Гэта быў адзіны выпадак, калі я праводзіў канікулы за некалькі кіламетраў ад дома, у садзе.
У такі вольны час бацька вучыў мяне граць на скрыпцы. Але мяне больш вабіла да сябе дзедава кузня, дзе перад веснавымі і восеньскімі святамі бываў у дзеда самы гарачы час працы — ураджай на яго полі. Гаспадыні прыносілі лудзіць і пачыняць разнастайную пасуду. Я ўжо ведаў усю дзедаву алхімію пры луджэнні. За дапамогу дзед дазваляў мне час ад часу займацца і «сваёй» работай. Я тады спецыялізаваўся на ножыках. Са старых кос выточваў лязо, з медзі рабіў тронкі з прыгожымі калечкамі для пояса. Сярод пастушкоў ваколіцы мае складныя ножыкі карысталіся вялікай славай. Такія ножыкі ў полі — о-го-го! Золата, а не ножыкі. За гэтыя ножыкі пастухі вучылі мяне плесці кашы з лазы, лапці. Яны адкрылі мне ўвесь навакольны свет на некалькі кіламетраў. Ад іх я даведаўся, дзе якія грыбы і ягады растуць. Разам з імі я хадзіў у арэхі, на рыбу з вудамі і сеткамі. Яны адкрылі мне ўсе сакрэты лугоў, балота і лесу. Ад іх я даведаўся, дзе якія птушкі гнёзды ўюць, назвы птушак, дрэў, траў, навакольных вёсак. Разам хадзілі ў яблыкі па чужых садах. Усю жывую геаграфію ваколіцы я, дзякуючы пастушкам, вывучыў на практыцы. Гэта былі вандроўкі ў прыродазнаўства, гульні на слаўнай волі. Пасля няволі ў хедэры, сяброўства з пастушкамі было для мяне нязведаным шчасцем.
Хлопцы навучылі мяне хадзіць на высокіх хадулях. Гэта мне вельмі спадабалася. Здавалася мне, што я велікан. Мы пераходзілі на хадулях рачулку. Таксама пераскоквалі праз яе пры дапамозе доўгага кія. Гімнастыцы, якой мне не даставала ў хедэры, я вучыўся ў пастушкоў.
На гумне аднаго з бацькоў гэтых пастушкоў рос магутны вілаваты дуб. На вышыні шасці метраў ад зямлі хлапчукі пабудавалі з старых драніц хатку. Не было таго дня, каб я не прыходзіў пасядзець у хатцы. Стаяць у ёй нельга было. Яна была ледзь большая за сабачую будку.
З вышыні разгортваўся шырокі краявід ваколіцы. Адкрываліся новыя дымчатыя далі, новыя гаі, новыя ўзгоркі і нізіны, далёкія хутары. Абодва пасадзецкія азёрцы выглядалі двума люстэркамі ў рамках ярка-зялёных аіраў, густога сітніку і альховых зараснікаў. Млыны нагадвалі скрынкі. Тракт і прасёлачныя дарогі былі падобны да вузенькіх істужак. Людзі і фурманкі выглядалі лялечнымі. З высокага дуба «свет» стаў куды большым. Ужо другі год як памёр стары Вышамірскі, выдатны выдумшчык паляўнічых казак. За гэты час яго дочкі — «паненкі» запусцілі гаспадарку. Пастушкі дабраліся да каляровых шыб яго альтанкі. Яны прынеслі ружовыя, сінія і чырвоныя «акуляры».
І мы, хлапчукі, глядзелі на «свет» праз каляровае шкло. Перад нашымі вачыма знаёмая ваколіца ператваралася ў казачны малюнак. Лясы, людзі, неба, азёры, жывёлы і птушкі набывалі новыя колеры — і гэта нас, дзяцей, захапляла.
Аднаго разу пастушок Прахор выпрасіў на дзень у рыбака Лук'янскага невялічкі човен. Мы з Прахорам узялі з сабою хлеба і паехалі на чаўне вузенькай рэчкай. Лясамі, лугамі і балотамі рэчка цягнулася на некалькі кіламетраў, пакуль не ўпадала ў сплаўную рэчку Слязанку.
Колькі зайцоў і вавёрак мы напалохалі! На адной забалочанай паляне разгульвала стада буслоў. Яны палявалі на жаб. Мы затулюлюкалі, засвісталі, і буслы ўзляцелі ў неба. Ад быстрага палёту паветра рэзалася, нібы шоўк, выдавала своеасаблівае шастанне. Калі-нікалі апускаліся на паляну бусловыя пер'і.
Праязджаючы праз бор, мы натрапілі на высокі папаратнік, на зараслі багуноў і верасу, на непраходныя балоцістыя імхі з няспелымі чырвона-белымі журавінамі, якія нагадвалі гусіныя вочы. Тут жа чарнелі карчы-вываратні з фантастычнымі карэннямі, падобныя да страшных спрутоў або да невядомых звяроў. Стаялі дубы, расшчэпленыя зверху данізу перунамі, у расшчэлінах якіх ляжалі наваленыя бурай асіны. Гэта нагадвала вайну веліканаў.
Нямала мы тут напалохалі дзікіх качак, гусей. Кіламетры два мы плылі непраходным купчастым балотам, на якім раслі тоненькія бярозкі і бледныя асіны.
Пра гэтыя мясціны апавядаюць такую гісторыю. У пана Чапкоўскага здохла адна з яго пародзістых сучак. Засталіся маленькія шчаняты. Маладая сялянка Анэля толькі што нарадзіла хлопчыка. Пан Чапкоўскі загадаў ёй карміць сваім малаком асірацелых шчанят. Анэля не сцярпела такога здзеку, схапіла свайго хлопчыка, уцякла на балота і тут загінула.
Мы даплылі да Слязанкі. Тут цягнуліся паплавы. Высілася шмат стагоў сена. На зваротным шляху нам было цяжка спраўляцца з чаўном, бо трэба было ехаць супроць плыні. Рачулка была неглыбокая, і мы вёсламі ўпіраліся ў грунт. Мы плылі назад к млыну бадай да самага вечара.
Над рэчкай і лугамі вісеў белы, як вішнёвы цвет, туман. Дзесьці стагнала жаласлівым голасам птушка.
З намі ад млына ішла бабуля Ева. Яна збірала ў бары лекавыя травы. Зусім сцямнела. Аб маю белую шапку біліся крыллямі кажаны, і мне было непрыемна. У альховых кустах ля возера стагнала птушка.
Бабуля Ева расказала пра птушку цікавую гісторыю.
Жыў-быў адзін люты пан. Прыгонныя працавалі на яго круглыя суткі. Кожны дзень пан загадваў склікаць мужыкоў на стайню і біць. Гэта за тое, што яны кепска працавалі. На паншчыну выганялі і старых і малых. Дома пакідалі толькі грудных малютак. Яны вечна плакалі ад голаду. Прыганятыя адпускалі матак да маленькіх дзяцей толькі раз на дзень.
Аднаго разу загарэлася вёска. Пакуль сяляне прыйшлі дамоў з паншчыны, ад хат засталіся галавешкі і печы. Згарэлі і малыя дзеці. Так думалі бацькі. Але дзеці не згарэлі. Яны перакінуліся ў птушак і ўзвіліся ў сіняе неба.
Людзі ўзбунтаваліся. Напалі на маёнтак. Забілі паноў і спалілі палац. Прываліла тады царскае войска, перабіла людзей да апошняга чалавека і кінула іх у лес ваўкам на пачастунак. З таго часу іхнія малюткі, што перакінуліся ў птушак, шукаюць па лясах і балотах сваіх забітых бацькоў. Яны жаласліва плачуць, стогнуць, моляць:
— Баць-кі-і-і… Баць-кі-і-і… Баць-кі-і-і…
Бедныя птушачкі.
Чым жа яшчэ, апрача ножыкаў, узрадаваць маіх новых сяброў?
Пабачыўшы аднаго разу ў хлопчыка, сына карчмара, дзіцячы «пугач», я задумаў новую, вельмі цікавую справу — пісталеты. Матэрыялу для такой вытворчасці было ў дзедавай кузні нямала: тонкія жалезныя трубкі для рулек, сталёвы дрот са старых парасонаў для пружын і кавалкі металу для розных дэталей. Я распрацаваў праект пісталеціка і зрабіў адзін для спробы. Я набіваў у рульку порах і страляў дзіцячым папяровым патронам. Ручку зрабіў з дубовага сука.
Пастухі былі ў захапленні ад работы.
У дзедавай кузні, употайку ад дзеда, я адкрыў фабрыку пісталетаў. Пастушкі даставалі дубовыя сукі для ручак. Агульнымі сродкамі мы здабывалі порах, папяровыя пістоны. Я парэзаў дзедавыя трубкі на рулькі, прыварваў да рулек жалезныя донцы, прасвідроўваў у іх дзірачкі для праходу агню ад пістона ў парахавы набой, выпільваў усе металічныя часткі, з дроту рабіў маленькія шомпалкі, драўляныя ручкі фарбаваў і аздабляў меддзю — і пастушкі дзіву даваліся майму майстэрству.
Пісталеты стралялі, як сапраўдныя стрэльбы. У гэтым быў галоўны эфект. Мы наладжвалі ў лесе стрэльбішчы. Скончылася гэта даволі сумна. У аднаго пастушка разарвалася рулька, і ўвесь порах папаў яму ў твар. Ён ледзь не аслеп. Яго павезлі к доктару.
Ад вялікага страху я ўцёк у вёску Дунаі да дзядзькі Мордха-Лейбы і цёткі Бейлі. Дзядзька пасадзіў мяне за стол і загадаў чытаць Псалтыр. Я быў на гэты раз паслухмяны і набожны. Абяцаўся Богу, што калі ён выратуе мяне ад пакарання за пісталеты, дык з першага скарбу, што я знайду, кіну рубель у святую скарбонку рэбэ Меера-цудадзея. Такая скарбонка вісела ў дзедавай хаце над дзвярмі.
Адным махам я прачытаў ледзь не паў-Псалтыра. Потым я ўспомніў адну цікавую гісторыю пра дзядзьку, але колькі я ні прасіў яго расказаць, ён аднекваўся. Ціхенька на вуха мне гэтую гісторыю расказала цётка, калі дзядзька лёг спаць.