«А ўсё ж жыццё не такое і кепскае, — думаў Віктар Аляксандравіч Берг пад манерны перастук вагонных колаў. — Калі б я яшчэ атрымаў нечарговы адпачынак з захаваннем пенсіёну?! Не гаворачы ўжо аб новай замежнай паездцы…»
Цягнік без перасадак прывёз яго з жонкай у Вену, акрытую залатой восенню. Было цёпла і ўзнёсла. На ратушах і ветравіках даховак усміхалася сонца, а ў клумбах ды прываконных кошыках цвілі чырвоныя ружы.
Горад заціх ля падножжа Альпаў на беразе мітуслівага Дуная. Утульныя дамкі ў старым цэнтры клапатліва звязвала Рынгштрасэ (Кальцавая вуліца), пераплеценая жоўтымі, карычневымі, малінавымі, а дзе-нідзе яшчэ і зялёнымі бульварамі.
З выдуманым родзічам — стрыечным дзядзькам Генрыхам Бергам — яны сустрэліся на пляцы ля сабора Святога Стэфана. Пайшлі ў загадзя замоўлены гатэль непадалёк. Паабедалі ў тамтэйшай рэстарацыі, пагаварылі аб усім і ні аб чым. Елізавета выпырхнула на прагулянку па бліжэйшых крамках, а мужчыны зачыніліся ў нумары. Берг сапраўдны доўга не мог пераадолець збянтэжанасць: слухаў няўважліва, мітусіўся, раскладваў на ложак і зноў збіраў у чамадан свае рэчы.
— Віктар Аляксандравіч, можа, супакоіцеся? Вы павінны мне тое-сёе перадаць, — нарэшце не стрымаўся і амаль без акцэнту загаварыў па-расійску агент аддзела ІІІ-В нямецкага Генштаба. — Вядомы вам спадар Генрых фон Люцыус даручыў мне атрымаць усе матэрыялы, аб тым ён папярэдзіў васпана яшчэ ў Пецярбурзе.
— Так-так, — заспяшаўся Берг і зноў пачаў распакоўваць скураны чамадан.
Выклаў фарфоравую кітайскую вазу з выявай зялёнага дракона на памаранчавым полі і стаў акуратна распрамляць ды складваць у стос скамечаныя папяровыя аркушы, якімі быў ашчадна перакладзены сувенір.
— Тут… сто дзесяць старонак машынапісу… гадавой справаздачы па Ваенным міністэрстве… Мне было даручана падрыхтаваць паводле яе ўсёпадданейшую запіску для азнаямлення імператара… — ад непераадольнага хвалявання голас Віктара Аляксандравіча задрыжэў. — Тут матэрыялы з… з… з галоўных упраўленняў… пытанні арганізацыйныя, па пабудове крэпасцяў, па пераўзбраенні расійскай арміі і… і па ўтварэнні інтэнданцкіх запасаў… — склаўшы, Берг акуратна прыціснуў усе паперчыны і, перадаўшы іх «родзічу», крыху супакоіўся: — Міністр асцерагаўся, што гасудар будзе незадаволены тэмпамі ўзвядзення крэпасці ў курляндскай Лібаве, бо гэта тоіць небяспеку тамтэйшаму флоту… Але падчас дакладу галоўнакамандуючы ўхвальна адазваўся найперш аб запланаваным выпрабаванні кулямётаў і фарміраванні асобных кулямётных ротаў, цікавіўся разгортваннем Балтыйскай флатыліі, абаронай Чарнаморскага басейна ды ўмацаваннем Прыкаспійскай арміі.
— Ausgezeichnet![7] — задаволены агент хутка перагартаў скамгаканы стос і ўважліва зірнуў на Берга: — А дэталёвае штатнае і фартыфікацыйнае апісанне Прыкаспійскай арміі ды Балтыйскай флатыліі тут ёсць?
Твар Віктара Аляксандравіча і ўся ягоная пастава нібыта садзьмуліся.
— Дазвольце нагадаць… — ён нервова аблізнуў вусны, перасмыкнуў пачырванелымі сківіцамі, паправіў над гарачымі зрэнкамі пенснэ і загаварыў хутка ды чамусьці паўшэптам і з надрывам: — …што я служу памочнікам начальніка Канцылярыі, і ў маёй непасрэднай кампетэнцыі — толькі прадстаўленне Ваеннаму савету гаспадарчых, заканадаўчых, каштарысных і юрыдычных пытанняў… А па марской ваеннай частцы ўсім займаецца асобнае Марское міністэрства!
— Так-так, мы разумеем. Не хвалюйцеся… — паспяшаў супакоіць палкоўніка далікатны куратар, яшчэ раз перагартаў машынапісныя старонкі і падагульніў: — Мы ўдзячныя вам за інфармацыю. Наступныя дырэктывы атрымаеце непасрэдна дома. — Пстрыкнуў замок скуранога партфеля, у які схаваўся стос перададзенага даклада і з якога з’явіўся пульхны канверт каляровых асігнацый. — Калі ласка, ваш ганарар.
І ў тую ж хвілю ў дзвярах гатэльнага пакоя варухнулася ручка. Берг сунуў канверт пад падушку і пайшоў адчыніць. Перапыніўшы мужчынскую размову бадзёрым шоргатам сукенкі, Елізавета прысела на шырокую банкетку і залепятала:
— Вы не ўяўляеце, якую незвычайную калону я бачыла! Ёй дзвесце гадоў! Яна аблеплена мармуровымі аблокамі, на якіх застылі фігуры святых, анёлаў і амураў. А над усім — пазалочаныя шары, чарапы, крыжы! Я пацікавілася, а яе назвалі чумной… Вось… А я так нічога і не купіла. Вельмі ўсё тут дарагое…
«Венскі родзіч» усміхнуўся, устаў і кіўнуў галавой:
— Што ж, дазвольце на гэтым адкланяцца. Быў надзвычай рады сустрэчы і знаёмству. Адпачывайце. Спадзяюся, — ён зірнуў на фраў Елізавету, — майго сваяцкага падарунка вам хопіць на многа пакупак. Будзьце здаровымі!
Бергі ахвотна выйшлі праводзіць. Ад сабора Святога Стэфана моўчкі спусціліся ўніз па Ротэнтурмштрасэ і праз дзесяць хвілінаў былі каля Дуная, дзе і развіталіся.
— Хоць ён і даў табе грошы, але мне не спадабаўся. Нейкі халодны слізняк… Насамрэч гэты чалавек — не твой родзіч? — ужо ў гатэлі спытала Елізавета, але адказу не пачула…
Назаўтра, нібы скінуўшы нябачны цяжар, яны новым цягніком выправіліся ў Венецыю, якая ў сонечным бляску паўстала казачнай прыгажуняй: далікатна прылегла пагрэць свае каменныя плечы на Адрыятычным узбярэжжы.
За Венецыяй была сярэднявечная Балоння. Яна запомнілася чырвонымі вежамі, плошчай Нептуна з мілым фантанам, базілікай Сан-Дамініка са скульптурамі работы самога Мікелянджэла і гатычнымі палацамі. Пачуўшы, што Балонню называюць кулінарнай сталіцай Італіі, наведвалі рэстарацыі, дэгуставалі мясцовае віно ды смакавалі суго баланьезе (аказаўся звычайным свіным рагу, як сказалі б французы), свежазапечаныя каўбаскі сальсічча, тартэліні, — падалося, звычайныя пельмені. Аб тым і намякнулі чарняваму кельнеру. Аднак той (таксама выдатна разумеў і гаварыў па-нямецку) не пагадзіўся:
— Існуе легенда, што тартэліні прыдумаў закаханы балоннеўскі повар: цеста з начыннем ён абгарнуў вакол пальца і такім чынам вылепіў пупок сваёй дзяўчыны. Але больш вопытнейшыя сцвярджалі, што ў яго атрымаўся бутон ружы ці… — малады афіцыянт апусціў вочы, хітнуў галавой улева-ўправа і адышоў.
Беладжыа
Грунтоўна запіваючы легендарныя тартэлліні паўсухім віном, Берг кідаў глыбокія погляды на Елізавету і па дарозе да сну ў шыкоўныя апартаменты Palazzo del Podestа быў мядовым і ўзбуджаным, але жонка — у які ўжо раз! — адхіліла ягоныя заляцанні.
З таго часу яны перасталі размаўляць адно з адным. Усю дарогу да швейцарскай мяжы праз Мілан у Беладжыа панура глядзелі ў вагоннае шкло, не заўважаючы краявідаў. Цягнік выскачыў з тунэля, і насустрач яму раскрыўся аграмадны восеньскі сад над чароўным трохкутнікам міжгорнага возера.
З гатэльчыка Берг выцягнуў жонку прайсці па турыстычнай сцежцы на вяршыню, каб адтуль палюбавацца незвычайнай прыгажосцю лесу, гор і вады. Пад’ём аказаўся доўгім і цяжкім. Вакол — ні душы. Елізавета стамілася, захацела піць. Пачала сварыцца, абражаць палкоўніка найапошнімі словамі… А тут — такая райская мілата! Некранутая каменная цясніна, бездань пад нагамі, сіняя роўнядзь зманлівай вады пад абрывам… А яна, як заведзеная лялька, крычыць і крычыць на яго, і вочы — далёкія, халодныя… Колькі ж так можна?
— Усё!!! — адной рукой ён ірвануў каўнер пінжака, а другой — правай — піхнуў жанчыну ад сябе.
Моцна. У апошні раз. У каменную прорву…
З Беладжыа ён дабраўся да Луганы. Дзень насычаўся незвычайнымі мясцовымі пейзажамі, а на ноч праз гатэльнага адміністратара замовіў найдаражэйшую на курорце прастытутку.
— Я хачу пасля адстаўкі сустракаць тут сваю старасць. Мілыя мясціны! — нібыта пра штось далёкае і недасяжнае, сказаў ён па-расійску.
Дзеўка неўразумела прымружыла туманныя вочы і паціснула плячыма…
Усю дарогу праз Берлін у Пецярбург ён праспаў, а дома кухарцы сказаў, што жонка вырашыла пагасціць у ягоных венскіх родзічаў.
— Дык а вы чаму не пабылі яшчэ тама, Віктар Аляксандравіч? — шчыра здзівілася кухарка.
— Мы б і радыя былі, але — служба… — шматзначна развёў рукамі палкоўнік Берг, а назаўтра звольніў цікаўную, хоць і клапатлівую, кабету.