Кладачка зламалася

Малым хлапчуком астаўся Арцём сіратой — ні бацькоў, ні братоў, ні сясцёр, ні сваякоў. Адзін, як тая дзічка ў полі. Быў ён спачатку павадыром у сляпога жабрака. Сляпы, абвешаны торбамі злосны чалавек, часта біў яго. Арцём ад яго ўцёк і астаўся пастушком у аднаго багача.

Потым зрабіўся парабкам у панскім дварэ. Быў ён працавітым добрым чалавекам. Жаніўся на такой жа гаротнай парабчанцы, як ён сам. Жылі яны ў лагодзе ды згодзе. Яшчэ з маленства гарусціў ён грошык да грошыка, капейку да капейкі, залатоўку да залатоўкі. Скупіўся. Жыў абы каб пражыць. У маладажонаў нарадзіўся хлопчык. Любіў Арцём гэтага хлопчыка, як ніводны бацька на свеце. Як ні скупіўся, як ні шкадаваў, а кожны раз купіць сынку то абаранак, то пернічак, а то паліўнога коніка…

Думаў гаротны чалавек так: сын яго павінен мець сваю хатку, кавалак зямелькі і жыць па-людску. Кінуў Арцём парабкоўства, наняў хатку ў аднаго гаспадара, падзённікам зрабіўся сам, жонка — падзёншчыцай. І зноў — залатоўка да залатоўкі, рубельчык да рубельчыка. Хаваў ён грошы ў куфры на самым дне. Набыў ён пілу і сякеру, зрабіўся дрывасекам у аднаго купца і хадзіў з жонкай у лес.

Жывіліся яны адной думкай-птушкай: купіць у гаспадара гэтую самую хатку, да хаткі кавалак зямлі — і жыццё пойдзе як па масле. Набудуць каня, карову, падсвінка. Хлопчык іхні ўжо не стане гараваць, як яны. Рубельчык да рубельчыка, троечка да троечкі… Арцём іх складваў у купку. Кожны вечар перад сном вымаў з куфра, лічыў, пералічваў. Паўтараў лічбы перад сном больш шчыра, чым малітву. Жонка завешвала дзяругай акенца, каб ніхто, бронь Божа, не запрыкмеціў. Маленькі сынок спаў.

Якія добрыя вочы былі ў іх… Як яны прыязна таропіліся ў сынка… Гэта ж усё для яго, для яго… Не будзе ён сірацінкай, не будзе парабкам, не будзе гараваць, як яны… Уночы яны часта вялі пашаптушачкі: «Гаспадар просіць за хатку з сядзібнай зямлёй сто пяць рублёў. А ў іх пад сто ўжо». Жонка з радасці песню спявала аб тым, як «жылі ў бацькі тры сыны». Муж падпяваў. Іхнія думкі-жаўранкі былі вясёлыя, спаць не давалі. Піла і сякера да восені насячэ і напілуе ім яшчэ пяцёрачку — і яны шчаслівыя людзі. Іх маленькі Юрачка вырасце чалавек чалавекам. Выправяць яго ў школку.

Але справа не туды зайшла, не туды заехала. Ты на гару, а чорт за нагу. Арцём адно мяркуе, а жыццё другое рыхтуе.

І пайшоў Арцём з бабай сваёй на работу ў купецкі лес. У мужа піла ў руках і сякера за поясам. У бабы торбачка з гарачым праснаком, з печанай бульбінай, са жбанком саладухі — харчы на дзянёк. Малы Юрачка, як заўсёды, дома гаспадаром адзін-адзінюткі… Прывык ён бавіцца з пеўнічкам. Есці маці яму пакідала. Знадворку замыкала дзверы на замок, каб злы чалавек, не ў благі час кажучы, не залез.

А бацька з маткай працуюць у лесе: піла звініць, сякера грукачыць, сонейка свеціць, птушачкі пяюць. І думае Арцём з жонкай, што сонца толькі для іх свеціць, што птушкі толькі ім спяваюць… Так вальготна і лёгка было на сэрцы.

Яшчэ адна пяцёрка — і яны — у-у-у-га! Яны тады самі людзі, самі гаспадары… Гэта ж не жартачкі — гэтулькі год, усё жытка сваё ішлі яны па вузенькай кладачцы над глыбокай вадой. Кладкай называецца шчасце-матка, а вада — мачыха-бяда… Яшчэ пяць рубельчыкаў, і яны на тым баку рэчкі — на мядовым муражку, на шаўковым лужку. Кладачка не ламаецца пад іх нагамі, хоць яна ўвесь час — зыб-зыб-зыб…

— Што ты, Франуська, пілой сёння ніяк управіцца не можаш? — дзівіцца Арцём.

— Нешта сэрца мне нядобрае гаворыць, — скардзіцца жонка. — Баюся, хлопчык адзін. На прыпечку пад прысакам вуголле гарыць. Каб хаця… Юрачка лезе па ўсіх кутках хаты, а я забылася замкнуць куфар. Хлопчык ужо сам куфар адчыняе. Дужанькі ён…

Непакой жонкі перадаўся і Арцёму.

— Хадзем!

Яны пайшлі дамоў — трывожныя, збянтэжаныя… Прыйшлі. Жонка не выцерпела — зірк праз акенца, што ў хаце дзеецца, ды ўспляснула рукамі.

— Адчыні дзверы, Арцём… Хутчэй, родненькі… Куфар расчынены…

Увайшлі яны ў хату ўжо самі не свае…

— Што ты робіш, сынок?

— Прасначок пяку для таты і мамы.

На разгорненым попеле на гарачых вуголлях пячэцца прасначок — пачка асігнацый у сто рублёў. Пачка ўскарабачаная, колеру попелу.

Арцём кінуўся да прыпечка, схапіў пачку ў рукі. Грошы рассыпаліся ў пылок. Яны ператлелі… Прапала Арцёмава старанне, прапала яго праца, прапала яго жыццё. Думкі-птушачкі аб сваім і сыноўнім шчасці разляцеліся, рассыпаліся, як мякіна з веялкі… Колькі ж год яшчэ трэба працаваць, каб зноў згарусціць беднаму чалавеку сто рублёў…

— Эх, сынок… сынок… маленечкі і дурненечкі…

І не вытрымаў Арцём: штурхануў хлопчыка з усяе сілы. Хлопчык ударыўся кволым лобікам аб востры вугал тапчана і ўпаў, як тое куранё. Нават голасу не падаў… У лужы крыві ляжаў…

Збегліся на крык бацькоў суседзі. Аблівалі хлопчыка вадой. Дзе там! Маці гаротная пабегла на Слязанку ды бух у ваду — утапілася. Бацька схапіўся абедзвюма рукамі за галаву і завойкаў.

Вось з таго часу ён усё: «а-а-а-ай… а-а-а-ай…» Ніводнага слова не гаворыць.

Зламалася Арцёмава кладачка.

Загрузка...