Бацькава скрыпка

З бацькам мне прыходзілася сустракацца рэдка. Ён выязджаў у лес раніцою, калі я яшчэ спаў. Вяртаўся дадому ўвечары, калі я ўжо таксама спаў. З сабою ў торбачцы маці яму давала хлеб, сыр, крутое яйцо, медную місачку, лыжку, соль, часам бутэльку малака. Сваю торбачку ён заўсёды хаваў у вялікай торбе з аўсом для каня. Ён прыгатаўліваў сабе ля рэчкі арыгінальную ежу: набіраў у місачку вады, засольваў, накрышваў туды крутое яйцо і еў з хлебам. Адпачываў ён па суботах. Дзед быў ім нездаволены: бацька нестаранна маліўся Богу, часта зусім не маліўся. Улетку ён увесь суботні дзень пасвіў каня. Узімку ён карміў яго аўсом. Конь быў заўсёды гладкі, дагледжаны. Маці скардзілася, што ўсе яго заработкі з'ядае конь.

Аднаго разу бервяно ўдарыла бацьку па назе, і ён прахварэў некалькі тыдняў. Ён сядзеў на ложку з забінтаванай нагой і смяшыў мяне сваімі жартамі. Я не ведаў, што ён такі вясёлы і дасціпны. Калі боль нагі зменшыўся і бацька ўжо мог ступаць па падлозе, ён дастаў з камода скрыпку ды граў старадаўнія жыдоўскія мелодыі. Ён таропіў мройныя чорныя вочы праз акно ў лес і граў сумна-сумна… Ён часта імправізіраваў мелодыі, фантазіраваў. Граў ён заўсёды ціха-ціха, нібы камусьці наігрываў сакрэт ці перад невідочным блізкім сябрам скардзіўся на сваё жыццё. Я слухаў загіпнатызаваны, зачараваны. Ком падступаў мне да горла, і я ўцякаў, каб не заплакаць.

Загрузка...