Песня матчына зорамі значана


Песня нарадзілася ў слове, бо слова спявае, славячы Творцу ўсяго існага.

Нарадзілася, каб, дачакаўшыся чалавека, не расставацца з ім ад вяселля да хаўтураў.

Песня чуе няўлоўныя для слыху зямнога гукі сусветнай гармоніі, якая трымае зоры, трываліць вечнасць жыцця.

Песню й агонь перахоўвае людзтва з пакалення ў пакаленне, са стагоддзя ў стагоддзе.

Не хлебам адзіным жыве чалавек, ён жыве яшчэ й песняй.

Дзякуй Госпаду Звышняму, што паслаў мне маму — ахавальніцу нашага крынічнага й баравога, нашага азёрнага й вясёлкавага, нашага аржанога крывіцкага слова, нашай грамнічнай i зязюльчынай песні.

Мама жыла песняй, а песня жыла ў мамінай душы. Яны адна адну разумелі, адна адну ашчаджалі. Разам журыліся, разам радаваліся.

Умелі слухаць адна адну.

Песняй мама дзякавала Звышняму, песняй спавядалася, песняй дзялілася рэдкім шчасцем i частай бядою з Госпадам. Бо слова маміна спявала.

Крывіцкаму слову й матчынай песні я абавязаны ўсім.


Матчына песня,

Ты ў полі гарбела,

На маразах на чужыне гібела

У баразёнцы на міг спачывала.

Болю не трэба было дабаўляць.

Рук ты не чула,

Але спачувала,

Што ў перапёлкі ножкі баляць.

Рыгор Барадулін

Загрузка...