ХІІ

Варвара Міхайлаўна Міхайлава з падмаскоўных Люберцаў сустракала светлы красавіцкі Вялікдзень «па-восеньску»: хрэсніца Елізавета Берг у сваім лісце віншавала яе з кастрычніцкімі Пакровамі… Незамужняя і бяздзетная, з нерастрачанымі сантыментамі да чалавецтва, Варвара Міхайлаўна на цэлы адвячорак задумалася, нагрэла самавар, некалькі разоў перачытала ліст, — ад пачатку, дзе распавядалася пра замежную вандроўку з дэспатам-мужам, які раздражняе на кожным кроку і прадаецца пыхлівым немцам за іх паганыя маркі, да заканчэння са згадкай пра сваё слабое здароўе, з паклонамі і вось гэтым дзіўным запозненым віншаваннем. Даты на аркушы не стаяла, штэмпель на канверце размыты… Ну не магло ж пісьмо затрымацца на паўгода!

Варвала Міхайлаўна выпіла трэцюю шклянку чаю з любімым слівовым варэннем — і адчула нейкую незразумелую трывогу. Схадзіла ў прыбіральню, пагрэла, прыхінуўшыся да грубкі, спіну, зноў прысела за стол, яшчэ раз пакруціла ў руках канверт, — і, старанна змуліўшы вусны, пачала пісаць свой ліст, у якім, між іншага, і падзівілася запозненым віншаваннем хрэсніцы.

Прайшоў месяц, але адказу не было. Тады Варвара Міхайлаўна паслала тэлеграму, якую, як паведаміў паштармайстар, выправілі назад з прычыны адсутнасці па названых доме і вуліцы адрасаткі.

Сэрца неспакойнай жанчыны яшчэ з месяц поўнілася нядобрымі прадчуваннямі, а летам паклікала ў Пецярбург, дзе Варвара Міхайлаўна і сама спадобілася пераканацца ў тым жа.

— О, барыня! Яго мосць спадар палкоўнік яшчэ мінулай восенню пажадаў выехаць адселяка, — распавёў ёй дворнік.

— А куды ж?

— Ентага паведаміць не выявілі жаданніца…

Сэрца зніякавелай Варвары Міхайлаўны зусім разбалелася. Са сваім неспакоем яна пайшла ў бліжэйшы паліцэйскі пастарунак.

Малады жандарчык у блакітным мундзіры з зіхоткімі гузікамі на пагонах старанна запісаў імя, імя па-бацьку і прозвішчы зніклых, іх ранейшае месца пражывання і прыступіў да выяўлення знешняга выгляду. Пачаў з мужчыны.

— Ды я, па праўдзе, яго ўжо даўно і не бачыла. Ці не з вянчання. Хрэсніца то прыязджала пагасціць… А ён… Ну як усе вы, служывыя: вусы, чуб, хворма ваенная…

— Форма? — абудзіўся жандарчык.

— Ну так, форма. Муж маёй Лізанькі пры ваенным ведамстве служыць, тут, у Пецярбурзе, і не ў абы-якіх чынах. Бо мог сабе дазволіць і па замежжах з жоначкай ездзіць. Вось і ў пісьме гэтым запозненым аб тых Італіях мне Лізанька пісала…

— А ў якіх чынах яе муж?

— Ды Бог іх ведае, я ў тым не асабліва каб разбіраюся…

— А што за пісьмо? — машынальна спытаў жандармчык, і Варвара Міхайлаўна паклала яму на стол канверт з лістом.

Дапытлівыя вочы прабеглі па акуратным почырку:


«Мілая цётачка!

Пішу табе з памежжа Італіі і Швейцарыі. Тут вельмі прыгожа… Адно аніяк не пазбаўлюся раздражнення на свайго мужа. Жыць з ім у адным пакоі стала проста немагчыма…»


І тут жандарчык пачаў прыўставаць над сталом:


«Толькі на гешэфты з гэтымі немцамі і здольны. Перапісвае дома для іх нейкія паперкі ды атрымлівае за тое вялікія грошы...»


Турыстычная сцежка на вяршыню беладжыйскай гары была апошняй у жыцці Елізаветы Берг. Мужу думалася, што каменная бездань схавае ад яго жонку назаўсёды. Так і сталася б, калі б не стары пастух-швейцарац, які ад маленства адзінотна жыў пад той гарой і нястомна пасвіў там коз. Збіраў ён аднойчы іх ужо ў стойла, як адна скрывіла сваё вока на куст — і ні з месца. Вярнуўся падагнаць — і тут ужо сам заўважыў на зялёнай галінцы чырвоную жаночую сумачку. Азірнуўся па баках, пстрыкнуў замочкам — а там кіпа купюр. Італьянскія ліры, маркі, канверт з адрасам заклеены… Зноў азірнуўся, пракрычаў наўкол, пацепнуў плячыма, сунуў сумачку ў кішэнь кабаціка ды паклэпаў дахаты. Дома зноў перагледзеў знаходку, падаіў козаў і падаўся ў мястэчка. На пошце наклеіў на чужое пісьмо неабходную колькасць марак і выправіў, куды было напісана. Купіў мукі, крупаў, тытуню, а астатнія знойдзеныя грошы занёс у бліжэйшую кірху…

Так з тагасветнай прорвы дайшло да пецярбургскага паліцэйскага пастарунка (з дапамогай, безумоўна, і Варвары Міхайлаўны) прывітанне ад Елізаветы Берг. Малады ж жандарчык з навюткімі гузікамі на блакітным мундзіры аднёс тое пісьмо свайму ротмістру, адкуль яно неадкладна патрапіла ў 7-е аддзяленне ваеннай выведкі Генштаба. А дзе-дзе, а ў Генштабе палкоўніка Берга ўжо ведалі…

Вечарам таго ж дня начальнік выведкі быў у міністра Пятра Іванавіча Курапаткіна. У вокнах ягонага кабінета спакойна драмаў Садовы мост над Мойкай, на інкруставаным стале з моранага дубу мірна свяціла лямпа пад зялёнай засняй, — а тут такое! І гэты ліст — не раўнуючы як данос ад зніклай жонкі.

Разрэз міністравых вачэй павузеў, роўны нос, здалося, яшчэ больш расцягнуўся.

— Памочнік начальніка Канцылярыі нашага міністэрства — шпіён?!

— Ваша высокая вялебнасць… Без следства рана так сцвярджаць, але нашыя папярэднія мерапрыемствы ды гэтыя вось новыя абставіны… Мэтазгодна, думаю, затрымаць палкоўніка Берга ды дапытаць наконт усіх прадметаў.

Пётр Іванавіч нервова сціснуўся і цяжка абаперся на стол.

— Вось куды прывялі паганца тыя замежныя паездачкі да нейкіх новааб’яўленых дзядзькоў! А яго ж збіраліся ўзвесці ў генеральскі чын і прадставіць гасудару імператару… Па восені мог бы стаць начальнікам Канцылярыі! — злосна выгаварыў ён і адчуў, як штось напялася і запякло пад пячонкай.

Узгадаў абед у рэстарацыі любімага даходнага дома.

«Данілава штось перастаралася са сваёй качкай… Ці гэта грыбы ейныя не пайшлі?» — падумаў і ўголас буркнуў:

— Што ж, палкоўнік, затрымлівайце, калі мэтазгодна. Толькі, папрашу вас, зрабіце гэта на яго кватэры, а не ў нашым ведамстве. Каб, самі разумееце, цень не падаў…

Пасля вяртання ад «замежнага стрыечнага дзядзькі» Віктар Аляксандравіч Берг наняў новую прасторную кватэру ў доме № 6 па Узнясенскім праспекце — праз вуліцу ад Канцылярыі Ваеннага міністэрства. Туды сутоннай раніцай і пад’ехала аб’ёмная карэта, у якой разам з начальнікам ваеннай выведкі былі міністэрскі ад’ютант па асобых даручэннях, штабс-ротмістр ахоўнага аддзялення Дэпартамента паліцыі, прыстаў мясцовага паліцэйскага ўчастка ў чыне капітана і два акалотачныя.

Палкоўнік Берг толькі пагаліўся і збіраўся аддацца лёгкаму сняданку, як гасцёўню занялі нечаканыя госці.

— Віктар Аляксандравіч, вымушаны выказаць прабачэнні за турботы, — казённа пачаў начальнік выведкі, — але мусім задаць вам некалькі пытанняў… — ён зняў фуражку і, не зводзячы з гаспадара кватэры вачэй, прысеў.

За ім прысеў і Віктар Аляксандравіч, то надзяваў, то знімаў пенснэ і неўразумела азіраў ваенную і жандармскую форму зáйшлаў.

— Скажыце, калі ласка, дзе вашая жонка, Елізавета Мікадзімаўна?

Нечакана Віктар Аляксандравіч усміхнуўся.

— Яна… яна засталася пажыць-палячыцца ў Італіі. Пецярбургскі клімат, ведаеце, не для яе далікатнага здароўя…

— А дзе, дазвольце пацікавіцца, яна там пражывае?

— Сціплы прыватны гатэль у Беладжыа… А што здарылася? — і ён нахмурыўся.

— А, дык гэта яна адтуль нядаўна сваёй хроснай у Маскву пісьмо даслала? Пазнаяце? — абудзіўся начальнік выведкі і з робленай абыякавасцю перадаў канверт.

Віктар Аляксандравіч наструніўся, як працяты токам. Вусны пачалі ўздрыгваць, а дымныя датуль зрэнкі — астываць, як перагарэлі.

— Пачытайце ўважліва, асабліва пра вашыя ваенныя гешэфты… — начальнік выведкі закінуў нагу на нагу, скрыпнуўшы пры тым партупеяй, і холадна дадаў: — Нам жа, думаю, яна яшчэ і не такое раскажа.

— Дык яна… жывая?! — не стрымаўся Віктар Аляксандравіч і зразумеў, што тоне.

Далей начальніка выведкі вучыць не трэба было.

— А вы што, яе пахавалі ўжо? — прыўзняўся ён над абвялым шпіёнам. — А толькі што запэўнівалі, нібыта пакінулі яе лекавацца… Вось дык навіна! Дарагі Віктар Аляксандравіч, думаю, не мне вам нагадваць, што за здраду айчыне і гасудару імператару, якая выяўляецца ў злачынным продажы замежнай дзяржаве таемнай інфармацыі аб ваеннай абароне, паводле артыкула 111 Крымінальнага ўлажэння Расійскай Імперыі прысуджаюцца восем гадоў катаргі. І гэта — асобам цывільным, а ваенных, да якіх маеце гонар адносіцца і вы, чакае катарга пажыццёвая. Так што мая вам шчырая…

— Не трэба, палкоўнік… — перабіў яго Віктар Аляксандравіч. — Я стаў ахвярай… Я гатоў дапамагчы следству… — ён паспрабаваў устаць, але толькі ўзняў галаву і, страціўшы прытомнасць, зваліўся на лакаваную падлогу…

Загрузка...