З самага пачатку я прывучаўся ў ешыбоце да самастойнага жыцця. Мыў сабе бялізну кожную пятніцу ў лазні і развешваў на гары сінагогі. Таксама навучыўся латаць падраныя штаны. Мой гарнітур даўно парваўся. Выпадковыя заработкі мелі ў ешыбоце ўсе юныя талмудысты: чытка Псалтыра пры нябожчыках і спяванне малітваў пры нованароджаных. Ці пры нараджэнні, ці пры смерці чалавек чалавеку заўсёды даваў хлеб.
Мяне карміў мой ножык.
Я меў патаемную майстэрню ў шуфлядзе майго штэндара, і пад заслонай скураных фаліянтаў з залатым цісненнем мой ножык тварыў цуды. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, пакрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. З мяккіх чорных брускоў вырэзваў пячаткі. З аркушаў паперы рабіў маленькія кніжачкі ў прыгожых пераплётах і чырвона-сінім алоўкам размалёўваў іх звяркамі і дрэўцамі. Я прадаваў маленькія альбомчыкі свайго вырабу. Альбомчыкі цаніліся сярод местачковых дзяцей не менш высока, чымся ножыкі і пісталеты ў вясковых пастушкоў. Цэны хісталіся ад двух да пяці капеек за штуку.
Ад строгага інспектара рэбэ Шмар'я мяне ахоўвалі ўсе юныя талмудысты. І я ні разу не папаўся ў яго лапы.
Старэйшыя таварышы — 16-17-гадовыя юнакі звярнулі пільную ўвагу на мае вырабы: скуплівалі ў мяне «тавар» за грошыкі і прадавалі ў пяць разоў даражэй. Яны стварылі «рынак». Закіпела жыццё. Каля сінагогі сярод густых зарасляў палыну была наша біржа. З'явіліся бабулькі з кошыкамі. Прадавалі нам яблыкі, арэхі, абаранкі, боб, гарохавыя бліны, жоўтыя і круглыя, нібы ясны месяц.
Аднак бывалі моманты застою ў «гандлі». Ножык мой адпачываў, бо рынак быў перапоўнены і ніхто больш не купляў. Мне прыходзілася галадаць. Выратаваў мяне ад голаду адзін выпадак. Седзячы раз увечары на ганку сінагогі і марачы аб кавалку хлеба, я заўважыў, як адна нізенькая бабулька гоніцца за гарэзнай казой, гоніцца ды не можа дагнаць.
Я дапамог загнаць казу ў сенцы маленькай бабульчынай хаткі, што знаходзілася на тым баку вуліцы, насупраць сінагогі.
Бабуля не ведала, чым мяне ўзнагародзіць за дапамогу. Я сказаў, што мне ніякая ўзнагарода не патрэбна. Бабуля запрасіла мяне ў хату і пачаставала коржыкамі.