Бабуля, стоячы ля прыпечка, апавядала мне розныя гісторыі з мінулых часоў: аб жыдоўскім пагроме ў гэтай ваколіцы, аб страшных учынках разбойніка Ціхана і канакрада Шлёмкі, аб тым, як цыганы мядзведзяў вадзілі тут на паказ, і аб прыгоне, які яна добра памятала.
Вось адно з яе апавяданняў.
З суседняга маёнтка пана Чапкоўскага ўцёк прыгонны. На начлезе воўк зарэзаў каня, і пан збіраўся за гэта строга пакараць прыгоннага конюха. Конюх, уцякаўшы, зайшоў у хату да бацькоў бабулі. Бабуля была тады маладой дзяўчынай. Бяглец папрасіў у яе кавалак хлеба на дарогу. Яна дала яму паўбулкі хлеба. Ён пайшоў у пушчу да разбойніка Ціхана. Калі за маладога бегляца пакаралі бізунамі яго бацьку, Ціхан падпаліў панскую абору. Згарэла шмат жывёлы. Нейкім чынам пан Чапкоўскі даведаўся, што бабуля дала бегляцу хлеба. Прыйшоў з двара цівун і забраў спалоханую бабулю ў панскі двор. Яе там пакаралі бізунамі, потым надзелі ёй на ногі калодкі і пасадзілі на суткі ў цёмны падвал панскага палаца. Бабуля ад сораму хацела тапіцца. І вось аднаго разу ўночы прыходзіць да бацькоў бабулі той самы панскі бяглец, а з ім разбойнік Ціхан і Шлёмка-канакрад. Бабуля ім паскардзілася на пана Чапкоўскага.
— Мы за гэта пану Чапкоўскаму адплоцім! — сказаў Ціхан.
Праз некалькі дзён згарэла панскае гумно.
— І зноў прыйшоў да нас разбойнік Ціхан — вясёлы прыгажун, чарнавусы, а твар — кроў з малаком, — апавядала бабуля.
— Адплаціў я пану Чапкоўскаму і за тваю крыўду, дзеўка! — сказаў мне Ціхан, абняў і пацалаваў у галаву.
— Дзякую, дарагі… — шапнула я Ціхану на вуха. — Маці паставіла гасцям гарэлку, шабасовую рыбу, халу. Усе нашыя былі рады за такую адплату пану. А я была да таго шчаслівая, аж не ведала, што рабіць. Смяялася, скакала, спявала. Разбойнік Ціхан глядзеў на мяне, гладзіў доўгія вусы ды ўсміхаўся.
— А ты не баішся мяне, разбойніка? — запытаўся Ціхан.
— Не… — адказала я, паглядзела на яго і апусціла вочы. Ён такі быў прыгожы, аж мне сорамна было глядзець яму ў вочы… Ціхан абняў мяне адной рукой ды сказаў:
— Не бойся мяне. Добрых людзей я ніколі не крыўджу.
Бабуля на хвіліну спыніла апавяданне, задумалася.
— Маладая я была. Годы мае рэчкай паплылі. Эх, Божа мой! А такія людзі, як разбойнік Ціхан, служаць у руках Усявышняга кіем для пакарання злых людзей! — растлумачыла мне бабуля ўчынак Ціхана.
Яе чорныя вочы, акружаныя густымі сеткамі зморшчынак, весела і молада засвяціліся.
Пра разбойніка Ціхана бабуля часта ўспамінала. Яна апавядала, што ён бедных людзей ніколі не чапаў. Наадварот — даваў ім грошы. А яго сябар, канакрад Шлёмка, краў коней толькі ў багатых.
Улетку жылі яны ў зямлянцы ў пушчы. І колькі паліцыя і салдаты ні шукалі гэтай зямлянкі — знайсці не маглі. Узімку яны, пераапранутыя купцамі, выязджалі ў другую губерню.
У кірмашовыя дні яны разгульвалі па вакольных мястэчках. Нікога не баяліся. Іх баяліся ўсе.
Ціхан даставаў для сваіх малайцоў гарэлку ў аднаго карчмара за дзесяць вёрст ад Пасадца. Там спыняліся і цыганы, што забіралі крадзеных коней у Шлёмкі. Зорах зваўся той карчмар. Ён меў ад Ціхана і сваю долю ва ўсіх гэтых справах.
За галаву Ціхана менскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы.
Аднаго разу ўночы ў карчме Зораха пілі гарэлку Ціхан і Шлёмка. Пасля таго, як за галаву Ціхана абяцалі вялікія грошы, ён, Ціхан, пачаў асцерагацца. Не верыў і Зораху. Ён прымушаў Зораха раней самому папробаваць гарэлку, бо ў гарэлцы магла быць атрута.
У гэту ноч Зорах быў вельмі далікатны. Часта абнімаў Ціхана, стараўся дагаджаць, хваліў Ціхана за дабрату, за сардэчнасць, за адвагу. Скардзіўся Зорах, што падазраюць аб яго, Зораха, удзеле ў ціханаўскіх справах. Яму, Зораху, пагражае не меншая небяспека, чымся Ціхану і Шлёме, таму…
Зорах не дагаварваў.
— Дык чаго ж ты хочаш, Зорах? — пытаўся Ціхан.
— Сам, Ціханка, разумееш… Ты ж чалавек і разумны і справядлівы…
— Пароўну дзяліць?
— Ага… А то золата сабе забіраеш, а мне толькі серабро…
— За чарку гарэлкі хочаш браць роўную долю з маёй здабычы?! Ты, Зорах, стаіш на гнілых падпорах і згарыш як порах. Ты мне не друг, а вораг.
Зорах апускае вочы і маўчыць.
— Зірні мне ў вочы, Зорах! Хачу пачытаць тваё чорнае нутро… Ну, зірні…
Зорах узнімае на Ціхана блуклівыя вочы. Ціхан на яго строга глядзіць. Зорах не вытрымлівае яго пільнага позірку і адварочваецца.
— У цябе не душа, Зорах, а цёмная студня. Ты нешта нядобрае замысліў. Глядзі…
І зазлаваўся разбойнік Ціхан. Грукнуў кулаком аб сасновы стол так моцна, ажно стол расшчапіўся. Яго чорныя вочы бліснулі двума агнямі. Твар загарэўся. Вусы натапыршчыліся, як у тыгра.
— Чуеш, Зорах? Больш з табой ніякіх спраў мець не хачу. Арлу з савой — не па дарозе. А калі толькі ўздумаеш размяняць на залатыя імперыялы маю галаву, дык во, глянь…
Ціхан выцягнуў з халявы востры нож і бліснуў ім перад тварам Зораха.
— Брахнеш аба мне каму-небудзь, нібы курыцу, зарэжу… Чуеш?
— Ч-ч-чую…
Зорах дрыжэў з галавы да ног.
— Будзеш маўчаць?
— Б-б-буду… м-м-маўчаць…
— Хачу быць чэсным чалавекам, Зорах. Я табе і так лішняе даваў. На развітанне вярні назад мяшок серабра, што я табе пакінуў. Ты яго не зарабіў… Давай сюды!
Залямантаваў карчмар:
— Ціхан… родны…
Ціхан нецярпліва тупнуў нагой.
— Падзякуй, дурань, за сваю галаву. Я мог бы табе даць яе ў рукі за цацку. Серабро бедным раздам. Табе ж яно не падабаецца…
Ціхан выйшаў на двор.
Была летняя ноч. Месяц яшчэ не ўзышоў, але ў небе, як залатыя дукаты, блішчэлі зоркі. Абапал дарогі, навокал цёмнага сілуэта карчмы, драмаў бор. Ледзь-ледзь шапацелі вершаліны. Шмат таямніц ведалі стагоднія барыны. Чулі яны часам стогны, плачы, ляманты. Тут не раз Ціхан сцёбаў бізуном прывязанага да дрэва лютага пана.
— Баліць? — пытаўся Ціхан у пана. — Так баліць і тваім мужыкам, якіх лупцуеш дзень у дзень на стайні. Ці ж мужыцкая кроў не такая, як і панская? Ці ж мужыцкая косць не такая, як і панская? Кожнаму баліць. А калі не перастанеш біць мужыкоў…
Ціхан выцягнуў з халявы востры нож і бліснуў ім перад панам.
— … як курыцу, зарэжу! Хлопцы, адпусціце пана! Няхай ідзе, куды хоча.
Драмаў бор вакол Зорахавай карчмы, толькі вершаліны ледзь-ледзь шапацелі праз сон.
Зорах і Шлёмка прыцягнулі мяшок са срэбранымі манетамі і палажылі на спіну сівога жарабца Ціхана.
Каб было відней, Ціхан пабачыў бы хітрую здрадніцкую ўхмылку на твары Зораха. Яго план хоць на палавіну ўдаўся. Атрад салдат з афіцэрам схаваліся за тры вярсты адгэтуль, ля хаты палясоўшчыка. Зараз войска павінна быць тут… Зорах умовіўся з афіцэрам, што рознымі спосабамі пастараецца затрымаць Ціхана.
Пачуўся тупат конніцы.
Ціхан пагнаў каня. За ім на другім кані паімчаўся Шлёмка. Войска крыху спазнілася. Зорах меркаваў, што салдаты зловяць яго гасцей у карчме. Не ўдалося.
Зорах затрымаў на хвіліну афіцэра і нешта шапнуў яму на вуха. Афіцэр кіўнуў галавой, прышпорыў каня і пагнаўся ўздагон за Ціханам.
Спачатку Зорах збянтэжыўся, каб хаця Ціхан па дарозе мяшка з серабром не кінуў. Але хутка супакоіўся: «Калі Ціхан сказаў, што раздасць серабро бедным, дык так захоча зрабіць. Ціхан моцны на слова».
А чаму Зораху было важна, каб Ціхан не скінуў з каня мяшка з серабром, аб гэтым даведаемся далей.
У летнюю ноч пагналася за Ціханам конніца з афіцэрам на чале. Разгарачаныя коні храплі. З ноздраў валіў дым. Бор напоўніўся гукамі, нібы казачныя цымбалы.
Зорах доўга чуў стукаты конскіх капыт, посвісты. Гукі паволі заміралі ў сэрцы дрымучага бору. Зацікавіўся месяц. Ён узняўся над хваінамі, над карчмой, нібы чалавечы твар у профіль. Ён асвяціў профіль Зораха, які таропіў вочы ў асярэбраны шырокі тракт.
Раптам твар Зораха наліўся страхам:
— А што, калі Ціхан выратуецца?
Зорах успомніў яго бліскучы нож.
— А што, калі Ціхан крутымі дарожкамі паверне назад сюды? Не высахлі ж мазгі ў Ціхана… Ён, пэўна, здагадаўся, што я, Зорах, навёў сюды салдат…
Карчмар ужо хацеў разбудзіць сям'ю і схавацца з імі ў лесе, але позна… Так яно і ёсць… Сюды едзе Ціхан… Чуваць гукі ў лесе. Зорах прыслухоўваюцца. Гукі набліжаюцца… Зорах не мог крануцца з месца. Халодны пот цурком ліўся з ілба на бараду.
Ці, можа, гэта не Ціхан?
Пачуўся скрыпат калёс, галасы. Ехаў абоз камісіянераў. Паказаліся фурманкі — пятнаццаць фур. Ля карчмы яны спыніліся. Ажыў Зорах. Ажыла ноч. Камісіянеры распраглі коней, насунулі ім на морды торбы з аўсом.
Раніцой конніца натрапіла на зямлянку Ціхана. Ціхан і Шлёмка бараніліся і загінулі, забіўшы трох салдат. Два ціханаўскія малайцы былі паранены. Іх у кайданах пагналі ў Менск.
Ніяк не натрапілі б на зямлянку Ціхана, каб не мяшок серабра. Хітры Зорах, палажыўшы мяшок на спіну каня, непрыкметна пракалоў сцізорыкам дзірку ў мяшку. Пры ўцёках ад пагоні Ціхан не чуў, як пакрысе сыпаліся з мяшка грыўні і залатоўкі.
Па гэтай срэбранай сцежцы афіцэр, як развіднелася, павёў сваю конніцу ў ціханаўскую зямлянку. Усе сяляне ваколіцы хадзілі назаўтра ў лес збіраць грошы.
У тую ж раніцу Зорах забраў сям'ю і лепшыя хатнія рэчы на камісіянерскія фуры і паехаў у Менск. Карчма пуставала доўгі час.
Астаўшыяся ў жывых ціханаўскія малайцы знайшлі Зораха ў Менску. Адзін з іх дастаў з халявы бліскучы нож.
Зорах атрымаў за здраду.