Сны

У сне я іх бачыў, гэтыя казкі, у жывых карцінах, у новых дэкаратыўных перастаноўках.

Я гуляю ўвечары са сваімі школьнымі таварышамі па выгане за мястэчкам. Павольна надыходзіць ноч — цёмная, цёмная. Мне боязна. Я тулюся да таварышаў. Яны пачынаюць свістаць і люлюкаць. Яны дзіка рагочуць. Аказваецца, што гэта не мае таварышы, а чэрці… Я з усіх сіл бягу дамоў. Чэрці гоняцца за мною — хочуць зацягнуць на непраходнае балота, у багну. Я ледзь выратаваўся ад іх, ускочыў у хату. Бацька спіць. Я буджу яго і расказваю пра свае страхі. Ён слухае, выпучвае вочы, высоўвае доўгі язык і пачынае рагатаць. Гэта зусім не бацька мой, а чорт. Я зусім не ў роднай хаце, а ў старым млыне. З возера выходзіць на грэблю карагод голых доўгавалосых русалак. Пад куваканне жаб яны, маўклівыя і сумныя, танцуюць. Яны акружаюць мяне, шчакочуць, хочуць зацягнуць у аір, у возера. Яркі месяц асвятляе іх прыгожыя твары. Замест кашуль яны ахутаны туманам. Мяне цягне да гэтых русалак. Яны надзіва прыгожыя. Але тут мая пагібель. Русалкі хочуць мяне ўтапіць. Яны зараз мяне ўтопяць. Яны зацягнулі мяне ў ваду. Я прачынаюся.

Бабулі роднай апавядаю свой сон.

Яна ўважліва слухае. Супакойвае мяне. Раптам на яе лбе вырастаюць рогі. Яна ўся абрастае шэрсцю…

Гэта ж зусім не мая бабуля, а страшная ведзьма. Яна хоча мяне зарэзаць і з'есці. Яна ўзнялася ў паветра, паляцела, трымаючы мяне вострымі кіпцюрамі, як у каршуна. Мы ляцім з ёю над мястэчкам. На дахах стаяць хлопчыкі і глядзяць. Мы з ведзьмай апынуліся ў глухім лесе. Яна расклала вогнішча. Старая ведзьма-людаедка хоча кінуць мяне ў агонь. Я прашу літасці. Здалёку даносіцца да мяне жаласлівы плач маці. Яна шукае мяне. Я крычу і… прачынаюся.

Хатнія акружаюць мяне. Пытаюцца, што мне снілася, даюць мне вады ў конаўцы. Я гляджу на іх і баюся. І я наяве думаю, што мяне акружаюць чэрці…

— Ты мабыць, перад сном «крыяс-шма» не чытаў, — строга мяне папракае маці. — Трэба маліцца перад сном, тады нячысцік не будзе табе балматаць на вуха.

Загрузка...