ХІІІ

Вецер слізгаў па Фінскім заліве, разрываў над ім авечыя хмары, гохкаў у пустыя байніцы старых фортаў, прарываўся на вуліцы Кранштата, гарэзіў у паддашках ганарыстых дамоў, шамацеў у абуджаных траўнем шатах паркавых дрэў — і аціхаў.

Адам і Ханым павольна дайшлі па доўгіх прысадах да цэнтра Плац-парада і спыніліся перад помнікам Пятру І. Агароджай манументу служылі ўкапаныя жароламі ўніз гарматы. Цар прывычна глядзеў у мройную далеч, паставіўшы правую нагу на сцягі шведскай эскадры…

Яны пабачыліся яшчэ ў Пецярбурзе. Адам даведаўся, што Ханым вучыцца ў Смольным інстытуце, і вырашыў сустрэць яе там падчас прагулкі. Доўга сядзеў на бліжэйшай да ўваходных дзвярэй лаве, пакуль на прыступкі павольна выплыла група старэйшых курсістак: усе ў белых сукенках і капялюшыках, у аднолькавага крою карычневых плашчыках. Але Ханым ён пазнаў адразу. Усхапіўся, узняў руку з букецікам і ніякавата апусціў… Дзяўчаты прайшлі паўз яго, некалькі з іх зацікаўна скасілі вочы, а Ханым, трымаючы за рукаў сяброўку, дрыготка спытала па-французску:

— Вы… тут?

— Ханым… — у Адама раптам змяніўся голас. — Я тут па працы. Ужо больш чым два месяцы… І не мог не пабачыць. Праз два дні я вяртаюся дамоў…

Яны прыселі на лаву, а дзяўчаты здзіўлена паўсміхаліся нечаканаму «французу» і адышлі.

Назаўтра была субота, калі студэнткі вольныя ад заняткаў, і ранішняй кананеркай (якая перавозіла не толькі маракоў, але і цывільных, — калі тыя маглі прад’явіць пашпарт) яны і дабраліся да Кранштата. Заканчвалася вясна, але сіверны балтыйскі вецер, які скрутна гойсаў па палубе, паспеў не на жарт застудзіць, і цяпер яны ў абдоймах астраўных вулак ды прысадаў радаваліся зацішку і цяплу.

Ад помніка Пятру прайшлі да Якарнай плошчы з новаўзведзеным Марскім саборам, схаваным пакуль яшчэ ў рыштаванні. Пляц быў выкладзены роўным часаным камнем, і Ханым спынілася, пастукала чаравічкам і ціха прамовіла:

— Некалі мой тата быў каменячосам. Уяўляеш, ён рукамі высякаў вось такое…

Яны загледзеліся на залачоны купал сабора, адкуль ім усміхнулася сонца.

— Які незвычайны арнамент! — прашаптала Ханым і паказала ўверх.

Медны купал храма, зменшанай копіі Святой Сафіі ў Канстанцінопалі, быў аблямаваны якарамі і выратавальнымі кругамі.

— Хадзем, я табе яшчэ нешта пакажу! — прапанаваў Адам і за руку павёў Ханым да недалёкага яру, праз які быў перакінуты незвычайны пешаходны мост.

Яго дзіўныя металічныя канструкцыі з ажурным пераплётам балак і цягаў стваралі ўражанне лёгкай павуты, але кляпаныя формы надзейна застывалі на гранітных сваях-быках.

Ханым усміхнулася:

— А гэтыя металічныя расцяжкі нагадалі мне тваю вежу Эйфеля…


Марскі сабор, Кранштат


Яны спыніліся на сярэдзіне драўлянага насцілу, і Адам абняў дзяўчыну, а тая — не адштурхнула яго. З хвілю памаўчалі, і першым загаварыў ён:

— Я цябе больш не адпушчу! Мы цяпер заўсёды будзем разам.

— Дзе? — сполашна ўздрыгнуліся ейныя вусны, а глыбокія чорныя вочы — як той яр пад імі — напоўніліся туманам.

— Заўтра ў Шчэцін адплывае цеплаход. У мяне асобная каюта. Ты маеш пашпарт… А са Шчэціна праз суткі будзем у Парыжы!

— Гэта вар’яцтва… — ледзь не прастагнала Ханым.

– І немагчыма. Мы — рознай веры…

— Але я кахаю цябе! — Адам адпусціў дзяўчыну і адчайна схапіўся за галаву, нахіліўся на жалезныя парэнчы, а потым павярнуўся да Марскога сабора і ўзняў рукі: — Глядзі: храмы ўзводзяць людзі! А вера… Вера ў нас саміх. У нашых душах. І за каханне няма вышэйшых касцёла, царквы, мячэці ці сінагогі! Безумоўна, калі каханне ўзаемнае… — Адам прыціснуў Ханым да сябе, уліўся ў яе дабіблейныя вочы пад высокімі ўзлётнымі брывамі і прашаптаў: — А ты… кахаеш мяне?

І ў тую хвілю пад ім захістаўся гранітны падмурак моста, а аксамітныя вусны, з якіх зляцела ціхае «Так», адарылі Адама персікавай асалодай…

Незвычайны Макараўскі мост зрабілі ў цэхах Кранштацкага марскога завода, у якім два месяцы пераабсталёўвалі і параход «Роберт». З яго па замове Эмануіла Нобеля на гэтай найстарэйшай расійскай верфі быў створаны карабель, якому пакуль што не было назвы. Цеплаход… салярход… дызельход. Паравыя кацёл і турбіна былі заменены новым рэверсіўным рухавіком Дызеля, забітыя сажай трубы дэмантавалі, — і «Роберт» з новым сэрцам, зробленым на Аўсбургскім маторным заводзе «Таварыства Дызеля», рыхтаваўся да свайго новага плавання з Пецярбурга ў Шчэцін і назад.

1500 марскіх міль. Параходы на гэтай лініі з’ядалі за маршрут каля 50 тон вугалю, а нобелеўскі цеплаход тых жа габарытаў і з нашмат большай агульнай загрузкай абяцаў патраціць не больш за 8 тон сырой нафты! Такі, прынамсі, расход падлічыў і гарантаваў спадару Эмануілу Нобелю Адам Мацкевіч. Тую навіну сенсацыйна растыражавалі сотні журналістаў, якія былі запрошаныя на «дызельны» рэйс.[13]

Назаўтра, калі запусцілі і пачалі праграваць рухавік, Адам вярнуўся ў каюту і спешна напісаў у блакноце:


«Вельміпаважаны спадар Айдар Зэйналабдзін!

Я маю найвялікшы гонар злучыць свой лёс з Ханым. Запэўніваю, што зраблю ўсё магчымае і немагчымае дзеля ейнага шчасця. Калі можаце, зразумейце і даруйце. Пры неабходнасці звязацца са мной можна праз адміністрацыю вядомай Вам рэстарацыі “Vіkon”.

Ваш Адам Мацкевіч».


Падышла Ханым, абняла яго ззаду, прачытала, а потым забрала асадку і дадала:


«Любы татка!

Не хвалюйся. Усё будзе добра.

Твая Ханым».


Адам акуратна адарваў старонку, згарнуў, дапісаў бакінскі адрас і выклікаў памочніка капітана.

— Я ласкава прашу выслаць гэты тэкст тэлеграмай, — і дастаў з кішэні старублёвую асігнацыю.

— Гэтага замнога, — здзівіўся памочнік, а потым выструніўся і кіўнуў галавой: — Рэшту я неадкладна вярну.

Праз гадзіну яны адплылі з Кранштата. Справа ім салютаваў маяк Марскога канала. Як каменныя чарапахі, праслізнулі абарончыя фарты, якія некалі пільнавалі фарватары-падыходы да стольнага Пецярбурга, а цяпер сталі непатрэбнымі: карабельная тэхніка ды ваеннае абсталяванне не стаялі на месцы…

На палубе, любуючыся сонечнымі пералівамі ва ўзбуджанай вінтамі вадзе, Адам мякка абняў Ханым і паўтарыў:

— Усё будзе добра.


Каля Баку ў асабняку Тугіева ішлі цяжкія перамовы аб куплі ягонай нафтавай свідравіны французскай кампаніяй Ротшыльда. Некалі шанцавітаму каменячосу яна дасталася за пяць тысячаў рублёў, а цяпер за яе гатовы былі выкласці мільён.

Дзверы ціха расчыніліся, і да гаспадара спешна прашыбаваў ахоўнік, пакланіўся, паклаў на стол бланк нечаканай тэлеграмы і выйшаў.

Прачытаўшы, Тугіеў некаторы час заставаўся нерухомым, затым перавярнуў паперыну тыльным бокам, устаў, зняў са сцяны цяжкую каўказскую шаблю ў пазалочанай похве і зноў прысеў. Акамянела агледзеў прысутных (толькі ўздрыгнула чорная брывіна), левай рукой накрыў тэлеграму, уздыхнуў, — і раптам над ягонай галавой бліснуў крывы клінок шаблі. Яна секанула па стальніцы і ўелася ў дрэва. На лакаванай паверхні — як на паламаным лёдзе — з’явіліся трэшчынкі-жылкі, а яшчэ — фаланга мезенца…

Тугіеў адхінуўся на фатэльную спінку, дастаў кішэнны гадзіннік, пстрыкнуў вечкам, паглядзеў на стрэлкі, закрыў, — і толькі тады заўважыў, што з раны на пінжак і штаны капае кроў. Ён спакойна абкруціў-пераціснуў адцінак пальца гадзіннікавым ланцужком, зноў агледзеў прысутных і хрыпла спытаў:

— Дык на чым мы спыніліся?

Агаломшаны прадстаўнік Ротшыльда наструніўся, часта заміргаў і амаль без акцэнту прагаварыў па-расійску:

— Мы прапануем два мільёны. Больш не зможам…

Загрузка...