарогах, з просьбай аб ласкавым хадайніцтве перад імператарам пра павелічэнне майго ўтрымання…
Галава міністра ўзнялася яшчэ вышэй. «Ён гэта ўсур’ёз ці з кепікамі?», — падумаў, пабарабаніў пальцамі па стальніцы, адкінуўся на фатэльную спінку і казённа падагульніў, расцягваючы словы:
— Ра-ана вам, дарагі-і Мікала-ай Льво-овіч, на супако-ой. Не така-ая на-ашая міністэ-эрыя бага-атая, каб раскі-ідвацца такі-імі людзьмі-і… — А завяршыў ледзь не скорагаворкай: — Ды і імператар наш не заахвочвае пенсійныя надбаўкі. А таму дазвольце падумаць мне над пачутым — і рашэнне прыняць пазней…
Рэстарацыя даходнага дома Данілавых даўно стала традыцыйным і любімым месцам душэўных сустрэчаў Пятра Іванавіча Курапаткіна з многіх прычынаў, першыя з якіх — някепская хатняя кухня, даўнасць і трываласць сямейных стасункаў з уладальнікамі, нешматлікасць наведнікаў і канфедэнцыяльнасць. Апошняе, пэўна, пераважала ўсё астатняе.
Пётр Іванавіч меў звычку прыязджаць сюды на сустрэчу хвілінаў на дваццаць раней: каб сесці за падрыхтаваны столік (і таму пачувацца за ім гаспадаром) ды правесці адпаведную «рэкагнасцыроўку на мясцовасці».
Неўзабаве з’явіўся і Нобель. Таксама, відаць, меркаваў з’явіцца першым.
— Добры дзень-добры дзень, Эмануіл Людвігавіч! Нягожа так надоўга забываць пра таварышаў… — ваенны міністр на правах старэйшага абняў Нобеля і тройчы расцалаваў яго ў шчокі. — Сядайце, калі ласка, частуйцеся, чым, як кажуць, Бог паслаў. Распавядзіце, як жывяце-можаце?
Было заўважна, як Нобель зніякавеў ад такога вітання. Але змог перасіліць здзіўленне, нават далікатна ўсміхнуўся, кіўнуў галавой, адказаў «Дзякуй» і прысеў. Да напояў і ежы не дачапнуўся.
Ён быў маладзейшы за міністра на дзесяць гадоў. І нарадзіўся ў Пецярбурзе, у адрозненне ад выхадца з Пскоўшчыны Пятра Іванавіча. З вытанчанымі рысамі твару, з далікатнай бародкай, са шляхетнай мімікай і блакітам вачэй, ён быў падобны на ўпэўненага марскога капітана, які паспеў ужо зведаць і хмель незвычайных адкрыццяў, і адчай тагасветных штормаў. Пасля смерці брата Карла Эмануіл узначаліў усю бізнес-імперыю Нобеляў у Расіі: і Пецярбургскі механічны завод, і ўсе прадпрыемствы Таварыства нафтавай вытворчасці з багацейшымі радовішчамі на Апшэронскім паўвостраве каля Баку. Год таму ён быў прыняты ў расійскае падданства…
— Разумею-разумею, што няпростыя часы настаюць, — як пра нешта іншае пачаў Курапаткін. — Гідры розныя галовы ўзняць могуць. А мне вось надоечы даклад быў, што наш запас марскіх мінаў знасіўся, а яго ж яшчэ Расійскай імперыі добрай памяці дзед ваш праектаваў і пастаўляў. Што скажаце пра гэта?
Эмануілу на хвілю здалося, што ён перастаў разумець расійскую мову. Зрэшты, і пачаў гаварыць цяжка, наноў шукаючы словы, — як у далёкім дзяцінстве:
— Вашая вялікасць, Пётр Іванавіч… Хачу з разуменнем паставіцца да сказанага вамі… Але, на радасць ці на жаль, наша Таварыства адышло ад тэмы ўзбраенняў…
— Ды гэта я так, па старой памяці, як гаворыцца… Ад вас надоечы прыйшоў ліст з просьбай аб сустрэчы, — генеральскі тон паступова пераплаўляўся ў афіцыйны. — Дык я вас уважліва слухаю.
— Я надзвычай удзячны за аўдыенцыю і пастараюся мінімальна забраць ваш час. — Нобель адклаў сталовыя прыборы і выструніўся: — Хочаце — верце, хочаце — не, дарагі Пётр Іванавіч, але пасля згаданых вамі мінаў ды і наогул выбуховак-нітрагліцэрынаў мы распрацоўваем больш магутную і эфектыўную зброю. А імя яе… — ён зрабіў паўзу і прымружыў вочы, — імя ёй — нафта.
Міністр нібыта прачнуўся. Ён распраміў вусы ў адзін бок, у другі, падняў графін, наліў суразмоўцу і сабе каньяку, чокнуўся, пацепнуў плячыма, выпіў і пачаў прыкусваць. Нобель толькі ледзь прыгубіў і працягнуў:
— Ваенная бяспека новага стагоддзя будзе грунтавацца не на мінах, снарадах, бомбах, а — на энергетычных складніках. І нафтавыя прадукты выцясняць менш эфектыўную паравую энергетыку. Расія мáе ўсе шансы заняць у гэтай новай стратэгіі першае месца. І вы, Пётр Іванавіч, ведаеце, што ўсё нашае сямейства ўжо не першае дзесяцігоддзе працуе на гэтай ніве. Нафтаправоды, нашыя цыстэрны і танкеры… Гэта за некалькі гадоў замяніла тысячы конных падводаў і саматужную калодзежную здабычу. Распачалася масавая вытворчасць газы, бензіну, мазуты, парафіну, гудрону, нафталіну, якія з Баку чыгункай трапляюць праз Тыфліс да Чорнага мора, а праз Рыгу — на Балтыку, з Астрахані і Ніжняга Ноўгарада развозяцца па ўсёй імперыі. І, прабачце, не мне вам нагадваць, колькі за ўсім гэтым ствараецца працоўных месцаў, як, зрэшты, і падаткаў ідзе ў казну… Падпісаны дамовы і ўзрастаюць пастаўкі нафтапрадуктаў у Англію, Нямеччыну, Аўстрыю, Францыю, Бельгію, Італію, Скандынавію. І мы спакойна канкуруем з амерыканцамі, хоць, да прыкладу, газа, вырабленая з нафты нашых радовішчаў Піралахі, на 20–30 адсоткаў даражэй, бо яна — лепшай якасці. Вельмішаноўны Пётр Іванавіч, пры найменшым спрыянні ў гэтай сферы мы можам мець каласальны эфект!
Ад такога трыбуннага выступу ваенны міністр неўразумела скаўтнуў, па-карнецку пачухаў патыліцу, наліў сабе яшчэ каньяку і выпіў.
— Эмануіл Людвігавіч, вы мяне, часам, не зблыталі з эканамістам, статыстам ці якімсьці яшчэ далёкім ад ваеншчыны міністрам?
— Найдарагі Пётр Іванавіч, балюча чуць такія словы… На вас надзею мáю, бо вы як чалавек з народнага мора, і дзяржаўныя, і народныя інтарэсы сілай, дадзенай вам Усявышнім і імператарам, абараніць можаце. Зразумейце, калі ласка… Толькі нашае сціплае Таварыства здабывае нафты больш, чым усе Злучаныя Штаты. А падобных жа прадпрыемстваў вакол Баку — дзясяткі! Але ж анічога проста не даецца, тым больш у такой стратэгічнай галіне. Апошнім часам правакатары пачалі агітаваць рабочых да забастовак, нейкія чорныя брыгады па начах тэрарызуюць сем’і нафтавікоў, асобныя галаварэзы забіваюць брыгадзіраў, адзначаны пашкоджанні нафтаправодаў, пачасціліся падпалы буравых вежаў і чыгуначных цыстэрнаў. Жандармерыя ўжо не можа справіцца з гэтымі арганізаванымі злачынствамі. Я, прабачце, далёка не вайсковага складу чалавек, але за ўсім гэтым бачу перадумовы лакальных ваенных дзеянняў…
Ваенны міністр задуменна хмыкнуў і наліў у кілішкі — цяпер ужо зноў суразмоўцу і сабе. Марудна выпіў, прыціснуў пальцам вусы і ўважліва ўгледзеўся ў Нобеля. Той гэтым разам таксама выпіў да дна, наспех прыкусіў лусцікам сыра і падагульніў:
— Пётр Іванавіч, вы разумееце і перажываеце больш, чым хто іншы… Вы служылі ў тых мясцінах. Вы ведаеце іх. Урэшце, да сваёй высокай міністэрскай пасады вы былі начальнікам недалёкай ад згаданага бакінскага Апшэрона Закаспійскай вобласці… Шчыра заклікаю і прашу: уладай і сілай, якой надзелены, заступіцеся і дапамажыце!
За сталом у невялікай, ціхай і адасобленай зале запанавала маўклівая паўза. Пётр Іванавіч рукой паказаў госцю на закускі, пачаў сам марудна накладваць і паглынаць салаты і мяса, доўга запіваў кампотам, а затым старанна выцер вусны бялюткай ільняной сурвэткай і прамовіў нібы між іншым:
— Пяць адсоткаў ад агульнага прыбытку — і вы забудзеце пра ўсе клопаты і беды.
Эмануіл Нобель наструніўся, адхінуўся ад стала і зрэагаваў імгненна:
— Згода!..
Пасля сустрэчы ў рэстарацыі Данілавых Пётр Іванавіч вярнуўся ў кабінет на Садовай і выклікаў да сябе начальніка Канцылярыі Лобіча.
— Мікалай Львовіч… Толькі што меў я кансультацыю адносна вашага хадайніцтва, — пачаў ён бадзёра, кіўнуўшы на столь, і адразу ж агаломшыў: — Як і думалася, імператар раскідвацца такімі людзьмі жадання не мае. Аднак мы можам пайсці насустрач у пытанні і службовым, і пенсіённым. Вы, упэўнены, начуты пра стварэнне асобнай Каспійскай арміі? Там і цяплей, і паспакойней будзе. З годзік яшчэ, калі ласка, пацярпіце…
Міністр не дагаварыў: яго нястрымна перабіў старэйшы па ўзросце генерал:
— Пётр Іванавіч, дарагі, ты што?.. Зноў мяне ў боты — і падалей? Памілуй: за што?!
— Ды даслухай ты… — не стрымаўся ды «тыкнуў» і гаспадар кабінета. — Будзеш пры арміі маім надзвычайным прадстаўніком з самымі найвысокімі паўнамоцтвамі. І штаб, і інтэнданцкую службу пад сябе прыціснеш. А да ўсяго — і з дзяржаўна-стратэгічнай задачай справішся, — і ён пачаў па звычцы расцягваць — нібыта гэтым гіпнатызуючы — словы, — бо, са-ам разумееш, няма-а ў тако-ой спра-аве найбо-ольш во-опытнага і адда-анага імпера-атару чалаве-ека… — Міністр спакмеціў, як у Лобіча зацікаўлена расцягнуўся лоб, нават бакенбарды ўзняліся над вушамі. — Так-так, няма. Трэба ўзяць пад кантроль бакінскі нафтапромысел. Там, ведаеш, з нафтай многа ў апошні час і муці рознай усплывае. — І міністэрскі тон зноў ператвараўся ў мядовы. — Дык найперш, калі ласка, ёй і займіцеся. Парадак, ахова, дзяржаўныя інтарэсы і гэтак далей, словам… Неадкладна сустрэньцеся з Нобелем, ну ведаеце — цяперашні кіраўнік Таварыства нафтавай вытворчасці… Скажаце, што маё, і не толькі, асабістае даручэнне. Ён патлумачыць, чым дапамагчы. Адпаведныя дакументы аб надзвычайных паўнамоцтвах на подпіс падрыхтуеце самі — каму, як не вам, аксакалу Канцылярыі, вядома ўсё наперад?.. — і бачачы ў вачах падначаленага вострыя хітрынкі, Пётр Іванавіч завяршыў, як адрэзаў: — І не калі́ мяне, Мікалай Львовіч, сваімі зрэнкамі, бо яшчэ дзякаваць стомішся. Пасля гэтай камандзіроўкі грашовага забеспячэння табе на некалькі жыццяў хопіць. І, прабач, не толькі на карты ды казіно ўсякае… — міністр напрыканцы даў зразумець пра сваю абазнанасць у няпростым і пакручастым лёсе генерала Лобіча. — Ну давай, з Богам!..