Палкоўнік

Наша сям'я абнасілася да таго, што сорамна было на людзях паказвацца. Маці аб гэтым бедавала ўжо два гады. Пакрысе яна скуплівала воўну, прамывала, скубла і цэлымі начамі прала на тапчане ля печы. Прыгожую прасніцу і некалькі верацён, вытачаных, зграбных, нібы старадаўнія стрэлы для лука, прынёс бондар Даніла. Маці прала ніткі, роўныя і тонкія, як струны. Яны былі сівыя, колеру тумана над нашымі азёрцамі. Гуд матчынага верацяна быў лагодны і прыемны, як песня аб шчасці. Пад гэты гуд несупынна ткаліся мае мары аб іншым жыцці — радасным, бліскучым, прыгожым… У шчылінах патрэсканай глінабітнай печы граў на шкляной жалейцы цвыркун.

Маці напрала поўную шуфляду нітак у клубках і матках. Гэта была самая вялікая шуфляда ў нашым камодзе, параненым калісьці даўгінаўскімі пагромшчыкамі. Камісіянеры прывезлі з Менска шмат чорных баваўняных нітак. Маці пільнавала гэта дабро, як зяніцу вока. «Каб хаця мышы не пагрызлі».

Маці запрасіла на дом з блізкай вёскі знакамітую ткачыху Язэпіху. Бацька прывёз на кані яе кросны. Яны займалі бадай усю хату ад стала да печы. Чарнавокая і чорнавалосая песенніца Язэпіха ткала сукно для нашай сям'і. Спрытныя худыя рукі ткачыхі так імпэтна пускалі чаўнок туды і сюды, што я надзівіцца не мог. Пры гэтым Язэпіха спявала грудным кволым голасам старадаўнія сумныя песні: пра сірочую долю, пра дзяўчыну, што абнімала каліну і чакала мілага з вайны, пра сына Данілы, які пайшоў на турэцкую вайну, пра злога пана. Спяваючы, яна не зводзіла вачэй з кроснаў. Вочы ткачыхі былі апушчаны. Вызначаўся высокі лоб, парэзаны тонкімі зморшчынкамі, чорныя шнуркі брывоў, далікатныя і правільныя рысы твару. Простая беларуская сялянка нагадвала партрэты жанчын італьянскіх майстроў часоў Адраджэння.

Маці карміла ткачыху ўсім лепшым, што было ў хаце, купляла для яе ў краме розныя прысмакі. Язэпіха ўзнімала на маці чорныя, як ноч, вочы і гаварыла пяшчотным, мяккім голасам:

— Не трэба, мая ты Хаіміха. Лепш дзеткам дасі. Я, дзякаваць Богу, сытая.

Я глядзеў, як нараджалася сукно. Трубка тканіны расла з кожным днём. Сукно ў сівыя і чорныя палоскі было гладкае і прыгожае.

Пасля ткачыхі ў нас працаваў вандроўны кравец. Мне і бацьку ён пашыў гарнітуры з гэтага ж сукна. Апрача таго, мне пашылі з карычневага бобрыка ватняе паліто з капюшонам, з шырокім поясам і чатырма кішэнямі. Упершыню мне шыў вопратку кравец, а не маці.

Пасля краўца маці сшыла мне некалькі белых манішачак з крамнага палатна і галстук са сваёй старой шоўкавай хусткі. У шаўца Ісроэля заказалі камашы. Бацька прывёз мне з Даўгінава за дваццаць капеек шапку ў выглядзе каструлі з брылікам, з залатым аленем наперадзе. Я адразу зрабіўся «жаніхом», як жартавала маці.

Былі забыты мае грахі: пісталецікі, упартасць, супраціўленне бацьку, уцёкі з хедэра. Нават строгі бацька пазіраў на мяне спакойным добрым вокам.

Чаму так раптоўна мая злая доля змяніла свой гнеў на міласць?

Бацька хацеў вывесці мяне ў людзі. Меркаваў выправіць сёлета ў «універсітэт» — у даўгінаўскі ешыбот…

У Даўгінаве жыла мая цётка — родная сястра маці. Яе муж меў хедэр і вучыў дзяцей. Цяпер, калі я быў у добрым адзенні, бацька не сароміўся ўзяць мяне з сабою ў Даўгінава. Я вельмі ўзрадаваўся, бо ні разу яшчэ там не быў.

Дзядзька мой жыў у адной хаце са сваім бацькам-бляхарам. Старога бляхара Рувіна Лібермана я ведаў добра. Ён быў вандроўным бляхарам. Хадзіў па вёсках з мяшком на спіне. Часта начаваў у майго дзеда. Яны ж былі сватамі.

За некалькі дзён да майго прыезду адбылося ў Даўгінаве дзіўнае здарэнне. Прыехаў стары палкоўнік і спыніўся ў самым лепшым заезным доме. Местачкоўцы настаражыліся. Спалохаўся даўгінаўскі цар і бог — станавы прыстаў.

— Якую справу можа мець у Даўгінаве палкоўнік?

Стары палкоўнік з нейкай падазронай цікавасцю спацыраваў па вуліцах з кійком у руках, абыходзіў усе закавулкі, зазіраў ва ўсе куткі, гуляў па старых магільніках. Ён чагосьці і кагосьці шукаў, выведваў. Прыстаў і ўраднікі забягалі яму дарогу наперад і аддавалі чэсць. Прыстаў пытаўся, ці патрэбны якія паслугі, у госці запрасіў — палкоўнік адмовіўся.

Гэта яшчэ больш напалохала прыстава. Ён загадаў кожны дзень падмятаць вуліцы, праверыў пажарную каманду, перачытаў усе паперы ў сваёй канцылярыі, зрабіўся строгім, арыштоўваў людзей больш, чым дагэтуль, біў іх нагайкай мацней, чым дагэтуль, і не спаў начамі ад страху. З'яўленне старога палкоўніка яго збянтэжыла не на жарт.

Станавы прыстаў даведаўся, што палкоўнік паклікаў да сябе старасту мяшчанскай управы і вартаўніка жыдоўскага магільніка. Гэта занепакоіла яго яшчэ больш.

— Пэўна, я правароніў нейкую крамолу, аб якой даведаліся ў губерні і прыслалі палкоўніка для расследавання.

Прыстаў запрасіў да сябе гаспадара заезнага дома, старасту мяшчанскай управы, магільнага вартаўніка. У кожнага з іх ён распытваў пра палкоўніка. Яны ўсміхаліся і гаварылі адно:

— Пакуль што няможна сказаць. Так загадаў пан палкоўнік. Справа вельмі сур'ёзная.

Прыстава агарнула роспач. Ён пачаў прыпамінаць свае грахі і грашкі за ўсе гады службы: хабары, катаванні людзей, дзяльбу здабычы з канакрадамі і разбойнікамі, арышты невінаватых людзей і вызваленне злачынцаў-крымінальнікаў.

«Пэўна, нехта падаў на яго, прыстава, данос у губерню», — думаў ён.

Местачкоўцы таксама былі ўстрывожаны. Можа, новы пагром рыхтуецца ў Даўгінаве?.. Кагал хацеў абвясціць трохдзённы пост для ўсіх жыдоў мястэчка і для грудных малютак…

Тады прыйшоў у кагал гаспадар заезнага дома, дзе жыў палкоўнік. Пасля яго з'явіўся туды і стараста мяшчанскай управы. Урэшце прыбег і вартаўнік магільніка. Кагал ад іх нічога пэўнага не даведаўся. Але пост не быў абвешчаны.

У такі напружаны час мы з бацькам апынуліся ў Даўгінаве. У бляхара Рувіна Лібермана мы спыніліся на дзень. Усе ў хаце гаварылі пра палкоўніка і баяліся яго не менш, чым прыстаў. Стары Рувін — худы, сямідзесяцігадовы дзед з рэдкай бародкай, сутулы, у кортавым халаце — сядзеў у кутку ды гаварыў сам з сабою.

— Каб хаця ўсё было добра… Чаго сюды прыехаў палкоўнік? Пры маёй памяці ў Даўгінаве ніякіх палкоўнікаў не бывала…

Рувін стагнаў глыбока і працягла. У гэты самы час мая цётка зірнула ў акно, імпэтна адскочыла назад і піскнула, як заяц:

— Да нас ідзе палкоўнік… А Божа мой… Што яму ў нас трэба?

Мы ўсе шуганулі ў дзядзькаву камору. На сваім месцы застаўся адзін стары Рувін. Мы пачулі, як адчыніліся дзверы і як нехта ўвайшоў старэчым крокам, кашлянуў і старэчым голасам сказаў:

— Здраствуйце!

— Здрасце, — адказаў Рувін.

— Тут жыве Рувін Ліберман? — запытаўся басавы голас.

— Тут, — адказаў Рувін. — А што пану начальніку трэба?

— Цудоўна! Мне неабходна ведаць пра вас усё!.. Скажыце, будзьце ласкавы, Рувін Ліберман, як звалі вашага бацьку?

— Майго бацьку? Зараз скажу пану начальніку. Майго бацьку звалі Абрам.

— Так… Абрам. Цудоўна! А маці?

— Матку? Матку звалі Рахіль.

— Цудоўна! Дзе яны пахаваны?

— Пахаваны? На старым магільніку, ля самай агарожы. А што?

— Так! Цудоўна! Скажыце, будзьце ласкавы, Рувін Ліберман, у вас быў старшы брат?

— Старшы брат? Так, так! Быў, панок, быў. А як жа! Быў! Гершаль зваўся.

— Вельмі добра! — узрадаваўся палкоўнік.

Мы ў каморцы слухалі, навастрыўшы вушы. Я не вытрымаў і зірнуў у шчыліну дзвярэй. На ўслонку, побач з Рувінам, сядзеў старэнькі палкоўнік, у доўгім шынелі з бліскучымі гузікамі і залатымі пагонамі, з кійком у дрыжачых руках. Белыя як снег бровы, бакенбарды і вусы свяціліся на яго зморшчаным шараватым твары з гладка выгаленым падбародкам. Рукі ў яго так дрыжэлі, што кіёк, які ён не выпускаў з рук, адбіваў на падлозе лёгкую дроб.

Збянтэжаны Рувін узнімаўся і зноў садзіўся, зрываў з галавы ярмолку і зноў надзяваў.

Палкоўнік крыху памаўчаў. Выцер хустачкай успацелы лоб. Потым працягваў далей свой допыт:

— А скажыце, будзьце ласкавы, Рувін Ліберман, ваш брат памёр?

— Не ведаю, пане начальнік. Мне маці, светлы ёй рай, гаварыла, што яго маленькага ў салдаты забралі.

— Так… Так… — падтакваў палкоўнік.

— Схапілі, надзелі яму кайданы на рукі і ногі, кінулі ў воз і павезлі. Маці, светлы ёй рай, валасы на сабе рвала, гвалту крычала і бягом бегла за возам.

— Так… Так…

— Маці, светлы ёй рай, кідалася на зямлю, паднімалася, зноў бегла за возам ды ўсё лямантавала: «Гершалэ… Гершалэ… Гершалэ…»

— Так… Так… Яшчэ… Яшчэ… — сказаў палкоўнік і палажыў руку на плячо Рувіна.

— А фурман гнаў каня пугай з усіх сіл. Конь імчаўся так шпарка, аж Гершаль, які сядзеў на возе і плакаў, моцна ўдарыўся лбом аб свае жалезныя кайданы. Маці, светлы ёй рай, бачыла, як твар Гершалэ заліўся крывёй.

Палкоўнік ківаў галавой, выцер хустачкай лоб, вочы і сказаў:

— Так… Яшчэ…

— Маці, светлы ёй рай, абамлела і павалілася ў лужыну. Як прачнулася, дык ужо воза не відаць было. Гершалэ павезлі ў салдаты. Тады, пане начальнік, у бедных бацькоў лавілі малых хлопчыкаў і аддавалі ў салдаты.

— Скажыце, Рувін Ліберман, доўга маці-нябожчыца плакала па Гершалэ?

— Усё жыццё, дарагі панок… Як толькі ўспомніць, так і заліваецца слязьмі.

— Цудоўна… Дасканала… Паглядзі, Рувін, на мой лоб… Вось рубец! Гэта я тады моцна параніў лоб. На ўсё жыццё знак астаўся. Я — твой брат Гершаль. Урэшце знайшоў! Мілы… Родны… Гэта было семдзесят год таму назад. Цябе яшчэ на свеце не было. Маці звалі Рахіль, бацьку — Абрам. Маці-нябожчыца насіла ў свята чорную касынку з чырвонымі пчолкамі.

Бацька ў суботу пры абедзе спяваў:

Оса а-адэр лейсудо-осо

Беца-а-аафро дэйшаба-ато,

Веазмін-бо гашто…

Веазмін-бо гашто…[1]

Рувін не зводзіў вачэй з палкоўніка. Слухаў, як заварожаны.

— Родны… Рувін…

— Гершалэ… Братку мой…

Старыя кінуліся адзін аднаму на шыю і абодва захліпалі, як малыя дзеці.

Мы ўсе выскачылі з каморкі, ашаломленыя, здзіўленыя, усхваляваныя. Нам усім здавалася, што гэта сон. Палкоўнік пазнаёміўся з усімі намі. Цётка зняла з яго шынель. Бліснулі залатыя эпалеты, гузікі, медалі… Усё гэта было незвычайна і вельмі цікава.

Палкоўнік гладзіў пяшчотна запрацаваныя рукі роднага брата, яго аброслы зморшчаны твар і зазіраў яму глыбока ў вочы.

— Перад смерцю давялося пабачыцца, — гаварыў ён. — Мяне цяпер завуць Аляксандр Пятровіч Лібераў. Але ў душы я ранейшы Герш Абрамавіч Ліберман. Як быў хлопчыкам, білі мяне, пакуль не згадзіўся хрысціцца. Потым мяне аддалі ў школу. Я быў здольны хлапчук, добра вучыўся. Стаў ваенным і за многа год службы дайшоў да чына палкоўніка. Цяпер я ў адстаўцы. Жыву ў Вільні. Дзеці, унукі. І ўсё жыццё з сэрца цягнулася нітачка сюды, у Даўгінава. Знайшоўся браток. О, госпадзі…

І палкоўнік зноў кінуўся Рувіну на шыю. Абодва дзяды зноў захліпалі. Старэчыя слёзы ліліся з іх вачэй тоненькімі мутнымі струменьчыкамі.

Мы ўсе былі вельмі ўсхваляваны. Цётка плакала ўголас — больш за старых.

Дапытлівым дзіцячым вокам я шукаў падабенства ў двух старых Ліберманаў. Падабенства было вялікае ў рысах твараў, у голасе, у постацях.

Раптам адчыніліся дзверы, і тры чалавекі: гаспадар заезнага дома, стараста мяшчанскай управы і магільны вартаўнік неслі тры кошыкі, нечым цяжкім напакаваныя.

Яны папрасілі ў цёткі свежы абрус на стол і пачалі даставаць з кошыкаў бутэлькі з віном і разнастайныя закускі. Стары Рувін, дзядзька і цётка апрануліся ў святочнае, а палкоўнік адчуў сябе ў хаце гаспадаром. Рассадзіў нас усіх вакол стала і нешта шапнуў на вуха магільнаму вартаўніку. Той выйшаў і пазваў у хату местачковую капелю: цымбаліста, бандурыста і скрыпача. Яны чакалі на дварэ.

Музыканты зайгралі, як на вяселлі.

— Навошта было так напалохаць усё мястэчка? — запытаўся бляхар Рувін у брата.

Палкоўнік звярнуўся да старасты мяшчанскай управы:

— Растлумачце!

Стараста растлумачыў, што ў Даўгінаве шмат Ліберманаў. Трэба было сакрэтна разведаць усіх Ліберманаў, капацца ў старых архівах, а то некалькі дзесяткаў Ліберманаў заблыталі б справу. Кожнаму хацелася б мець гаспадзіна палкоўніка за сваяка.

Палкоўнік перабраўся да Рувіна на кватэру і жыў тут цэлы тыдзень. Цётка ўступіла яму сваю каморку. Пра старога кантаніста пачалі распаўсюджвацца легенды па ўсіх навакольных мястэчках.

Станавы прыстаў цэлы тыдзень нікуды не паказваўся. Яму было сорамна за свой страх. Ён быў пакрыўджаны на старога палкоўніка: прыехаў да нейкага абадранца Рувіна на кугель…

Загрузка...