Цярэжка цярэжыла
На печы не ўлежала..
* * *
Цярэжка цярэжыла,
На печы не ўлежала.
— Цярэжка, чаху-чаху,
Што ў цябе ў мяху, ў мяху?
— Шпілечкі ды йголачкі,
Залаты пярсцёначкі.
Йголачкі ды нітачкі,
Хведаравы лытачкі.
* * *
Цярэжку бяда стала,
З кім яго жана спала.
У садку зялёненькім,
З казачком малодзенькім.
* * *
Пабег дзед па ельнічку,
Баба па бярэзнічку.
Дзед бабу лавіў, лавіў,
Ляшчыннік ламіў, ламіў.
Ляшчыннік не ломіцца,
Бабулька не ловіцца.
* * *
А здайся, бабулька, зздайся,
На іншых не заглядайся,
Іншыя не лепшыя,
Ёсь за мяне й меншыя.
* * *
— Дзядулька, саколік мой,
Падымі падолік мой.
— Бабулька, царыца мая,
Каротка спадніца твая.
* * *
Не ўцякай, дзядулька-шарсцень,
Не турбуй бабіных касцей.
Пасядзі на печцы ў кутку,
Пакуль я красёнцы вытку.
Тоненька-танюсенька,
З пальчыкам раўнюсенька.
Выткаўшы красёначкі,
Пашыю штанёначкі.
* * *
Пастаі, бабулька, ў кутку,
А я разганюся ды ўткну.
Не ўцякай, бабулька, з раду,
Уторкну дудачку ззаду.
Не ўцякай, бабулька дворна,
У цябе пад пупам чорна.
Не ходзі на рэчачку,
Замочыш авечачку,
He ходзі на быструю,
Замочыш сукрыстую.
* * *
Ажнуль мне галоўка баліць,
Як жа мне дзядульку злавіць?
Не бяжы, дзядулька, бяжком,
Запала сцежачка сняжком.
Вазьму я мяцёлачку,
Размяту дарожачку,
Запалю я свечачку,
Асвячу я сцежачку.
* * *
Хоць жа я пабегаю,
Як рыбка па берагу.
Хоць жа я пагуляю,
Як рыбка на Дунаю.
Хоць жа я галоўку зламлю,
Я сабе дзядульку злаўлю.
* * *
Ай, бяда мне стала, бяда,
Далі мне старога дзяда.
Старога, старлівага,
А дужа сварлівага.
Ані з ім у пір пайсці,
Ані з ім дома быці.
Пайсці ў пір — сварыціся,
Дома быці — біціся.
* * *
Бела рутанька на вакне,
Не далі дзядульку па мне.
Я росту вышэйшага,
Гонару лішэйшага,
Ён ростага меншага,
Гонару цішэйшага.
Зялёна рутанька стаіць,
На мяне мой дзедзька глядзіць.
Зялёна рутанька на вакне.
А дайце дзядульку па мне.
* * *
Пайду я каля лугу
Дзеўкам на пераругу.
Пайду я каля саду
Хлопцам на перасяду,
Каліну ламаючы.
Дзядульку шукаючы.
* * *
Паіла коніка ў вядрэ,
Ўбачыла рыбачку на дне.
Смачная рыбачка карась,
Пацалуй, дзядулька, хоць раз.
Смачная рыбачка язёк,
Пацалуй, дзядулька, разок.
* * *
Пайду я кароў даіць,
А за мной Давыд бяжыць.
Кіну я даёначку
Давыду ў галёначку.
Каб цябе кадук стаптаў,
Як ты мне хвартух падраў.
Гэта мне татусь купіў,
Каб мяне Пятрусь любіў.
* * *
Буду я дзевак прасіць, —
Паможце мне дзеда злавіць.
Мой дзедзька далёка відаць,
У яго боцікі скрыпяць.
Шубачка бабровоая,
Шапачка-баранкоўка.
Кудры завіваюцца,
Дзеўкі заглядаюцца.
* * *
Дзед бабе чугай шыіць,
A ў бабы душа ныіць.
Дзед бабе чугай пашыў,
На начы сем раз прасіў.
* * *
Дзед бабу тапіць вядзець,
А баба крычыць, не йдзець.
Дзед бабу чабох на дно.
— А мне, дзедзька, й тут ладно.
* * *
Казалі, мой дзед прапаў,
А яго ніхто не ўкраў.
Мой дзед па гарэ ходзіць,
Карагод дзевак водзіць.
* * *
Пайду я на ток, на ток,
Знайду я курэй куток,
Пеўніка ніводнага,
Галоўка заводная.
Вы, курачкі, не сакачыце,
Галовак не клапачыце.
Ёсь у мяне рэшата пер'я,
Куплю вам пеўніка пеўна.
Ёсь у мяне рэшата пшаніцы,
Буду я сыноў жаніці.
* * *
На гарэ дудар хлодзіць,
Карагод дзевак водзіць.
— Дзяўчаты-пралесачкі,
Не йдзіце ў арэшачкі,
А вы там заблудзіце,
Дамоўкі забудзеце.
Вас заяц напугаіць,
Вас пугач загукаіць.
* * *
Пайду я праз тын глядзець,
Як жа мой дзядулька арэць.
Конік вараненечкі,
Дзядулька маладзенечкі.
* * *
Не ўцякай, дзядулечка,
Я ж твая бабулечка.
Чаго ты туляешся,
За дзевак хаваешся,
Каго ты ўракаешся
Ці мяне цураешся?
* * *
Шэрая зязюлечка
Па саду паляцела.
Далі мне дзядулечку,
Kaго я захацела.
Трэба мне піва варыць,
Трэба мне сыноў жаніць.
Трэба мне гарэлку гнаць,
Трэба мне дачок аддаць.