XІV

За сонечнымі пырскамі над вінтамі «Роберта» з кранштацкага Аляксандраўскага форта сумна назіраў капітан 3-га рангу Мікалай Баранаў.

– І праўда — без паравога катла… — прашаптаў ён і дадаў яшчэ цішэй: — І аніякага дэмаскіруючага дыму з трубаў, як пасля вугалю…

Ён выцер насоўкай набеглую ад ветра слязіну і яшчэ доўга глядзеў услед цеплаходу. Глядзеў, як можна было падумаць, на ўсе два вокі, хоць там, дзе больш не з’яўлялася слёз, быў нерухомы пратэз…

Па вяртанні з Гановера Мікалаю Баранаву давялося доўга патуляцца па міністэрскіх кабінетах, ваенных доках ды марскіх школах. У Аляксандраўскім форце размяшчалася вадалазная вучэльня, у якой ён двум афіцэрскім класам выкладаў карабельную тактыку. Здымаў у контр-адміральскай удавы пакой у двухпавярховым доме насупраць Якарнай плошчы, куды пасля апублікавання адпаведнай аб’явы ў «Кранштацкім весніку» і прыйшоў сухі пажылы чалавек з незапамінальным тварам.

— Вам, паважаны, якое вока патрэбнае — левае ці правае?

— Левае, — адказаў Баранаў і тыцнуў пальцам на пустую вачніцу, але раптам уздрыгануўся і паправіўся: — Узяў бы два. Хай адно ў запасе будзе.

Незнаёмец і насамрэч прынёс пратэз. Абмыў яго нейкай вадкасцю і дапамог уставіць. І нават люстэрка прыставіў:

— Ну як вам?

Баранаў глядзеў і не мог паверыць: быццам сапраўднае! І нават зрэнка такога ж шэра-зялёнага колеру, як і ў жывым.

— Я працую ў аптэцы на Пятроўскай, — не дачакаўшыся адказу, паведаміў незнаёмец. — На ноч прамывайце пратэз борнай кіслатой, адна чайная лыжка на шклянку кіпячонай вады, — і перадаў бутэльку з вадкасцю. — Раз на месяц прыходзьце да мяне, каб купіць новую. Там, калі будуць, і навінамі падзелімся…

З таго часу ён змяніў пяць бутэлек, але нічога вартага паведаміць не мог. А тут вось — карабель без вугалю і дыму!

У сталоўках Баранаў пагаварыў з інжынерамі параходнага завода (яго пагоны з адной вялікай зоркай спрыялі прыхільнасці суразмоўцаў), сплаваў у Пецярбург і зноў патуляўся па кабінетах Адміралцейства, якое за год пераўтварэнняў толькі пачало ажываць. Пасля паразы ў руска-японскай вайне начальнік флоту і марскога ведамства быў вызвалены ад абавязкаў; з’явіўся марскі міністр, адпаведнае міністэрства і Марскі генштаб. Пра ўсё тое падрабязна Баранаў і паведаміў у сваім лісце да «аптэкара» (стараючыся непазнавальна змяняць почырк), а напрыканцы распавёў пра пачатак будаўніцтва расійскай флатыліі на нафтавых рухавіках і актыўнае пераабсталяванне паравых караблёў у дызельныя. Ініцыятарам гэтага было «Таварыства “Браты Нобелі”», дэталі дастаўляліся з Аўгсбургскага завода Рудольфа Дызеля. А нядаўна ў Рускім тэхналагічным таварыстве быў прачытаны даклад «Аб прымяненні нафтавых рухавікоў у караблебудаўніцтве», і паводле разлікаў інжынера Нордстрэма такое судна сярэдніх памераў магло зрабіць рэйс з Адэсы да Уладзівастока і назад без дазапраўкі.


Рэзідэнцыя нямецкага імператара ў Берліне


А затым выявілася, што не толькі бяда не ходзіць адна, — здараецца, паўтараюцца і шчаслівыя нечаканасці. На прыёме з нагоды дня стварэння Расійскага флоту (гэта калі малады Пётр І загадаў «марскім судам быць…») капітан 3-га рангу Баранаў сустрэў цёзку і колішняга аднакашніка па Марскім кадэцкім корпусе Мікалая Дуніна-Бартоўскага. Невысокі каржакаваты сябар ужо насіў пагоны капітана 1 рангу, паслужыў і паваяваў, пабыў выкладчыкам Міннай школы, а цяпер, як сціпла зазначыў, праседжвае штаны ў Марскім генштабе.

— Знаеш, а я табе зайздрошчу… — нечакана прызнаўся Баранаў. — Пасля кантузіі ды гэтага во ранення (паказаў на «мёртвае» вока) я спісаны на бераг. Даю ў Кранштаце на тыдзень тры лекцыі дзясятку падводнікаў, гляджу з форта на заліў — і ўсё часцей хачу скочыць у яго халодныя воды…

Пагаварылі — і разышліся. Кранштат скавала зіма. Мінулі два нудотныя месяцы, і на кватэру Баранава ў контр-адміральскі дом пасыльны прывёз ліст. У ім на скорую руку пісалася:


«Дарагі Мікалай Іванавіч!

Маю гонар прапанаваць Вам неадкладна з’явіцца ў Генштаб для асобнай размовы. У дзяжурнага афіцэра даведаецеся нумар майго кабінета.

Кап. 1 р. М. Дунін-Бартоўскі».


Апахмялёны з самае раніцы, Баранаў з’явіцца ў той жа дзень у Пецярбург не мог. Магутныя дзверы будынка Марскога генштаба адчыніў толькі назаўтра і выглядаў свежым і ўзбуджаным.

— Прыёмная яго высакароддзя начальніка марской контрвыведкі на чацвёртым паверсе, — прабасіў дзяжурны афіцэр, а Баранаў скамянеў і не мог скрануцца: яму здалося, што здарылася памылка. — Калі ласка, праходзьце, пра вас дакладвалі, — зноў бас афіцэра.

Так, прызначаны на новую пасаду аднакашнік не забыў пра таварыша…

— На наш аддзел ускладзена задача па ахове сакрэтаў пабудовы ваенных суднаў, падводных лодак, распрацоўкі артылерыйскага ўзбраення і падобнае. Штат пакуль невялікі, але я запомніў нашу колішнюю размову на прыёме і хачу прапанаваць перавесціся да нас. Сам разумееш, тут патрэбныя надзейныя людзі. Калі згодзен, прыкамандзіруем цябе на Балтыйскі завод начальнікам сакрэтнай службы…

Яшчэ на мяжы стагоддзяў камандаванне флоту і вышэйшае кіраўніцтва Расіі ўпэўніліся ў важнасці падводных лодак. Было прынята рашэнне праектаваць іх уласнымі сіламі. Першай на верфі з’явілася «Мінога», на якой у лютым 1906-га пачалі замену бензінавага рухавіка на дызельны. Фірме «Людвіг Нобель» у Пецярбурзе былі замоўлены два трохцыліндравыя рухавікі Дызеля марскога тыпу магутнасцю па 120 конскіх сіл кожны.

Пасля знаёмства з начальнікам завода Баранаў зачыніўся ў асобным пакоі і пачаў вывучаць сістэму дакументацыі — і да ночы паспеў скапіраваць сакрэтныя чарцяжы падлодкі ды перапісаць асноўную частку суднабудаўнічай праграмы Расійскага флоту. Ён выдатна разумеў, што, каб адвесці ад сябе віну, інфармацыя мусіць неадкладна сплысці, — маўляў, была выкрадзена яшчэ да яго прызначэння. І праз тры дні ўсё Марское міністэрства ўжо нагадвала растрывожаны вулей: нямецкая газета «Maschinenbau» апублікавала тэзісы Праекта расійскай ваеннай марской праграмы, які пакуль не быў разгледжаны нават на паседжанні Дзяржаўнай думы (марскі міністр лічыў яго настолькі сакрэтным, што не раздаў нават думцам). Начальніку ж завода той Праект быў прадстаўлены дзеля належнага афармлення хадайніцтва аб выдачы нарада на пабудову першай падводнай лодкі…

Начальнік быў звольнены, а пры новым выйшаў найвышэйшы ўказ аб закладцы ў доку другой падлодкі «Акула» з удвая магутнейшымі рухавікамі Дызеля. Іх выпускаў машынабудаўнічы канцэрн «Аўгсбург-Нюрэнберг», але пасля скандалу з рассакрэчваннем папярэдняй дакументацыі давер да нямецкіх партнёраў паменшыўся. У той жа час «Людвіг Нобель» прапанаваў выраб падобных рухавікоў па больш нізкім кошце — і замову перадалі пецярбургскаму заводу.

Загрузка...