За спінай, за вокнамі, за перастукам вагонных колаў заставаліся тысячы кіламетраў. І непараўнальныя Баку, Тыфліс, і нечаканыя масты над горнымі рэкамі, і неверагодныя каменныя цясніны. І два месяцы працы…
У невялікім мястэчку Сульян, дзе Кура выліваецца ў Каспій, азербайджанскі мільянер Айдар Зэйналабдзін Тугіеў задумаў пабудаваць халадзільны завод. Яго рыбныя промыслы багата раскінуліся на трыста вёрстаў ад паўднёвых іранскіх берагоў да Махачкалы. Воды Дагестана дарылі яму тоны селядца, а Кура, якая спяшалася да азербайджанскага ўзбярэжжа праз Турцыю і Грузію, радавала ў сваёй дэльце ласосем, асятром, бялугай, сяўругай, міногай, судаком. Селядзец адразу засольваўся, а вось астатнюю рыбу кансерваваць было шкада. Так і ўзнікла думка аб халадзільнай устаноўцы. Памаракавалі, падлічылі: пры цяперашніх коштах у Расіі і Еўропе курскія прысмакі рыбы-ікры праз два гады акупяць нават самы вялікі і дарагі халадзільны завод парыжскага канцэрна Хірша. І паслалі туды заказ, выконваць які, зважаючы на высокі кошт работ, выехаў у невядомы край з брыгадай наладчыкаў сам дырэктар Рудольф Дызель, а з імі — тры грузавыя вагоны з матэрыяламі і абсталяваннем, з якіх праз два летнія месяцы бесперапыннай працы і вырасла маразільная аграмадзіна — ці не адзіная такая на тысячы вёрстаў у радыусе!
Чыгуначны вакзал у Баку. Канец ХІХ ст.
Праца была не толькі бесперапыннай, але і нервовай. Тугіеў увесь час намагаўся самачынна кантраляваць і камандаваць. Падмурак, сцены і, здавалася, кожны камень не мінулі ўважлівага позірку заказчыка. Гэта ўжо потым Дызель даведаўся, што мільянер рос у беднай сям’і шаўца і з дзесяці гадоў быў аддадзены бацькам у чаляднікі да бакінскага муляра. З дваццаці гадоў сам кіраваў будоўлямі, і тут — прамінуць сваю?..
Шмат у чым эксперыментальны халадзільны завод, у кампрэсарных устаноўках якога замест вогненебяспечнага метылавага эфіру выкарыстоўвалі аміяк, запрацаваў напрыканцы жніўня, а да паловы верасня яго складскія камеры былі цалкам запоўненыя рыбай, якая па новым чыгуначным адгалінаванні ў вагонах-рэфрыжэратарах паплыла па ўсёй Расіі… Парыжскі канцэрн барона Хірша быў па-царску (па-ханску?) аддзячаны. Яго дырэктар Рудольф Дызель і галоўныя інжынеры за выкананую працу атрымалі падвойны заробак. На трое сутак зацягнулася развітальная вячэра, пасля чаго былі экскурсіі па Баку: стары горад і Апшэрон.
— З рыбай парадак навёў. Цяпер, калі дабраславіць Алах, займуся нафтай, — нібы падумаў, нібы канстатаваў Тугіеў.
Аберуч паправіў сваю лёгкую папаху з чорнага каракулю і бадзёра ўздыхнуў; акуратная (таксама чорная, аж ільснілася) бародка, імпэтныя вусы выступалі ледзь не да вушэй, правае брыво прыўзнятае.
Іх кавалькада з пяці конных экіпажаў, якія тут звалі на французскі манер дыліжансамі, вярталася да гатэля па Мікалаеўскай вуліцы, і Тугіеў прыўзняўся, нахмурыўся, а калі перад імі паўстаў новы двухпавярховы будынак, не без гонару паказаў на яго рукой:
— Вось… таксама мая задума… Першая ў мусульманскім свеце гімназія для дзяўчынак. Хвала Алаху, сёлета быў першы выпуск. 58 навучэнак, большасць — з бедных сем’яў. Вучоба, адзежа, харчаванне — бясплатныя. — Ён здаволена прысеў і звярнуўся наўпрост да Дызеля: — Мая старэйшая дачка Ханым таксама яе закончыла. І вырашыў я выправіць яе з братам, сынам маім Зафарам, у Еўропу, моваў вашых падвучыцца ды добрых навук. Для мяне ўсё тое — нямая пустыня, а ты, мой дарагі, па ўсім мяркуючы, вучонасць з матчыным малаком усмоктваў… — Мільянер, пакуль сказанае ім перакладалася тлумачом, глыбока прасвідраваў Дызеля каштанавымі зрэнкамі. — Будзь дарадцам дзецям маім у невядомым ім Парыжы.
— Шаноўны Айдар, для мяне гэта — вялікі гонар, — Дызель нават крыху збянтэжыўся. — Зраблю ўсё неабходнае. Вось толькі… сам я, па праўдзе, надоўга заставацца ў Францыі не планую. Хачу на наступны год пераехаць у Нямеччыну і адкрыць там завод рухавікоў.
— А ты думаеш, што я дзяцей больш чым на год у чужыну выпраўлю? — збянтэжыўся і Тугіеў. — Мы ўсіх, каму выдаем замежныя стыпендыі на вучобу, абавязваем праз пэўны час вяртацца на радзіму. А як жа інакш?..
І быў ад’езд з Баку, і доўгі сон у камфортным купэ да Тыфліса і далей, і нястомны перастук вагонных колаў… Ідэя пазнаёміць дзяцей Тугіева з Адамам Мацкевічам узнікла ў Дызеля адразу ж па вяртанні ў Парыж.
— S’il vous plaît[3]… Дапамажы! Ты ж хоць па-расійску з імі пагаварыць зможаш. Яны добрыя маладзёны…
Дамовіліся сустрэцца вечарам каля гатэлю «Сhamps Elysees», дзе пасяліліся Тугіевы. Да ўніверсітэцкіх заняткаў заставаўся яшчэ тыдзень, і заканчэнне цёплага верасня было вырашана патраціць на экскурсіі і знаёмства з горадам.
— Бульвар Манпарнас, да Эйфеля! — загадаў Адам вазніцу, калі ўсе чацвёра селі ў экіпаж. — Саборы і музеі вы і без нас разгледзіце, а вось гэта… Зрэшты, з усяго Парыжа тое месца я найлепш і ведаю… — Адам замоўк і толькі цяпер пачаў далікатна разглядваць сына і дачку Тугіева.
Зафару, тыповаму каўказцу з худзізной на твары і ў плячах, на выгляд было гадоў пад пятнаццаць. Апрануты ў прыталены шэра-сіні касцюм, пінжак крыху падоўжаны і зашпілены на ўсе гузікі. На галаве — чорны фетравы цыліндр. Ханым, старэйшая за брата вясны на дзве-тры, была ў сваім нацыянальным строі, які напачатку здзівіў і падкрэсліў незвычайнасць іх сустрэчы. З галавы дзяўчыны ледзь не да каленяў сплывала лёгкая празрыстая чадра. Пад ёй — вузкая бірузовая блуза-кабацік з квяцістым арнаментам на кантах, з вялікім трохкутным выразам, у якім бялелася вышытая срэбным бісерам кашулька. Чорны шырокі пояс выяўляў грацыёзную талію, ад якой ішла доўгая паветраная спадніца-шэлтэ, таксама бірузовага колеру. Смалістыя валасы густой касой спадалі на ўжо сфармаваныя і налітыя чаканнем грудкі… А якія вочы! Вялікія бяздонныя чорныя вочы пад доўгімі брывамі. Яна ўвесь час хавала іх, глядзела ўніз, але калі на хвілю здаралася сустрэцца з імі — на Адама люстравалася невядомая біблейская далеч…
Перад Енскім мостам яны спыніліся і да вежы Эйфеля падышлі пешшу. Зафар, падтрымліваючы фетравы цыліндр рукой, уражана вывучаў жалезную аграмадзіну, а Ханым толькі ажыўлена міргнула некалькі разоў, усміхнулася і натхнёна спытала:
— А можна… туды? — і паказала рукой уверх.
— Так! — усміхнуўся і Адам. — Больш за тое, прапаную там і павячэраць. На другім паверсе — някепская рэстарацыя.
Якраз перад імі спыніўся ліфт усходняй апоры вежы. Прымацаваны да асобных рэек, ён узнімаўся па вуглавой траекторыі дзякуючы гідраўлічным помпам.
Сонца яшчэ вісела далёка над кварталамі. Знізу даляталі хрыплыя гудкі клаксонаў. Вецер шамацеў у перагародках вежы і складках адзежы.
Яны занялі асобны столік каля зашклёнай вітрыны, замовілі бараніну з печанымі яблыкамі, гарбату і безалкагольны пунш.
— А я думала, што найбольшыя вежы — гэта нафтавыя, на нашым Апшэроне… — прамовіла Ханым да брата, але зразумела, што яе пачулі ўсе — і пачырванела.
— Уражвае? — спытаў, каб перарваць паўзу, Адам і, не чакаючы адказу, дадаў: — Многім, насамрэч, яна не падабаецца. Тры сотні французскіх пісьменнікаў і мастакоў нават пратэставалі супраць гэтай пабудовы Эйфеля, назвалі яе гіганцкай фабрычнай дымавой трубой.
— Прабачце, — перапыніў яго Рудольф Дызель, — Адам быў адным з вядучых інжынераў на гэтай будоўлі.
— Ага?! — ужо здзівіўся Зафар.
— Ну так, — кіўнуў, як між іншым, Адам і закончыў: — А цяпер тут многія з тых пісьменнікаў і мастакоў любяць пасядзець. Апраўдваюцца, што гэта адзінае месца ў Парыжы, з якога не відно вежы…
За ўсю вячэру больш разгаварыць гасцей не ўдалося. Яны пакінулі шчодрыя чаявыя, якія Зафар назваў па-свойму — бакшыш. Калі ж даведаўся, што па-французску гэта называецца pourboire, даслоўна — «на выпіўку», грэбліва скрывіўся і трасянуў галавой.
З рэстарацыі зноў выйшлі на адкрытую тэрасу з драўлянай падлогай. Сонца ўжо апускалася на Сену і густа залаціла бульвар, куды і намерыліся вярнуцца наведнікі. Аднак Ханым на хвілю застыла, затым па-дзіцячы ўхапілася за братаў рукаў, штось прамовіла па-свойму і па-змоўніцку кіўнула ўверх.
Зафар нахмурыўся і грубавата крыкнуў — таксама па-свойму.
— Не, гэта дазволена і цалкам магчыма… — нібыта зразумеў іхнія рэплікі Адам. — S’il vous plaît, калі жадаеце.
Над імі ўзвышаліся чатыры калоны другой платформы, якія паступова збліжаліся і, пераплятаючыся, утваралі каласальную стальную піраміду з трэцяй платформай. Другі і трэці паверхі злучаў ужо вертыкальны ліфт. Ён быў складзены з дзвюх спалучаных кабінаў, верхняя падымалася на сотню метраў, а ніжняя служыла супрацьвагай. Заманліва паскрыпваючы, той ліфт і ўзняў іх на трэцюю платформу з пляцоўкай назірання крокаў у дваццаць папярок. Там нікога не было, і яны павольна — адзін за адным — прайшлі па ўсім перыметры, цікаўна пазіраючы ў шчыльна закратаваныя бакоўкі. Апошняя — Ханым — ступала мякка, як па лёдзе, нібы напалоханая лань, але раптам абудзілася, узняла рукі і нейкім дрыготка-сп’янелым голасам выкрыкнула:
— Уüksək! Уüksək![4]
А затым, аберуч прытрымліваючы доўгую пульхную спадніцу і напружна прыкусіўшы вусны, кінулася па прыступках уверх!
— Ханым! — гучна абурыўся брат, але яна не чула.
Хутка стукалі чаравічкі па жалезных пласцінах, як ейнае ўтрапёнае сэрца. Адзін пралёт… Другі… І яна — ужо не лань, а гарэзнае птушанё, якое нечакана выпырхнула на волю… Чадра ў сонечных іскарках — як мройны німб… І — толькі вецер, і — толькі неба…
Калі назаўтра Адам прыйшоў на кватэру Дызеляў і загаварыў пра Ханым, Рудольф здзіўлена ўзняў галаву:
— Слухай, а ты часам… не закахаўся?!
І адразу ж убачыў, які адказ палымнеў у неспакойных вачах сябра…