Сад

У мяне восеньскія канікулы. З усім імпэтам свайго сэрца імкнуўся я на волю з хедэра яшчэ за месяц да канікул.

Бацька пазычыў у карчмара на працэнты пяцьдзесят рублёў і за пяць кіламетраў ад Пасадца заарандаваў у пана Адольфа Мыслінскага сад. Бацька ўжо некалькі тыдняў жыве ў садзе.

Ён прыслаў па мяне фурманку. Я дапамагу яму вартаваць сад. На нашым кані вёз мяне стары дзед Мірон Сабалевіч. Гэта быў маленькі, як дзіцё, дзядок — з рэдзенькай бародкай, з чырвонымі ніткамі вакол паблеклых вачэй, чысценькі, у новых лапціках і падраным кажуронку.

Сын дзеда Мірона, пажылы селянін з чорнай, як сажа, барадой, служыў у пана парабкам. Яго звалі «чорнабародым Язэпам». Здружыўся я тады з сынам «чорнабародага» — з хлопчыкам маіх год — Тамашом. Ён быў пастушком.

Я — вартаўнік саду — даваў штодзень хлопчыку Тамашу яблыкі цішком ад бацькі, а ён, Тамаш, вучыў мяне па вечарах граць на жалейцы. Я вельмі захапіўся жалейкай, гэта была просценькая музыка лесу і поля, як бы чырліканне птушак, журблівы смех ручаінкі. Жалейка мяне вельмі расчульвала.

У сад заходзіў дзед Мірон — непісьменны летапісец ваколіцы, стары творца пагаворак і філасофскіх пасловіц. Тоненькім, пісклівым, як у птушкі, галаском ён апавядаў майму бацьку былі з часоў паншчыны. Я і Тамаш таксама пільна прыслухоўваліся да гутаркі дзеда.

Лепшая зямля ваколіцы належала старому пану Мыслінскаму. Лугі, пахата, лясы, вёскі, сяляне — усё-ўсё было панскай маёмасцю… І дзед Мірон належаў пану. Пасля смерці старога пана яго пяць сыноў падзялілі між сабой спадчыну. Кожнаму з іх выпадала па вялікаму маёнтку. Шмат хто з былых прыгонных засталіся «вольна» служыць у Мыслінскіх парабкамі.

Добра ведаю братоў Мыслінскіх: сярэдняга росту, шыракаплечыя, нізкалобыя, з маленькімі, мышынымі вочкамі. Па ўсёй нашай ваколіцы іх называлі «склютамі». У профіль яны нагадвалі сякеры. Вельмі скупыя і злыя паны Мыслінскія здзекаваліся са сваіх парабкаў, бадай, не менш, чымся іх бацька са сваіх прыгонных. Мельнік Барткевіч аб іх склаў вострую і трапную байку пад назваю «Пяць вужакаў».

З апавядання дзеда Мірона я даведаўся, што старая пані Мыслінская вельмі любіла катоў. Лепшыя пакоі ў панскім доме займалі каты. Сама пані ўбірала іх у шаўковыя банцікі. Яны спалі на аксамітных падушачках, і іх абслугоўваў цэлы штат прыгонных дзяўчат. Спецыяльная кухарка гатавала ім ежу «па-англіцку», — расказваў дзед Мірон.

Стары люты пан сваімі рукамі скалечыў нямала народу. Аднаго разу, калі пан паехаў у лес на паляванне і апынуўся адзін у цёмным гушчары, на яго ззаду нехта напаў, накінуў яму мяшок на галаву, паваліў і да таго біў кулакамі, пакуль пан перастаў дрыгаць нагамі. Але, на жаль, пан ачухаўся, ачуняў. Пан падазраваў, што гэта работа Тодара, роднага брата дзеда Мірона, бо дачку Тодара пан аддаў суседняму пану за сабаку, і пан загадаў аднаму з сваіх шчырых псароў — шляхтуну Сымону Найду — павесіць Тодара…

Яго павесілі ў вялізнай панскай пуні, што стаяла на беразе возера, недалёка ад млына. Падмуроўку гэтай пуні я сам бачыў.

Чорнабароды Язэп араў панскае поле ад цямна да цямна. Я часта пазіраў на яго з саду. Сілуэт аратая з канём вызначаўся на фоне неба, як малюнак. Відаць было здалёк, як ён натужваецца, як ён, моцны, шыракаплечы, нагінаецца над сахой. Ён мне здаваўся асілкам. Я быў упэўнены, што ён можа за лета ўзняць цаліну на некалькі вёрст.

Неяк раз пад вечар чорнабароды Язэп араў ля самага саду. Падышоў пан Адольф Мыслінскі. Яму не спадабалася работа Язэпа. Вочы пана памутнелі, наліліся крывёй. Ён пачаў лаяцца самымі брыдкімі словамі, размахнуўся і ўляпіў чорнабародаму Язэпу пару гучных аплявух… Язэп не пахіснуўся. Твару Язэпа я не бачыў, але чуў голас пана:

«Бач, вочы якія! Разбойніцкія…»

Я быў здзіўлены, што такі асілак не бароніцца ад пана.

З таго разу я яшчэ бліжэй здружыўся з сынам чорнабародага — з маім равеснікам Тамашом. Кожны дзень, тоячыся ад бацькі, насыпаў яму за пазуху самых лепшых яблыкаў. Хлопчык так прагна іх глытаў, што захварэў на крываўку. Праз дзеда Мірона я пераслаў свайму сябру «лякарства» — шабасавую пшанічную булачку.

Рупны дзед Мірон пачаў заўчас майстраваць для Тамаша труну на вялізным панскім дрывотніку. Я глядзеў, як ён распілоўвае маленькай пілкай тонкія шурпатыя драніцы. Буйныя слёзы ліліся з маіх вачэй. Дзед Мірон таропіўся паблеклым прыжмураным вокам у роўна парэзаныя драніцы. Часта, вохкаючы і ківаючы галавой, дзед браў мяне на вокамер. Я быў аднаго росту з яго паміраючым унукам…

Выжыў Тамаш. Я зноў даваў яму яблыкі, за што ён навучыў мяне наігрываць мелодыі на вялізнай піле бацькі — чорнабародага Язэпа.

Ужо як Тамаш вырас, ён налаўчыўся граць на гармоніку і скрыпцы. Ён граў на сялянскіх вяселлях полькі, кадрылі і маршы.

Загрузка...