Калі я дома расказаў дзеду аб гэтых гутарках, яму гэта не спадабалася. Ён забраў мяне ў Боруха і аддаў у хедэр к другому рэбэ (настаўніку). Зваўся ён — рэб Залман. Ён быў касавокі, з чорнай густой барадой старадаўняга асірыйца. На руках ён меў па шэсць пальцаў. Адным сваім выглядам «шэсцярэнь» наводзіў страх на вучняў. У яго «хедэры» (школе) пачаліся мае сапраўдныя пакуты.
У цесным пакоі пры адным стале сядзела каля дзесяці хлопчыкаў. Сядзелі мы безвыходна па дванаццаць гадзін. З дому нам прыносілі есці. Дзень быў падзелены на чытку малітваў, Бібліі і Талмуда. Прыблізна гадзіна часу аддавалася на чыстапісанне па-старажыдоўску і на вывучэнне першых чатырох правіл арыфметыкі. Вольнымі ад хедэра мы бывалі паўдня ў пятніцу і паўдня ў суботу. Два разы на год вучні хедэра мелі канікулы — месяц вясною і месяц увосені.
Усе дзесять вучняў маліліся і чыталі разам уголас. У хедэры стаяў незвычайны шум, нібы гулі некалькі раёў пчол. Кожны з вучняў лічыў такую нудную і аднастайную вучобу за катаргу. Рэбэ прыходзілася ўбіваць «божую навуку» ў галовы вучняў кулакамі. Ён біў нас бязлітасна дзень у дзень. Дамоў я прыходзіў з хедэра заўсёды падрапаны, з апухлым тварам. Бацькі на гэта не зварочвалі ніякай увагі.
За цяжкія праступкі рэб Залман караў нас бізунамі па голым целе, як прыгонных у часы паншчыны. Я помню два такія пакаранні.
Я вельмі любіў маляваць. Рэбэ гэта лічыў непрыстойным заняткам і забараняў «псаваць паперу». Аднаго разу ён знайшоў у мяне размаляваны аркуш паперы: чалавечкі, дрэўцы, хаткі, жывёлы. Рэбэ за гэта ўсыпаў мне некалькі гучных аплявух. Тут жа хтосьці з вучняў данёс, што я на першай старонцы Бібліі намаляваў свінку. У набожных жыдоў свіння лічылася нячыстай жывёлай. За гэту свінку рэбэ сарваў з мяне вопратку, кінуў мяне на ўслонак, загадаў маім таварышам трымаць мяне за рукі і ногі, а сам сцёбаў мяне цвёрдай дзягай па голай спіне…
У другі раз я ўчыніў таксама цяжкі «грэх». Гуляючы з дзецьмі ў суботу ў лесе, я натрапіў на суніцы. Паводле закона юдэйскай рэлігіі ў суботу збіраць ягады няможна, бо гэта работа. А субота — дзень адпачынку. З'явілася нястрымнае жаданне папробваць спелых пахучых суніц. Я разважаў так: «Зрываць ягады рукамі божым законам не дазволена, але адразу з кусткоў зрываць ротам і есці можна. У суботу ж жыды не посцяць…» Я лёг на зямлю і давай прагна есці суніцы…
— Грэх! Грэх! — крычалі мае таварышы і ўцяклі дамоў раней за мяне.
— Грэх… Грэх… — звінела ў маіх вушах.