ХІ

— А можа, усё ж разам паедзем? — спытаў Адам Мацкевіч, калі дачуўся пра сваю камандзіроўку на прамысловую выставу ў Пецярбург.

— На жаль… — развёў рукамі Дызель. — Мушу ў гэты час быць у Лондане. Закончыліся пяцігадовыя патэнты на рухавік. Ну і яшчэ падпісанне некалькіх дамоў… А табе, думаю, будзе цікава пазнаёміцца з бацькавай радзімай… Ды і з Тугіевымі сустрэнешся. Айдар адзін з асноўных удзельнікаў выставы. — Дызель заўважыў, як абудзіўся сябар, хітравата ўсміхнуўся і закончыў: — Не забудзь толькі, што ад пецярбургскага таварыства «Браты Нобелі» паступілі пісьмовыя прапановы. Я аформлю на тваё імя даверанасць. Калі трэба, вазьмі з сабой юрыста…

Аб тым, што сямейства Тугіевых правядзе ўвесь травень у Пецярбурзе, Адам ужо ведаў з лістоў Ханым. Пасля ейнага з братам ад’езду з Парыжа паміж імі пачалася перапіска. Першы ліст («Як дабраліся? Ці не страцілі ахвоту працягнуць стажыравацца ў французскай мове?..») Адам паслаў да Зафара, а адказ атрымаў, пісаны рукой Ханым. Высветлілася, што звязаць пару французскіх слоў у сказ яе брат праз сілу мог, а вось з напісаннем, як і чытаннем, былі праблемы. «Але Вы, калі ласка, пішыце па-ранейшаму. Я з ахвотай прачытаю і перакладу. Для нас гэта будзе і моўная практыка, і магчымасць даведацца пра Вашае жыццё», — акуратна, без адзінае памылкі вывела напрыканцы Ханым.

Адаму такога было больш чым дастаткова! Парыўны вобраз усходняй птушкі над крáтамі Эйфелевай вежы пазбавіў яго спакою.

Лісты пісаліся штодня, складваліся ў канверт і высылаліся раз у тыдзень (аб тым, каб не выклікаць непатрэбную цікавасць бацькоў, папрасіла сама Ханым). У Парыжы ж яны і не пабылі сам насам. Увесь час — толькі ў прысутнасці брата. І вось французская мова стала для іх той шырмай, за якую не сягалі староннія вочы ці вушы…

Звычайна Адам першыя абзацы прысвячаў апісанню надвор’я і некаторым пытанням да Зафара. А затым, ужо драбней і менш разборліва, пісаў прызначанае Ханым: пра сваё захапленне, душэўныя згадкі, жаданне новых сустрэч, разбаўляў узрушанасць роспытамі пра думкі і клопаты дзяўчыны. Чытаючы гэта і перамагаючы на шчоках чырвань, Ханым «перакладала» брату штось вядомае з энцыклапедый: пра вуліцы Парыжа, пра французскія правінцыі, пісьменнікаў і мастакоў… Аж пакуль у адным з Адамавых лістоў не з’явілася «Je t’aime beaucoup, ma princesse de Bakou!»,[11] а ў адказ не напісалася «Moi aussi»[12]… І было тое за некалькі дзён да размовы з Дызелем. Даведаўшыся пра свой візіт у Пецярбург, Адам паспяшаў адразу ж даверыць свае пачуцці паперы (пасля звычайных дзяжурных абзацаў да Зафара Тугіева):


«Мілая Ханым!

Мне так шмат трэба сказаць Вам, сказаць пра нашае шчаслівае будучае… Дазвольце мне верыць, што і Вы шчаслівая, як і я, перад чаканнем нашай сустрэчы. Сэрца маё поўніцца пяшчотай і ласкай, і я неадступна кахаю Вас, чароўная Ханым, і пры сустрэчы хачу паўтарыць гэта Вам з той далікатнай шчырасцю, якая, паверце, уласціва майму характару і душэўнаму складу… Да пабачэння! Хай радасна ўсміхаюцца Вам новыя ранкі і дні! Сам жа я не магу схаваць гарачага жадання з’яўляцца ў Вашых снах…

Застаюся ўвесь Вашым, мая каханая…».


Стары Мацкевіч пасля навіны пра сынаву паездку ў Расію доўга маўчаў, нібы праз сон штось згадваў, а затым як ачуўся — загаварыў узбуджана, гучна і хутка:

— Голубе мой! Ты едзь праз Варшаву і Беласток да Горадні, па-расійску Гродно. Гэта па царскай паўночна-заходняй чыгунцы. Спыніся там да наступнага цягніка… Наймі фурманку ды заедзь у нашыя Мацкі. Гэта на поўнач ад Горадні, перад самай пушчай. То наш родавы маёнтак… Дом каменны з дзвюма гатычнымі вежамі на ўзгорку. Там, калі памятаеш, я табе распавядаў, у Нёман упадае Зарачанка… І дубы… дубы старадаўнія яшчэ, можа, стаяць… То пакланіся магілам дзядоў-прадзедаў нашых. І зямліцы адтуль жменю прывязі… — вочы старога затуманіліся.

Ён штось яшчэ хацеў сказаць, але толькі ўздыхнуў і няпэўна пахітаў галавой… І сын адшукаў той пушчанскі суток Нёмана і Зарачанкі, і дом той каменны на ўзгорку… Але шэры, з абсыпанай тынкоўкай. Ад колішніх дубоў нават пнёў не засталося. Папрасіў фурмана — дзецюка з саламянымі-нямытымі валасамі і пракуранай барадой — спыніцца каля бальшака, прыліп вачыма да будыніны, але сысці на зямлю не насмеліўся… Дахоўка вежаў абвалілася, вокны дольнага паверха забітыя дошкамі. На ганку нейкія анучы сушацца, вёдры перакуленыя вісяць… Выйшаў, скрыпнуўшы дзвярыма, згорблены мужчына, закурыў, паглядзеў на фурманку, накінуў наапашкі ні то палітон, ні то шынэлак і пакульгаў да іх.

У грудзі Адаму нібыта хтось наліў халоднага волава.

— Назад, хутчэй! — загадаў ён і заплюшчыў вочы.

І апамятаўся толькі перад вакзалам, не бачачы нечаканай травеньскай залевы, не чуючы цікаўных пытанняў фурмана. Падзякаваў, заплаціў ледзь не ўтрая больш за названую суму — і толькі тады згадаў пра бацькаву просьбу…

— Пачакай, калі ласка! — ён дастаў насоўку і акуратна сабраў у яе з акаванага кола наліплай зямлі, завязаў і схаваў у кішэню.

Адыходзячы, краем вока прыкмеціў, як фурман кінуў недакураную самакрутку і неўразумела паціснуў плячыма…

А праз двое сутак Адам Мацкевіч быў у Санкт-Пецярбургу. На выставе найбольшы павільён займала «Таварыства “Браты Нобелі”», і знайсці яго было нескладана. Сустрэў сам Эмануіл.

— Спадар Дызель тэлеграфаваў, што сам прыехаць не зможа і камандзіруе вас, — Нобель быў падкрэслена дыпламатычны.

Ён зрабіў невялікую экскурсію па павільёне, а тады пазваў Нордстрэма і па-змоўніцку падміргнуў яму:

— Ну а цяпер — нашая навінка…

Праз шкляны калідор яны ўтрох выйшлі на вуліцу, дзе ўзвышаўся зялёны намёт. Вакол яго сабралася з чатыры дзясяткі наведнікаў і рэпарцёраў. Мацкевічу і Нобелю паднеслі нажніцы — каб перарэзаць вертыкальныя стужкі. Брызентавыя сценкі ўраз апалі, і прысутныя ўбачылі на невысокім п’едэстале вычышчаны да зіхцення экспанат — першы і адзіны ў свеце рухавік Дызеля, які працаваў на сырой нафце.

— Паважанае спадарства! Перад вамі — узор рухавіка новага пакалення, распрацаваны па патэнце інжынера Рудольфа Дызеля нашым канструктарскім бюро пад кіраўніцтвам Карла Нордстрэма. Галоўныя асаблівасці рухавіка — магутнасць і эканомнасць. Пры аднолькавых сілавых паказніках ён спажывае ўсяго каля адной сёмай часткі паліва бензінавых ці газавых рухавікоў. А харчуецца… — Нобель зрабіў паўзу і задаволена ўміхнуўся, — усяго толькі нафтавымі адыходамі. І пры тым някепска пачуваецца, эканомячы сваім будучым гаспадарам процьму грошай! Спадар Нордстрэм, калі ласка, пакажыце яго ў справе!

Золатагаловы швед толькі гэтага і чакаў. Ён імпэтна кіўнуў, падышоў да пульта, пастукаў, нібыта будзячы, па цыліндрах — і націснуў на кнопку пуска. Сталёвы звер здрыгануўся і завуркатаў. Над намётам з вывадной трубы выскачыў чорна-шэры чуб выхлапу і пад воплескі прысутных растаў над павільёнамі.

Пасля кароткіх інтэрв’ю падалі шампанскае. Мацкевіч першым падышоў павіншаваць Нобеля.

— Спадар Дызель уважліва вывучыў папярэдне дасланыя вамі чарцяжы і папрасіў выказаць сваё захапленне. Як вы ведаеце, ён згодны працягнуць патэнт. У сваю чаргу цікавіўся, ці не маеце намеру ад свайго імя пачаць патэнтацыю мадэлі рухавіка на сырой нафце.

— Не. — Нобель адставіў келіх, зірнуў на Адама сваімі блакітнымі вачыма і адвёў за намёт, падалей ад прысутных. — Ахапіць усяго немагчыма. Мы зацікаўлены, каб падобныя рухавікі з’яўляліся паўсюдна як мага хутчэй. У прыватнасці, і на вашых заводах. Яны мусяць замяняць грувасткія паравыя катлы на заводах, цягніках і караблях. Вось нашая задача. Спадзяюся, агульная. — Пэўна, ён убачыў неўразуменне на твары Адама, і таму датлумачыў: — Мы будзем больш чым задаволеныя збытам паліва для іх — салярнага алею. Ну а нашыя нафтавыя свідравіны, аб чым вы, можа, ведаеце, найбагацейшыя ў свеце…

Нобеля зноў атачылі журналісты, і ён, паціснуўшы руку Адаму, запрасіў яго на сённяшнюю вячэру.


Першы дызельны рухавік


— Выбачаюся, — пакланіўся Адам. — На жаль, не змагу. Мушу неадкладна быць у іншым месцы…

— Што ж, тады — да раніцы, — развітаўся Нобель і зноў павёў рэпарцёраў у намёт.

Ну а «іншым месцам», дзе вечарам чакалі Адама Мацкевіча, быў, канечне ж, дом Тугіевых. Ён усім вылучаўся ад піцерскіх пабудоў: і чырвона-карычневым колерам, і персідскімі франтонамі, і ўнутраным убраннем з аграмаднымі інкрустацыямі з каштоўных пародаў дрэў на сценах і столі, з бясконцымі квяцістымі дыванамі-кілімамі…

Яго сустрэў Зафар і правёў у прасторную гасцёўню. З-пад залачоных люстраў, ад карцін з выявамі каўказскіх пейзажаў, залатых і срэбных кандэлябраў на расшытым кафельнай мазаікай каміне, — ад усяго дыхала багаццем і ўпэўненасцю.

— Музейны палац… — выказаў захапленне домам Адам, але Зафар сціпла хітнуў галавой: — Не, гэта не самы лепшы з нашых дамоў. Усіх нас гонар — пецярбургскі мячэць. — Зафар рабіў памылкі і ў расійскай мове… — Толкі калі завяршыць тую пабудову, бацька ўзяўся за гэты дом.

Яшчэ ў год нараджэння сына Зафара Тугіеву належаў адно нягеглы нафтавы заводзік. Затым яшчэ з двума кампаньёнамі ён арандаваў у апшэронскім Эйбаце некалькі акраў зямлі. Праз тры гады выкупіў цалкам усе долі, а са свідравінаў палілося «чорнае золата». Да яго дадаліся тэкстыльная і рыбная прамысловасці…

У пакоі з’явілася Ханым — звонка прывіталася з госцем, міргнула доўгімі веямі, стрымана ўсміхнулася і паклікала вячэраць.

За доўгім сталом ужо сядзелі старэйшыя Тугіевы. Зрэшты, да гаспадыні, — Зэйнаб-ханум, другой жонкі Тугіева і маці Зафара, — слова «старэйшая» аніяк не пасавала: яна выглядала Адамавай аднагодкай і мела ад сілы трыццаць пяць вёснаў. Прывітаўшы госця, яны прапанавалі напачатку гарбата і закускі.

— Якія ўражанні ад сённяшняй выставы? — распачаў гаворку Айдар Тугіеў.

— Розныя. Я ж прыехаў непасрэдна з дакументамі па рухавіку Дызеля… Дарэчы, спадар Дызель перадаваў вам свае прывітанні і пытаў, ці не падводзіла вас маразільная ўстаноўка.

— Дзякуй, усё выдатна, — Тугіеў прыгладзіў ужо сіваватую бародку і прымружыў вочы: — Прызнацца, ён і мяне здзівіў. Гэта я пра рухавік. І вы ўпэўненыя, што ў той справе будзе поспех?

— Так, без сумніваў.

— Значыць, нафта будзе даражаць?

— Пэўна.

Пакуль мянялі талеркі і падавалі гарачае — запечаную ў цесце рыбу і мясныя рулеты пад грыбной падлівай — Адам перакінуўся позіркам з Ханым. Здалося, яе вялікія вочы зазіхцелі… Старэйшы Тугіеў прапанаваў госцю келіх віна, сабе ж наліў вады і зноў звярнуўся да Адама:

— А раскажыце нам, калі ласка, пра сваю сям’ю. Дзеці згадвалі, што вашыя бацькі таксама выхадцы з Расійскай імперыі, дваране…

— І бацькі, і дзяды, і прадзеды мае — з колішняга Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Ну а ад іхняй маёмасці ды дваранства пасля паўстання засталася адна памяць. Я нарадзіўся ўжо ў эміграцыі, — Адам яшчэ не дакрануўся да стравы і толькі прыгубіў віна.

— Эгэ, — як сам сабе пра нешта паведаміў Тугіеў. — Без роднай зямлі цяжка жыць, хай пасалодзіць і падоўжыць Алах гады вашаму бацьку. Я вось, здаецца, і ў сваім доме — а больш як тыдзень тут прабыць не магу, зноў у Эўлах ці Ічэрышэхер хачу… — ён уздыхнуў і нібыта абудзіўся: — І, калі ласка, частуйцеся, а то вунь на мяне ўжо Ханым косіцца за тое, што я сваімі роспытамі вас ад вячэры адрываю.

І толькі ўжо за дэсертам і чаем працягнуў:

— А што было за паўстанне, пра якое вы згадалі?

Адам моцна здзівіўся нечаканай цікавасці:

— За незалежнасць раней самастойных земляў, далучаных да Расійскай імперыі. Сёння гэта — шэсць губерняў так званага Паўночна-Заходняга краю.

— Палітыка-а… — расцяжна падрахаваў Тугіеў. — Я ў ёй ад пачатку свайго не цяміў. Помніцца, падчас візіту ў Баку Аляксандра ІІІ мяне, яшчэ чарнявага маладзёна, упаўнаважылі вітаць яго ад імя гарадскога насельніцтва. Паглядзеў цар незадаволена на маю папаху і спытаў: «Ты чый падданы?» — «Вашай вялікасці», — шэпча-падказвае мне губернатар, а я ляпнуў па сваім разуменні: «Падданы гэтай зямлі». Спісалі ўсё на цёмнасць дзікага горца, а маглі б таксама выслаць… — ён сербануў з армуды — традыцыйнай азербайджанскай грушападобнай шклянкі — свежазаваранага зялёнага чаю. — Наш, атлыханскі… Цудоўны напой! Я хачу ў Пецярбурзе чайхану адкрыць. Нават бясплатную. А то аскацініліся тут са сваімі корчмамі ды гарэлкай… — ён зноў гучна сербануў і адставіў армуду да настольнага кандэлябра, палюбаваўся колерам і формай: — Як усё проста і геніяльна… Шклянка нагадвае дзявочую фігуру. Завужаная «талія» не дае чаю астываць знізу, а верх не апякае вусны. Цуд! Я нават прапанаваў такой формы рабіць цыстэрны. Пад сонцам раней нафта ў іх награвалася і пачынала выпарацца, а вялікі ціск разрываў сценкі. Аніводная ж цыстэрна з «таліяй» не ўзарвалася! — ён нарэшце дапіў гарбату, зноў прыгладзіў бараду і звярнуўся да Адама: — Ну а цяпер міласці прашу ў мой кабінет. Не хвалюйцеся, толькі на трошкі адарву вас ад моладзі, бо сам я чалавек усходні і засынаць люблю разам з сонцам…

Кабінет Тугіева быў яшчэ большы за гасцёўню. Высачэзныя столі з калекцыяй вялікіх, у большасці безгустоўных карцін, доўгія шторы на вокнах, шыкоўныя, яшчэ новыя, канапа і фатэлі. Зіхотка-залацісты жар у каміне. На стале фотаздымак Мендзялеева з аўтографам.

— Дык, кажаш, нафта будзе даражаць? — наноў пачаў Тугіеў (ужо на «ты»), калі яны мякка ўселіся каля каміна.

— Пэўна, — тым жа словам зноў адказаў Адам, памаўчаў і дапоўніў аргументамі: — Асабліва праз гадоў пяць-дзесяць, калі чыгунка і караблі зменяць паравыя турбіны і пачнуць сілкавацца не вугалем, а саляркай.

— Разумна, — Тугіеў уважліва прасвідраваў госця каштанавымі зрэнкамі. — Значыць, пакуль сваю апшэронскую свідравіну я не стану прадаваць — ні англічанам, ні вашаму Ротшыльду. А то расфанабэрыўся: я заместа вашай старой тут новую нафтавую вежу Эйфеля пастаўлю… Дарэчы, наконт Эйфеля… Каля той вежы ў Парыжы, непадалёк, ёсць рэстарацыя. «Бікон» ці неяк так называецца…

— «Vіkon»?

— Во-во, «Vіkon»!

— Выдатна ведаю і часта заходжу. Я там і з Дызелем некалі пазнаёміўся! — абудзіўся Адам і запытальна ўгледзеўся ў Тугіева.

— Некалі і мне тое месца прыглянулася. Зайшоў я паабедаць, сеў і чакаю афіцыянта. Паўгадзіны, гадзіна — ніхто не падыходзіць! Словам, падаўся я адтуль злосным і галодным. Перакусіў у іншым месцы і панаракаў там на гэты «Vіkon». А назаўтра да мяне ў гатэль — цэлая дэлегацыя: гаспадар рэстарацыі, повар, яшчэ нейкія людзі. Прабачаліся і запрасілі да сябе на абед. І стол някепскі накрылі, і чаем сапраўдным пачаставалі — усё бясплатна. Ну а мне, на той час ужо нябеднаму мільянеру, цікава стала! «А што ж, — пытаю праз тлумача, — паважаныя, здарылася?» — «Пардон, — кажуць, — памыліўся наш афіцыянт. Паглядзеў ён на вашае ўбранне ды бараду — і падумаў, што нейкі жабрак з Азіі падсеў… Афіцыянта мы ўжо звольнілі…» Во як! Падумаў я і зноў пытаю: «А скажыце мне, паважаныя мусью-мансеньёры, колькі каштуе ў вас адно месца ў суткі?» — «У сярэднім — столькі» — «А за месяц?» — «Столькі». «А за год?» А ў іх ужо і вочы акругліліся — як па сантыму сталі! Не разумеюць, што да чаго. «Дык вось, — завяршаю я. — Хачу з вамі кантракт заключыць. На сто гадоў. І там будзе такі пункт: любы азербайджанец, які наведае гэтую рэстарацыю, зможа вось так цудоўна і бясплатна паабедаць».

Тугіеў усміхнуўся, узняў вялікі палец уверх, устаў і павольна падышоў да сейфа, адчыніў і дастаў з яго таўстлявую кіпу грошай.

— Не ў службу, а ў дружбу… перадай, калі ласка, тым рэстаратарам, — і паклаў грошы на стол. — Тут гадоў на трыццаць павінна хапіць… — спакмеціў, што позірк госця прыліп да расчыненага сейфа, і зразумеў прычыну таго здзіўлення (на дзверыне з унутранага боку вісеў аграмадны зашчэрблены сякач). — Гэта — мой талісман! Такія сякеры — ва ўсіх маіх сейфах. І на шыльдзе банка Тугіевых. Я пачынаў зарабляць свае першыя грошы каменячосам, такой прыладай. І яна мне цяпер нагадвае пра зменлівасць лёсу. Вось…

Тугіеў зноў сеў за стол насупраць Адама, паглядзеў на яго спадылба, хоць і прыязна, і загаварыў ужо сухім тонам:

— Ну а напрыканцы — яшчэ пра лёс… Не буду разводзіць анцімоніі, не люблю такога. Спытаю наўпрост: у цябе якія намеры да Ханым?

Ад нечаканкі Адам толькі раскрыў рот і заміргаў, як вінаваты гімназіст. Хацеў уздыхнуць, але паветра не хапала: здалося, што яго — як тую шкляную армуду — моцна сціснулі ў таліі…

— Ханым — цудоўная дзяўчына, — нарэшце выгаварыў ён. — І ў сваіх найлепшых марах я хацеў бы злучыць сваё жыццё з ейным… І… — Адам устаў і прыклаў далонь да сэрца, — і прасіць у вас на тое бацькоўскага дабраславення…

Тугіеў, выявілася, і сам у гэтую хвіліну не чакаў падобнага. Кашлянуў, адхінуўся на спінку фатэля, прыўзняў правае брыво і ўважліва паглядзеў на Адама, затым матнуў рукой, маўляў, сядай, высунуў верхнюю шуфляду стала, дастаў з яе стос спісаных аркушаў і кінуў на край стальніцы.

— Гэта пераклады тваіх лістоў да Ханым…

— Як?! — Адам зноў ускочыў, а за ім і Тугіеў.

— Знаю, што так непрыгожа! Ханым аб тым не ведае і ведаць не павінна. Будзеш сам бацькам — зразумееш мяне, — ён падышоў да Адама, паклаў яму на плячо руку і сілай прымусіў зноў сесці. — Дарагі мой, ты падабаешся мне як магчымы зяць і член сям’і. І род твой, па ўсім, — людзі мужныя і дастойныя павагі. Але мы — мусульмане. Ты згодны прыняць нашую веру? — зрэнкі Тугіева нібы прыліплі да Адамавых вачэй.

— Я… Я думаю, што Бога, як і бацькоў, не выбіраюць. Народжаны хрысціянінам, я і мушу ім адысці да Усявышняга… — словы Адама прагучалі ціха, хоць і ўпэўнена.

— Бачу перад сабой годнага мужчыну! І спадзяюся, такім ты і застанешся ў маім успрыманні. Зразумей: Ханым мне вельмі дарагая, і я, забраўшы яе ад маці, павінен ёй удвая…

Тугіеў узяў са стальніцы стос спісаных аркушаў — перакладаў лістоў — і акуратна паклаў у камін. Над імі адразу ўзнікла шызае воблачка дыму, а затым успыхнуў агонь.

— Вось такімі, дарагі мой, бачацца мне і вашыя лёсы, — ён паказаў на камін. — Як гэтыя дым і агонь… Здаецца, і блізкія, і побач, а з’яднацца не могуць — заўсёды паасобку…

«Вось і папрасіў дабраславення», — збянтэжана думаў Адам, неўзабаве пакідаючы дом Тугіевых. А ў свой дом вярнуўся сіратой… На стале яго чакала бацькава цыдулка. У ёй няроўным дрыготкім почыркам было напісана па-беларуску:


«Любы сыне.

Мушу неадкладна адправіцца да сваіх продкаў, да тваёй незабыўнай матулі… Будзь больш шчаслівым за мяне. Хай Гасподзь Бог падорыць табе доўгае жыццё, у якім знойдзецца месца і згадкам пра нас…»


А знізу — як пастскрыптум:


«Можа, яно так і лепш: запомніш мяне жывым. А тую жменьку зямлі, калі не забыў, высып на нашую з тваёй матуляй магілку. І будзь шчаслівым!»

Загрузка...