У рамонтны док Гановерскага порта прышвартаваўся расійскі эскадраны браняносец «Святы Андрэй». Каманда па-ранейшаму несла баявую вахту, хоць і мусіла прасіць тэхнічнай дапамогі ў нямецкага берага: на караблі пры адкрытым замку выстраліла 305-міліметровая гармата галоўнага калібру, пасля магутнага выбуху дах вежы адкінула на насавы мосцік, пасунуліся з месца пліты брані, былі пашкоджаны паравы кацёл, мачтавая сценьга і светлавыя люкі. Загінула пяць матросаў і мічман, сем — параненых. У карабельным лазарэце не хапала месцаў, і найбольш цяжкага — кантужанага, з разарваным жыватом капітана 3-га рангу Мікалая Баранава — адвезлі ў гановерскі шпіталь.
За тыдзень разам з інжынерамі дока карабельная каманда ліквідавала непаладкі, але нямецкія спецыялісты, афармляючы каштарыс для Пецярбургскага адміралцейства, здзіўлена прызналіся: «Карабель усяго тры гады на вадзе, а здаецца жалезнай развалінай… Не нашая, канечне, справа, але як яго можна было выпраўляць у рэйд? Ад верхняга канта брані паўз увесь борт ідзе 30–40-міліметровая шчыліна, прыхаваная замазкай… Заклёпкі ў перагародках вываліліся».
Малодшы афіцэр, які перакладаў гэта, ніякавата апусціў галаву, а капітан гучна адрэзаў: «Калі ёсць шчыліна, значыць, яна павінна быць. А клёпкі лепш у сябе шукайце!»
Браняносец «Святы Андрэй»
Браняносец «Святы Андрэй» загрузіўся вугалем для паравых машын, папоўніў запас вады і зноў выйшаў у мора, а капітан 3-га рангу Баранаў застаўся ў шпіталі. Калі крыху ачуняў, яму перадалі заклеены сургучом канверт. Капітан браняносца загадваў:
«Пасля выздараўлення дабірайцеся нашымі камерцыйнымі суднамі ў Кранштат. Ад усёй каманды жадаю поспехаў».
І Мікалая Баранава апанавала туга. Яна дакучала больш, чым боль. Якія тут поспехі? Жывот зашылі, а вось вока не ўратавалі. І каму ён цяпер такі патрэбен? Спішуць з флоту, і ўсё жыццё — пад якар…
Крыху весяліў новы сусед па палаце — русявы докер Адольф з забінтаванай рукой. Родам ён быў аднекуль з-пад прускага Мемеля-Клайпеды і крыху мог гаварыць па-расійску. На ноч часта сыходзіў «да фрау», і аднаго разу спакусіў зрабіць тое і Баранава.
— Адзначым выздараўленне! — прапанаваў. — На прыстані выдатная піўніца ёсць… — І, заўважыўшы няёмкасць марака, дастаў з кішэні чорную атласную стужку, прыкрыў ёй сваё вока, маўляў, зрабі так, і падрахаваў: — Гут! Зэр гут! Корошо! Ду біст Кутузоф!
У адказ Баранаў нават усміхнуўся.
За багата накрытым сталом ён на некаторы час забыў на сваё гора. У расчыненае вакно залятаў саладжавы марскі вецер, віно і віскі бадзёрылі яшчэ маладую кроў, аб чымсьці весела сакаталі кабеты насупраць, Адольф агучваў тост за тостам…
Ачуўся капітан у паліцэйскім пастарунку з яшчэ большым галаўным болем, чым пасля кантузіі. На руках — кайданкі, пад спінай — грубы матрац. Парваная кашуля ў крыві. Памацаў — аніякіх ранаў, кроў не ягоная… І вось — допыт.
— Ну што, гер капітан? — праз перакладчыка спытаў яго чалавек у штацкім з белымі брывамі і вейкамі. — Можаце штосьці сказаць у сваё апраўданне?
— А што здарылася? — Баранаў паспрабаваў прыўстаць, але «альбінос» нахмурыўся, злосна паказаў на табурэт і энергічна хітнуў галавой: — Шайзэ… Ён яшчэ дурнем прыкідваецца… Вы, гер Баранаў, учора забілі падданага германскага імператара, кваліфікаванага докера Адольфа Фішара!
Словы ўзарваліся, як кароткія кулямётныя чэргі, і рыкашэцілі па распаленым мозгу арыштаванага.
«Альбінос» вытрымаў паўзу, адсунуў шуфляду, выклаў з яе нож і працягнуў будзённа:
— На прадмеце злачынства — вашыя адбіткі… Сведкі — дзве фрау з суседняга рэстараннага століка і афіцыянт. Паўтараю зноў: штосьці ў сваё апраўданне заявіць можаце?
Змрочны шэры пакой пайшоў перад вокам Баранава ўкруга. Яго ледзь не званітавала.
— Што ж… Не дык і не. — Следчы наспех сабраў нейкія паперы і падрахаваў: — Перадаём справу ў суд. Гадоў дваццаць турмы вам гарантаваныя. Час падумаць будзе. Як кажуць, die Zeit heilt alle Wunden.[8]
Баранава нібы працяла токам:
— Як забіў?! Адольфа?!! — Баранаў сіліўся ўзгадаць заканчэнне страшнага вечара, але далей за новапрынесеную бутэльку віскі з пазалочанай этыкеткай і гартанны смех рыжай немкі з нафарбаванымі вуснамі ўзбуджаныя клеткі ягонага мозга не даходзілі. — Як?..
Выкліканы канваір прыціснуў яго да табурэта, а следчы-«альбінос» працягваў спакойна:
— Звычайна… І вы не спішаце ўсё на посткантузійны сіндром. Два ўдары нажом пад сэрца — за тое, што гер Фішар паспрабаваў абараніць ад вашага п’янага ганьбавання нямецкую кабету. Бедалага сканаў па дарозе ў шпіталь і ўвесь час паўтараў «Für was?», «За што?». Перад медыкамі першымі з’явіліся рэпарцёры — і я ўяўляю, якімі будуць заўтрашнія газетныя перадавіцы! Ды вы, думаю, яшчэ паспееце з імі азнаёміцца, як і вашыя суродзічы ў Расіі… Бывайце! — следчы склаў паперы ў тэчку і пакрочыў да жалезнай дзверыны, каля якой спыніўся. — Хаця… Газеты могуць выйсці і без тых крыклівых перадавіц… — ён вярнуўся і кінуў тэчку на стол.
Баранаў запытальна, не дыхаючы, уталопіўся ўцалелым вокам у бялявага следчага.
— Здзейсненае кідае цень на братэрскія адносіны і паміж нашымі войскамі, і паміж нашымі імператарамі. І мы б маглі пра ўсё забыць… Так! Забыць, як страшны хмельны сон… калі б з вашага, гер капітан, боку, адчулі раскаянне і займелі дарадцу, памочніка. І вы б змаглі тады спакойна вярнуцца на радзіму…
— Што… што я павінен зрабіць? — Баранаву па-ранейшаму не хапала паветра.
Следчы грэбліва адхінуўся ад стала і прыклаў назад наравісты чуб:
— Напачатку — заплаціць сям’і Фішара трыста тысячаў марак…
— У мяне няма столькі грошай! — у руках Баранава, здалося, парвалася апошняя канатная вяроўчына.
— Ну, то й няма больш размовы… — следчы нахіліўся над сталом да агаломшанага забойцы і прашаптаў: — Зрэшты, паспрабуйце іх зарабіць! Тры-чатыры вашыя інфармацыі — важныя інфармацыі — пра стан спраў у ваенным флоце — і вы будзеце мець больш!
Вока Баранава выявіла ўадначас нямы дакор, спалох і задуменне.
— Толькі не пачынайце цяпер пра нейкую там здраду прысязе ды іншае! Вы, як вопытны марскі афіцэр, ведаеце, што нямецкі флот нашмат адстае ад расійскага, і вашая магчымая супраца толькі на мілю наблізіць нас да разумення вашых поспехаў. А пад сцягамі нямецкага флоту вы, урэшце, будзеце мець найбліжэйшага хаўрусніка. — І без паўзы: — Калі згодныя, падпішыце вось тут — і спакойна едзьце ў свой Кранштат.
— Дык а што ж я буду ведаць? — голас капітана 3-га рангу задрыжэў. — Мяне ж спішуць па інваліднасці на бераг…
У душы «следчага» заігралі трубы. Ён зразумеў, што трывала зачапіў на свой шпіёнскі кручок чарговую рыбіну — і ледзь стрымліваў экстазную асалоду. Ён — граф Генрых фон Люцыус — адчуваў сябе ў падобныя хвіліны шчаслівым вампірам, і калі б яму ўдалося ў тую ж хвіліну падбіць варожы крэйсер — радасць была б ушматкроць меншай.
— Думаць пра інваліднасць у вашым узросце рана! — у ход пайшлі загадзя прадуманыя загатоўкі. — І не настолькі, паверце, вашае адміралцейства багатае, каб раскідвацца капітанамі! Па вяртанні адразу ж пісьмова звярніцеся да марскога міністра і да яго вялікасці імператара з просьбай пакінуць вас у штатных шэрагах, распавядзіце прычыны інваліднасці… Зрэшты, калі ўсё будзе добра, мы вам зробім другое вока — самі не паверыце! Думаем, вас усё ж пакінуць пры штабе, пры адміралцействе, у горшым выпадку — пры Марской акадэміі. Вось і ўсё.
Баранаў страшэнна захацеў піць, але не меў сілы сказаць аб тым: пракаўтнуў даўкі камяк і не адводзіў вока ад следчага.
— Усё… — паўтарыў той. — Збірайцеся дамоў. Калі ўладкуецеся на новым месцы, дайце ў газету «Кранштацкі веснік» аб’яву: «Мужчына сярэдняга ўзросту шукае дапамогі ў вырабе вочнага пратэза. Адрас…». Да вас прыйдзе наш чалавек. Яго словы: «Вам, паважаны, якое вока патрэбнае — левае ці правае?» Адкажаце: «Узяў бы два. Хай адно ў запасе будзе». За кожнае вартае ўвагі паведамленне пра ваенны флот будзеце атрымліваць па дзве тысячы расійскіх рублёў, за падводныя лодкі — пяць. Так што пастарайцеся працаўладкавацца вышэй. Ну, і не ўздумайце віляць. Ведайце: як што не так, вашая справа аб забойстве адразу ж будзе перададзена ў расійскі вышук, і ў справу дадасца яшчэ ўцёк з месца злачынства. Вам, як і нам, гэта трэба? — і «альбінос» зноў колкім позіркам прасвідраваў — як удаў зайца — Баранава, а напрыканцы сцебануў прымаўкай: — Як кажуць у вас на флоце, große Schiffe machen große Fahrt!..[9]
Пакуль са знямелага капітана 3-га рангу знімалі кайданкі і налівалі яму вады, Генрых фон Люцыус бадзёра шпацыраваў па турэмных калідорах і бесперастанку ўсміхаўся. «Ледзь не ляпнуў гэтаму аднавокаму дурню “Besser ein Auge verlieren als den guten Ruf ”[10]. Трэба завязваць з гэтымі філалагічнымі букетамі… — і нечакана пераскочыў на іншае: — Напэўна, не варта фарбавацца ў чорнае. Белае паланяе хутчэй… І не забыць бы праставіць Фішару піва…»