Яны прывіталіся і некалькі хвілінаў сядзелі моўчкі, адводзячы няёмкія позіркі. Затым Тугіеў уздыхнуў і, прыўзняўшы чорную брывіну (сам ужо быў напалову сівы), прашаптаў:
— Ну вось і пабачыліся… Дзякуй, што хоць, уцякаючы, гэтую рэстарацыю назвалі, — ён занерваваўся, пакратаў абцінак мезенца і зірнуў на Адама: — Хоць цябе, зяцёк, я і не ўпаўнаважваў аплочваць абяцаную мной рэштку за стагадовае тут сталаванне…
— Тата, ну не пачынай… — усміхнулася Ханым. — Мы зрабілі гэта разам. Раскажы лепш, як ты жывеш?
— Хвала Алаху. Добра… Вас вось нават спадобіўся пабачыць. Жывы — і дзякуй небу.
У кавярні «Vіkon» запалілі святло. Па шкле вакон пырснулі электрычныя блікі, заскакалі на талерках, бакалах, відэльцах.
— Усю маёмасць аддаў народу, — прадоўжыў Тугіеў. — Перабраўся ў вёску, далей ад камісараў. І ваш Нобель з Апшэрона падаўся. Казалі, пешкі мусіў пераходзіць мяжу з Фінляндыяй.
— Так, — нарэшце азваўся і Адам Мацкевіч. — На жаль, інжынер Нордстрэм, яго памочнік, загінуў на лёдзе каля Кранштата…
Падалі ўжо гарачыя стравы, але Тугіеў адно піў гарбату і да ежы не дакранаўся.
— Тата, а ты надоўга ў Парыж? Можа, паехалі да нас? — мякка прамовіла Ханым. — У нас добры дом. Унучку з унукам пабачыш…
Штось нечаканае ўстрапянулася ў старэчых зрэнках:
— Як іх завуць?
— Джаміля і Казімір. Яны ўжо амаль дарослыя.
— Казімір і Джаміля… — паўтарыў Тугіеў і продумна памаўчаў. — Сюды я ненадоўга — што мне тут апошнія дні растрачваць? Мушу сустрэцца са сваім достам-сябрам Тапчыбашы. Можа, чулі? Ён тут узначальваў дыпмісію Азербайджанскай Рэспублікі, пакуль у Баку не прыйшлі бальшавікі…
— Так, мы маем гонар з ім быць знаёмымі, — абнечаканіў Тугіева Мацкевіч. — Ён жыве ў «Hôtel Claridge Paris», каля Елісейскіх палёў, тры кварталы ад Сены.
— Ён быў госцем у нашым доме, — дадала Ханым.
— Чытаў дзецям вершы Фізулі.
Тугіеў усміхнуўся і апусціў вочы.
— Дарагі Айдар, чым мы вам можам дапамагчы? — падчас чарговай паўзы спытаў Адам.
Тугіеў абудзіўся, напусціў на лоб глыбокіх маршчын і прачула забасіў:
— Некалі ты расказваў, што пасля антырасійскага паўстання на зямлі тваіх бацькоў ад дваранства-багацця засталася адна памяць… Багацце, сам ведаеш, рэч нажыўная ды і не асноўная. Галоўнае — каб дзеці майго народа не апынуліся пад уладай чужынцаў… — ён уважліва зірнуў на Адама і загаварыў цішэй: — Праз некалькі дзён мы з Тапчыбашы, хай дапаможа нам Алах, будзем у Варшаве. Клопат там адзін… з Расулзадэ, кіраўніком нашай рэспублікі, цяпер эмігрантам. Ён — сустаршыня Лігі прыгнечаных бальшавіцкай Расіяй народаў. Ажаніўся з пляменніцай Пілсудскага…
— Пілсудскага? — перапытаў Адам. — Ягоны бацька быў знаёмы з маім… Падчас згаданага вамі паўстання яго абралі камісарам Нацыянальнага ўрада. А цяпер ягоны сын — Юзаф Пілсудскі — і каардынуе тую Лігу!
Твар Тугіева скамянеў у здзіўленні, а Адам паспяшыў патлумачыць:
— Год таму ў Парыжы адбывалася мірная канферэнцыя, на яе з’ехаліся і прадстаўнікі новаабвешчаных пасля вайны рэспублік. Разам з іншымі — і маёй Беларусі. Дык вось Тапчыбашы і пазнаёміў з суродзічамі, а яны — з Пілсудскім. Пілсудскі і ягоны ўрад звярнуліся да мяне з прапановай супрацы. Супрацы па мадэрнізацыі тэхнікі. Рухавікі, турбіны…
— І што ты надумаў? — пераадолеў немату Тугіеў.
— Што? — Адам правёў шырокай даланёй па рэдкім ужо чубе.
Уздыхнуў. Паклікаў афіцыянта і замовіў свежага чаю. Марудна разліў у шкляныя армуды сонечны напой: Тугіеву, жонцы, сабе. І спакойна вымавіў:
— Хачу і вам паказаць радзіму сваіх бацькоў. Паедзем разам?..
2013 г.