У тую ж восень мяне аддалі ў даўгінаўскі ешыбот. Праз паўгода я з Даўгінава перавёўся ў мястэчка Ілью. Тры гады плаваў я ў мёртвым моры талмудычных навук. Талмуд даўно амярцвеў. Нам, падлеткам, было нудна чытаць тэксты, напісаныя дзве тысячы год таму назад на старажыдоўскай і халдзейскай мовах.
Ешыбот змяшчаўся ў вялізнай сінагозе, дзе тры разы на дзень маліліся местачкоўцы. Тут жа знаходзілася да пяцідзесяці ешыботнікаў ва ўзросце ад 12 да 20 год. Кожны сядзеў перад спецыяльным «штэндарам»[2], на якім ляжаў фаліянт Талмуда. Галава ешыбота («рош-гашыва») вызначаў кожны дзень новы раздзел тэксту для самастойнай чыткі. Па чацвяргах рош-гашыва правяраў, ці ешыботнікі добра ўсвоілі тэкст. Спыняліся над кожным абзацам. Адбываліся доўгія развагі, дыскусіі. Рош-гашыва задаваў закавырыстыя запытанні. Вывучаць Талмуд мне прыходзілася самастойна паводле шматлікіх каментарыяў да галоўнага тэксту. Каментарыі ствараліся на працягу доўгіх стагоддзяў вучонымі талмудыстамі. Між сабою яны вялі спрэчкі, супярэчылі адны адным. Галоўны тэкст абрастаў каментарыямі, нібы густым лесам. Апрача таго, галоўны тэкст не меў знакаў прыпынку. Мова Талмуда лаканічная і вельмі цяжкая. Усё разам узятае складала вялікія труднасці для ешыботнікаў. Апрача таго, каментатары Талмуда па некалькі разоў на кожнай старонцы рабілі ссылкі на іншыя тамы Талмуда.
Такім чынам ешыботнік, пры вывучэнні якога-небудзь раздзела, павінен быў перагортваць кожны дзень пяць або дзесяць тамоў.
Штудыраванне Талмуда гвалтоўна аддаляла нас ад жыцця, труціла забабонамі і звярыным шавінізмам. Ад несуразнай «навукі» галава ходырам хадзіла.
Многія з ешыботнікаў, і я ў тым ліку, жылі ў сінагозе. Мы спалі на цвёрдых лавах, нібы пасажыры ў жорсткіх вагонах поезда. Пад лавамі стаялі нашы скрыначкі з маёмасцю. Мы вечна знаходзіліся пад наглядам старога «машгіяха» (інспектара). Яго звалі рэб Шмар'е. Гэта быў худы высокі жыд цыганскага тыпу, з вузкай чорнай барадой. Прыжмураныя, чорныя, як смоль, вочы заўсёды сыпалі маланкі. На кожнага ешыботніка ён глядзеў падазрона. Рэдка калі ўсміхаўся. Адно шчасце, што ён не кожны дзень бываў у сінагозе. Ён рабіў на ешыботнікаў перыядычныя налёты. Ён, напрыклад, мог з'яўляцца ў любую хвіліну дня і ночы, а не паказваўся па некалькі дзён падрад. Час ад часу ён рабіў вобыскі па нашых скрынках. Нібы царскі жандарм, перакідваў, перамацваў кожны шматок, кожную анучку з маёмасці юных талмудыстаў. Ешыботнікі дрыжэлі ад страху. Гаспадар нашых душ пільнаваў нас ад бязбожнай літаратуры. Свецкая кніга нават на старажыдоўскай мове лічылася крамолай.
У аднаго пятнаццацігадовага студэнта боскіх навук рэб Шмар'е знайшоў пры вобыску граматыку расейскай мовы. Ешыботніку за гэта наладзілі ў сінагозе суд у прысутнасці рабіна і прадстаўнікоў кагала. Хлапцу прысудзілі «малкес» (бізуны). Яго адлупцаваў сам рэб Шмар'е ля дзвярэй сінагогі раменнай дзягай, пасля чаго выгнаў з ешыбота.
Дзікі рэлігійны фанатызм з'ядаў нашы лепшыя гады — дзіцячыя і юнацкія.
Мы, ешыботпікі, па жыдоўскаму выражэнню, «елі дні».
«Есці дні» — значыла мець сем апекуноў, якія кармілі ешыботніка па аднаму дню на тыдзень. Я таксама меў сем гаспадароў. Я іх называў не па імені, а па тых днях, у якія я прыходзіў да іх харчавацца: Нядзеля, Панядзелак, Аўторак — аж да Суботы.
Я заўсёды адчуваў сваю залежнасць ад кожнага з іх. Гэта адчуванне было вельмі прыкрае, прыніжаючае чалавечую годнасць, гонар і дастойнасць. Пры сустрэчы з Суботай, Аўторкам ці Пятніцай я заўсёды нізка кланяўся, гаварыў «дзень добры». Мне ўсё здавалася, што мой дзень у вобразе чалавека зараз вылае мяне «дармаедам». Бывалі і такія выпадкі. Здаралася, што гаспадыня — жонка Нядзелі ці Панядзелка загадвала мне выносіць на двор памыі, прыносіць са студні вядро вады ці пакалыхаць дзіцё.
Любой рабоце ў хаце свайго карміцеля я быў заўсёды рад. Хоць чым-небудзь адплаціць за абед… Між іншым, у якога-небудзь краўца ці шаўца я заўсёды адчуваў сябе лепш, чымся ў багатага гандляра. Бедны чалавек заўсёды прымаў ешыботніка, як госця, і з усяго сэрца частаваў самым лепшым, што было ў яго хаце. Багаты местачковец карміў у большасці на кухні, як жабрака, рэшткамі са свайго стала.
Армія дармаедаў у 50–60 ешыботнікаў была для невялікага мястэчка нямалай абузай. Кармілі ешыботнікаў у большасці толькі абедам. Кожнаму ешыботніку прыходзілася выкручвацца, як хто можа, каб даставаць сабе абаранак з яблыкам на снеданне і вячэру. Многія галадалі, а некаторыя ўмудраліся мець па дзесяць і больш дзён на тыдзень, гэта значыць, мець па некалькі пятніц на адзін тыдзень.
Хлапчукі местачковых жыхароў адносіліся да нас, ешыботнікаў, з пагардай. Часам нават кулачныя бойкі наладжвалі супроць нас. Гэта адбывалася галоўным чынам улетку ля рэчкі, куды мы хадзілі купацца.
Калі ешыботнікаў пабівалі да крыві, ніхто за нас не заступаўся. Затое, калі хто-небудзь з ешыботнікаў расквасіць нос местачкоўцу, тады яго бацькі прыходзілі ў сінагогу і скардзіліся рош-гашыве. Ад яго даведваўся рэб Шмар'е, які за гэта заўсёды ўсыпаў «малкес».